Перайсці да зместу

Творы (Александровіч, 1932—1933)/1/I/Менскі рытм

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Вуліца Менскі рытм
Верш
Аўтар: Андрэй Александровіч
1933 год
Вартаўнік
Іншыя публікацыі гэтага твора: Менскі рытм.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МЕНСКІ РЫТМ


Тым кажу,
каму наша песьня чужая;
праводжу
мяжу,
пачынаю.

1

Нырай, фабрычны дым,
у дрыжачую сонную сінь, —
вясёлы юнацкі уздым
пачуеш у песьнях машын.

Прыкры табе гэты дым?
Точыць сэрца тваё, як туман!
Нырай, фабрычны дым!
Расьсьцілай свой дыван…

Зьвіні, сьпеў малады:
Завод, бі ў барабан!
Дым гэты нашых фабрык
праглыне далікатныя вочы.

Страшна?
Сэрца дрыгвою стакоча?
А як чорныя, хворыя фарбы
ліжуць твар рабочых,
вам ня цікава?
Што?
Гэта зброд сьмяцьця?
Гудзіць, гудзіць навальніцай
аблава
за паясьніцай
жыцьця.

2

А вечар кадрыль адбівае,
пеніцца вуліцы звон.
Вечар прысеў і сьпявае
на рамах фабрычных вакон.

І гэтая песьня вам страшна?
Бі ў барабан, завод!
Дым выганяй на пашу —
на вольны прастор-небазвод.

Ёсьць такія, што ў бляску золата, —
галава, як і грудзі, наўсьцяж,
І прыкра ім, што сьпеў молата
Беларусі Савецкай — наш!

Эх, родная сталь машына,
беларускай рабочай зьвіні!
Песьня тваёй хвіліны
вылівае жалезныя дні.

1924 г.