ПЕСНЯ ПРОЛЕТАРСКАГА ЯДНАННЯ
Ад граду нядолевых слёзаў і поту
Зямля распухала, дрыгвою гніла.
Сынам беларускай нізіны балотнай
Сталеццямі вочы сляпіла імгла.
Было так… Прайшло! У паўстаннях сканалі
Праклятыя сонцам і праўдай гады.
Вядзе нас — Рэспубліку сіл маладых —
Наш родны, любімы наш Сталін!
І ночы, і дні, рукавы закасаўшы,
На чорнае золата ў наступ ішлі, А сёння — разлівам пшанічнага марша
Шумяць большэвіцкіх калгасаў палі.
Дзе багна стаяла, там рокатам сталі —
Гудуць там электракрывёй правады.
Ўзыходзіць там рунь маладой грамады —
Наш родны, любімы наш Сталін!
І там, дзе над полем і над гарадамі
Адвеку не быў дым фабрычнай трубы,
Сягоння — зазыўнымі клічуць гудкамі
Быць творцамі славы, шчаслівымі быць!
Мы шоўк даем з дрэва, мы спірт з торфу далі,
Мы з бульбы краіне даем каучук.
Наш поступ, наш росквіт і моц нашых рук —
Наш родны, любімы наш Сталін!
Як дбае садоўнік пра цвет-красаванне:
Мы дбайную чуем, з дзён панскіх руін,
Руку дапамогі, руку падтрымання,
Братэрскіх народаў, братэрскіх краін.
Таму толькі шчасцем мы ўсе заўладалі;
Што сэрцам з‘яднаныя дружна раслі.
А нашае сэрца — ўсёй нашай зямлі —
Наш родны, любімы наш Сталін!
Скрышаючы косці развалін старызны,
Грыміць перамогамі слаўны салют.
Агнямі ўрачыстасці соцыялізма —
Заліт рэволюцыі нашай маршрут!
Як злучацца ў вузел нястрымныя хвалі —
Нязломнае сілы народзіцца вір.
Вядзі, мы з‘яднаны табой, правадыр,
Наш родны, любімы наш Сталін!
Снежань, 1933 г.
|