Сьвяшчэнная гісторыя Старога Завету (1926)/III

З пляцоўкі Вікікрыніцы
II. Гісторыя царквы ад патопу да Майсея III. Гісторыя царквы ад Майсея да цара Саула
Падручнік сьвятой гісторыі‎
Аўтар: Сяргей Паўловіч
1926 год
IV. Гісторыя царквы ад цара Саула да палону Вавілонскага

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ІІІ

Гісторыя царквы ад Майсея да цара Саула

(1516―1100 г. г. да хр. Hар.).

§ 30. Нараджэньне і ўзгадаваньне Майсея. Уцёк яго з Эгіпту.

Дзеля збавеньня яўрэйскага народу ад няволі ў Эгіпце Бог даў Майсея.

Майсей паходзіў з калена Левія; быў нязвычайна прыгожым дзіцянём. Згодна з царскім загадам, матка нованароджанага яўрэйскага дзяцёнка павінна была кінуць яго ў раку. Але, каб выратаваць яго, яна хавала яго ў працягу трох месяцаў. Нарэшце, хаваць далей было немагчыма. Яна рашыла аддаць яго на волю Божую: узяла, палажыла яго у асмолены кошык і паставіла чарот каля берагу ракі, а сваёй дачцы Марыамі загадала схавацца і наглядаць здалёк за дзяцёнкам. Тымчасам здарылася так, што на гэтае месца прышла купацца дачка фараонава. Пачуўшы плач дзіцянятка, яна паслала прыслужніцу ўзяць яго. Царэўна зьлітавалася над ім і загадала ўзяць яго ў палац. У гэту самую мінуту падыйшла Марыам і сказала: "ці не паклікаць табе мамку"? Калі тая згадзілася, Марыам прывяла да яе сваю матку Іохавэд. Ӏохавэд пачала ўзгадоўваць сваё-жа дзіця. Калі дзяцёнак падрос, Іохавэд прынясла яго да дачкі фараона, якая ўсынавіла яго і дала яму імя Майсей", што значыць "узяты з вады".

Майсей узгадоўваўся ў палацы фараона, як царскі сын, і адтрымаў вышэйшую для таго часу адукацыю. Эгіпцяне вывучвалі тады арытмэтыку, гэомэтрыю, астраномію, мэдыцыну, права, літаратуру, музыку і рысаваньне. Трэба думаць, і Майсей вучыўся усіх гэтых навук. Да 40 гадоў пражыў ён у палацы фараона, карыстаючыся багацьцем. і пашанаю. Яму вызначалася вялікая кар'ера. Фараон нават хацеў выдаць за яго сваю дачку, але Майсей адмовіўся ад гэтага гонару. Дзякуючы ўплывам свае маці, Майсей захаваў веру бацькоў сваіх і, хаця жыў у раскошы і багацьці, але не парваў сувязі з сваім народам. Ен шчыра спагадаў пакуце яўрэяў, але ня меў магчымасьці хоць-бы што-колечы зрабіць дзеля збавеньня іх ад нясьцерпнага ўціску. Аднаго разу Майсей убачыў, што эгіпцянін страшэнна ць яўрэя за тое, што ён, па слабасьці здароўя, ня споўніў усяе прызначанае яму працы. Майсей уступіўся за аднапляменьніка і ў палкасьці забіў страшнага мучыцеля. Гэта бачылі другія эгіпцяне і данясьлі Фараону. Паводле эгіпцянскіх законаў, за забойства чалавека прызначалася кара сьмерці. Майсею нельга было заставацца ў Эгіпце і ён выдаліўся ў зямлю Мадыямскую (Сінайскі паўвостраў), дзе жыў родны яўрэям народ, які паходзіў ад Абраама праз Хэттуру. Тутака яму аказалі сяброўскае спатканьне у мадыямскага сьвяшчэньніка Іофора, дочкам якога, калі яны пасьвілі скаціну, Майсей зрабіў паслугу. З адною з іх, на імя Сэлфора, Майсей нават хутка ажаніўся. Ад гэтага шлюбу ў яго былі дзеці. 40 гадоў пражыў. Майсей у цесьця свайго, пасучы яго статкі. Здавалася, ён зусім забыўся аб сваім народзе, які таміўся ў цяжкай няволі у Эгіпцянаў. Але ў запраўднасьці, усімі думкамі сваімі і пачуцьцём Майсей быў з ім, тым болей, што там, у Эгіпце, заставаліся яго матка, брат Аарон і сястра Марыам. Разважаючы аб долі свайго народу, Майсей не адзін раз, у адзіноце ўспамінаў вялікія абяцаньні, якія даў Бог Абрааму, Ісааку і Якаву ― што абраны народ займець зямлю ханаанскую, дзе будзе свабодным гаспадаром свае долі, і значыць ― рана ці позна будзе вызвалены з рабства Эгіпэцкага. Сярод такіх разважаньняў, вандруючы са сваімі статкамі па неагляднай пустыні, ці не падрыхтоўваў сябе Майсей да ролі збавіцеля свайго народу? Аднак-жа пачаць працу дзеля зьдзейсненьня гэтых думак, ня маючы простага загаду Божага, Майсей не адважваўся.

§ 31. Прызваньне Майсея. Паварот Майсея ў Эгіпэт.

