Перайсці да зместу

Сьвяшчэнная гісторыя Старога Завету (1926)/IV

З пляцоўкі Вікікрыніцы
III. Гісторыя царквы ад Майсея да цара Саула IV. Гісторыя царквы ад цара Саула да палону Вавілонскага
Падручнік сьвятой гісторыі‎
Аўтар: Сяргей Паўловіч
1926 год
V. Гісторыя царквы ў пэрыяд ад палону Вавілонскага да прыходу І. Хрыста

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ІV.
Гісторыя царквы ад цара Саула да палону Вавілонскага (ад 1110 г. да 589 г. да Хр. Нар.).

А. Час цароў ― да разьдзяленьня царства яўрэйскага (1110 ― 980 г.г. да Хр. Нар.).

§ 59. Абраньне і памазаньне Саула на царства.

Першым царом яўрэйскім быў Саул. Паходзіў ён з сям‘і Кіса, з калена Вэніямінавага. Кіс быў чалавек небагаты, але ўсімі паважаны. Аднаго разу ў яго прапалі працоўныя асьліцы. Саул (тады ён быў ужо сярэдніх гадоў) кінуўся шукаць іх, і нідзе ня мог знайсьці. Слуга парадзіў яму зьвярнуцца да прарока Самуіла — запытацца, дзе яму шукаць загінуўшае. А Самуіл яшчэ напярэдадні адтрымаў ад Госпада загад памазаць Саула на цара народу яўрэйскага. Калі прыйшоў Саул, дык Самуіл, які ў гэты час прымаў удзел у ўрачыстым ахвярапрынашэньні з поваду сьвята, з паважаньнем спаткаў яго, запрапанаваў яму на банкеце першае месца і паднёс пачэсны кавалак (плячо) ад ахвярнае жывёлы. На другі дзень Самуіл, узяўшы судзіну з алеем, выйшаў з Саулам за места і тутака, калі слуга падаўся трохі ўперад, памазаў яго на царства і даў яму ў пасьведчаньне гэтага тры знакі, якія адразу і споўніліся. Між імі было тое, што на дарозе яго сустрэнуць з весткай, што асьліцы знайшліся, а другое, што Саула спаткаюць прарокі, з якімі ён сам будзе праракаваць пасьля таго, як на яго сайдзе Дух Божы. Гэтае здарэньне надта ўсіх зьдзівіла, дзеля чаго ў народзе пыталіся адзін аднаго: „хіба й Саўл стаў прарокам?“

Усенароднае абраньне Саула. Хутка пасьля патайнога памазаньня Саула, Самуіл склікаў усіх яўрэяў у Масіфе, дзеля ўрачыстага абраньня цара. Кінулі жэрабя. Жэрабя ўпала на Саула. Ён быў вельмі прыгожы і прадстаўнічы (вышэй за ўсіх галавою), дзеля гэтага большасьць, задаволеная абраньнем, прызнала яго сваім царом і паднясла яму гасьцінцы. Але знайшліся і незадаволеныя, якія гаварылі: „ці яму ратаваць нас?“ і не паднясьлі гасьцінцаў Саулу. Таму што ня было яшчэ ні сталіцы, ні палацу для цара, дык Саул, пасьля свайго абраньня, пайшоў у Гіву, у дом бацькі свайго, і тамака далей працаваў на гаспадарцы. Хутка выпала яму выступіць абаронцаю і збавіцелем свайго народу і памірыць з сваім абраньнем усіх незадаволеных.

На горад Іавіс раптам напаў князь амоніцкі і патрабаваў здаць яму горад, пагражаючы ў праціўным выпадку выкалаць усім жыхаром правае вока. Узбуджаны Духам Божым, Саул расьсёк пару сваіх валоў на 12 часьцінаў і разаслаў іх па ўсіх каленах, трэбуючы безадкладна выслаць да яго аружных людзей, дзеля абароны бацькаўшчыны і папераджаючы, што так будзе зроблена з кожным, хто не адклікнецца на яго заклік. Сабралася вялікае лікам войска, з якім Саул і разьбіў лютага ворага. Пасьля гэтае перамогі ўвесь народ сабраўся ў Галгале і тамака Саул аканчальна ўсімі прадстаўнікамі каленаў ізраільскіх быў зацьверджаны на царскім пасадзе. Самуіл злажыў з сябе поўнамоцніцтва судзьдзі і перадаў свае правы новаабранаму цару, пры чым сказаў: „калі вы будзеце рабіць благое, дык і самі вы і цар ваш згінеце“.

§ 60. Непаслухмянасьць Саула і застаўленьне яго Богам.

Засноўваньне яўрэямі царскае ўлады надта патурбавала суседнія народы. Яны ўбачылі ў гэтым простую пагрозу свайму істнаваньню і пачалі рабіць напады на зямлю яўрэяў. Саул павінен быў падумаць аб абароне гаспадарства. Троху-па-троху ён сабраў заўсёднае моцнае войска, з якім і рабіў удачныя паходы супроць амоніцянаў, моавіцянаў, ідумеяў і асабліва філісьцімлянаў. Гэтымі паходамі ён узмацаваў сваё палажэньне і ўзьвялічыў царства. Але слава Саула хутка памеркла. Ен наклікаў на сябе гнеў Божы сваёю непаслухмянасьцяй.

Адноўчы перад бітвою, згодна з звычаем, Саул зьбіраўся прынясьці ахвяру Богу. На гэтую ўрачыстасьць абяцаў прыбыць і Самуіл. Саул чакаў яго сем дзён, але Самуіл ня прыходзіў. Тады Саул сам без сьвяшчэньніка, яшчэ да прызначанага Самуілам сроку, прынёс ахвяру Богу. Гэтым Саул нарушыў закон, дзеля таго, што ён ня меў правоў сьвяшчэньніка. Сваім паступкам Саул як-бы паказаў непаважаньне да рэлігіі. Ось чаму, як зараз пасьля таго прыйшоў Самуіл, ён, зрабіў моцны закід Саулу за тое, што „ня споўніў загаду Божага“ і абвясьціў, што за гэтую непаслухмянасьць патомства яго не адтрымае ў насьледзтва яго царства.

Быў і яшчэ выпадак, калі Саул не паслухаўся волі Божае. Маючы загад Божы зьнішчыць дашчэнту амалікіцянаў, Саул тымчасам зьлітаваўся над царом іхнім Агагаю і дазволіў свайму войску скарыстаць з здабычы. Пасьля гэтага Самуіл сказаў яму: „цяпер Бог адабраў ад цябе царства і аддаў лепшаму за цябе“. Агага быў забіты ўласнаю рукою Самуіла. Гэта было апошняе спатканьне Самуіла з Саулам. Аднак ён не пераставаў яго любіць, горка сумаваў і плакаў аб ім.

§ 61. Памазаньне Давіда на царства. Давід пры двары Саула.

Калі Гасподзь адкінуў Саула, Самуіл пайшоў у горад Віфлеем да некага Есея, праўнука Ваоза і Руфі[1] і там памазаў на царства малодшага Есеевага сына ― Давіда, тады яшчэ юнака, з прыгожымі вачыма і прыемным тварам. Памазваючы Давіда, Самуіл аднак не сказаў яму, што прызначае яго царом яўрэйскага народу. З гэтага дня спачыў на Давідзе Дух Божы, пачаўшы рыхтаваньне яго да царскага служэньня, а ад Саула адступіў. Саул надта засмуціўся. Грызота сумленьня мучыла яго. Каб пазабаўляць цара, прыбліжаныя яго парадзілі яму паклікаць Давіда, які вельмі добра іграў на арфе. Давід быў пакліканы да Саула і, калі Саул прасіў, дык Давід іграў для яго і сьпяваў сьвяшчэнныя песьні. Саулу рабілася лягчэй на сэрцы. І палюбіў Саул Давіда і зрабіў яго сваім зброяносцам. Але служба гэтая не перашкаджала Давіду час ад часу адходзіць у дом бацькі, дзе Давід пасьвіў яго статкі.

§ 62. Узвышэньне Давіда. Варожасьць Саула да Давіда. Сьмерць Саула.

Хутка здарыўся выпадак, які зрабіў ведамым імя Давіда ўва ўсім царстве. У яўрэяў вялася вайна з філісьцімлянамі. Калі ворагі паблізіліся адзін да аднаго, дык з лягеру філісьцімлянаў паказаўся волат Голіаф, ростам 4¼ арш., узброены з ног да галавы. Ён выклікаў сабе супраціўніка на паядынак, гаворачы: „калі я перамагу ― вы будзеце нашымі рабамі; ён пераможа — мы будзем вашымі рабамі“. Ніхто з яўрэяў не адважваўся выйсьці супроць Голіафа.

У гэты самы час, па даручэньню свайго бацькі, прыйшоў у лягер яўрэяў Давід, каб перадаць гасьцінцы тысячаначальніку і праведаць сваіх старшых братоў. Чуець — Голіаф, у прысутнасьці ўсяго лягеру, пяруновым голасам зьдзекуецца над трусьлівасьцяй і маладушнасьцяй яўрэяў. Закіпела абурэньнем гарачае сэрца Давіда, пачуў ён у сабе нястрыманую адвагу. Ён абвясьціў Саулу, што пойдзе біцца з Голіафам. Саул маніўся адгаварыць свайго любімца, але Давід быў няўгібны. Узяў ён у рукі свой посах пастухоўскі, выбраў пяць гладкіх каменьчыкаў, палажыў у сваю пастухоўскую торбачку і пайшоў на Голіафа. Гасподзь памог Давіду і трапным ударам каменя з прасткі ён папаў Голіафу проста ў лоб, аглушыў яго, а пасьля, падскочыўшы да яго з шпаркасьцю ласіхі, яго-ж мечам адсёк яму галаву. Філісьцімляны пабеглі; яўрэі далёка гналіся за імі і шмат іх забілі.

Перасьледаваньні Давіда Саулам. Калі Саул і Давід варочаліся дамоў, пасьля перамогі над філісьцімлянамі, дык жанчыны гарадоў, праз якія яны праходзілі, выбягалі ім насустрэчу й пяялі: „Саул перамог тысячы, Давід — дзесяткі тысячаў“. Гэта надта не спадабалася Саулу. Ён пачаў зайздросьціць славе Давідавай і задумаў нат‘ забіць яго; — дзеля гэтага два разы, нібы ў прыпадку шалу ці разьюшаньня, кідаў у яго кап‘ём, але Гасподзь захоўваў Давіда.

Другі раз за руку дачкі свае Мэлхолы, якая пакахала Давіда, Саул патрэбаваў ад яго галоваў 100 філісьцімлянаў, разьлічваючы на тое, што ў гэтым небясьпечным прадпрыемстве ён згіне. Але Давід забіў 200 філісьцімлянаў і адтрымаў руку Мэлхолы. Пасьля гэтага Саул пачынае адкрыта прасьледаваць свайго зяця. Але Давід цярпліва зносіў усе гэтыя прасьледаваньні, ня будучы злопамятным ці імсьцівым, хаця Саул няраз быў у руках яго. Напрыклад, адноўчы Саул увайшоў у пячору, дзе знаходзіўся Давід з сваімі сябрамі, і той толькі ціханька адрэзаў край адзеньня Саула, і не забіў яго, бо „ён — памазаньнік Божы“. Другі раз уночы, калі ўсе паснулі, Давід прабраўся ў лягер Саула і ўзяў кап‘е, якое стаяла каля галавы Саула, і ізноў самога не зачапіў. Саул каяўся ў сваёй бязглуздай ненавісьці да Давіда і багаслаўляў яго велікадушнасьць. Але з працягам часу ўсё такі не пераставаў прасьледаваць Давіда, дзякуючы чаму ён быў прымушаны выдаліцца на час з зямлі яўрэйскае.

Сьмерць Саула. Цяжка было на душы ў Саула. Сьмерць Самуіла (памёр 88-х гадоў аплакваны ўсім народам) узмацніла яшчэ болей яго мукі. Страшэнная нуда сьціскала сэрца Саула, а тутака яшчэ надходзіла грозная небясьпека з боку філісьцімлянаў, якія йшлі на яўрэяў з вялізарным войскам. Прадчуваючы нядобрае, ён праз першасьвяшчэньніка запытаўся ў Бога аб рэзультаце будучае бітвы, але Бог не адказаў яму, бо яго вера была слабая. Тады цар-небарака, жадаючы даведацца аб сваёй долі, зьвярнуўся да забабонаў. Уночы, з двома слугамі, пераапрануўшыся, Саул прыйшоў да чараўніцы ў Аэндоры. Яна пачала варажыць. Раптам

Скінія завету.

бачыць ― выходзіць з зямлі стары дзед, апрануты ў доўгую

вопратку. Саул пазнаў у ім Самуіла, і пакланіўся яму да зямлі. Саул сказаў: „цяжка мне; філісьцімляны ваююць супроць мяне, а Бог адступіўся ад мяне і не адказвае мне ані праз прарокаў ані у сьне, дзеля гэтага я й паклікаў цябе, каб ты навучыў мяне, што рабіць мне“. — Самуіл адказаў: „навошта ты пытаешся мяне, калі Гасподзь адступіўся ад цябе? Гасподзь зробіць тое, што казаў праз мяне: аднімець царства з рук тваіх і аддасьць яго Давіду. Заўтра ты й сыны твае будзеце са мною, а лягер ізраільскі Гасподзь перадасьць у рукі філісьцімлянаў“. На другі дзень адбылася бітва. Філісьцімляны разьбілі яўрэяў дашчэнту. Тры сыны Саула былі забіты, а сам ён быў цяжка ранены. Баючыся жывым трапіць у лапы ворагаў, Саул прасіў свайго зброяносца дабіць яго, але той адмовіўся; тады Саул уткнуў у зямлю свой меч сьпічаком уверх і кінуўся на яго.

Давід даведаўся аб сьмерці Саула ад аднаго амалікіцяніна, які, спадзяючыся адтрымаць вялікую нагароду, прынёс яму карону Саула і непраўдзіва сказаў, быццам сам прыкончыў яго. Давід выклікнуў: „як ты не баяўся падняць руку на памазаньніка Божага?“ і загадаў свайму ваяку безадкладна забіць амалікіцяніна, як павіннага ў забойстве цара. Сьмерць Саула і сыноў яго Давід аплакаў у асобнай песьні, якую сьпяваць навучыўся ўвесь народ.

