Перайсці да зместу

Творы (Александровіч, 1932—1933)/1/III/Паўстанцы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Дваццаць Паўстанцы
Драматычная паэма
Аўтар: Андрэй Александровіч
1933 год
Бальшавік Бахрым
Іншыя публікацыі гэтага твора: Паўстанцы (Александровіч).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАЎСТАНЦЫ


ПОЛЬШЧА СЁНЬНЯ, —
ЯК ЦАРСКАЯ РАСІЯ —
КРАІНА СЬМЕРЦІ
КРАІНА ЦЁМНЫХ
KPAT

Дзея адбываецца ў Заходняй Беларусі. малады сасоньнік. Ноч. Чуецца бадзёры голас-кліч

Б‘юць званы новых дзён,
гэй, бедната, слухай!

Надыходзе час помсты,
паўстаць надыходзе час!
Помсту шрапнеляю вострай
кідай паном з пляча.

Ня плач сьлязою цноты,
ня згінайся у пояс бядзе.
Беларусь — не стаячае балота!
ў Беларусі — ня ў ціхай вадзе!

Выходзь з падвалаў, падпольля,
на вольны, здабыты шлях.
Уздыхне размахам прывольля
Беларусі Заходняй зямля.

Селянін — выходзь з сякерай,
рабочы — молат бяры!
Узламайце скаваныя дзьверы —
там чырвань новай зары.

Уздымайце агнём завіруху —
у полымі згіне прыгон.
Гэй, бедната, слухай!
— Б‘юць званы новых дзён!

Голас змаўкае. Паяўляецца сьвет. Унізе палае вогнішча касьцёр. Сасоньнік. На ўзгорку сядзяць вясковыя хлопцы. Высокі стройны хлапец — Ігнат, з чорствым, але выразным, тварам — ён атаман моладзі.

Ігнат

І так, хлопцы, толькі сьмела,
празьвініць і наш удар.
Панаваньне банды белай
зьнясе агонь — нібы вада.

Ня вечна плакаць за сахою,
ня вечна нам цярпець прыгон.
Ім не зраўняцца з сілай маладою, —
а гэтай сілы — не адзін мільён!

2-гі хлапец

Ты працуеш, пот ліецца,
пан — здаволены, сьмяецца.
Раптам штось не спадабае
і цябе ён — сына працы,
зазаве ў свае палацы,
бізуном цябе зьбівае, —
сябе і жонку забаўляе…

Ігнат

Так, браты, крывавыя забавы,
такіх забаў даўно ня бачыў сьвет…
Услухайся, гудуць сталетнія дубравы,
дый маладняк гудзіць — да барацьбы заве!
Не! Не устаяць ім перад сілай працы!
Не абароніць іх „усемагутны бог“.
Прыгнечаны, ўставай, —
выходзяць на шлях, змагацца!
Паўстань, — краіна кліча ў бой!

3-ці хлапец

Прыдзе к нам дзень новага жыцьця,
і ўтворыць новую, вялікую пару,
узьвіецца наш — чырвоны сьцяг,
і аб‘яднае Беларусь!

Ігнат

Ты, Якім, уладзь з аружжам,
заўтра ўздрогнецца зямля!

4-ты хлапец

Калі праца пойдзе дружна

3-ці хлапец

Барацьбе шырокі шлях!

Ігнат

Заўтра па ўсёй Беларусі
ўсе, як адзін атрад.

2-гі хлапец

Пачынаюць!

Ігнат

І ў гэтай завірусе
мы павінны прыклад даць!

4-ты хлапец

Калі дружыны ў час зьбяруцца —

2-гі хлапец

Зьбяруцца ў час!

Галасы

Зьбяруцца, зможам!

4-ты хлапец

Няхай жыве чырвоны сьцяг!

3-ці хлапец

Беларусь ім ня стрыножыць!

4-ты хлапец

Выйдзем

2-гі хлапец

На бальшавіцкі шлях!

3-ці хлапец

У нас яшчэ адно пытаньне,
дзе назначыць заўтра збор?

Ігнат

Заўтра збор у нас ня ў тайне,
дык спаткацца ля Трох Гор.
І адтуль, злучыўшы сілу, —
Толькі сьмела!

3-ці хлапец

Ня спужаць!

4-ты хлапец

Возьмем пана мы на вілы…

2-гі хлапец

Нам ня страшна ваяваць!
(Сьвет зьнікае…)

∗   ∗

Той-жа сасоньнік. Сонца кідаецца ўвечар. На ўзгорку сядзіць панскі пастух Тадэуш, а ля яго ў зеляніне сьпіць няпрытомны селянін. Тадэуш абвешаны пастуховымі прыладамі.

