Перайсці да зместу

Творы М. Багдановіча (1927—1928)/II/Дадаткі/I/Забыты шлях

З пляцоўкі Вікікрыніцы
За сто лѣт Забыты шлях
Крытыка
Аўтар: Максім Багдановіч
1928 год
Апіс рукапісаў М. Багдановіча і матар‘ялаў да яго біографіі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Забыты шлях.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Забыты шлях.

Цяжкі ўдар прыняла на сябе наша краіна: на яе абшарах зыйшліся мільенныя арміі, точуцца бітвы, (гаспадарак) усё нішчыцца, гаспадарка гібеець, ня тысячы, а соткі тысяч людзей павінны кідаць усё сваё ды ісьці па нязмераным дарогам далей, а куды — німа ведама; ісьці, не знаходзячы прытулку, ня маючы скарынкі хлеба, паміраючы і ад голаду, і ад пошэсьцяў, ня ведаючы, якую даць сабе раду. І мы, беларуская інтэлігенція, будзьмо ратаваць іх, як ратавалі і дасюль, будзьмо ратаваць і у сваім краю, і на чужыні, памінаючы у гэтые грозные часы абецаньне, каторае ў сэрцы сваім даваў кожны з нас: сілы свае афяраваць роднаму краю. Але роднаму краю, а ня толькі ня маючым прыпынку разгромлённым людзям. Бо, баронячы наш народ, мы павінны бараніць і нашу культуру. І што б там ні было, а гмах яе калісьці распачаты, павінен быць збудованы да канца. Вось чаму я бяруся гаварыць аб справах, здавалося б зусім не прыпадаючых да цяперашніх часоў: мова мая будзе аб адным дужа вялікім недахваце у беларускай паэзіі.

∗     ∗

Я пільна прыглядаюся да беларускай паэзіі і заўшэ з радасьцю бачу, што яна — паэзія жывая. Не таму, або, лепі, ня толькі таму жывая, што ужо ёсьць у яе колькі запраўды здольных песьняроў, іншы раз даючых нам поўные натхненьня, бездаганные творы. Гэта асабліваго значэньня ня мае. Куды большую увагу зьвертае на сябе тое, што за восем-дзевяць год свайго праўдзіваго існаваньня, наша паэзія прайшла ўсе шляхі, а пачасьці і сцежкі, каторыя паэзія эўрапейская пратаптывала болей ста год. З нашых вершаў можна было б лёгка зрабіць „кароткі паўтарыцельны курс“ эўрапейскіх пісьменніцкіх напрамкоў апошняго века. Сенціменталізм, романтызм, рэалізм і натуралізм, урэсьці, модэрнізм — усе гэтае, іншы раз навэт у іх рожных керунках, адбіла наша паэзія — [адбіла] праўда, найчасьцей бегла, няпоўна, але ўсё-ж-ткі адбіла [адбівала]. Вялікую унутрэннюю рухавасьць мае яна — аб гэтым ня можа быць і споркі.

∗     ∗

(Многа) І ўсё жэ, хоць многа шляхоў прайшла пры сваім развіцьці наша паэзія, але адзін (шлях) дасюль яшчэ абмінае яна, — свой родны, беларускі шлях, праложаны праз соткі год народнай песеннай працы. Соткі год народ вытвараў сваю паэзію, вырабляў прыпадаючые да сваёй душы образы, параўняньня, эпіцеты, сюжэты, творчэскіе падходы. А чым нашы песьняры скарысталіся са ўсяго гэтаго? Бадай — што нічым.

Праўда, ешчэ год семдзесят таму назад Ян Чэчот надрукаваў каля трыдцаці ўласных песьняў, напісанных так добра на кшталт народных, што і адрозніць ад іх было ня зусім лёгка. Але зборнічка таго даўно ужо німа, вершы Чэчота ня передрукованы, ніхто іх ня ведае і ніякого уплыва на нашу пісьменнасьць яны ня мелі і ня маюць.

