Творы М. Багдановіча (1927—1928)/I/I/85

З пляцоўкі Вікікрыніцы
84. Пагоня 85. Страцім-лебедзь
Верш
Аўтар: Максім Багдановіч
1927 год
86. Вершы беларускага складу I. Бяседная
Іншыя публікацыі гэтага твора: Страцім-лебедзь.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




85.

СТРАЦІМ — ЛЕБЕДЗЬ.

Не анёл у трубу уструбіў —
3 хмары бог старому Ною гаварыў:
«Поўна з краем чаша гневу майго
На людзкія грахі ды бясчыннасьці.
Вось надойдзе часіна суворая,
Лінуць з неба залівы бязьмерныя
I абмыюць ад бруду смуроднага
Ўсю зямлю яны, белы-вольны сьвет».

Пачынаў тут Ной будаваць каўчэг
З таго дзерава ліванскага.
Ўшыркі гэтаму каўчэгу — сто лакцёў,
А ўдаўжкі — болей тысячы.
Ды узяў туды Ной і птах і зьвяроў,
Каб ня зьвёўся іх род з зямлі.
Ды ня плыў к яму з мора сіняга
Страцім-лебедзь — горды, моцны птах.
Яго звычаі — арліныя,
Яго ўцехі — сакаліныя;
Пер’і-пер’ечкі бялеюцца
Ды на золку агнявеюцца.
У яго ў крыле — трыста тры пяры:
Узмахне крылом — быццам бор шуміць,
Узмахне другім — што мяцель гудзіць.

Як учнуць дажджы — пацякла вада,
Разьлілася горш ад павадкі,
Затапіла ўсе лугі-лагі,
Ўсе лугі-лагі, ўсе лясы-бары;
Уздымаецца вышэй ад гор.
Птахі ў небе стаей лётаюць,
Енчаць жаласна, ад нуды крычаць,
Выглядаюць стуль прытулачку.
А па ўсёй зямлі толыкі хвалі б’юць,
Толькі хвалі б’юць белай пенаю.
Ды па ім дужы, сьмелы плавае
Страцім-лебедзь — горды, моцны птах.
Узмахне крылом — быццам бор шуміць,
Узмахне другім — як мяцель гудзіць.
І населі тут на лебедзя
Птахі дробныя усёй стаею.
Лебедзь з сілы выбіваецца,
Птушкі ажна усьцяшаюцца.
Дзень ён плавае, другі-трэці дзень,
На чацьверты стаў прасіць-маліць:
«Вы ўзьляціце хоць на час які,
Выбіваюся з астатніх сіл.
Дайце вы грудзям, гэй, вальней ўздыхнуць!
Дайце вы крылам, гэй, шырэй ўзмахнуць!»
Не паслухалі птахі лебедзя.
Пацямнела у яго ў вачах,
Крыльлі ўрэшце падламаліся,
Галава ў ваду апусьцілася.
І пайшоў на дно мора сіняга
Страцім-лебедзь — моцны, горды птах.

Ад усіх цяпер (патомкі ёсьць,
Ды няма адных — Страцімавых.

1916.

Увагі[правіць]

85. Страцім-лебедзь… Выдаецца з тэксту газэты „Вольная Беларусь“ 1918 г. Захаваўся в. і ў аўтографах.
Падабенства рукі аўтографу гэтага вершу да аўтографаў іншых вершаў з групы „На ціхім Дунаю“, выдрукаваньне ў аднэй і тэй-жа газэце, дзе „Пагоня“ і „Вершы беларускага складу“, чытаньне поэтам яго ў „Беларускай Хатцы“ разам з в. „Пагоня“ (гл. ўвагу да папярэдняга вершу), — усё гэта дазваляе думаць, што напісаны ён быў у 1916 г.
Усе аўтографы вершаў М. Багдановіча, зьмешчаныя ў „Вольнай Беларусі“, былі пярэданы Я. Лёсіку Ядвігіным Ш. (Лявіцкім) у 1917 годзе, пасьля сьмерці поэты. Аўтограф данага в. прыслаў у камісію т. М. Касьпяровіч.