Тадэуш (глядзіць на селяніна)

Сьпіць бядняк… Такая наша доля…
Ня змог ліхой бяды стрываць.
„Канаркі“ яго сына шомпалам паролі,
язык скрывавілі і
змусілі сьпяваць.

Пасьля паапякалі маладыя пяты:
— Ну, танцуй, хлапчына, — той раве ў іспуг.
Ой, ня раз жандар той дый прыкладам катнуў,
ня стрымаў — ня вынес, — выпусьціў свой дух.
Бацька змучаны, ну вось і стаў вар‘ятам.
Як лясун блукае ў гэтым вось ляску.
Жалю ня было-б, каб быў ён пан багаты —
але, адна-ж галота,
вецер у таку.

Селянін (спрасоньня)

О, не-не-не! Яго вы не забілі,
ён сам, ён сам памерці захацеў!..

Тадэуш

Заўчора і каваль ад панскае прынукі
пабіты, змучаны у хату ледзь прыдбаў.
А ўвечары злажыў худыя рукі —
і дужы быў, і ўсё-ткі ня стрымаў.
Адно вось моладзь з чырвані істужкі
ўзьдзене, кажучы — для новага жыцьця…
Паніч аднойчы мне: — „лаві ты іх, што птушак,
і станеш мне, як роднае дзіця“.
Але стары я ўжо, а ўсё-ткі сэрца маю,
і здраднікам з пракон вякоў ня быў…
Цяпер ужо і песень не сьпяваю,
ня любы мне і крык маёй трубы…

(Паглядае на захад)

Э-э… тут ужо і сонца за гару сядае…

(Устае)

Паганю скаціну… хай паўзе дамоў…
А ў вёсцы, пэўна, навіна чакае,
ня было і дня, каб ня лілася кроў.
О, крывавыя паны разводзяць штукі,
каб расказаць — ня стане ў сэрцы слоў;
гарачае жалеза суне табе ў рукі,
тут табе дзяўчына, і гуляй у любоў…
(Ківаючы галавой, ідзе на выган)

∗   ∗

Трымаючыся за рукі, уваходзяць паніч Людовік і яго паненка Марына.

Людовік

Вось толькі тут,
вось толькі тут з табою
я чую, як ніколі, спакайней сябе…
Прыгожы кут!
У вечным супакоі,
нявольна забываешся аб дзікай барацьбе.

Марына

Якое хараство, павольна дзень зьнікае,
Людовік, глянь, які цудоўны ўзор.

Людовік (нібы злосны)

Заўсёды ўвечары на зоры паглядае
хамства адзічэлае, выходзячы на двор.
Хадзем, Марына, сядзем тут на ўзгорку,
будзем выглядаць, як месяц усплыве…
Разам адшукаем свайго шчасьця зорку.

Марына

Разам будзем слухаць, як маладняк пяе…

Людовік

Разам, толькі разам, праз усе хвіліны
нашых дзён.

Марына

Ці будзе толькі час?

Людовік

Будзе і вялікі! О, мая, Марына,
слугі верныя дадуць нам, праца іх для нас.

Марына

Ты надзвычайна дзіўны, пэўны ўжо праз меру

Людовік

Думаеш, што шчасьце разаб‘юць нам басякі?

Марына

Ня думаю, але… я веру і ня веру…

Людовік

Разьбіць жыцьцё? Па твойму што — разьбіць вякі?
Марына, не чакаў… Мы будзем жыць шчасьліва!
Ты глянь кругом — гэта-ж усё тваё!

Марына

Заўсёды, дзень у дзень будзе бурлівым,
а знача, так і праз усё жыцьцё…

Людовік

Цяпер я зразумеў… Марына, у дзень шлюбу
прымушу я сваіх прысягу табе даць.
Ты думаеш, што я дрыжу, баюся згубы,
Марына, я гатоў хоць сёньня ваяваць!
Салдаты — слугі мне, і толькі адно слова —
сьмерць лютую глынуць бунтаўшчыкі!
І гэты будзе дзень, рашучы дзень, суровы,
ня будуць больш парогі біць
і енчыць мужыкі…
Марына, бачу я — ты не даеш мне веры?
Вось зараз ніцма ляжа вёска пад табой.
Даволі ўжо цярпеў, даволі ўжо, праз меру,
адна хвіліна і, толькі я з табой.