За мала „беларускасьці“ было (апрыч Чэчота ды Пятрука с (пад) Крошына, ды ешчэ, быць можэ, Баршчэўскаго) у нашых даўнейшых песьняроў, творы каторых мы ведаем, за мала яе і ў сучасьнікоў. Адзін толькі Каганец, пішучы вершы, агледаўся на народную песьню, намагаўся, каб яны былі праняты яе духам і яе прыкметамі. Ды, на жаль, мала было ў яго творах натхненьня, і выхадзілі яны у яго важкімі, тапорнымі, бязсільнымі. Таму ў друку іх бадай што зусім ня з‘яўлялося і ніякого следу у беларускай паэзіі яны не пакінулі. Аднак, хоць і зрэдку, Каганец падвышаўся да праўдзівай творчасьці, і тады у яго вынікалі такіе вершы, як „Кобзар“ („Н. Н.“ 1909 г.) — рэч самародная, веючая народным духам і пакідаючая моцнае уражаньне.

Апрыч гэтага гаварыць астаецца мала аб чым. Зрэдку, то там, то сям спатыкаюцца ў сучасных вершах то народны эпіцет, то народны параллелізм, або метр, або рыфма, або сюжэт. Але як тое рэдка, і як тое выпадкова! Часьцей гэтае спатыкалася у Цёткі, я даў невялічкую нанізку вершыкаў, пачасьці ўдаваўшых беларускую песьню[1], дзьве-тры такіе жэ рэчы напісаў Купала. А по за тым трэба ставіць кропку. Беларускіх вершоў у нас ешчэ ня было, — былі толькі вершы, пісаные беларускай мовай.

∗     ∗

Беларускіх вершоў ешчэ ня было, але яны павінны быць, і будуць! Як кожны народ мае сваю національную душу, так ён мае і свой асаблівы склад (стыль) творчасьці, найбольш прыдатны да гэтай душы. Ёсьць ён і у нас, беларусаў, і мы мусімо звярнуцца да яго, каб ўлажыць што-нябудзь сваё у скарбніцу сьветавой культуры, каб уліць у нашую паэзію сьвежые сокі, каб стаць бліжэй да душы роднаго народа, лепі паталіць яе духоўную смагу, і запраўды узяцца за вялікую працу: развіцьце беларускай народнай культуры.

Распачаць гэтую справу ў паэзіі будзе ня лёгка: куды лягчэй ісьці па прабойным дарогам, куды лягчэй пісаць, маючы пярэд вачыма добрые прыклады; а тут усё, ад пачатка і да канца, трэба рабіць самаму. Ёсьць і шмат іншых перашкод, вымагаючых пільнай працы і доўгіх дум; асабліва цяжка прыходзіцца пры найважнейшым і найгоршым пытаньні: што з песьняў, каторые пяюцца ў нас, належыць да беларусаў, а што узята ад велікарусаў, украінцоў, нават у палякоў? Скрозь спатыкаюцца у нас песьні, вядомые у ніх, або устаўлены кавалачкі з гэтых песьняў, цікавые параўненьня і т. д. Ці мы бралі ад іх, ці яны ад нас? Ці зраслося запазычанае з душой беларуса, ці асталося чужым? Міма гэтых (і шмат якіх іншых) запытаньняў моўчкі прайсьці ня можна, але і адказаць на іх ня проста. Ды як бы ні прыходзілася цяжка, а праўдзівая беларуская паэзія павінна знайсьці для сябе працаўнікоў: бярымося жэ за гэтую ня лёгкую, але вясёлую работу.

∗     ∗

Бярымося! Наш сягоньняшні, наш заўтрашні напрамак — да забытаго намі народнаго беларускаго шляху. Але выйшоўшы на яго, становімся мы на разстаньні: мы можэмо жыўцом браць з народных песьняў тые скарбы, аб каторых была мова вышэй, — браць і ўстаўляць у свае вершы; далей, мы можэмо вучыцца ў народа, навыкаць да яго творчэскіх падходоў. За што-ж нам брацца?

Ідучы першай дарогай, мы, праўда, [дадзім нашай] трохі аднавім нашу паэзію і яна прыбярэцца крыху ў народны колер (як тая паненка, што надзела узятую ад вясковай дзяўчыны шнуроўку). Але, як кожны бачыць, гэта ня шлях да шырокага развіцьця паэзіі. Да таго ж не забудзем, што праз такіе запазычкі чытач пачынае неяк сумлевацца у творчэскіх сілах пісьменніка: мо‘ таму ён запазычае, што свайго стварыць ня можэ? Калі запазычэна спраўды каштоўная рэч, дык вынікае думка: чаго варт пісьменьнік, у катораго лепшае — запазычкі? А дзе хто, можна спадзевацца, навэт крыкне: плагіат! (крадзёж з пісьменніцкаго вытвора). Аде досыць аб гэтым. Ці рабіць тые запазычкі, ці не рабіць — паважнаго значэньня гэта ня мае. Для шырокай жэ працы трэба ўступаць на другі адзначэны намі шлях.

