Перайсці да зместу

Творы М. Багдановіча (1927—1928)/II/II/21

З пляцоўкі Вікікрыніцы
18. Сталецьце руху беларускага народу 21. Хто мы такія?
Публіцыстыка
Аўтар: Максім Багдановіч
1928 год
32. Аб веры нашых прашчураў
Іншыя публікацыі гэтага твора: Хто мы такія?

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




21.

ХТО МЫ ТАКІЯ?
ЛІСТ ДА ПРОСТЫХ ЛЮДЗЕЙ.

* 1914-1915.

— Хто вы такія? Што вы за народ?

Так пытаюцца ў нас, простых людзей. Але мы і самі ня ведаем.

Вакол усе кажуць: я — паляк, я — літвін, я — жыд. А мы нават імя свайго народу забыліся. Вось і адмаўляем: я — праваслаўны, я — каталік. Але-ж гэта названьне нашай веры, а ня нашага народу.

Каталікі часам прабуюць звацца палякамі, бо вера ў іх тая-ж. Але варт толькі пачуць польскую гаворку, каб праканацца, што гэта не такі народ, як мы.

Другія, а надта праваслаўныя, называюць сябе рускімі. Але калі глянуць на рускіх з-пад Масквы, або з-пад Кіева, дык шмат у чым пабачым рожніцу між намі ды імі.

Гэта таму, што рускіх народаў тры. Усе яны аднаго кораню, але шмат часу жылі паасобку, і так сталася з іх тры розных рускіх народы; у кожнага — сваё найменьне, свая гаворка, свае звычаі, свае песьні, свая вопратка.

Адзін рускі народ жыве пад Масквою і далі; завецца ён вялікарускім. Другі жыве пад Кіевам і завецца украінскім.

Мы — трэці народ рускага кораню, завёмся беларусамі, і старонка наша завецца Беларусь. Ёсьць паміж нас праваслаўныя, ёсьць і каталікі, але народ з нас адзін, бо ўва ўсіх адна гаворка, адны звычаі, адны песьні, адна вопратка, адзін лад жыцьця.

Беларусы! Мы — вялікі народ, нас дванаццаць мільлёнаў, шырока раскінуліся мы і спрадвеку жывём тут. Гэта наш край, наша старонка. Калісьці ў нас было сваё гасударства, скрозь чутно было нашу беларускую гаворку. У ёй пісалі законы, разьбіралі справы па судох, вучылі ў школах, друкавалі кнігі, спраўлялі набажэнствы ў царквах ды касьцёлах і ўсе размаўлялі панашаму: і чыноўнікі, і папы, і паны над панамі, і вялікія князі, што правілі гасударствам.

Праз соткі год жылі мы так, не даваючыся нікому; але ўрэшце перамаглі нас палякі і запанавалі ў нашай беларускай старонцы. А калі зьнішчылі Польшчу, дасталіся Расіі.

Жывём мы паміж палякаў і вялікарусаў, народаў моцных, і маем шмат крыўды ад іх. Бо ёсьць вялікарусы, што намагаюцца, каб мы забыліся на ўсё сваё, беларускае, выракліся яго ды зьвярнуліся ў вялікарусаў, гаварылі-б і жылі паіхнему. Ёсьць і палякі, каторыя таксама хочуць зьмяніць нас на свой капыл, каб і мы сталіся палякамі.

Аглянецеся: усё наша роднае, беларускае, марнуецца, нішчыцца, зьнікае, бо яго забіваюць, яго прыглушаюць, ім пагарджаюць; а чужое пануе, пышаецца, мае сабе пашану і павагу. І — хто ведае? — быць можа пройдзе колькі часу, і не пазнаем мы ані нашага краю, ані нашых дзяцей. І будзе скрозь усё чужое, нязвычнае, а свайго роднага — нічога.

Дык няхай-жа ня станецца так! Не пакінем свае гаворкі, сваіх песьняў, сваіх звычаяў, — свайго кроўнага, спрадвечнага, беларускага. Не адракомся, не забудзем, ня кінем на глум; будзема шанаваць, бараніць, дзецям сваім аб тое запаведаць.

Ня лёгка нам вытрываць. Мы людзі цёмныя, людзі бедныя. Цяжкае наша жыцьцё, горкі наш хлеб, вялікую крыўду маем мы. Ёсьць шляхі да лепшай долі, ды ня бачым мы іх праз сваю цемнату. Але не ўсягды будзе так! Чытайма, браткі, кніжкі і газэты, пісаныя ў нашай беларускай гаворцы. Тады прыйдзе канец нашай цемнаце, праясьняцца нашыя вочы, і кожны крок, што мы ступім па зямлі, будзе крокам да блізкага шчасьця, да сьветлага жыцьця.



Увагі[правіць]

21. Хто мы такія? — Перадрук з зборніку „Што трэба ведаць кожнаму беларусу“. Выданьне „Вольнае Беларусі“, Менск, 1918 г.

Дзьве старонкі аўтографу гэтага артыкулу была пераданы ў Камісію Я. Ю. Лёсікам (XIV, 2). На думку Я. Лёсіка рукапіс гэтага артыкулу (з якога ён і быў выдрукаваны ў зборніку), можа быць аднесены прыблізна да 1914-1915 г. Калі прыняць пад увагу, што даны аўтограф знаходзіўся ў архіве газ. „Вольная Беларусь“, дык напісаньне яго можна аднесьці да 1915-га году, бо і іншыя выдрукаваныя ў гэтай газэце творы М. Багдановіча задатаваны 1915-м годам, як напр. „Забыты шлях“ (артыкул № 8), „вершы беларускага складу“ (т. 1, № 86).

Да 149 стар. Мы (беларусы) — вялікі народ. нас дванаццаць мільлёнаў. Глядзі вышэй заўвагу да артыкулу "Белорусского возрождения" (№ 19, -да 121 стар.").