Марына

Чакай… Хадзем адсюль зусім мы,
туды, дзе возера палошча берагі.
Настрой такі ў мяне, я толькі так, любімы,
да сьмерці будзем разам, Людвік, дарагі…
(Прытуліліся і галубяцца)

∗   ∗

Селянін, прабудзіўшыся, узьняў галаву і баязьлівым голасам нібы просіцца.

О, не-не-не… яго вы не забілі,
ён сам, ён сам памерці захацеў…

Марына (спалохаўшыся)

Хто ён? Адкуль?

(Чуецца ціхі сьпеў дзяўчат)

Селянін

А глуха бор шумеў…

Марына

Цудоўны чалавек…

Людовік

Пакіньма, бачыш, звар‘яцеў.
А там ужо, вось чуеш,
песьні хоць праз сьлёзы.
He! Я ня стрываю, мушу іх спыніць!

Марына

Пойдзем.
Там ля возера шапочуць вербалозы,
будзем там за месячыкам, зоркамі сачыць.

(Пашлі)

Селянін (павольна становячыся на ногі)

Русалачкі вадзілі…
Ножкі цалаваў іх…
Надмагільны сьпеў.
…Нажамі…

(Баязьліва спыняецца)

Не, ён сам,
ён сам памерці захацеў…
А шалясьцела сенажаць…
Дождж біў градам…
Во… званы хаўтурныя зьвіняць…
Паны зьбіраюцца… Нарада…
Народ ідзе… павесялеў…
Нажамі…
Не, ён сам,
ён сам памерці захацеў…

∗   ∗

Пяючы сумную песьню, павольна ўваходзяць чатыры дзяўчыны, але, угледзеўшы селяніна, зараз-жа перастаюць пяяць.

1-ая дзяўчына

Бедны, як любіў ён, як любіў ён сына,
працаваў, вучыцца можнасьць яму даў…

2-ая дзяўчына

Быў такі прыгожы… і адна хвіліна,
ад рукі няволі цяжка так сканаў.

(Падыходзіць да селяніна, прыгладжвае яму галаву, папраўляе вопратку. Селянін баязьліва адмахваецца руками з словамі: „Не, ён сам, ён сам…“ Дзяўчына яго супакойвае і неўзабаве разам з ім выходзіць)

3-я дзяўчына

Эх, ты, доля-доля!..

1-я дзяўчына

(глядзіць на селяніна, якога 2-я дзяўчына выводзіць)
Помста за цябе — затопіць у крыві.

3-я дзяўчына

Цяжкі крыж!.. Прыдзі, прыдзі ты, воля,
прыдзі, і хоць хвілінку з намі пажыві…

4-я дзяўчына

Калі на Усход уцёк Васіль Пятроў з Рыгорам,
па іх сьлядох хацела бегчы я.
Але пашла-б, у хаце ‘шчэ больш гора.
Я засталася… а віна-ж чыя?

3-я дзяўчына

У той жа дзень Сымонаву Ганулю
прыехаўшы салдаты згубілі… на век…
О, цяжкі крыж!..

1-я дзяўчына

У ланцугі закулі,
жывёлай стаў няшчасны чалавек.
Ня веру я, каб так і засталося,
сягоньня, заўтра, згіне гэты дым.

3-я дзяўчына

Жыві і спадзявайся…

4-я дзяўчына

Няўжо так давялося
нявольнікамі быць?

1-я дзяўчына

О, прыдзе воля ўсім!

3-я дзяўчына

Хадзем, дзяўчаты, вечарам блукацца,
хто ведае… а дома працы шмат:

1-я дзяўчына

Навошта жыць, калі яго баяцца.

3-я дзяўчына

Ты сьмелая, а вось угледзіць кат?

4-я дзяўчына

Аксана пайшла з Янам,
бедная дзяўчына,
разьбілі шчасьце…

3-я дзяўчына

Як ён яе любіў…
Жыцьцё, жыцьцё адна толькі хвіліна.

1-я дзяўчына

Улан той чорнамазы, ці аднаго згубіў?
І хлопцы нашы бедныя, дазваньня
з сіл выбіліся…
Што цяпер пачаць?

1-я дзяўчына

Вялікае паставілі заданьне!

3-я дзяўчына

Ці хопіць толькі сіл?

1-я дзяўчына

Даволі ўжо трываць!

3-я дзяўчына

Хадзем…

1-я дзяўчына

Чаго? Як і заўсёды ён і ў хаце знойдзе,
як захоча, тут лепш пасядзім.
А тады праз поплаў, валам ціха пройдзем.