Аднак, і тут можна ісьці па рожнаму: можна старанна удаваць тое, што ёсьць у народнай песьне, кіруючыся, [у сваёй творчасьці кіравацца да таго каб як мага проста] каб даць вытвор, які ня можна б было адрозніць ад народных. Гэта [было-б] сталося б каронай для такой працы. [Ёсьць і другі кшталт працы не ўдаваючы]. Можна пісаць і інакшэ — не намагаючюся падрабіцца пад народную песьню, але у народным духу, прыклад чаго даў Каганец у сваім „Кобзарэ“.

Проці першага спосаба многа можна сказаць. Напісан верш, катораго ад народнай песьні і не адрожніш. Гэта — трыумф пісьменніка, стаўшаго на такую пуціну. Але на што той верш? Ці ж за мала было народных песьняў і без яго? Далей, — мы жэ радзіліся аб развіцьці народнай паэзіі, а тут у лепшым прыпадку становімся уровень з ёй, аб развіцьці-ж німа і мовы. Ешчэ адно: круг сюжэтоў песьні ня шырокі, ён хутка будзе пройдзен увесь да канца, і тады пачнуцца прыкрые паўтарэньня старога, ужо сказанага, [творчасьці] пісьменьніку будуць звязаны скрыдлы, паэзія упрэцца чалом у сьцену. Урэсьці-ж, — адна рэч песьня, другая — верш; песьня пяецца, і гэтае робіць да яе такіе вымогі і надае ёй такіе прыкметы, удаваць каторые у вершу было-б слепатой.

Астаецца апошні шлях. Ісьці па яму справа верная, але ня бязпечная. Бо што такое той „народны дух“? На ім німа ані клейна, ані плёмбы, а таму пад яго [імянем лёгка можна] прыкрыцьцем канечне будуць занасіцца у нашу пісьменнасьць і насьледаваньня з велікарускай ды ўкраінскай народнай паэзіі, пад уплыв каторых так лёгка падпасьць, [ці то] і ўласные нікчэмные выдумкі, і ешчэ шмат што. Ізноў скажу — шлях верны, але не бязпечны. Думаецца, пакуль мы робім першые крокі, трэба нам трымацца народнай песьні, як сьлепы трымаецца плота, трэба стаць бліжэй да першаго з абодвых спосабоў творчасьці; але пры гэтым мы павінны памятаць, што ён добры толькі для пачатку працы, што на ім далека не зайдзеш, і што [трэба] раней або пазьней мы павароцім на шырокі, у бязмежную даль пралёгшы шлях. Дзе яго шукаць — мы ўжо гаварылі.

∗     ∗

Мы падайшлі к канцу. Астаецца сказаць усяго некалькі апошніх слоў.

Намагаючыся зрабіць нашу паэзію ня толька мовай, але і духам складам твораў шчыра беларускай, мы зрабілі-б цяжкую памылку, калі-б кінулі тую выучку, што нам давала сьветавая (найчасьцей эўрапейская) паэзія. Гэтая апошняя праца павінна ісьці поўным ходам. Было б горш, чым нядбальствам, нічога ня ўзяць з таго, што соткі народаў праз тысячы год сабіралі у скарбніцу сьветавой культуры. Але занасіць толькі чужое, не развіваючы свайго — гэта ешчэ горш: гэта значэ глуміць народную душу. Да таго ж адні жабракі могуць праз усё жыцьцё толькі браць. Трэба жэ і нам [калі нябуд] бяручы чужое калі-не-калі даць нешта сваё. А свайго, як мы бачым, мы давалі меней, чым маглі.



  1. Аб сваёй паэмцэ „Мушка-зелянушка“ ды некалькіх дробных вершох, надрукаваных у летку, я тут не гавару, бо гэта ўжо пачатковы вынік з той працы над беларускім складам у вершу, якую я распачаў каля году назад і абараняю ў гэтай стацьце.