§ 63. Зацараваньне Давіда (1060 г. да Х. Н.). Заваяваньне Ерусаліму. Новая скінія. Перанос у яе каўчэга завету. Думка аб пабудове Храму.

Па сьмерці Саула, Давід запытаўся ў Бога, куды яму йсьці. „Ідзі ў Хэўрон“, — быў адказ. Калена Юдава адразу прызнала Давіда сваім царом. Рэшта каленаў падтрымлівала Евасфэя, сына Саулавага. Пачалася хатняя вайна, якая цягнулася пяць гадоў. Калі Евасфэй быў забіты сваімі прыбліжанымі, усе калены ізраільскія прыйшлі ў Хэўрон да Давіда і абвясьцілі яго царом, кажучы: „вось мы косьці твае й цела тваё“. Пасьля гэтага Давід урачыста быў памазаны на царства. Ня гледзячы на свае маладыя гады (30 г.), Давід меў ужо багатае жыцьцёвае дасьведчаньне і блізка быў знаёмы з запраўднымі патрэбамі свайго народу. Ведама была таксама яго велікадушнасьць адносна ворагаў і спагаданьне да бедных людзей. Дзякуючы гэтаму, яго зацараваньне было спаткана ў народзе з вялікаю радасьцяй і надзеямі. І Давід у поўнай меры апраўдаў гэтыя надзеі. Пры ім яўрэйскае царства дасягнула найвышэйшае ступені свае магутнасьці і славы.

Ерусалім.

Давід пакарыў сваёй уладзе моавіцянаў, амоніцянаў, ідумеяў, сырыйцаў і адабраў некалькі гарадоў у філісьцімлянаў. Такім чынам, граніцы царства яўрэйскага пашырыліся пры Давідзе на паўночы да Дамаску і Эўфрату, на паўдні да Эгіпту, на захадзе — да Міжземнага мора. Апрача таго, Давід здолеў завязаць надта цэнныя суадносіны з Хірамам, царом багатага й магутнага Тыру. Нязвычайнае ўзвышэньне царства трабавала абраньня й адпаведнага сталічнага, канешна, дужа ўмацаванага гораду. Такое сталіцы, якая аб‘яднала-б увесь народ, да гэтага часу ня было. Першыя сем гадоў свайго кіраваньня Давід жыў у Хэўроне, у калене Юдавым. Гэта выклікала зайздрасьць іншых каленаў. Кожнае дамагалася, каб цар жыў у якім-колечы яго горадзе. Каб ня даць поваду да спаборніцтва, Давід абраў за сталіцу такі горад, які не належаў ні да аднаго калена. Гэта быў Ерусалім, які належаў да ханаанскага плямя евусеяў, паложаны на мяжы каленаў Юдавага й Вэніямінавага. Болей удатны выбар трудна было-б і зрабіць. Ерусалім (ведама, яго прышлося браць аружнай сілаю) быў паложаны на высокай гары Сіон і абкружаны высокімі сьценамі. Дзякуючы свайму палажэньню, Ерусалім хутка пачаў сьцягваць да сябе яўрэйскае насяленьне й будавацца. Хірам прыслаў Давіду розныя будаўляныя матар‘ялы і майстроў. Для сябе і сваіх наступнікаў Давід пабудаваў пышны палац. Новая сталіца зацьвіла буйна і багата, і Ерусалім зрабіўся адным з найвыдатнейшых гарадоў у гісторыі ня толькі яўрэйскага нарэду, але і ўсяго чалавецтва.

Каб зрабіць сваю сталіцу асяродзьдзем і рэлігійнага жыцьця, Давід пабудаваў у ім новую скінію замест старое, пакінутае ў Гаваоне, і ўрачыста перанёс у яе з Кірыяф-Іарыму каўчэг завету. Давід сам адправіўся за ім, стаўшы на чале, асобна прызначанага дзеля гэтага сьвята, 30.000-га аддзелу. Зрабілі новую калясьніцу, запраглі ў яе валоў, паставілі каўчэг завету і павязьлі. Дарогаю ў адным месцы валы трохі нахілілі калясьніцу. Сын таго левіта Амінадава, у хаце якога знаходзіўся перад тым каўчэг завету, на імя Оза, падбег падтрымаць каўчэг. Але толькі ён дакрануўся да яго, як упаў мёртвым. Гэта было перасьцярогай Давіду, бо закон трэбаваў іншага спосабу перасуваньня каўчэга завету, іменна на плячох левітаў і сьвяшчэньнікаў. Каўчэг быў зьняты з калясьніцы і пастаўлены ў доме Авэдара. Цераз тры месяцы каўчэг урачыста быў перанесены ў Ерусалім першасьвяшчэньнікамі ад абедзьвюх лініяў Ааронавага сьвяшчэнства. Праз кожныя шэсьць крокаў цар прыносіў ахвяры. Усю дарогу йграла музыка, левіты пяялі сьвяшчэнныя псальмы. Сам Давід, абняты сьвятым захопленьнем, іграў і скакаў перад каўчэгам.

Калі каўчэг завету быў пастаўлены на сваё месца ў паноўна выбудаванай скініі, Давід прынёс Богу ахвяры і багаславіў народ свой імем Госпада. Усім, хто прымаў удзел у гэтай урачыстасьці, было зроблена частаваньне ад цара. Калі Давід вярнуўся да палацу, дык Мэлхола, жонка яго, пачала рабіць яму закіды, кажучы з высьмешкай: „як добра ад‘значыўся сёньня цар ізраілеў, агаліўшыся перад вачыма нявольніцаў нявольнікаў сваіх, як агаляецца які-небудзь пусты чалавек!“ Давід адказаў: „перад Госпадам, Які зацьвярдзіў мяне правадыром народу Свайго, іграць і скакаць буду і зраблюся яшчэ нікчэмней у вачох маіх“. За сваю пышлівасьць Мэлхола была пакарана тым, што болей „ня было дзяцей у яе да сьмерці яе“.

Узвышэньне царства. Пасьля пераносу каўчэга завету ў Ерусалім, Давід заняўся справай упарадкаваньня свайго царства. Так, ён устанавіў пры скініі правільны парадак багаслужэньня, аднавіў праўдзівы суд і кантроль над кіраваньнем царства, аканчальна падбіў землі, якія па абяцаньню Божаму, мусілі належаць да яўрэяў, напр., землі філісьцімлянаў, ідумеяў, горад Дамаск і г. д. Дзякуючы гэтым заваяваньням, Давід першы раз у гісторыі яўрэйскага народу ўладаў усімі прасторамі зямлі, якія абяцаны былі патрыархам. Царства яўрэйскае было цяпер магутнай монархіяй, якая на час кіравала ўсёй заходняй Азіяй і ў руках якое знаходзіўся лёс шмат якіх народаў, абавязаных грознаму цару данінай і усялякімі павіннасьцямі.

Думка аб пабудове храму. Акружаны славаю, жывучы сам у пышным кедравым палацы, Давід заўсёды трывожыўся думкаю, што каўчэг завету „стаіць пад шатром“. Яму хацелася выбудаваць вялічны храм Іегове, адпаведны вялікасьці Яго царства. Прарок Нафан, які знаходзіўся пры Давідзе, спачатку ўхваляў думку цара, але адтрымаўшы загад ад Бога, абвясьціў Давіду, што як праліўшы шмат крыві, ён ня можа пабудаваць храму Богу спакою і згоды. Гэтая справа, па словах прарока, будзе створана яго сынам, які будзе царстваваць ціха. Але дзеля таго, што самая думка Давіда аб пабудове храму выцякала ў яго з добрых пабуджэньняў, дык Гасподзь паказаў яму сваю міласьць вялікім абяцаньнем, што царства яго над ізраільскім народам будзе зацьверджана навекі, што Гасподзь не аднімець ад яго Свае міласьці і што з яго патомства народзіцца Вялікі і Вечны цар, якому „Я — кажа Гасподзь — буду айцом а ён будзе Мне сынам“".

Каб палягчыць сыну свайму збудаваньне храму, Давід загадзя пачаў падрыхтоўваць патрэбныя матар‘ялы, рысункі і пляны, у чым яму памагаў Хірам, цар Тырскі.

§ 64. Злачынства Давіда і яго каяньне.

Ваенныя ўдачы, багацьце і слава Давіда, расьпешчанага раскошай і лісьлівасьцяй царадворцаў, з працягам часу, прыдушылі заўсёднае памятаваньне яго аб Богу; разьвілі ў ім пачуцьцё надмернай гордасьці й саманадзейнасьці, што й было прычынай яго моральнага ўпадку.

Адноўчы Давід з страхі свайго палацу ўбачыў на суседнім двары маладую прыгожую жанчыну і пакахаў яе. Гэта была Вірсавія, унучка царскага райцы Ахітафэла, жонка Урыя Хэтэяніна, які знаходзіўся ў той час у войску. Давід ня здолеў перамагчы ў сабе грахоўнага жаданьня. Мала таго, захоплены палам, адважыўся на новае злачынства — загадаў паставіць Урыя ў часе бітвы на самае небясьпечнае месца, каб ен ня мінуў сьмерці. Хутка ганец прынёс вестку, што Урый забіты. Давід узяў Вірсавію да сябе і ажаніўся з ёю. Ад гэтага шлюбу быў у Вірсавіі сын, якога Давід надта любіў. Але страшнае злачынства не захавалася ад справядлівага суда Божага. Да Давіда зьявіўся прарок Нафан і ў форме прыповесьці вымавіў прысуд Божы за дапушчанае ім злачынства. Нафан расказаў гэтак: „два чалавекі жылі ў адным горадзе: адзін багаты, другі бедны. Багаты меў шмат буйнае й добрае скаціны, а ў беднага была толькі адна авечка, якую ён купіў маленечкаю і гадаваў разам са сваімі дзяцьмі; яна ела, піла, спала разам з ім і была для яго як-бы за дачку. Дык вось аднаго разу прыйшоў да багатага падарожны. Багаты пашкадаваў сваіх авечак, каб пачаставаць падарожнага, ды адабраў авечку ад беднага, і закалоў яе для свайго гасьця“. Давід з гневам выклікнуў: „прысягаю Богам, чалавек, які зрабіў так, варты сьмерці, а за авечку павінен заплаціць учэцьвера“. — Тады Нафан кажа Давіду: „гэты чалавек — ты. Гэтак кажа Гасподзь: Я памазаў цябе на цара над Ізраілем, нашто-ж ты пагардзіў словам Госпада? Жану Урыя ты ўзяў сабе і забіў яго мечам амоніцянаў: за гэта меч не адступіць ад дому твайго; я паднясу на цябе благое з твайго дому“. — І сказаў Давід Нафану: „саграшыў я перад Госпадам“. — Нафан адказаў яму: „Гасподзь зьняў з цябе грэх твой; ты не памрэш, але памрэць сын твой, які радзіўся ў цябе“. — У страшным смутку чакаў Давід спаўненьня прысуду і заспакоіўся толькі тады, калі сын узапраўды памёр. Давід усё жыцьцё сваё горка каяўся перад Богам у сваім граху і пладом гэтага каяньня зьявілася ведамая псальма: „Памілуй мяне, Божа, па вялікай Тваёй міласьці“. Каяньне Давіда было такое шчырае, што Бог вярнуў яму міласьць і ў знак гэтага паслаў яму ад Вірсавіі другога сына Салямона, які зрабіўся ня толькі наступнікам Давіда, але і роданачальнікам Мэсіі. Узгадаваньне Салямона Давід даручыў прароку Нафану.

§ 65. Бядоты ў кіраваньне Давіда. Паўстаньне Авэсалома.

Злачынства Давіда як-бы заразіла ўсё сямейнае жыцьцё яго, і з гэтага часу ў доме Давіда пачынаецца ліха. Вінавайцай стаўся сын Авэсалом, які надумаў адняць ад бацькі царскую ўладу. Ён быў прыгожы і ўсіх цягнуў да сябе сваім абыходжаньнем: „ува ўсім народзе ня было мужчыны гэткага прыгожага, як Авэсалом, і гэтак пахвалянага як ён; ад падэшвы ног да вярха галавы ня было у яго заганы“. Асабліва прыгожыя былі ў яго валасы. Хочучы набыць любоў народу і выклікаць няпрыхільнасьць яго да бацькі, ён кожны дзень зраньня выходзіў да гарадзкое брамы, абнімаў і цалаваў усіх, хто толькі падходзіў да яго, шануючы ў ім царскага сына, і калі хто йшоў да цара на суд, дык, выслухаўшы яго, звычайна дадаваў з учасьцем: „бачу, твая справа справядлівая. Але ў цара няма каму выслухаць цябе. О, каб мяне паставілі судзьдзёю ў гэтай зямлі! я кожнага судзіў-бы па праўдзе“. Калі Авэсалом такім шляхам набыў сабе выстарчаючы лік прыхільнікаў, дык ён неспадзявана выдаліўся ў старую сталіцу Хэўрон і тамака адкрыта падняў паўстаньне проці бацькі. Прыхільнікі, — у ліку якіх быў і Ахітафэл, які, відочна, шукаў поваду памсьціцца Давіду за Урыя, — абвясьцілі Авэсалома царом Ізраільскім. У народзе ўтварылася вялікае ўзбуджэньне і разьдзяленьне. Давід з сям‘ёй прымушаны быў уцякаць з Ерусаліму. Каля яго гуртаваўся толькі невялічкі аддзел войска, складзены з філісьцімлянаў. Давід перайшоў ручай Кедрон. Тутака да яго далучыліся адданыя яму першасьвяшчэньнікі Садок і Авіафар з каўчэгам завету. Але Давід адаслаў іх назад, сказаўшы: „калі я набыў міласьць перад вачыма Божымі, дык Ён зьверне мяне і дасьць мне бачыць жыхарства маё“. На гару Элеонскую Давід узыйшоў босымі нагамі, з пакрытаю — у знак суму — галавою, і горка плакаў. Плакалі ўсе, хто быў з ім, плакаў і народ, які застаўся ў Ерусаліме. Калі Давіду сказалі аб здрадзе Ахітафэла, ён надта засмуціўся. Ён даручыў другу свайму Хусію няшчыра перайсьці на бок Авэсалома і там старацца расстройваць рады Ахітафэла. У адным месцы спаткаў Давіда Саулаў сваяк, нейкі Сэмэй. Ён пачаў усяляк ганіць Давіда і кідаць у яго каменьнем і пылам: „адыходзь, адыходзь, забойца і злачынец, ― крычаў Сэмэй, ― Гасподзь абярнуў на цябе ўсю кроў дому Саулавага“. Калі прыхільнікі Давіда хацелі прымусіць Сэмэя замоўкнуць, дык Давід ціха сказаў: „пакіньце яго, хай праклінае мяне! Ось і родны сын шукае душы мае… Хай Гасподзь гляне на маю пакору і адплаціць мне дабром за яго ганьбу“.

