Перайсці да зместу

Творы М. Багдановіча (1927—1928)/I/II/У зачарованым царстве/99

З пляцоўкі Вікікрыніцы
98. Возера 99. ⁂ Прывет табе, жыцьцё на волі
Верш
Аўтар: Максім Багдановіч
1927 год
100. ⁂ Блішчыць у небе зор пасеў
Іншыя публікацыі гэтага твора: Прывет табе, жыцьцё на волі!..

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




99.

∗     ∗
Оглянись — и мир вседневный
Многоцветен и чудесен.
А. Фет.

Прывет табе, жыцьцё на волі!
Над галавой — дубоў павець,
Віднеюць неба, горы, поле
Праз лісьцяў сець.

Лахмоцьці ценяў на палянах,
Схаваўшы золата, ляжаць;
Яго слаі з-пад дзір парваных
Аж зіхацяць.

А к ночы свой чырвоны веер
У небе сонца разьвярне,
I разварушаны ім вецер
У даль памкне.

Калі-жа пабляднее золак,
І цёмнай зробіцца вада,
Зазьяе серабром іголак
Зор грамада.

І роўна мілымі зрабіцца
Здалеюць яркі блеск і цень,
Той дзень, што мае нарадзіцца,
І зьнікшы дзень.

Увагі

[правіць]

99. Прывет табе, жыцьцё на волі… Верш друкуецца з „Вянка“, дзе быў першы раз надрукованы.
У экзэмпляры „Вянка“ № 2 рукою аўтара верш закасаваны разам з эпіграфам, але ніякіх паправак і замен няма (гл. ўвагу да II разьдзелу).