4-я дзяўчына

Эт, давайце песьню,
сумна штось адным…

(Павольна пяюць песьню-трыё; адчуваецца глыбокі сум, няволя)

За жнівом у полі,
праца сьлёзы льле.
А мая няволя
песьню мне пяе.

Эх, сьпявай, няволя,
весялей сьпявай.
Мо‘ убачыць волю
наш забраны край.

Ой, гудзі, дубрава,
вечар, ты сьпявай.
Церпіць баль крывавы
наш забраны край.

Эх, няволя-пане,
ты пакінь мяне.
Новы дзень настане
ў нашай старане.
(Раптам чуецца далёкі гоман-выкрыкі).

3-я дзяўчына

Чакайце, што гэта за крык?

1-я дзяўчына

Бяжыць, здаецца, хтосьці?

3-я дзяўчына (перапалохаўшыся)

Слуга! Дзяўчаты, уцякаць.

4-я дзяўчына

Горай будзе…

3-я дзяўчына

Горай… паломіць нашы косьці…

Як хочаце…

(Мкнецца бегчы, але яе затрымлівае панскі слуга, які прыбег, каб папярэдзіць Людовіка).

Панскі слуга (да дзяўчат)

Чаго, за панствам выглядаць?
Дык дзе, у якім баку?…
Тут справа не да кпінаў.
Хутчэй кажыце!
(Трасе бізуном)

Дзяўчаты

Ня бачылі, мы толькі тут хвіліну…

Панскі слуга (гіронічна)

Ня бачылі… хвіліну…
(Сурова)
Ён тут даўно гуляе.
Кажыце! Бо зараз кінеце свой кут,
і ў сьвет шырокі з торбамі!..
(да 1-й дзяўчыны)
Дзе пан, цябе пытаю?
(Імкнецца яе ўдарыць бізуном)

∗   ∗

(Убягае Ігнат, ён гнаўся за ім)

Ігнат (да панскага слугі)

Наважыўся ўцякаць?
(Гукае ў той бок, адкуль прыбег)
Гэй, хлопцы, цівун тут!..
(Да панскага слугі)
Ты што надумаў, да пана іх?
Скаціна!
Апошні раз зірні на шумны сьвет…
Агонь палац глытае, табе трэба дзяўчына?
Да споведзі мо‘ хочаш?

Слуга (хапаецца за рукі Ігната)

Пусьці, браток…

Ігнат (злосна)

Ні слова, гад…

Дзяўчаты

Што здарылася?

Ігнат (цьвёрда).

Воля загуляла!
(Убягае грамада паўстанцаў)

1-шы хлапец (паказваючы на панскага слугу)

Давай яго сюды, мы зладзім самі з ім!

2-гі хлапец

Хоць і муры, а полымя гуляе!..

3-ці хлапец

Як хмара, сунецца навалай чорны дым.

Ігнат (да панскага слугі)

Дзе пан?

Панскі слуга (мякка)

Ня ведаю, куды яго загнала…

Хлопцы

Забіць прыхвосьніка! Забіць!
(Уваходзяць стрывожаныя Людовік і Марына)

Людовік

Што тут за дзікі крык?

Панскі слуга

(схаваўся за Людовіка і з-за сьпіны яго)
О, пан, та псярня ўзбунтавала.

Ігнат

Паўстаў нявольнік твой, мужык!

Людовік

Салдаты дзе?

Панскі слуга

Ня ведаю…

Ігнат (паказаў хлапцом на панскага слугу)

Бяры яго!

Людовік

(даў крок уперад і яшчэ захацеў пакарыстацца сваім загадам)
Дамоў!.. Хутчэй!

Ігнат

(падышоўшы да Людовіка)
Над намі ты ўжо не ўладар!
(Хлопцы хватаюць Людовіка і Марыну)

Ігнат

Пусьці яго, хай гляне, як агонь гуляе.

Людовік

Вы — слугі мне, і як?

Ігнат

Я — твой слуга і на цябе вайною,
хадзем, хто зможа!
(Ігнат цягне яго на сярэдзіну)

Марына

О, божа, зьлітуйся!

Хлопцы

— Забіць яго! — Чаго там! — Э-эй!..
— Забіць! У агонь!
— У балота!
— Сьмерць!

З шумам гоманам хватаюць паноў. Гасьне сьвет. Ціш. Зноў чуцен голас-кліч.

Б‘юць званы новых дзён!
Гэй, бедната, слухай!

Праз верхавіньне відаць палосы вогнішча: гарыць палац. Чуецца баявая, штораз то ўсё больш гучна, родная песьня працоўных — „Паўстань пракляцьцем катаваны!..“

1924 г.