Тымчасам Авэсалом уступіў у Ерусалім. Ахітафэл радзіў яму безадкладна пачаць пагоню за Давідам, каб скарыстаць яго ўтому і сум, але Хусію ўдалося расстроіць гэты плян. Ен радзіў ісьці на Давіда ня йначай, як сабраўшы ўвесь народ, каб з моцным войскам можна было нанясьці Давіду рашучы ўдар. Авэсалом прыняў плян Хусія. Праз гэта Давід меў магчымасьць сабраць выстарчаючае войска. Адбылася бітва. Войска Авэсалома (больш як 20.000 чал.) было разьбіта. Сам Авэсалом на муле кінуўся ўцякаць. І вось, калі мул убег з ім пад галіны вялікага дуба, дык Авэсалом заблутаўся ў іх сваімі валасамі і „зьвіс паміж небам і зямлёй, а мул, які быў пад ім, уцёк“. Давід горка аплакваў свайго сына-небараку. Гора цара пашырылася на ўвесь народ і „абярнулася перамога таго дня ў плач для ўсяго народу“. Прыхільнікі Авэсалома сьпяшаліся прынясьці Давіду пакорнасьць, пры гэтым Давід выказаў звычайную сваю велікадушнасьць, абвясьціўшы агульнае прабачэньне. Ня выключаны быў з яго і гарэзны Сэмэй.

Разьдзяленьне, якое выклікала ў народзе паўстаньне Авэсалома, не засталося бяз уплыву на далейшую гісторыю яўрэйскага народу. Яно адасобіла паўднёвыя калены ізраільскія ад паўночных, якія ня прымалі ўдзелу ў прыдушэньні паўстаньня і абвінавачвалі, — асабліва калена Юдава, — у тым, што яно „скрала цара“. З працягам часу гэта спаборніцтва між каленамі павяло, як мы хутка ўбачым, да аканчальнага разьдзяленьня і гібелі яўрэйскага царства.

§ 66. Апошнія гады кіраваньня Давіда. Сьмерць яго (1020 г. да Х. Н.). Давід, як прарок і псальмапесьняр.

З прыдушэньнем паўстаньня Авэсалома, у гаспадарстве ўтварыўся ўнутраны спакой, які цягнуўся амаль не да канца кіраваньня Давіда. Яму заставалася толькі з пакораю дзякаваць Богу за ўсе яго дабрадзействы. Але ён не заўсёды быў моцны ў сваёй надзеі на Бога, дазволіўшы разьвіцца ў сваёй душы пачуцьцям надмернае гордасьці і саманадзейнасьці. Дзякуючы гэтым якраз пабуджэньням, Давід, не запытаўшыся, перш за ўсё, волі Божае, загадаў зрабіць народны сьпіс, каб акрэсьліць колькасьць людзей, здольных насіць аружжа (аказалася ў калене Юдавым 500.000, у іншых ― 800.000 чал.). Хутка Давід прызнаў, што саграшыў перад Богам. У пакараньне за гэта на край была наслана маравая язва, якая спынілася толькі пасьля гарачае малітвы Давіда і зьяўленьня ангела, які ўжо занёс быў свой караючы меч і над Ерусалімам. На памяць аб гэтым зьяўленьні Давід выбудаваў ахвярнік Богу і прынёс ахвяру ўсеспаленьня. Гасподзь прыняў ахвяру Давідаву і паслаў на яе агонь з неба. Гэта месца знаходзілася на гары Морыа, на якой некалі Абраам адважыўся прынясьці Ісаака ў ахвяру Богу. Тут-жа сын Давіда, Салямон, праз нядоўгі час пабудаваў храм Богу Ізраільскаму.

Незадоўга да свае сьмерці Давід урачыста памазаў Салямона на царства. Старшыняў і князёў народных Давід прасіў памагаць Салямону ў будаваньні храму, які „павінен быць дужа вялічны, на славу й упрыгожасьць перад усімі землямі“. Паміраючы, Давід завяшчаў сыну спаўняць Божыя прыказаньні і захоўваць закон Майсея. Памёр Давід 70-х гадоў і пахаваны ў Ерусаліме. Імя Давіда ў чародных пакаленьнях яўрэяў шанавалася гэтак высока, што ніхто пасьля не адважваўся насіць яго.

Давідам складзена 91 псальма, якія знаходзяцца ў кнізе „Псалтыр“. У некаторых з гэтых псальмаў зьмяшчаюцца прароцтвы аб Мэсіі, будучым Збавіцелі роду чалавечага,[2] у іншых — пачуцьці пакорнае жальбы аб грахох і ўдзячнасьці Богу. Гэтыя апошнія псальмы даюць нам вобраз чалавека, які і пасьля цяжкага моральнага ўпадку знаходзіць у сябе сілы далей бароцца са злом і грахом, да поўнае перамогі над ім. Ува ўсіх народаў псальмы Давідавы заўсёды карысталіся і цяпер карыстаюцца вялікаю пашанаю.

§ 67 Цар Салямон (1020—980 г. да Хр. Нар.); яго мудрасьць.

18-х гадовым юнакам уступіў Салямон на пасад. Ён меў прыгожы, запраўды царскі выгляд. Прырода надзяліла яго ясным розумам і праніклівасьцяй, а глыбокая адукацыя, зьдзіўляўшая сучасьнікаў, адкрыла яму ўсе тайны жыцьця: „і гаварыў ён аб дзеравах — ад кедра, што на Ліване, да ісопу, які вырастае са сьцяны; гаварыў аб жывёлах, і аб птушках, і аб паўзунох, і аб рыбах“, — гэтак у кнізе Царстваў рысуецца мудрасьць Салямонава.

Яму належала кіраваць вялізарным гаспадарствам, якое цягнулася „ад ракі Эгіпэцкае да вялікае ракі Эўфрату“ і якое ўяўляла сабою пярэстую мешаніну народаў, звычаяў, культаў і г. д. Забесьпячэньне цішы і спакою сярод падуладных яму народаў ― гэта было яго галоўнаю мэтаю. І праца яго ў гэтым кірунку йшла з поўнаю ўдачаю. Магутныя суседзі стараліся здабыць ласку Салямонаву. Эгіпэцкі фараон дабіваўся чэсьці цераз дачку сваю парадніцца з Салямонам — патомкам таго самага некалі пагарджанага народу, якога Эгіпцяны ня лічылі вартым долі лепшай за долю раба. Так цудоўна зьмяніўся лёс абранага народу! Ерусалім зрабіўся міжнародным цэнтрам, дзе адбываліся рухавыя зносіны гандлёвыя, культурныя, рэлігійныя і г. д. Дзякуючы выбудаванаму Салямонам на Міжземным і Чырвоным моры флёту яўрэі прынялі беспасрэдны ўдзел у морскім гандлі са ўсімі краямі тагочаснага цывілізаванага сьвету. Карабель, які хадзіў у Вафір (Арабія), прывозіў Салямону золата, а карабель фарсіскі, які прыходзіў адзін раз у тры гады, прывозіў, апрача золата, серабра, сланёвую косьць, налпы, павы і інш. У Ерусаліме былі сабраны нязьлічаныя багацьці. Ен пачаў хутка будавацца. Насельнасьць павялічвалася, насаладжаючыся здаволеньнем і дабрабытам. „І жылі Юда і Ізраіль спакойна, кожны пад вінаграднікам сваім і пад смакоўніцаю сваёю ад Дана да Вірсавіі, ува ўсе дні Салямона“.

Дзеля выяўленьня ўдзячнасьці Богу за добры пачатак свайго кіраваньня Салямон прыйшоў у Гаваон, дзе знаходзілася скінія Майсеева, і тамака, пры вялізным зборы народу, прынёс багатую ахвяру — 1000 ўсеспаленьняў. Ахвяра была прынята Богам. Уночы зьявіўся Салямону ў сьне Бог і сказаў: „прасі, чаго табе даць!“ — „Дай мне мудрасьць, каб я здолеў кіраваць народам Тваім“, — маліўся Салямон. Бог адказаў яму: „за тое, што ты не прасіў для сябе доўгага жыцьця, багацьця, душ ворагаў сваіх, а прасіў сабе розуму, каб добра судзіць, ось Я даю табе сэрца мудрае й разумнае так, што падобнага табе ня было раней за цябе, дый пасьля цябе ня будзе; і тое, чаго ты не прасіў, Я даю табе — і багацьце і славу, а калі будзеш хадзіць шляхам Маім, як Давід, бацька твой, дык прадоўжу і дні твае“.

Хутка Салямону здарылася паказаць сваю мудрасьць. Да яго прыйшлі на суд дзьве жанчыны. Абедзьве яны мелі па дзіцёнку і жылі разам у аднэй хаце. Уночы адна з іх заспала сваё дзіцянё; устала і падлажыла яго другой, а яе дзіцянё, жывое, узяла сабе. Яна прынясла яго сюды, да Салямона. Калі, перабіваючы адна адну, расказалі яны Салямову сваю справу, дык ён выклікнуў: „дайце меч, расьсячэце дзіцянё напаловы і аддайце палову аднэй і палову другой“. ― „О, цар! — выклікнула адна — аддайце ёй дзіцянё жывым і не забівайце яго“. А другая казала: „хай ня будзе ані мне ані табе, сячэце“! Салямон загадаў аддаць дзіцянё першай і сказаў: „яна яму маці“. Мудрасьць Салямонава зьдзівіла ўсіх. Пачалі гаварыць, што ён судзіць па наданьню Божае мудрасьці.

§ 68. Будова і асьвячэньне храму ерусалімскага
(1017—1010 г. да Хр. Нар.).

На чацьвёртым годзе свайго кіраваньня, калі быў падрыхтаваны ўвесь матар‘ял, Салямон пачаў будаваць храм Іегове. Хірам, цар Тырскі, прыслаў Салямону сваіх майстроў і дасьведчанага будаўніка, на імя таксама Хірама, паходзіўшага па матцы з калена Данавага. Гару Морыа расчысьцілі і ўзмацавалі. На будове працавалі, галоўным чынам, чужаземцы, якіх было 180.000 чал, але каб зрабіць гэтую справу нацыянальнаю, Салямон аблажыў павіннасьцяй і ўвесь ізраільскі народ, які павінен быў паставіць 30.000 работнікаў дзеля нарыхтаваньня лесу, каменьня, мармуру і г. д. Уся прыгатаваўчая праца была зроблена з такою прадбачлівасьцяй, што самая будова храму адбывалася ў поўнай цішы, без ўсялякага гуку малатка ці сякеры. Будаваньне храму адбывалася 7½ гадоў.

Храм Салямонаў.

Храм Салямонаў быў пабудаваны па пляну скініі, але разьмерамі сваімі быў удвая большы за яе. Найбольш месца займаў вонкавы двор для народу. Навакол гэтага двара йшла галерэя, якая падтрымлівалася мармуровымі колённамі. Унутраны двор, які прызначаўся для сьвяшчэньнікаў, аддзяляўся ад вонкавага нявысокаю сьценкаю, дзякуючы чаму народ мог бачыць ахвярапрынашэньні і малітвы сьвяшчэньнікаў. Тутака знаходзіўся вялізарны мядзяны ахвярнік і вялізарны рукамыйнік, які стаяў на 12-х мядзяных валох і меў від шасьцілістнае ліліі. За ўнутраным дваром паднімаўся самы будынак храму, увесь абкладзены белым мармурам. Ён, як і скінія, падзяляўся на дзьве часткі: сьвяцілішча і сьвятое сьвятых. У сьвяцілішча вяла падвойная брама надта прыгожай работы. Тут стаяла 7 залатых сьвечнікаў і 10 залатых сталоў, на якіх, апрача хлебаў, зьмяшчаліся і ўсе залатыя судзіны, якія былі неабходны ў часе багаслужэньня. Брама ў сьвятое сьвятых закрывалася завесаю з дарагое тканіны з вышытымі на ёй хэрувімамі. У „сьвятым сьвятых“ пастаўлены быў каўчэг завету, над якім раскінуліся крыльлі залатых хэрувімаў.

Ня гледзячы на свае невялічкія разьмеры, новы храм быў нязвычайна вялічным, асабліва калі глядзелі на яго з гары Элеонскае. Гэтаму шмат спрыялі як самы плян, так і месцапалажэньне яго на высокай гары. Дзіўнае багацьце ўпрыгожаньняў і цэннасьць матар‘ялаў рабіла яго ўзапраўднасьці „славаю і аздобаю перад усімі землямі“. Для таго часу — каб не сказаць болей — гэта быў запраўдны цуд будаўлянага мастацтва. Храм гэты справядліва выклікаў зьдзіўленьне ўсіх, хто толькі бачыў яго.

На ўрачыстасьць асьвячэньня храму ерусалімскага былі запрошаны прадстаўнікі ўсіх каленаў і старшыні ізраільскія. Калена Левііна зьявілася ў поўным складзе. Галоўным момэнтам урачыстасьці было перанясеньне каўчэга завету з скініі Давідавай. Вялікі хор левітаў, апрануты ў вісонныя адзежы, з музыкальнымі інструмэнтамі, і 120 сьвяшчэньнікаў з трубамі праводзілі працэсію. Калі каўчэг завету быў пастаўлены на сваё месца, дык слава Гасподняя, у відзе вобалака, напоўніла ўвесь храм. Салямон падняў тады рукі да неба і прамовіў голасна да ўсяго народу малітву, у якой дзякаваў Богу за Яго вялікія міласьці і прасіў прымаць у новым храме малітвы ня толькі ізраільцянаў, але і кожнага чужаземца, які прыдзе сюды маліцца, пачуўшы аб славе Бога ізраільскага. У часе малітвы вобалак рабіўся ўсё яскравей і сьвятлей і, у знак асаблівае міласьці, зыйшоў з неба агонь на падрыхтованыя ахвяры, і слава Гасподняя напоўніла ўвесь Дом. Два тыдні прадаўжалася ўрачыстасьць. За гэты час было прынесена ў ахвяру Богу 22.000 валоў і 120.000 авечак. Калі народ пайшоў з Ерусаліму, дык уночы Гасподзь зьявіўся Салямону ў сьне і сказаў: „калі вы і дзеці вашыя пакінеце спаўняць уставы і прыказаньні Мае і пачнеце служыць іншым багом і пакланяцца ім, дык я зьніштожу Ізраіля з твару зямлі Мае, якую Я даў яму, і Храм гэты, які Я асьвяціў Імю Майму, адкіну ад твару Майго і зраблю Ізраіля прыповесьцю і пасьмехам ува ўсіх народаў“.

