Перайсці да зместу

Угрунь (1927)/Віратлівы разьбег/На лева

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Вянок На лева
Верш
Аўтар: Андрэй Александровіч
1927 год
Крыўда
Іншыя публікацыі гэтага твора: Налева — леваю!

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НА ЛЕВА — ЛЕВАЮ!

Усебеларускаму Зьезду Саветаў 5-IV-1927 г. Менск.

Мінае дзесяць год
адзінаму Савецкаму Саюзу!
Дазналіся ўсяго!
Былі цяжкія дні!
Жыцьцё падтрымлівалі
тухлай кукурузай,
мякінай чэрстваю
і сокамі брусьніц.
Параскіданымі
нам сталіся сялібы.
І там, дзе фабрыкі —
шкілеты шэрых сьцен.
Ня лёгка сталася
на слаўным перагібе!
Ня лёгкім быў
прыход
жаданых зьмен!
Мінаў за годам год!
Ня зналі супакою…
Гнеў „пакрыўджаных“
прышлося сунімаць.
Народ —
адна сям‘я сусьвету.
Што-ж такое?
Мы ведаем:
бяз вырадкаў
сям‘і яшчэ няма.
І хоць-бы ў нас, —
Савецкая краіна.
Дыктатура. Пролетарыят.
А зноў — вылазіць
за прылавак магазыну,
як масла на ваду,
буржуй і бюрократ.
Браты іх туляцца
пад стрэхамі Эўропы,
вылазяць новыя
на нашы берагі.
Часамі хочацца
раздуць застыўшы попел
і рэволюцыяй
ударыць
раз,
другі!
Эх, маць трохтварая!
Дубініцу зацягнем
і паставім
новыя масты.
Грамадай дружнаю
рабочыя сялянам
машыны створаць
і асушаць балаты…
На лева —
леваю!
Я заклікаю,
стройна!
Краіна родная!
Сягоньня твой парад!
Пяю ня лірыку,
а эконом-надстройку
пра рост чырвонца,
пра наш Савецкі лад.
Гэй-гэй, таварышы,
на слаўным пераломе
многа зьбілася з дарогі —
ну і што-ж!
А сёньня мы
вітаем родны
Гомель
і родны, горды Сож.
Дарога ў будучыну кліча —
бязумоўна!
Там сонцасьвет
інакшы, залацей.
На лева —
леваю!
Я заклікаю, —
стройна!
Сьмялей ў будучыну,
леваю!
сьмялей!