Творы М. Багдановіча (1927—1928)/II/III/32
← 21. Хто мы такія? | 32. Аб веры нашых прашчураў Публіцыстыка Аўтар: Максім Багдановіч 1928 год |
33. Сонэт → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Аб веры нашых прашчураў. |
32.
АБ ВЕРЫ НАШЫХ ПРАШЧУРАУ.
* 1916.
Шмат у што верылі русічы. Калі ў хаце вёўся парадак, здавалася ім, што нехта гэтаму няпрыкметна пасабляе. І яны зьяўлялі сабе таго нявідзімага памочніка ў постаці хатніка — рупнага, мудрага дзядулькі.
Са ўсіх бакоў абсталі вёску драмучыя пушчы, глухія лясы. І вяскоўцам здавалася, што тамака жыве лясун, — вялізны, моцны, калматы. Ён кіруе ўсім у лесе, апякуецца над зьвярыма, пасьвіць воўчыя стаі. Ня любіць ён, каб захадзілі людзі ў бары: пачне іх путаць, звадзіць, зьбіваць з дарогі, страшыць, рагочучы, як пугач. Праз тое шмат людзей загінула, заблукаўшыся ў лясох.
А ў рэчках ды вазёрах вядзе над усім лад сівабароды вадзянік. Жыве ён у глыбокім віры разам са сваімі дачкамі — русалкамі. Вясною яны выходзяць з вады і гойдаюцца на галінах дрэваў, распусьціўшы свае доўгія валасы, зялёныя, як вадзяныя расьліны.
∗ ∗
∗ |
А калі грымелі грымоты, білі пяруны, здавалася нашым продкам, што гэта грыміць нейкі суворы, грозны, узгневаны бог. Звалі русічы яго Пяруном і сьвяткавалі яму 20-га ліпеня (цяпер сьвяткуюць Ільлі прароку).
Але найбольш за ўсё шанавалі русічы бога сонца — Хорса. Звычайна, земляробы. Усё галоўнае ў іх быту залежала ад сонца. Калі падыходзіў пералом зімы, і сонца павяртала на лета, спраўляліся каляды. Калі канчалася зіма, смажылі бліны з маслам і сьмятанай, сьвяткавалі масьленіцу. Пасьля ў красавіку загукалі вясну, сьпявалі вясьнянкі. Але найбольш сьвяткавалі сонцу ўлетку, калі яно ўсяго даўжэй і мацней сьвеціць на небе. Звалася тое сьвята Купальлем.
Апроч гэтага русічы маліліся рожным іншым рэчам і зьявішчам, каторыя іх дзівілі, або спрыялі ім, або страшылі: агню, крыніцам, нязвычайным дрэвам і каменьням…[1] Постаці Хорса і Пяруна выразалі з дрэва, высякалі з каменя і маліліся прад імі, клалі ім афяры, стравы, скуры зьвяроў, воск, мёд, палатно. Стаялі яны па сёлах, у драўляных бажніцах на відочным месцы, або ў гаях. Спаўненьнем абрадаў займаліся прыстаўленыя на тое людзі — „жрацы“. Калі іх ня было, абрады спраўлялі старэйшыя ў вёсцы або ў сям‘і. Жрацы слылі вядунамі, намагаліся варажыць, лячыць зёлкамі ды малітвамі да багоў.
Складалі гэткія малітвы ды закляцьці і іншыя людзі: млынары — да вадзяніка, каб ня шкодзіў ім, стральцы — да лясуна. Перадаючыся з пакаленьня ў пакаленьне, дажылі тыя малітвы аж да нашых часоў; цяпер яны завуцца загаворамі. Таксама ўтрымаліся амаль што ня ўсе памянёныя тут сьвяты з іх сьпевамі ды ігрышчамі. Шмат ёсьць і іншых астаткаў веры і абрадаў той пары ў сучасным жыцьці. Аглядаючыся на гэтае, лягчэй можна пазнаць, як верылі нашы продкі.
Увагі
[правіць]32. Аб веры нашых прашчураў. Друкуецца з аўтографу (III, 10).
Можна думаць, што нарыс прызначаўся для хрыстаматыі, як, напрыклад, і апавяданьне „Гарадок“, выдрукаванае ў I-м томе (разьдзел VII, № 7). На падставе паведамленьня А. Смоліча (гл. заўвагу да апавяданьня „Гарадок“, т. I стар. 492) дату напісаньня яго, значыць, можна аднесьці да канца 1916-га году, калі ў Б-ча была думка скласьці беларускую хрыстаматыю.
Першы абзац нарысу, у якім памінаецца Каліна, быў прыведзены поэтам у аўтографе разам з апавяданьнем „Сярод глухой пушчы стаіць невялікая вёсачка“ (т. I, № 7) і на гэтай падставе быў выдрукаваны ў I-м томе непасрэдна за названым апавяданьнем і за адным з ім нумарам. Зараз гэты абзац ня друкуецца.
У аўтографе да канца нарысу аўтарам было дадана запытаньне: „Якія звычаі і абрады спрадвечных часоў захаваліся ў вашай ваколіцы? Або якія ёсьць насьледаваньні іх?“ Дапіска да артыкулу пытаньняў, якія разьлічаны на яго школьную прапрацоўку, падмацоўвае домысел аб тым, што артыкул прызначаўся да хрыстаматыі.
- ↑ Каля сяла Пярэжыр (Ігуменскага пав., Менскай губ.) яшчэ нядаўна прыносілі афяры (палатно, кужаль, устужкі) двом каменям нязвычайнага выгляду.