§ 69. Слава Салямона. Яго моральны ўпадак і раскаяньне. Сьмерць Салямона (980 г. да Хр. Нар.).

Будовай храму не абмежавалася будаўнічая дзеяльнасьць Салямона. Ён выбудаваў для сябе на Сіоне пышны палац, які злучаўся з храмам пад‘земным ходам. Палац быў абкружаны пышнымі садамі і вінаграднікамі. Некалькі іншых палацаў было пабудована ў ваколіцах Ерусаліму, напрыклад, летні палац на Ліване. Уся мэбля, прыладзьдзе і абстаноўка палацаў, таксама царскае адзеньне і пасад Салямонаў ― усё гэта зьдзіўляла сваёю роскашшу і пышнасьцяй. З другіх будоваў Салямона заслугоўваюць увагі новыя сьцены навакол Ерусаліму, вадаправод, будынкі дзяржаўных установаў і г. д.

Уся гэтая і вышэй разгледжаная дзеяльнасьць Салямона, у сувязі з агульным дабрабытам народу, які насалоджваўся спакоем і мудрым кіраўніцтвам, здабыла яму славу, якая складала прадмет зьдзіўленьня і зайздрасьці для ўсіх народаў. Усе суседнія цары і валадары пасьпяшалі выказаць Салямону свае пачуцьці захопленьня і паважаньня. Асабліва выдатнымі прадстаўляюцца адведзіны Салямона царыцаю Саўскаю (з паўдзёнае Арабіі). Наслухаўшыся аб славе, багацьці і мудрасьці Салямона, яна захацела асабіста пераканацца ў праўдзівасьці гэтых расказаў. Каб дасьледаваць мудрасьць Салямона, яна запрапанавала яму шмат пытаньняў у відзе загадак, і на ўсе пытаньні адтрымала мудры адказ. Агледзіўшы ўсе будовы Салямона і пазнаёміўшыся з парадкамі кіраўніцтва, яна сказала: „я ня верыла таму, што мне расказвалі аб справах тваіх і мудрасьці, пакуль ня ўбачыла ўсяго сваімі вачыма. І ось мне і напалову не гаворана; мудрасьці і багацця ў цябе больш, чымся я чула. Шчасьлівы народ твой“. Пасьля гэтага яна перадала Салямону багатыя гасьцінцы і, адтрымаўшы ад яго ў сваю чаргу такія-ж багатыя дары, паехала дамоў пры чым захавала ў сэрцы сваім і іскру веры ў Бога ізраільскага.

Сярод раскошы і шчасьця Салямон, аднак-жа, ня здолеў затрымацца ў пабожнасьці. Пабуджаны часткай любаярлівасьцю, часткай прыкладам усходніх цароў, Салямон завёў пры двары „шмат чужаземных жанчын ― з тых народаў, аб якіх Гасподзь некалі сказаў сыном ізраільскім: „не ўваходзьце да іх, і яны хай не уваходзяць да вас, каб яны ня схілілі сэрца вашага да іхніх багоў“; да іх прымацаваўся Салямон каханьнем і „распусьцілі жанкі яго сэрца яго“. Дзякуючы гэтаму, з працягам часу зьмяніўся ўвесь склад жыцьця як самога цара, так і народу. Замест ранейшае патрыархальнасьці і прастаты нораваў, пры царскім двары і ў яўрэйскім грамадзянстве ўзмацавалася распуста, непамеркаванасьць, здалікачанасьць. Непамерныя расходы вычарпалі багацьце Салямона і ён пачаў гнясьці народ вялікімі падаткамі, што выклікала справядлівае незадаваленьне. Жонкі Салямонавы нахілілі сэрца яго да іншых багоў. Ен пабудаваў для іх паганскія капішчы, сам пачаў пакланяцца ідалам і прымаць учасьце ў ахвярапрынашэньнях ім. У пакараньне за паганства, распусту і адступленьне ад закону Божага, прарок Ахія Імем Божым абвясьціў Салямону: „за тое, што ты не захаваў завету Майго і прыказаньняў Mаіх, Я адніму ў цябе царства і аддам яго рабу твайму. Але ў часе жыцьця твайго Я не зраблю гэтага дзеля Давіда; з рукі сына твайго адніму яго; і ў сына твайго Я вазьму ня ўсё царства, а пакіну яму частку дзеля Давіда і дзеля Ерусаліму“.

Хутка пасьля гэтага прадказаньня пачаўся ўнутры гаспадарства неспакой і распад. Таксама і звонку некаторыя князі падуладных народаў паўсталі супроць Салямона, адбілі Дамаск і пачалі рабіць напады на зямлю ізраільскую. Протэст незадаволеных грамадзян павялічваўся ўсе болей і болей. Непамерныя падаткі асабліва выклікалі абурэньне народу. На чале ўсіх незадаволеных стаў Іеровоам з калена Эфрэмавага, адзін з начальнікаў над работнікамі пры паправе гарадзкіх сьценаў у Ерусаліме. Гэта быў чалавек адважны, здольны і ўладалюбны. Паходзячы з калена Эфрэмавага, якое пры І. Навіне і пазьней мела кіраўнічую

„Усё суета і прыгнечанасьць духа“.

ролю ў жыцьці народу, а цяпер, у постаці Давіда і Салямона, павінна было падпарадкавацца ненавіснаму калену

Юдаваму, Іеровоам, бачачы прыдворнае бязладзьдзе і незадаволеньне народнае, узгадаваў у душы сваёй лятунак — заняць пасад Салямона і праз гэта вярнуць свайму роднаму калену пяршынство ў гаспадарстве. Гэты лятунак асабліва ўзмацаваўся ў ім пасьля адведзінаў яго прарокам Ахіяй, які, спаткаўшы Геровоама адноўчы ў полі, разарваў перад ім свой плашч на 12 часьцінаў і, аддаючы дзесяць з іх Іеровоаму, сказаў, што „так разьдзярэць Гасподзь царства ізраільскае і што пры наступніку Салямона да яго, Іеровоама, адыйдуць дзесяць каленаў ізраільскіх, а за домам Салямонавым застанецца толькі два калены“.

Калі вестка аб гэтым дайшла да Салямона, дык ён даў загад забіць Іеровоама, але той уцёк у Эгіпэт, дзе і хаваўся да самае сьмерці Салямона.

Сярод такіх трывог і спробаў Салямон набліжаўся да сьмерці. Старажытнае паданьне кажа, што ён пры канцы жыцьця свайго пакаяўся перад Госпадам. Пацьвярджэньне гэтага можна бачыць у напісаных ім кнігах[3], дзе рысуецца чалавек, які, ня гледзячы на тое, што поўнаю чашай адведаў усе ўцехі жыцьця і насалоджваўся ўсімі прыемнасьцямі зямлі, застаўся незадаволеным і, нарэшце, з горкасьцю прызнаў: „суета сует і ўсё суета (пустата) і прыгнечанасьць духа“. Адзінае дабро і заспакаеньне чалавека — у страху Божым і спаўненьні Яго сьвятога закону. „Бойся Бога і прыказаньні Яго спаўняй, бо ў гэтым усё для чалавека“ ― так канчае Салямон одну сваю кнігу.

Салямон памёр у Ерусаліме на 40-м годзе свайго кіраваньня; пахаваны там-жа. Наступнікам сваім Салямон пакінуў адзінага сына свайго Ровоама, які нарадзіўся ад жонкі яго амоніцянкі Наамы.

Б. Час цароў ад разьдзяленьня царстваў да палону Вавілонскага (980—589 г. г. да Х. Н.).

ГІСТОРЫЯ ЦАРСТВА ІЗРАІЛЬСКАГА (980 — 722) І ЮДЭЙСКАГА (980 — 589).

§ 70. Агульны агляд пэрыяду трох вялікіх цароў і прычыны, якія падрыхтавалі разьдзяленьне царства яўрэйскага.

Пэрыяд кіраваньня трох вялікіх цароў яўрэйскага народу быў часам, калі ўва ўсёй паўнаце зьдзейсьніліся вялікія абяцаньні, дадзеныя патрыархам Абрааму, Ісааку і Якаву і прароку Майсею, — калі яўрэйскі народ дасягнуў найвышэйшага свайго росквіту, дабрабыту, славы і магутнасьці, — калі ён яскрава выявіў сваю здольнасьць да самастойнага палітычнага існаваньня, сваю нацыянальна-культурную творчасьць, калі ўсім складам свае гаспадарственнае і грамадзкае будовы даў узор праўдзівага „богакіраваньня“, — калі нарэшце, разьвіўшаяся з гэтага прынцыпу яўрэйская культура перадалася і іншым народам і далучыла іх да таго „сьвятла“, якім асабліва сьвяціла сярод цемры паганства рэлігія Іеговы.

Далейшы лёс яўрэйскага народу прадстаўляе сабою гісторыю паступовага падзеньня яўрэйскага царства, і прывядзеньня магутнага ізраільскага народу на ступень паднявольнага народу, асуджанага служыць чужым уладаром і перакідацца з аднаго ярма пад другое.

Вонкавым выражэньнем гэтага заняпаду было перадусім тое разьдзяленьне яўрэйскага царства, якое здарылася пасьля сьмерці Салямона. Гэтае разьдзяленьне ня было выклікана якімі-колечы выпадковымі прычынамі. Яно было падрыхтавана ўсёй папярэдняй гісторыяй узаемаадносінаў паўночных і паўднёвых каленаў, аддзяліўшыхся палітычна адно ад аднаго ў 980 г. да Х. Н. Між імі здаўна йшло спаборніцтва з-за палітычнае й рэлігійнае перавагі. Паўночныя калены (на чале з Эфрэмавым), якія пераважалі лікам калены паўднёвыя, сталі надта варожа адносіцца да гэтых апошніх, калі пачалося іх узвышэньне, дзякуючы абраньню паміж іх цароў і заснаваньню на іх зямлі сталіцы царства і храма ерусалімскага ― галоўнае сьвятыні яўрэйскага народу. З гэтым усім для паўднёвых каленаў зьвязаны былі пэўныя палітычныя і эканамічныя правы і прывілеі: яны больш за іншых прымалі ўчасьце ў дзяржаўным будаўніцтве, больш мелі ўплыву на ход гаспадарственнага жыцьця, больш мелі прыступу да розных адміністрацыйных і прыдворных пасадаў, больш карысталіся з таго гандлёвага руху, у які быў уцягнуты яўрэйскі народ мудрай палітыкай Салямона, нарэшце, больш за іншыя калены награмадзілі ў сябе ўсялякага багацьця й скарбу. Прывілейнае палажэньне паўднёвых каленаў, узмацаваўшыхся за рахунак паўночных, натуральна выклікала большы-меншы заняпад і крайнае незадаваленьне апошніх. Гэтае незадаваленьне і выкарыстаў чэсталюбны Іеровоам, які пасьпяшыў вярнуцца на бацькаўшчыну, як толькі пачуў аб сьмерці Салямона.

§ 7І. Разьдзяленьне яўрэйскага царства на ізраільскае і юдэйскае (980 г. да Хр. Нар ).

Па сьмерці Салямона, Ровоам, які не здавольніўся апявяшчэньнем сябе царом у Ерусаліме, адправіўся ў Сыхэм (галоўны горад Эфрэмавага калена), каб адтрымаць прызнаньне сваіх правоў на пасад і з боку іншых каленаў ізраільскіх, на чале якіх стаяла Эфрэмава калена. У Сыхэме прадстаўнікі народу, на чале з Іеровоамам, патрэбавалі ад Ровоама палягчэньня падатковага цяжару. Ровоам абяцаў даць адказ праз тры дні. Старыя райцы, якія служылі пры Салямоне, ведаючы запраўдны стан дзяржавы і настрой грамадзянства, радзілі маладому цару на гэты раз уступіць народу і абыйсьціся з ім ласкава. Але Ровоам не паслухаўся разважнага голасу гэтых райцаў, а прыняў раду сваіх маладых равесьнікаў, якія навучылі яго гэтак сказаць народу: „калі бацька мой абцяжваў вас вялікім цяжарам, дык я павялічу ярмо вашае; бацька мой караў вас бізунамі, дык я буду караць скарпіёнамі“ (плёткамі, унізанымі мэталёвымі шпількамі). Такі адказ выклікаў агульнае абурэньне. Усюды пачуўся кліч: „якая нам часьць у Давідзе? Няма нам долі у сыне Есея. Па шатрох сваіх Ізраіль! Цяпер ведай свой дом, Давід!“ І абвясьціў народ сваім царом Іеровоама. Ровоам павінен быў пасьпешна ўцячы з Сыхэму. Маніўся ён аднавіць сваю ўладу над паўночнымі каленамі вайсковаю слаю, але калі нейкі „чалавек Божы“, на імя Самэй, пераканаў Ровоама, што ўсё гэта ўтварылася згодна з воляй Божаю, дык яму нічога не заставалася, як толькі прызнаць усё тое, што здарылася.

Адсюль вось і пайшло разьдзяленьне яўрэйскага царства на два: тое, якое засталося верным дому Давіда і ў склад якога ўвайшлі калены Юдава і Вэніямінава, стала называцца юдэйскім, з сталіцаю ў Ерусаліме, а другое, у склад якога ўвайшлі ўсе паўночныя калены ізраільскія, пачало называцца ізраільскім, з сталіцаю спачатку ў Фірцы (каля Сыхэму), пазьней у Самарыі. У першым пачаў кіраваць Ровоам, у другім — Іеровоам.

§ 72. Кароткі агульны агляд гісторыі царства юдэйскага і ізраільскага.

