Творы М. Багдановіча (1927—1928)/I/I/84

З пляцоўкі Вікікрыніцы
83. ⁂ Ўсё праходзе — і радасьць, і мукі 84. Пагоня
Верш
Аўтар: Максім Багдановіч
1927 год
85. Страцім-лебедзь
Іншыя публікацыі гэтага твора: Пагоня (Багдановіч).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




84.

ПАГОНЯ.

Толькі ў сэрцы трывожным пачую
За краіну радзімую жах, —
Ўспомню Вострую Браму сьвятую
І ваякаў на грозных канях.

Ў белай пене праносяцца коні, —
Рвуцца, мкнуцца і цяжка хрыпяць…
Старадаўнай Літоўскай Пагоні
Не разьбіць, ня спыніць, ня стрымаць.

У бязьмерную даль вы ляціце,
А за вамі, прад вамі — гады.
Вы за кім у пагоню сьпяшыце?
Дзе шляхі вашы йдуць і куды?

Mo’ яны, Беларусь, панясьліся
За тваімі дзяцьмі у здагон,
Што забылі цябе, адракліся,
Прадалі і аддалі ў палон?

Бійце ў сэрцы іх — бійце мячамі,
Не давайце чужынцамі быць!
Хай пачуюць, як сэрца начамі
Аб радзімай старонцы баліць…

Маці родная, Маці-Краіна!
Ня усьцішыцца гэтакі боль…
Ты прабач, Ты прыімі свайго сына,
За Цябе яму ўмерці дазволь!..

Ўсё лятуць і лятуць тыя коні,
Срэбнай збруяй далёка грымяць…
Старадаўнай Літоўскай Пагоні
Не разьбіць, ня спыніць, ня стрымаць.

1916.

Увагі[правіць]

84. Пагоня… Выдаецца з „Вольнае Беларусі“ 1917 г. Як паведамляе А. Смоліч, гэты верш быў зачытаны поэтам у „Беларускай Хатцы“ ў канцы 1916 г. разам з в. „Страцім-Лебедзь“. Трэба думаць, што напісаны гэтыя абодвы вершы былі ўжо ў Менску, а прыехаў поэта ў Менск увосень (у канцы верасьня ці пачатку кастрычніка) 1916 г.
У „Вольнай Беларусі“ в. пачынаўся словам „Як“. Літ. Камісіяю гэтае слова ня ўведзена ў тэкст з тае прычыны, што зьяўляецца непатрэбным для разьмеру; яго ня было і ў пачатковай аўтарскай рэдакцыі (са слоў А. Смоліча).
У аўтографе (п. XI, № 9) поэтам зроблена нататка: „У старай Вільні на муру Гострай Брамы высечены герб местовы — ваякі на імкнушчых конях. Герб гэты Вільня атрымала яшчэ за часы Вялікага Князьства Літоўскага, і завецца ён Літоўскай Пагоняй“.