Перайсці да зместу

Аб веры нашых прашчураў

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Аб веры нашых прашчураў
Аўтар: Максім Багдановіч
1916
Крыніца: http://rv-blr.com/literature/6597

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Шмат у што верылі русічы. Калі ў хаце вёўся парадак, здавалася ім, што нехта гэтаму непрыкметна пасабляе. I яны з’яўлялі сабе таго нявідзімага памочніка ў постаці хатніка – рупнага, мудрага дзядулькі.

Са ўсіх бакоў абсталі вёску дрымучыя пушчы, глухія лясы. I вяскоўцам здавалася, што тамака жыве лясун – вялізны, моцны, калматы. Ён кіруе ўсім у лесе, апякуецца над звярыма, пасвіць воўчыя стаі. Не любіць ён, каб захадзілі людзі ў бары: пачне іх путаць, звадзіць, збіваць з дарогі, страшыць, рагочучы, як пугач. Праз тое шмат людзей загінула, заблукаўшыся ў лясах.

А ў рэчках ды азёрах вядзе над усім лад сівабароды вадзянік. Жыве ён у глыбокім віры разам са сваімі дочкамі – русалкамі. Вясною яны выходзяць з вады і гойдаюцца на галінах дрэваў, распусціўшы свае доўгія валасы, зялёныя, як вадзяныя расліны.

* * *

А калі грымелі грымоты, білі перуны, здавалася нашым продкам, што гэта грыміць нейкі суровы, грозны, узгневаны Бог. Звалі русічы яго Перуном і святкавалі яму 20-га ліпеня (цяпер святкуюць Ільі-прароку).

Але найбольш за ўсё шанавалі русічы Бога сонца – Хорса. Звычайна, земляробы. Усё галоўнае ў іх быту залежала ад сонца. Калі падыходзіў пералом зімы і сонца павяртала на лета, спраўляліся Каляды. Калі канчалася зіма, смажылі бліны з маслам і смятанай, святкавалі Масленіцу. Пасля ў красавіку загукалі вясну, спявалі вяснянкі. Але найбольш святкавалі сонцу ўлетку, калі яно ўсяго даўжэй і мацней свеціць на небе. Звалася тое свята Купаллем.

Апроч гэтага, русічы маліліся рожным іншым рэчам і з’явішчам, каторыя іх дзівілі, або спрыялі ім, або страшылі: агню, крыніцам, незвычайным дрэвам і каменням...[1] Постаці Хорса і Перуна выразалі з дрэва, высякалі з каменя і маліліся прад імі, клалі ім ахвяры, стравы, скуры звяроў, воск, мёд, палатно. Стаялі яны па сёлах, у драўляных бажніцах на відочным месцы або ў гаях. Спаўненнем абрадаў займаліся прыстаўленыя на тое людзі – «жрацы». Калі іх не было, абрады спраўлялі старэйшыя ў вёсцы або ў сям’і. Жрацы слылі ведунамі, намагаліся варажыць, лячыць зёлкамі ды малітвамі да багоў.

Складалі гэткія малітвы ды закляцці і іншыя людзі: млынары – да вадзяніка, каб не шкодзіў ім, стральцы – да лесуна. Перадаючыся з пакалення ў пакаленне, дажылі тыя малітвы аж да нашых часоў; цяпер яны завуцца загаворамі. Таксама ўтрымаліся амаль што не ўсе памянёныя тут святы з іх спевамі ды ігрышчамі. Шмат ёсць і іншых астаткаў веры і абрадаў той пары ў сучасным жыцці. Аглядаючыся на гэтае, лягчэй можна пазнаць, як верылі нашы продкі.

  1. Каля сяла Пярэжыр (Ігуменскага пав. Мінскай губ.) яшчэ нядаўна прыносілі ахвяры (палатно, кужаль, іотужкі) двум каменням незвычайнага выгляду.