Разьдзяленьне царстваў адбылося ў 980 годзе да Хр. Нар. Адсюль жыцьцё кожнага царства пайшло сваім асобным шляхам. Кожнае кіравалася сваімі асобнымі царамі, у кожным утварыўся свой асаблівы гаспадарственны лад, асобныя законы, войска і г. д.; кожнае вядзе самастойную вонкавую палітыку, кожнае моцна абараняе свае граніцы, дзеля чаго ў адным і другім будуецца цэлы рад крэпасьцяў. У кожным былі свае пэрыяды заняпаду і дабрабыту, пэрыяды крайнага напружаньня і зьніштажэньня сіл народных і большага ці меншага спакою і ўмацаваньня, як вонкавага, так і ўнутранага. Пераважна гэта залежала ад асобы цара, яго настрою і энэргіі, яго здольнасьці кіраваць народам. Але ўжо адно тое, што пасад, асабліва ў царстве ізраільскім, даставаўся найчасьцей па праву захвату, а не дзякуючы ўсенароднаму абраньню ці праву насьледаваньня, як гэта было раней — выклікала такі напрамак жыцьця, які быў нязгодны з прынцыпамі „богакіраваньня“ і ўсімі звычаямі народнымі, і быў надта шкадлівым для гаспадарственнага жыцьця.
Што датычыцца ўзаемаадносін паміж царствам юдейскім і ізраільскім, дык часам, асабліва калі пагражала якая-колечы агульная небясьпека, гэтыя адносіны былі больш-менш лагодныя, як напр., пры Ахаве ізр. і Іосафаце юд., калі яны зрабілі між сабою цесны абаронны саюз супроць магутнага цара Сырыйскага; а часам, асабліва калі адно якое-колечы царства значна ўзмацоўвалася і праз гэта рабілася пагроза істнаваньню другога, суадносіны рабіліся адкрыта (варожымі, няраз нават прыводзіўшымі да крывавых сутычак, як напр., пры Факэі, цару ізр., калі войска юдэйскае страціла 120000 чал.)
Усё гэта вяло не да ўмацаваньня, а да аслабленьня абодвых царстваў, што пасьпяшылі выкарыстаць суседнія паганскія народы, якія былі пераможаны ў часе вялікіх адзінадзяржаўных цароў. Гісторыя як юдэйскага, так і ізраільскага царства напоўнена ледзь не бязупыннымі войнамі з гэтымі народамі. Некаторым з іх, як напр. Сырыйцам, удаецца хутка праз змаганьне вярнуць сябе незалежнасьць, іншыя заўсёднымі паўстаньнямі і нападамі ўносяць вялікае спусташэньне і руйнацыю і перашкаджаюць узнаўленьню нормальнага парадку жыцьця. Каб абараніць свае вонкавыя граніцы, кіраўнікі аднаго і другога царства маняцца рабіць карысныя саюзы з магутнымі суседзямі, асабліва з Эгіптам, які каля таго часу нязвычайна ўзмацаваўся дзякуючы мудрай палітыцы фараонаў новае дынастыі.
Але ўся гэтая барацьба і тактыка цароў ізраільскіх і юдэйскіх не магла зьніштожыць у корані зло, якое падточвала сілы царстваў, не магла засьцерагчы іх ад канчатковай гібелі. Яшчэ болей згубным, чым разьдзяленьне палітычнае, якое крышыла матар‘яльныя сілы народу, было разьдзяленьне рэлігійнае, якое крышыла дух народу, падрывала яго рэлігійную і нацыянальную сьвядомасьць. Гэтае разьдзяленьне ўтварылася, дзякуючы, галоўным чынам, першаму цару ізраільскаму Іеровоаму. Каб адцягнуць народ ад храму ерусалімскага, ён заснаваў у сваім царстве новы культ, па форме блізкі да юдэйскага, а па духу зусім паганскі, родны істнаваўшым тады на ўсходзе паганскім культам: эгіпэцкаму, фінікійскаму і інш. Між юдэйскім і ізраільскім народам з першага-ж дня разьдзяленьня ўтварылася, т. з. непраходнае бяздоньне, яке маламудрыя цары ізраільскія стараліся толькі болей паглыбляць і пашыраць. Які-ж быў рэзультат увядзеньня новага культу ў самым царстве ізраільскім? Ухіленьне ў паганства, страта ранейшага рэлігійнага асяродзьдзя, адступленьне ад закону Майсеевага, перайманьне паганскіх звычаяў і моралі — ўсё гэта выклікала вялікую распуту і бязбожнасьць ізраільскага народу. Аб выпраўленьні сэрца, аб узаемнай любові, справядлівасьці, праўдзе, самаахвярнасьці, помачы бліжнім ужо мало хто й думаў. Меркаю жыцьця і шчасьця чалавечага зьявілася самалюбства, гордасьць, багацце, слава, патвор нізкім палам; замест падпарадкаваньня волі Божай, як найвышэйшай норме жыцьця й моралі, бачым у жыцьці асабістым, сямейным і грамадзянскім раскелзанасьць і панаваньне ўсялякага прызваленьня і шалу. Жыцьцё згодна з такімі прынцыпамі, у духу чыста быдлячае моралі — гэта ўжо гібель грамадзянства. Такі лёс і прырыхтаваў сабе народ ізраільскі, пазьней і юдэйскі, сваім адступленьнем ад завету Божага.
Лепшыя людзі з народу, як напр., прарокі і некаторыя набожныя цары юдэйскія, ўцямілі ўсё зло разьдзяленьня і маніліся ўзнавіць адзінства праўдзівага богапаважаньня і адзінства палітычнае. Такімі былі, напр., ― ня кажучы аб прароках, — цары юдэйскія Аса, Езэкія і Іосія, якія дзеля рэл.-моральнага адраджэньня народу скліквалі агульнанародныя сабраньні і ладзілі агульнанародныя сьвяты, каб „узыскаць Госпада, Бога бацькоў сваіх, ад усяго сэрца свайго і ад усяе душы свае“, каб узмацаваць нацыяньльныя сувязі і напомніць аб паходжаньні ўсіх ад аднае вялікае сям‘і ― патомства Абраама, Ісаака і Якава. Цар Іосія, карыстаючыся аслабленьнем царства асырыйскага і іншымі спагадаўшымі варункамі, задумваў нават пад сваім скіпэтрам аднавіць ува ўсім аб‘ёме царства Давіда і Салямона.
Але ўсе гэтыя меры асаблівага значэньня ня мелі. Пад прымусам апаганіўшыхся цароў, зло ідаласлужэньня ўсё болей і болей пашыралася, моральныя ўстоі грамадзянства руйнаваліся і гаспадарства бязупынна йшло да гібелі, ня маючы ў сабе сілы зрабіць спраціўленьне новым магутным монархіям, якія выходзілі на сусьветную сцэну. Юдэйскае царства пратрымалася трохі больш за ізраільскае: у апошнім зло пусьціла болей глыбокае карэньне і моральныя сілы былі меншыя і слабейшыя.
Прагледзімо каротка гісторыю таго і другога царства.

§ 73. Кароткі агляд гісторыі царства ізраільскага
(980 — 722 г.г. да Хр. Нар).

На чале царства ізр. стала калена Эфрэмава. Спачатку царства ізраільскае было мацнейшым за юдэйскае, але яно хутчэй за яго аслабела і згінула. Аднэю з прычын гэтага была заўсёдная барацьба за ўладу. На працягу 257 гадоў істнаваньня царства ізраільскага ў ім зьмянілася 20 цароў, якія належалі да дзесяцёх розных дынастыяў, сілаю адбіраўшых царскі трон адна ў аднае. Дамовыя войны надта падрывалі сілы гаспадарства. Другая прычына хуткага канца царства была ў ідаланаклонстве. Амаль ня ўсе цары ізраільскія былі ідалапаклоньнікі і здраднікі рэлігіі Іеговы. Прыклад іх захапляў і падданых. Ідалапаклонства-ж з аднаго боку расслабляла і псавала мораль народу, з другога пазбаўляла яго Божае міласьці і ўкідала ў розныя напасьці і ліха.

Найвыдатнейшымі з цароў ізраільскіх былі: першы — Іеровоам I, восьмы — Ахаў і чатырнаццаты Іеровоам II.

Іеровоам I (980 — 958) і заснаваньне ім новае рэлігіі (эгіпэцкага культу). Абвешчаны царом, Іеровоам ня столькі клапаціўся аб будаўніцтве свае дзяржавы, сколькі аб умацаваньні свае ўлады. Перш за ўсё ён парупіўся ўзмацніць граніцы ізраільскага царства, потым заняўся ўпрыгожаньнем свае сталіцы, якою ён абвясьціў г. Фірцу, паложаны ў маляўнічых горах на паўноч ад Сыхэму. Але маленькі гарадок ня мог замяніць ізраільцянам вялічнага і дарагога сьвяшчэннымі ўспамінамі Ерусаліму. Падарожа ізраільцянаў у Ерусалім адбывалася далей, як і да разьдзяленьня. І пачаў Іеровоам думаць, як-бы спыніць гэтыя шкадлівыя падарожы. „Калі народ ― думаў ён ― будзе хадзіць у Ерусалім дзеля ахвярапрынашэньняў, дык сэрца яго зьвернецца да Ровоама, цара юдэйскага“. Каб адцягнуць народ ад гэных падарожаў, Іеровоам, наўмысьля апіраючыся на прыклад Аарона, загадаў выліць з золата два цяляці і, паўтараючы словы Аарона, сказаў народу: „ня трэба вам хадзіць у Ерусалім; ось багі твае, Ізраіль, якія вывялі цябе з зямлі Эгіпэцкае“. Адно з гэтых цялят Іеровоам паставіў у Дане, другое ― ў Вэфілі. Вэфіль, з якім быў зьвязаны ўспамін аб таемнай драбіне, якую бачыў Якаў, быў зроблены галоўным сьвяцілішчам новага культу. У ім Іеровоам пабудаваў капішча на высачыні дзеля ахвярапрынашэньняў, як гэта было ў храме Ерусалімскім. З тае прычыны, што сьвяшчэньнікі і левіты адмовіліся прымаць учасьце ў багаслужэньні Іеровоама, ён выгнаў іх усіх за межы царства і паставіў на іх месца новых сьвяшчэньнікаў з народу, не паходзіўшых з калена Левіінага. Былі таксама ўстаноўлены сьвяты, падобныя да юдэйскіх.

Такая дзеяльнасьць цара выклікала ў народзе страшэннае абурэньне і разьдзяленьне. Гасподзь адразу высьведчыў паганства Іеровоама. Калі Іеровоам першы раз стаў, як найвышэйшы жрэц, перад ахвярнікам, каб зрабіць курэньне залатому цяляці, дык нечакана зьявіўся прарок з Юдэі. Ён абвясьціў, што ў доме Давіда народзіцца сын, на імя Іосія, які на гэтым ахвярніку прынясець у ахвяру сьвяшчэньнікаў Іеровоама, і даў знак, што гэта сказаў Гасподзь: ахвярнік разваліцца і попел, які на ім, рассыплецца. Іеровоам, працягваючы ў гневе руку, крыкнуў: „вазьмеце яго!“ але-ж у тую мінуту рука яго зьдзеравянела, і ахвярнік разваліўся. Тады Іеровоам пачаў прасіць прарока памаліцца аб ім. Прарок памаліўся і рука цара зрабілася здароваю. Іеровоам пачаў клікаць прарока да сябе ў палац, каб пачаставаць яго, але прарок адказаў: „хаця-б ты даў мне палову свайго дому, дык я не пайду з табою, бо так сказаў мне Гасподзь: ня еш там хлеба і ня пі вады і не вяртайся тою дарогаю, якою прыйшоў у Вафіль“. Усё гэта павінна было навучыць Іеровоама, што служэньне, якое ён прыдумаў, нялюба Богу. Але Іеровоам не паправіўся, дзеля чаго стары-стары прарок Ахія вымавіў грозны суд на ўвесь дом Іеровоама, які „будзе вымецены, як вымятаюць смяцьцё дачыста“, а сам Ізраіль будзе выкінуты з зямлі абяцанае і адведзены за раку (Эўфрат) — „за тое, што зрабілі сабе ідалау, раздражняючы Госпада“.

Наступнікі Іеровоама, з якіх адзін кіраваў толькі сем дзён, узыходзілі на трон па трупах сваіх папярэднікаў і, апрача залатых цялят, пакланяліся яшчэ і багом суседніх народаў. Спагадчыкаў праўдзівага Бога яны прасьледавалі і забівалі. — Шосты цар Амбрый, пры якім ішла чатырохгадовая хатняя вайна за трон, пабудаваў для сябе новую сталіцу, славутную Самарыю, якая была рэзыдэнцыяй цароў ізраільскіх аж да самага развалу царства.

Ахаў, як закладчык фінікійскага культу (923—901). Пасьля Іеровоама, бязбожнасьць і распуста дасягнула найвышэйшае ступені пры Ахаве. Ен быў жанаты з дачкаю Сідонскага цара — Іезавэляй, жанчынаю пышлівай і бяздушнаю, шчыраю паклоньніцаю багоў фінікійскіх. Зрабіўшыся царыцаю, яна рашыла ўвясьці ў ізраільскім народзе фінікійскі культ. Згодна з жаданьнем Іезавэлі, Ахаў выбудаваў у Самарыі пышны храм і ахвярнік Ваалу[4] і прымушваў народ пакланяцца яму. Пры храме на ўтрыманьні Іезавэлі было 450 паганскіх прарокаў. У другім горадзе — Ізрээлі — пабудована было капішча ў чэсьць Астарты[5] і пры ім на царскі кошт утрымлівалася 400 паганскіх прарокаў. Усе праўдзівыя прарокі, па загаду Іезавэлі, былі забіты, апрача 100 чалавек, якія ўратаваліся ўцёкам. Пачаўся самы сумны пэрыяд у гісторыі ізраільскага народу. Багаслужэньне Ваалу зусім адхіліла ізраільцянаў ад Бога і кінула іх у розныя паганскія брыдоты. Праўдзівая рэлігія гінула, а разам з гэтым нішчыліся і ўсе вялікія абяцаньні, дадзеныя Богам Абраама народу. У гэты самы час жылі найвыдатнейшыя прарокі ізраільскага царства — Ільля і Елісей. Малітвай, высьведчаньнямі і цудамі яны стараліся падтрымаць веру ў народзе і на некаторы час затрымалі ізраільскае царства ад канчатковае гібелі. Па загаду Божаму, дадзенаму Ільлі, адзін з вучняў Елісея памазаў на царства ваеннаначальніка Ііуя, і той разбурыў увесь род Ахава. Цар Іорам — сын Ахава быў забіты, Іезавэля была выкінута з вакна і растоптана коньмі; усе сыны і сваякі Ахава, таксама ўсе сьвяшчэньнікі Ваала былі катаваны; усе капішчы і істуканы зьнішчаны і самае месца, дзе яны стаялі, абернута ў месца дзеля вывязеньня ўсялякага бруду й сьмяцьця.

