Падымайся, сонца! Я ўжо вышаў з хаты!
— Добры дзень, прасторы, добры дзень, сябры! —
Я прынёс вам песню, як вітанне брата,
Хай яе, крылатай, ў даль нясуць вятры.
Ля крыніцы вочы я абмыў расою,
Я ўзышоў на ўзгор’е. Ціхі, ранні час.
Бацькаўшчыну бачу я перад сабою,
І як быццам бачу сёння ў першы раз.
Сонечным налівам поўняцца калоссі,
З ячменямі шэпчацца аксамітны лён.
Гэта мне сягоння ты, зямля, прыносіш
Поўнай жменяй дар свой, працы мужны плён.
Спелай хваляй жыта ў полі прабягае,
Гоніць статак сыты на байдан пастух.
Да зямлі калгаснай вуха прыкладаю
Сталінскага сэрца чую роўны стук.
Грамадой вясёлай жаць ідуць дзяўчаты,
Запявалай поруч едзе трактарыст.
І ўзлятае песня і ляціць узнята!
Цішыня над пушчай, і не ўздрогне ліст.
І ляціць праз вёскі, гарады мінае,
Ёй — няма граніцы, ёй — адкрыты пуць.
Гэта наша песня — Сталіна ўслаўляе,
Людзі ў песнях радасць — Сталіну нясуць.
Падбягаюць дзеці з гаварлівам гудам,
Залатая дзецям расцвіла пара!
Дзе ні кіну вокам, бачу я — усюды
Вырастае веліч спраў правадыра.
Пагранічнік ходзіць лесам і балотам,
Пазнаю героя ў кожным патрулі.
— Сталін! — і падняліся ў неба самалёты!
— Сталін! — загрымелі танкі на зямлі!
Сталіна я бачыў у глушы Палесся,
Сталіна ў сялянскай хаце спатыкаў,
Сталіна я слухаў у народных песнях,
Сталіна ў дарозе сэрцам адшукаў.
Слаўнае спатканне! А ніяк не знаю
Як прынесці Сталіну ўсю любоў сваю!
...............
Я стаю на ўзгор‘і. Песні я складаю.
Я пяю пра шчасце. Сталіна пяю.
|