Але зьнішчыўшы пакланеньне Ваалу, Ііуй, як і яго наступнікі, не зьвярнуліся да Бога праўдзівага, а і далей падтрымлівалі ідаласлужэньне Іеровоама. За гэта Гасподзь пакараў іх тым, што пачаў „абцінаць часьцямі“ ізраільскае царства, аддаючы іх суседнім паганскім народам. Так, пры Ііуі ўся заіарданская краіна адыйшла да Сырыі.

Іеровоам II быў адным з найвыдатнейшых цароў царства ізраільскага. Ен кіраваў 41 год і на час аднавіў магутнасьць і славу свайго царства. Іеровоам II удачна ваяваў з моавіцянамі і амоніцянамі, якія, карыстаючыся бязладзьдзем царства ізраільскага, рабілі на яго заўсёдныя напады, рабавалі насельнасьць і спусташалі зямлю. Іеровоам II зьнішчыў іх гарады, вінаграднікі, палі і папасы, а насельнасьць часткаю зьніштожыў, часткаю абярнуў у рабства. Яшчэ болей важнымі прадстаўляюцца ўдачы яго ў змаганьні з Сырыяй. Зрабіўшы саюз з асырыйскім царом Салманасарам II, Іеровоам прымусіў сталіцу Сырыі ― Дамаск паддацца і ўзяў з яго агромністую контрыбуцыю, якая надоўга падцяла гаспадарства.

Матар‘яльны дабрабыт гаспадарства пры Іеровоаме II дасягнуў высокае ступені. Самарыя збагацела ад ваеннае здабычы і таргоўлі. Горад шырока й багата пабудаваўся, багатыя вінаграднікі пакрылі прылеглыя да яго схілы гораў, палі пачалі засявацца рознародным збожжам. Нажаль, ня ўся насельнасьць магла гардзіцца сваім дабрабытам. Дзякуючы неспаўненьню законау Майсеевых, зямельная роўнасьць была парушана: зямля знаходзілася ў валаданьні багатых, якія гнялі бедакоў, прымушаных за мізэрную плату абрабляць чужую зямлю. Палажэньне іх было ня лепшае за палажэньня рабоў.

Але ўдачы кіраваньня Іеровоама II не маглі спыніць набліжаўшайся гібелі царства. Зло ідаласлужэньня пры ім пашыралася ўсё болей і болей. Пакланеньне цялятам адпраўлялася, як і раней. Быў адноўлены і культ Ваала, якому у аднэй Самарыі было прысьвечана некалькі капішчаў. Былі капішчы і ў чэсьць Астарты. Статуі гэтых багоў пачалі зьяўляцца ўжо і ў прыватных дамох. Час-ад-часу ладзіліся ўсенародныя паганскія сьвяты, з удзелам жанчын; сьвяты гэныя звычайна канчаліся самай дзікай распустай, бессаромлівасьць якое перавышае ўсялякае ўяўленьне.

Усё гэта паказвала, што ізраільскі народ аканчальна паддаўся сіле зла і ўжо ніякім чынам ня можа вызваліцца ад яго. Ось чаму і бліскучае кіраваньне Іеровоама II было толькі апошнім і пры тым зданьнёвым росквітам перад поўным дагараньнем.

Упадак царства ізраільскага (722 г. да Хр. Нар.). Пасьля Іеровоама II на царскім пасадзе зьяўляецца рад узурпатараў-царазабойцаў, якія сваім змаганьнем, інтрыгамі і паборамі зусім падарвалі гаспадарства, — і гэта якраз у той самы час, калі — наадварот — трэбавалася награмаджаньне і арганізаваньне сілаў народных, гледзячы на небясьпеку, якая йшла з боку нязвычайна ўзмацаваўшайся тады за Эўфратам вялікае асырыйскае монархіі. У сталіцы гэтае монархіі — Нінэвіі — зьяўляецца рад выдатнейшых цароў — заваявальнікаў, — якія пачалі прадпрыймаць далёкія паходы. Першы ўдар прышоўся царству Сырыйскаму. Потым асырыйцы ўступілі ў барацьбу з эгіпцянамі. А таму што Палестына ляжала якраз на шляху таго й другога народу пры іх узаемных сутычках, дык нямінуча павінна было ўцягнуцца ў гэтую барацьбу і царства ізраільскае. Але на каго было абапёрціся ізраільскім царом? з якім народам зрабіць саюз? Гістарычны выбар прадказваўся ў бок эгіпцянаў, з якімі абодва царствы большаю часткаю падтрымлівалі прыязныя суадносіны. Але гэты падрахунак не апраўдаўся, і асырыйскі цар Салманасар, даведаўшыся аб саюзе Осіі, апошняга цара ізраільскага, з эгіпэцкім фараонам, уторгнуўся ў ізраільскае царства (яно ўжо крыху раней было абкладзена данінаю, пры першым паходзе асырыйцаў), захапіў Осію ў палон і спусташыў увесь край. Ізраільцяны здаліся не адразу. Пад сьценамі Самарыі тры гады вялася распачлівая барацьба, якою адрозьніваецца наагул барацьба ўсіх гінучых народаў. Аблогу Самарыі закончыў сын Салманасара — Саргон. Ён давяршыў пакарэньне ізраільскага царства, значную часьць ізраільцянаў адвёў у палон і пасяліў у розных часьцях вялікае асырыйскае монархіі, а на месца іх перасяліў паганцаў з Сырыі і Мэсапатаміі. З працягам часу гэтыя перасяленцы, зьмяшаўшыся з астаўшыміся ізраільцянамі, утварылі новы народ, які адтрымаў назоў самаранаў. Вера іх была мешанінай праўдзівае веры з паганскімі аблудамі. З юдэйства яны прыймалі Пятакніжжа і адпраўлялі багаслужэньне згодна з пастановамі Майсея — у храме, які пабудавалі на гары Гарызін.

Так скончыла сваё істнаваньне царства ізраільскае. Цяжкае было прабуджэньне ізраільцянаў у палоне, дзе большая часьць іх была абернена ў рабоў. Але Гасподзь і ў палоне не пакідаў Сваім прамышленьнем тых, якія заставаліся вернымі Яго сьвятому закону. Ось такі быў, напр., пабожны Тавіт, гісторыя якога падробна расказана ў кнізе „Тавіт“. За свае дабрадзействы няздольным адзінапляменьнікам ён падпаў прасьледваньням ад асырыйскага ўраду і потым перажыў цэлы рад спробаў, якія закончыліся для яго і яго патомства поўным багаславеньнем Божым.

§ 74. Кароткі агляд гісторыі юдэйскага царства
(980—589 г.г. да Хр. Нар.).

У склад царства юдэйскага ўвайшлі, апрача двох галоўных каленаў ― Юдавага і Вэніямінавага, ранейшыя землі калена Данавага, якое перасялілася на паўноч, і землі калена Сымонавага. Царства юдэйскае істнавала 390 гадоў. У ім таксама было 20 цароў, але ўсе яны паходзілі з аднаго роду Давідавага. Адны з цароў юдэйскіх адхіліліся ў ідалапаклонства, другія заставаліся вернымі Богу праўдзіваму. Гэтыя пабожныя цары зьніштажалі ідаласлужэньне ў царстве, узмацоўвалі народ у веры і пабожнасьці і ратавалі царства, пры помачы Божай, у часе напасьці й ліха.

Ровоам — першы, па разьдзяленьні царстваў, юдэйскі цар ― спачатку быў верны праўдзіваму Богу, але на 4-м годзе свайго кіраваньня, пад уплывам каханае жонкі (дачкі Авэсалома), адпаў у ідалапаклонства; з ім і народ юдэйскі „пакінуў закон Гасподзень“ і „рабіў няўгоднае прад вачыма Госпада“. „І пабудавалі яны ў сябе высачыні, і статуі, і капішчы на ўсялякім высокім узгорку і пад усялякім цяністым дзеравам“. За гэта Гасподзь пакараў царства юдэйскае нападам эгіпэцкага фараона Сусакіма, які ўзяў Ерусалім, зрабаваў храм і палац Салямонаў і зрабіў юдэяў сваімі даньнікамі. У гэты цяжкі для юдэяў час ад іх адпалі філісьцімляны і ідумэі.

Пабожны цар Аса — ўнук Ровоама — асобным распараджэньнем загадаў, каб усе спаўнялі закон Майсея, і „адкінуў усіх ідалаў, якіх зрабілі бацькі яго. І нават маці сваю Ану пазбавіў званьня царыцы за тое, што яна зрабіла істукан Астарты“. За гэтыя ўчынкі пабожнасьці Гасподзь багаславіў аружжа Асы. Аса разьбіў дашчэнту войскі фараона і скінуў з сябе ярмо Эгіпту. Пры гэтым была захоплена багатая здабыча. Зьніштожыўшы пасьля таго усе „брыдоты паганскія“, Аса на 14 годзе свайго кіраваньня сабраў у Ерусаліме вялікае народнае сабраньне, у якім прымалі ўдзел жыхары ня толькі яго царства, але і народ з усіх іншых каленаў. На гэтым сабраньні быў узноўлены завет з Богам і пастаноўлена караць сьмерцяй усіх, хто ня зьвернецца да Госпада Бога.

Пад канец свайго жыцьця Аса перанёс шмат ліха за тое, што цаною скарбу храму Гасподняга купіў саюз цара сырыйскага. Што датычыцца народу, то, у параўнаньні з другім часам, у кіраваньне Асы народ насалоджваўся поўным дабрабытам. Карысны гандаль Юдэі з Арабіяй і краямі заходняе Эўропы дазволіў цару і народу сабраць вялікі скарб.

Пабожны цар Іосафат ― другі ўнук Ровоама, — знаходзячыся ў згодзе са ўсімі суседнімі народамі, меў магчымасьць займацца пераважна справамі ўнутранага будаўніцтва свае дзяржавы. Маючы вялікія сродкі (арабы і філісьцімляны плацілі Іосафату багатую даніну), ён умацаваў шмат гарадоў, сабраў вялікае войска, утварыў справядлівы суд і інш.

Але асаблівае значэньне мелі яго меры дзеля зьніштажэньня ідаланаклонства. Усялякія сьвяшчэнныя „высачыні“ і „дубровы“ былі выкаранены, ахвярапрынашэньні спынены, служнікі культу паразганяны і зьніштожаны. Не здавальняючыся гэтым, Іосафат на 3-м годзе свайго кіраваньня паслаў сьвяшчэньнікаў і левітаў з кнігаю закону, каб яны вучылі народ закону Божага па ўсіх гарадох Юдэі. Наградай яму за такую пабожную руплівасьць быў нязвычайны дабрабыт народу, як у дні Салямона.

Але Іосафат зрабіў абмылку, якая з працягам часу прынясла шмат ліха царству юдэйскаму. Хочучы надоўга забясьпечыць свайму народу добрыя адносіны з ізраільскім царствам, дзе тады кіраваў бязбожны Ахаў, Іосафат ажаніў свайго сына Іорама з дачкою Ахава — Гафоліяй, якая была руплівай ідалапаклоньніцай. Вынікам гэтага шлюбу было новае ўмацаваньне і пашырэньне ідаласлужэньня ў царстве юдэйскім, асабліва пры наступніках Іосафата — сыне яго Іораме і ўнуку Охозіі. Але вышэйшай ступені паганства і распусты царства юдэйскае дасягнула з пачаткам кіраваньня 12-га цара юдэйскага Ахаза.

Ахаз увёў самае паганае з ханаанскіх ідаласлужэньняў пакланеньне Молоху[6]. У ахвяру яму ён прыносіў нават уласных дзяцей. Пакараньнем Божым за гэта зьявіліся бязупынныя і дужа спусташальныя войны з суседзямі. Гэтак, саюзныя цары — сырыйскі і ізраільскі — нанясьлі страшнае паражэньне Ахазу, які страціў забітымі 120.000 чалав. і палоннымі болей як 200.000 жанчын, сыноў і дачок. Філісьцімляны і ідумэі, карыстаючыся слабасьцю царства, захапілі некалькі гарадоў і крэпасьцяў юдэйскіх. Цар асырыйскі, саюзу з якім шукаў Ахаз, абрабаваў і зачыніў храм ерусалімскі, дзеля чаго ў ім прыпынілася багаслужэньне.

З грозным высьведчаньнем распусты і паганства, якое так пашырылася ў дні Ахаза, зьявіўся прарок Ісайя.

Пабожны цар Езэкія — сын Ахаза — узнавіў багаслужэньне у храме Ерусалімскім. З асабліваю ўрачыстасьцю была адсьвяткавана Пасха, на якую, па запрашэньнях Езэкіі, прыйшоў шмат хто з царства ізраільскага. Пасьля гэтага па ўсім царстве былі зьніштожаны ідалы і ўзноўлены законы Майсея.

У часе Езэкіі Салманасар, цар Асырыйскі, пакарыў царства ізраільскае. Такая-ж небясьпека пагражала і царству юдэйскаму. Сэнахэрым, сын Салманасара, з нязьлічаным войскам аблажыў Ерусалім. Упадак гораду, здавалася, будзе нямінучым. Але Езэкія зьвярнуўся з гарачаю малітваю да Бога, і Юдэя была збаўлена: уночы Ангел Гасподзень паразіў 185.000 асырыйскага войска. Сэнахэрым павінен быў зьняць аблогу і адступіць.

Міласьць Божая да Езэкіі была пацьверджана яшчэ адным цудоўным знакам — перасунуўся назад на дзесяць ступеняў цень сонечнага гадзіньніка, дзеля пацьверджаньня прадказаньня прарока Ісайі, што цяжка хворы цар паздаравее. Езэкія, узапраўднасьці, паздаравеў і кіраваў царствам пасьля таго яшчэ 15 гадоў у згодзе і спакоі.

Бязбожны Манасія, які кіраваў царствам 55 гадоў, узнавіў ідаласлужэньне і зьвязаныя з ім вады й забабоны, і распусьціў свой народ так, што яны „рабілі горай усіх народаў, якіх зьніштожыў Гасподзь ад твару сыноў ізраілевых“. Манасія ў паганстве сваім дайшоў да таго, што паставіў у храме ерусалімскім істукан Астарты, багіні распусты і усялякае нячыстаты! Калі яго пачалі высьведчаваць прарокі, ён засудзіў іх на сьмерць: сярод іншых ад бяздушнае рукі Манасіі згінуў мучальніцкаю сьмерцю старэнькі прарок Ісайя, які, згодна з паданьнем, быў жывым расьпілованы напаловы. За гэта Манасія быў страшна пакараны: начальнік асырыйскага войска ўзяў яго ў палон і загадаў закаваць яго двама мядзянымі ланцугамі і кольцы ад ланцугаў прасунулі ў ноздры Манасіі, як зьверу, і ў гэткім відзе адвялі яго ў Вавілон. У палоне Манасія пакаяўся і Гасподзь вярнуў яму царства.

Пабожны цар Іосія ўва ўсёй сваёй дзеяльнасьці вёў далей справу Давіда, „сьвечніка ізраілева“. З яго імем зьвязана бязьлітаснае зьніштажэньне ідалапаклонства і ня толькі ў межах Юдэі, але і сярод іншых каленаў. Апаганены і забыты ў дні Манасіі храм ерусалімскі быў ізноў адбудованы і абчышчаны ад усялякіх брыдотаў. Калі ладзіліся гэтыя работы, першасьвяшчэньнік Хэлкія, пры разборцы аднае сьцяны, знайшоў „кнігу закону Гасподняга, дадзеную рукою Майсея“, і прачытаў яе цару. Іосія спалохаўся, угледзіўшы, як далёка адхілілася ад закону Божага жыцьцё абранага народу. Каб адвясьці справядлівы гнеў Божы, Іосія склікаў усенароднае сабраньне і загадаў сьвяшчэньнікам чытаць яму знойдзеную кнігу закону. Потым з яшчэ большаю руплівасьцю ўзяўся зьніштажаць рэшткі ідаласлужэньня, дзеля чаго сам адправіўся ў Вэфіль, дзе — згодна з прадказаньнем, дадзеным яшчэ Іеровоаму — зьніштожыў усіх жрэцоў паганскага культу. Вярнуўшыся ў Ерусалім, Іосія адсьвяткаваў Пасху, згодна з усімі абрадамі, пастаноўленымі ў законе, і з такою ўрачыстасьцяй і захопленьнем, якога ня было ўва ўсе часы цароў. Дзякуючы таму, што Іосія ў сваёй дзеяльнасьці выказваў клапатлівасьць у аднолькавай меры аб заставаўшыхся жыхарох зьнішчанага царства ізраільскага, як і царства юдэйскага, здавалася, што ён замысьляў аб аднаўленьні ўва ўсёй пышнасьці царства Давіда й Салямона. Але выбіла ўжо гадзіна ўпадку самога юдэйскага царства, як прадказаў гэта другі вялікі прарок Іерэмія.

Упадак царства юдэйскага. Па сьмерці пабожнага цара Іосіі, пры сыне яго Іакіме бязбожнасьць узрасла да апошніх граніц, і царства юдэйскае хутка прыйшло да свае гібелі. Мудрыя засьцярогі прарока Іерэміі, прадказваўшага 70-х гадовы палон, не рабілі ўжо ніякага ўражаньня. Спачатку эгіпэцкі фараон Нэхао прымусіў Іакіма плаціць яму даніну, але пасьля, калі эгіпцяны, пабітыя пры Кархамісе, павінны былі самі схіліцца перад сьцягамі вялікага цара Вавілонскага Навухаданосара, сына закладчыка Вавілонскае монархіі, лёс юдэйскага царства перайшоў у рукі гэтага ўладара. Уварваўшыся ў Палестыну, Навухаданосар узяў Ерусалім, захапіў з храму ўсё дарагое прыладзьдзе і адправіў у палон у Вавілон некалькі тысяч народу і ― на палажэньні закладнікаў ― некалькі прыгожых і здольных юнакаў з найвыдатнейшых родаў. Між гэтымі юнакамі быў Даніла з сваімі трыма сябрамі ― Ананіяй, Азарыяй і Місаілам. Гэта быў т. зв. першы палон Вавілонскі (ў 607 г. да Хр. Нар.).

Хутка пасьля таго, Іакім ізноў перадаўся Эгіпту, дзякуючы чаму быў закуты ў ланцугі. Сын яго Іехонія, абвешчаны царом, кіраваў царствам толькі сто дзён. Здрадніцкія зносіны Іехоніі з Эгіптам выклікалі новы, гэта ўжо другі наступ Навухаданосара, які асабіста зьявіўся пад сьценамі Ерусаліму і распарадзіўся лёсам яго кіраўнікоў і абаронцаў. Цар Іехонія са усёй сям‘ёй і дваром, таксама і яго вяльможы, лепшыя ваякі і майстры былі пераселены ў Вавілон, куды за імі павязьлі і скарб царскага палацу і храму ерусалімскага. Сярод палонных былі вялікі прарок Іезэкііль і Сэмэй, дзед славутнага пасьля Мардахэя. Царом юдэйскім Навухаданосар паставіў Сэдэкію, другога сына Іосіі. Прарок Іерэмія пачаў пасьля таго пераконваць народ, каб той верна служыў Вавілонскаму цару, і прадказаў, што калі юдэі здрадзяць Навухаданосара, дык Ерусалім будзе спалены і цар адведзены ў палон. Але яго не паслухаліся. Сэдэкія надумаў скінуць Вавілонскае ярмо і пачаў зносіны з Эгіптам. Тады Навухаданосар у трэці ― і гэта ўжо апошні раз ― зьявіўся пад сьценамі Ерусаліму, узяў і зруйнаваў горад і спаліў храм і палац, а ўвесь скарб іх вывез. Першасьвяшчэньнікі былі забіты. Сыны Сэдэкіі былі заколаты на вачох бацькі, а самога Сэдэкію асьляпілі і ў ланцугох адправілі ў Вавілон, дзе ён і памёр у цямніцы. У Вавілон былі адведзены і амаль ня ўсе жыхары Юдэі. Толькі найбяднейшыя былі пакінуты для абрабляньня вінаграднікаў, але й іх хутка забралі ў палон у Эгіпэт, і, такім чынам, аканчальна спусьцела зямля юдэйская. Прарок Іерэмія — вачавідзец усяго прадказанага ім ліха — у песьнях, з вялікім пачуцьцём, ад шчырага сэрца, аплакаў лёс юдэйскага народу. Усе гэтыя здарэньні былі ў 589 годзе да Х. Н., з якога і пачынаецца так ведамы ў гісторыі „Вавілонскі палон“.

§ 75. Прарокі часу разьдзяленьня царстваў.
Агульны агляд.

Вялікая была міласьць Божая да свайго непакорнага народу. У той час, як сярод абранага народу паганства й распуста ўсё болей й болей павялічвалася, Гасподзь няраз вуснамі сваіх прарокаў будзіў злачынна драмаўшае сумленьне цароў і народу і не даваў аканчальна заглохнуць іскры Божай. Гасподзь абіраў прарокаў ад самых іх нарадзінаў і асаблівым, Яму Аднаму ведамым шляхам падрыхтоўваў іх на вялікае служэньне, багата льючы на іх дары Сьвятога Духа. Не ад свайго імя гаварылі прарокі; яны былі „пяром у руцэ Госпада, трубою ў вуснах Яго“. Яны былі вястунамі волі Божае, і пераважна храніцелямі і тлумачамі закону. Прарокі выяўлялі шлях Правідзеньня і прадказвалі будучыя здарэньні з такою яснасьцяй як-бы яны спаўняліся зараз, перад іх вачыма. Дзеля таго, каб людзі не сумляваліся, што яны пасланыя ад Бога, Гасподзь даваў прарокам сілу тварыць цуды і прадказваць будучыну. Галоўным прадметам іх прадказаньняў было зьяўленьне ў сьвет Збавіцеля, Які мае памірыць грэшнае чалавецтва з Богам і адчыніць яму ўваход у царства Божае. Прарокі прадказалі ўсе галоўнейшыя здарэньні з жыцьця будучага Збавіцеля і нават шмат якіх падробнасьцяў. Прадказвалі яны таксама і бліжэйшыя ці далейшыя здарэньні свайго часу, якія датыкаліся долі абранага народу, яго цароў і г. д. Чым болей пашыралася распуста й паганства, тым часьцей і часьцей адкрывалі прарокі свае вусны дзеля высьведчаньня і пакараньня заснуўшага сумленьня, не баючыся ні прасьледаваньняў, ні сьмерці. Шмат хто ня любіў прарокаў; іх спатыкалі з нянавісьцяй, выслухоўвалі з абурэньнем, нярэдка пабіваючы каменьнем. Але былі і такія людзі, якія паважалі прарокаў, былі абраныя, якія вучэньне прарокаў распаўсюджвалі па ўсім царстве. Гэтыя абраныя — вучні ці сыны прароцкія, якія складалі цэлыя школы ці брацтвы. Прароцкія школы адгулялі ў гісторыі яўрэйскага народу вялікую ролю: яны пераважна былі захоўцамі і пашыральнікамі пісанага прароцтва, якое ў той час пачало ўжывацца замест вуснага, бо абраны народ усё больш і больш робіцца няздольным быць жывым насіцелем і храніцелем Завету Божага і абяцаньняў аб Збавіцелю.

З прарокаў царства ізраільскага выдатнейшымі былі: Ільля, Елісей і Іона.

З вялікіх прарокаў царства юдэйскага (да палону Вавілонскага): Ісайя, Іерэмія і Езэкііль.

Апрача вялікіх, былі яшчэ гэт. зв. малыя прарокі, якія служылі ў абодвух царствах. „Малымі“ яны называюцца таму, што кнігі, якія яны напісалі, значна меншыя за кнігі вялікіх прарокаў, і наагул іх дзеяльнасьць была не такая шырокая і значная, як дзеяльнасьць вялікіх прарокаў.

§ 76. Прарокі царства ізраільскага.

Прарок Ільля, з гораду Фэсвы, жыў у пустыні, праводзіў строгі і просты спосаб жыцьця. Даўгія валасы, вопратка з шэрсьці вярблюда, падперазаная скураным поясам, і посах у руках — складалі яго даволі такі нязвычайны вонкавы выгляд. Калі бязбожны Ахаў увёў у царстве ізраільскім культ Ваала і Астарты, дык пр. Ільля, па загаду Божаму, наслаў на ўсю зямлю ізраільскую сухмень і голад, які цягнуўся 3½ гады. Ільля жыў у гэты час у пустыні, куды крукі прыносілі яму хлеб і мяса, — потым выдаліўся ў Сарэпту. Тут адна бедная ўдава цудоўна карміла яго і усю сям‘ю сваю не зьмяншаўшайся дзяжы жменяй мукі, пакуль ня скончыўся голад. Калі памёр адзіны сын удавы, дык Ільля тройчы паклаўся на яго і хлапец ажыў.

Прайшоў нейкі час. Ізраільцяны, пад уплывам голаду, пачалі каяцца ў сваіх грахох. Тады Ільля, па загаду Божаму, зьявіўся да Ахава і запрапанаваў яму ўсенародна рашыць, чый Бог праўдзівы. Жрэцы Ваалавы пабудавалі ахвярнік, палажылі на яго цяля і пачалі прызываць Ваала, каб паслаў агонь на ахвяру. Ільля сказаў ім: „крычэце галасьней; можа бог ваш задумаўся, ці заняты чым-колечы, ці ў дарозе, ці мо‘ сьпіць, дык ён прачхнецца!“ Як яны ні крычалі, як ні калолі сябе, паводлуг свайго звычаю, нажамі і коп‘ямі, але агню з неба здабыць не маглі. Тады Ільля пабудаваў у імя Госпада Бога ахвярнік з 12 каменьняў, па ліку ўсіх каленаў ізраільскіх, палажыў на яго дровы і цяля і загадаў ліць ваду, пакуль не напоўніцца роў навакол ахвярніка. Ільля памаліўся Богу, і Бог паслаў агонь з неба, які паглынуў і ахвяру і дровы, і высушыў ваду ў рове. Увесь народ упаў на зямлю і выклікнуў: „Іегова ёсьць Бог“. Зараз-жа пасьля гэтага пайшоў з неба вялікі дождж. Па загаду Ільлі, усе жрэцы Ваалавы, за ашуканства і пашыраньне распусты ў народзе, былі забіты. За гэта Ӏезавэля пачала „шукаць душы“ Ільлі. Але ён пайшоў у Сінайскую пустыню, да гары Харыў. Там зьявіўся яму Бог. Зьявіўся не ў маланцы і буры, і не ў землятрасеньні, і не сярод агню, а „ў подзьмуху ціхага ветру“. Гасподзь падбодрыў свайго прарока, сказаўшы, што сярод ізраільцянаў ёсьць яшчэ сем тысяч людзей, якія не пакланіліся Ваалу, і даў загад паставіць прарокам замест сябе Елісея, а на царства ізраільскае памазаць Ііуя.

Тымчасам споўнілася мера злачынстваў Ахава: цаною подлае намовы і крыві Ахаў, падбіваны Іезавэляй, набыў у сваю ўласнасьць вінаграднік, які належаў бязьвіннаму Навуфэю. За гэта Ільля абвясьціў суд Божы ўсяму дому Ахава.

Прадчуваючы блізкасьць свае сьмерці, Ільля апошнія дні хацеў быць на самоце, але Елісей не адходзіў ад яго. Падайшлі яны аднаго дня да Іардану. Ільля скінуў з сябе сваю валасяніцу, удэрыў ёю па вадзе, вада расступілася, і і яны перайшлі па сухім дне на другі бераг. Тут Ільля й кажа Елісею: „прасі, што зрабіць табе, раней чым я буду ўзяты ад цябе“. Елісей адказаў: „дух, які ў цябе, хай будзе на мне падвойчы“. Ільля сказаў: „труднага ты просіш. Але калі ўбачыш, як я буду ўзяты ад цябе, дык гэта будзе табе“. Пайшлі далей і ўсё размаўлялі. Раптам агнявая калясьніца і агнявыя коні разьдзялілі іх, і Ільля ў віхры панёсься на неба. Елісей у гаротнасьці разлукі разарваў вопраткі свае. Раптам упала перад ім валасяніца Ільлі. Елісей узяў яе, як знак дабрадзейства Божага, якое сходзіла на яго, і пайшоў назад. Падайшоўшы да Іардану, Елісей удэрыў па вадзе валасяніцай Ільлі, і вада расступілася.

Прарок Елісей быў пакліканы да прароцкага служэньня Ільлёй, які ўзяў яго ад сахі. Елісей асабліва ўславіўся сваімі цудамі. Так, адноўчы, калі жыхары Ерыхону пачалі скардзіцца яму, што ў іх нядобрая вада, Елісей кінуў крыху солі ў крыніцу, і вада зрабілася прыемнаю на смак. Другі раз, адна бедная жанчына, прасьледаваная за доўг пазычальнікам, цудоўна, па слову Елісея, напоўніла рэштай свайго масла шмат парожніх збанкоў, прадаўшы якія заплаціла доўг. Было здарэньне і ў Вэфілі, калі Елісей за пасьмешкі дзяцей над яго лысінай, паслаў на іх дзьве мядзьведзіхі, якія разарвалі на кавалкі 42-х хлапцоў: Елісей не прадбачыў у гэтых гарэзных дзецях нічога добрага. Ведамае таксама здарэньне ўваскрашэньня Елісеем сына аднае беднае жанчыны, у падзяку за яе гасьціннасьць.

Гасподзь праз Елісея надзяляў міласьцяй нават чужаземцаў. Гэтак, Елісей вылячыў хворага праказаю Нээмана, ваеннаначальніка Сырыйскага: па слову Елісея, Нээман занурыўся сем разоў у Іардане, і праказа адразу зьнікла. Нээман у падзяку запрапанаваў прароку багатыя гасьцінцы, але той адмовіўся прыняць іх. З дазволу Елісея, Нээман узяў з сабою яўрэйскае зямлі, каб у Дамаску пабудаваць ахвярнік Іегове.

Апошні цуд Елісея ўтварыўся ўжо пасьля яго сьмерці, калі ад датырканьня да яго касьцей, якія пакоіліся ў пячоры, ажыў труп выпадкова кінутага туды з пасьпеху яўрэя. Так, сіла Божая, якая была з Елісеем, перакінулася і на яго мошчы.

Прарок Іона быў пасланы Госпадам у Нінэвію, сталіцу асырыйскага царства, абвясьціць гнеў Божы за паганства й распусту. Але ён пабаяўся йсьці да паганцаў, і сеў на карабель, які ад‘яжджаў у процілежны ад Нінэвіі бок. Раптам паднялася на моры моцная бура. Кінулі жэрабя, каб даведацца, хто з падарожных зьяўляецца прычынаю гневу багоў, якія наслалі буру. Жэрабя ўпала на Іону. Каб расчуліць Бога, Іону, як ён і сам прасіў, кінулі ў мора, пасьля чаго бура сьціхла. Па загаду Божаму, прарока праглынуў кіт (так называлася ўсялякая вялікая рыба). І быў Іона няшкодны ў чэраве кіта тры дні і тры ночы[7]. Выкінуты кітам на бераг, ён пайшоў у Нінэвію. Казаньне яго тут мела добры ўплыў: жыхары пакаяліся і адкінуліся ад благога шляху свайго, і Гасподзь зьлітаваўся над Нінэвіяй.

§ 77. Прарокі царства юдэйскага.

Прарок Ісайя паходзіў з царскага роду. Да прароцкага служэньня ён быў пакліканы гэткім відзеньнем. Ісайя ўбачыў Госпада на вялічным троне. Сэрафімы — найвышэйшыя ангелы — абкружалі Яго і, закрываючы крыльлем твары свае ад зьяньня Славы Яго, пяялі: „Сьвяты, Сьвяты, Сьвяты Гасподзь Саваоф, уся зямля поўная Славы Яго“. Ісайя выклікнуў: „гора мне! згінуў я! я ― чалавек з нячыстымі вуснамі, а вочы мае бачылі Цара, Госпада Саваофа!“ Тады адзін з сэрафімаў узяў з нябеснага ахвярніка гарачы вугаль, датыркнуўся ім да вуснаў Ісайі і сказаў: „ось гэта даткнулася вуснаў тваіх, і беззаконнасьць твая адсунута ад цябе, і грэх твой ачышчаны“. Пасьля Ісайя пачуў голас Бога, які загадваў яму йсьці да Яго народу, каб зьвярнуць яго на шлях праўды.

Ісайя на сваім пасту знаходзіўся каля 60-х гадоў, высьведчаваючы народ у яго грахох і распусьце і прымаючы дзеяльнае ўчасьце ўва ўсіх болей-меней буйных здарэньнях з жыцьця свайго народу. Гэтак, сваімі малітвамі ён уратаваў юдэйскае царства ад навалы Сэнахэрыма, пасьля зьніштажэньня ім царства ізраільскага. Таксама па малітвах Ісайі паздаравеў сьмяротна хворы цар Езэкія, які пасьля таго кіраваў царствам яшчэ 15 гадоў.

Прароцтвы і прадказаньні Ісайі асабліва ўславілі яго. У іх ён кажа аб зьяўленьні будучага Збавіцеля сьвету, Якога называе Памазаньнікам (Хрыстом ці Мэсіяй), Богам Моцным, Царом праўды, Князем спакою, царству Якога ня будзе канца. Ісайя прадказаў нарадзіны Збавіцеля. („Ось Дзева прыйме ў чэраве і народзіць Сына, і дадуць імя Яму Эмануіл“), зьяўленьне перад ім Прадцечы, дастатак сходзячых на Яго дароў Сьвятога Духа, дзякуючы чаму Ен будзе тварыць шмат цудаў („Дух Гасподзень на Мне, бо Ён памазаў мяне добравяшчаць убогім і паслаў Мяне вылечваць пакорных сэрцам, прапаведваць палонным вызваленьне, сьляпым усьвятленьне, адпусьціць замучаных на волю, прапаведваць лета Гасподняе прыемнае“), Яго мукі, сьмерць і ўваскрасеньне („Ён узяў на Сябе нашыя немачы і панёс нашыя хваробы… Ён мучаны быў за грахі і беззаконнасьць нашу, пакараньне сьвету нашага было на Ім, і ранамі Яго мы вылячыліся. Усе мы блудзілі, як авечкі, зьвярнулі кожны на сваю дарогу, і Гасподзь узлажыў на Яго грахі ўсіх нас… Як авечка, йшоў на закалоцьце, і як ягня перад стрыгучым яго безгалоснае, так і Ён не адчыняе вуснаў Сваіх“), заклік у царкву паганцаў і інш.

Прарок Ісайя прадказаў такжа, што цар Кір збавіць юдэяў з палону.

Прарок Іерэмія быў вястуном зьніштажэньня царства юдэйскага. Ён з горкімі сьлязьмі высьведчаваў паганства сваіх сучасьнікаў і прадказаў усе будучыя бядоты: „О, хто дасьць галаве маёй ваду і вачом маім крыніцы сьлёз! Я плакаў-бы дзень і ноч… Так кажа Гасподзь: за тое, што яны (сучасныя Іерэміі яўрэі) пакінулі закон Мой, Я раскіну іх між народамі і пашлю ўсьлед іх меч, пакуль ня зьніштожу іх“. Іерэмія прадказаў дакладна, колькі гадоў будзе палону Вавілонскага (70 г.). Пасьля першага паходу Вавілонскага цара, Іерэмія пераконваў яўрэяў пакарыцца яму і плаціць даніну, якая была паложана, але цар Іоакім адмовіўся, чым выклікаў новыя, яшчэ большыя бядоты з боку Навухаданосара. Тады Іерэмія, па загаду Божаму, накінуў на сябе спачатку дзеравяннае, пасьля жалезнае ярмо, і ў такім відзе хадзіў па горадзе, заклікаючы юдэяў падпарадкавацца ўладзе Вавілонскага цара, інакш усе будуць зьніштожаны агнём і мечам. За такую раду Іерэмію пасадзілі ў турму і ён ледзь-ледзь ня быў пазбаўлены жыцьця. Тым часам саюз новага цара юдэйскага Сэдэкіі з эгіпэцкім фараонам выклікаў апошні, самы страшны наступ Навухаданосара, калі быў зьнішчаны храм ерусалімскі, палац царскі і ўвесь горад, а жыхары амаль ня ўсе адведзены ў палон. Іерэмія застаўся ў Ерусаліме. Разам са сваім вучнем Варухам Іерэмія горка аплакваў лёс гораду на яго развалінах. Калі і тыя юдэі, якія заставаліся яшчэ, былі адведзены ў Эгіпэт, дык яны ўзялі з сабою туды і прарока Іерэмію; там ён хутка быў пабіты каменьнем за высьведчаньні ў ідалапаклонстве.

Прарок Іерэмія прадказаў наступленьне новага завету, у адмену Старога: „ось наступаюць дні ― кажа Гасподзь — і Я зраблю з домам ізраілевым і з домам юдавым новы завет… Я ўлажу законы Мае ў мысьлі іх, і напішу іх на сэрцах іх, і буду ім Богам, а яны будуць Маім народам“. ― „У тыя дні ― кажа Гасподзь ― ня будуць казаць болей: каўчэг завету Гасподняга, ён і да галавы ня прыйдзе, і ня ўспомняць аб ім, і ня будуць прыходзіць да яго, і яго ўжо ня будзе. У той час назавуць Ерусалім тронам Госпада, і ўсе народы дзеля імя Госпада зьбяруцца ў Ерусалім, і ня будуць болей рабіць па ўпартасьці злога сэрца свайго“.

Прарок Іезэкііль быў адведзены ў палон за 11 гадоў да аканчальнага зьніштажэньня Ерусаліму. У палоне яму было відзеньне Славы Божае ў вобразе мужа, які сядзіць на троне. У сярэдзіне сьветлага вобалака Іезэкііль бачыў нешта падобнае да чатырох жывёлаў. Від іх быў падобны да чалавечага, але на кожным з чатырох бакоў асобны твар: чалавека, льва, цяляці і арла. У кожнага па чатыры крылы. Гасподзь заклікаў Іезэкііля да прароцкага служэньня і даў яму праглынуць зьвітак, на якім былі напісаны прызначаныя народу ад Бога: „плач, стагнаньне, гора“. І пачуў Іезэкііль голас: „зьеш гэты зьвітак і йдзі, кажы дому Ізраілеву“. Прарок зьеў і пачуў салодкае ў вуснах сваіх, як бы ад мёду“. Іезэкііль тады зразумеў, што як на небе, так і на зямлі ўсё робіцца па волі Духа Божага, ― што слугі Божыя — ангелы ― разумныя як чалавек, грозныя як леў, чыстыя і незласьлівыя як цяле і ўзьнёслыя як арол, і што ўсе яны разам, згодна услаўляюць Бога „пяючы, галосячы, заклікаючы і гаворачы“. Прарок зразумеў, што пакараньне Божае па сваіх пладох абернецца ў канцы канцоў „у салодкі мёд“.

Адкравеньне Божае аб узнаўленьні юдэйскага царства і будучым уваскрасеньні мёртвых Іезэкііль адтрымаў пад відам сымволу ― поля, якое было поўнае касьцей. Па слову Божаму, жылы злучылі гэныя косьці, на іх вырасла мяса, скура; увайшоў у іх дух, і яны ажылі. І сказаў Бог: „косьці гэныя — увесь дом ізраілеў. Я вызвалю іх з усіх месцаў жыхарства, дзе яны грашылі, і ачышчу іх, і будуць яны Маім народам, і Я буду іх Богам. І утвару з імі завет спакою; завет вечны будзе з імі.“

Прарок Іезэкііль не дажыў да павароту з палону. Згодна з паданьнем, ён быў забіты за высьведчаньні паганства і ідаласлужэньня.

§ 78. Малыя прарокі.

З малых прарокаў, якія жылі ў пэрыядзе ад разьдзяленьня царстваў да Вавілонскага палону, адны пераважна прадказвалі болей-меней блізкія здарэньні свайго часу, другія — праракавалі аб будучым Мэсіі. Гэтак ―

прарок Наум прадказаў упадак Нінэвіі;

прарокі Амос і Аўдзій прадказвалі, што Бог не адкіне аканчальна свайго народу і зьверне яму ранейшы бліск у царстве Мэсіі;

прарок Сафонія прадказаў паварот юдэяў з палону і гаварыў аб славе, якая чакае іх, калі Мэсія будзе знаходзіцца сярод іх;

прарок Авакум прадбачыў таксама зьяўленьне Бога — Збавіцеля на зямлю;

прарок Міхей прадказаў, што Мэсія народзіцца ў Віфлееме;

прарок Іоль прадказаў, што ў царстве Мэсіі веручыя багата адтрымаюць дары Сьвятога Духа

і прарок Осія прадказваў аб уваскрасеньні Збавіцеля ў трэці дзень і аб перамозе яго над пеклам і сьмерцяй.


  1. Руфь — моавіцянка — была замужам за яўрэем. Па сьмерці мужа, яна не засталася ў сваёй зямлі, а разам з сьвякроўкаю Ноэміньняй вярнулася ў зямлю ізраільскую, кажучы: „Твой народ будзе маім народам, твой Бог — маім Богам; адна сьмерць разлучыць мяне з табою“. Там яна вышла замуж за родзіча нябошчыка — Ваоза. Ад гэтага шлюбу радзіўся Овід — бацька Есея.
  2. У псальмах Давід рысуе прадвечную раду аб збавеньні роду чалавечага, крыжавыя мукі, сьмерць і ўваскрасеньне Збавіцеля, вялікасьць імя Божае Маці, паварот паганцаў да царквы Божае і зацараваньні Мэсіі над усімі народамі.
  3. Салямон напісаў гэткія кнігі пад назовам: „Экклезіаст“ (казнадзея), кнігу „Прытчаў“, г. зн. кароткіх мудрых навучаньняў аб розных моральных абавязках чалавека і „Песьню песьняў“ (самую найлепшую песьню), у якой паказаў любоў Бога да людзей пад відам любові жаніха да свае нявесты.
  4. Ваал — абагаўленьне сонца ў відзе чалавека з вянком з праменьняў навакол круглага твару.
  5. Астарта — абагаўленьне месяца ў відзе маладой жанчыны з рагамі, якая едзе конна на быку.
  6. Молох — бог палючага сонца, ад якога высыхае расьліннасьць. Яго зрабілі ў відзе чалавека з галавою быка. Яму прыносіліся чалавечыя ахвяры, асабліва дзеці. Іх жывымі кідалі ў распаленае чэрава бронзавае статуі ідала.
  7. Прабываньне Іоны ў чэраве кіта тры дні і тры ночы і цудоўнае збавеньне яго праабразавала трохднёвае пахаваньне і слаўнае ўваскрасеньне І. Хрыста.