Аднаго разу Майсей пасьвіў свой статак недалёчка ад гары Харыву й угледзіў нешта дзіўнае: цярнёвы куст, увесь агорнуты полымем, гарыць і не згарае. Майсей пачаў падходзіць бліжэй, каб разглядзець гэтую зьяву, як раптам пачуўся голас з куста: "Майсей, зьнімі абуцьце тваё; месца, на якім ты стаіш - зямля сьвятая". Майсей скінуў сандалы і багавейліва падайшоў да месца зьяўленьня Божага[1]. Гасподзь сказаў яму: "Я ― Бог бацькі твайго, Бог Абраама, Ісаака й Якава. Я бачыў пакуту народу майго ў Эгіпце, і йду збавіць яго ад рукі Эгіпцянаў і вывесьці яго з гэтае зямлі ў зямлю ханаанскую. Дык ідзі да фараона й вывядзі з Эгіпту народ мой". ― Майсей адказаў на гэта Госпаду: "хто я, каб ісьці мне да фараона і вывясьці сыноў ізраілевых?“ ― Гасподзь сказаў яму: "Я буду з табою; і ось табе знак, што я паслаў цябе, калі ты вывядзеш народ Мой, вы споўніце службу Божую на гэтай гары". ― На пытаньне Майсея, як адказаць, калі яўрэі запытаюць імя паслаўшага, Бог сказаў: „Я Істны (Іегова). Так і скажы: Істны паслаў мяне да вас". Майсей трэці раз адказаў: "а калі не павераць мне і скажуць, не зьявіўся да цябе Гасподзь, дык што сказаць ім?" ― „Што гэта ў цябе ў руцэ?“ ― запытаўся Гасцодзь. "Посах", ― адказаў Майсей. Гасподзь сказаў: „Кінь яго на зямлю". Калі Майсей кінуў посах, дык той абярнуўся ў зьмяю і Майсей пабег ад яе. Але Бог загадаў Майсею узяць зьмяю за хвост. Калі Майсей зрабіў гэта, дык у руцэ яго быў посах. Таксама Бог даў Майсею і другі знак: калі Майсей палажыў за пазуху руку сваю і пасьля выняў яе, то рука пабялела ад праказы, як сьнег. Калі йзноў, па загаду Божаму, Майсей палажыў яе за пазуху, дык рука яго зрабілася здароваю, як раней была. „Калі ― сказаў далей Бог ― не павераць і гэтым двом знаком, то вазьмі вады з ракі і вылі на зямлю; і вада зробіцца крывёю зямлі". Майсей чацьвёрты раз пачаў адмаўляцца: "о, Госпадзі, я чалавек не красамоўны, заіклівы". Але Гасподзь адказаў яму: „хто даў чалавеку вусны? Ці ня Я? Ідзі. Я адкрыю вусны твае і навучу цябе, што табе гаварыць". Майсей рашуча адмовіўся (пяты раз): „Госпадзі, пашлі каго іншага, каго можаш паслаць". Тады Гасподзь з гневам сказаў яму: "да цябе выйдзе на спатканьне брат твой Аарон. Ты будзеш перадаваць яму словы Мае, а ён будзе гаварыць народу замест цябе. І так, ён будзе тваімі вуснамі, а ты будзеш яму замест Бога. Посах гэты вазьмі ў руку тваю; праз яго ты будзеш тварыць цудоўнае". Тады Майсей пакарыўся волі Божай і пайшоў у Эгіпэт, на берагі Нілу, тым балей тамака памерлі "ўсе, хто шукаў душы яго".

§ 32. Майсей і Аарон перад фараонам.

Калі Майсей ішоу у Эгіпэт, дарогаю сустрэўся з братам сваім Ааронам, які, па наданьню Божаму, выйшаў на спатканьне яму. Майсей расказаў яму аб сваім прызваньні. Прыйшоўшы ў Эгіпэт, яны сабралі старшыняў яўрэйскіх, пераказалі ім усе словы Божыя і, у доказ іх праўдзівасьці, зрабілі перад імі цуды. Цераз старшыняў хутка увесь народ даведаўся аб надходзіўшым збавеньні і падзякаваў Госпаду.

Майсей і Аарон прыйшлі да фараона і ў імя Іеговы, Бога Ізраілева, прасілі яго адпусьціць народ у пустыню на тры дні дзеля прынясеньня ахвяры Богу. Фараон груба сказаў: „хто такі Іегова, каб я паслухаўся Яго? Я ня ведаю Іеговы і не адпушчу Ізраіля. Ідзеце на свае работы". Пасьля, раззлаваўшыся, ён загадаў прызначыць яўрэям больш працы, каб не займаліся пустымі прамовамі. Загад фараона быў выпаўнены: дагледачы перасталі выдаваць яўрэям гатовую салому для вырабу цэглы, і яны павінны былі зьбіраць для сябе на палёх салому (ў Эгіпце у часе жніва сярпом адцінаюць толькі самы колас, а салома застаецца; пасьля ёю карыстаюцца для апалу ці пры абпальваньні цэглы). Яўрэям стала яшчэ цяжэй, бо колькасьць цэглы, якую штодня павінны былі вырабляць, не паменшылася. Народ пачаў наракаць на Майсея. Тады Майсей з Ааронам другі раз зьявіўся да фараона і рашуча патрэбаваў адпусьціць народ. Каб фараон пераканаўся, што сам Бог вымагае гэтага, Аарон кінуў перад ім свой посах на зямлю і посах абярнуўся зьмяю. Фараон паклікаў мудрацоў эгіпэцкіх і яны сваімі чарамі зрабілі тое самае са сваімі посахамі. Але посах Аарона паглынуу іх посахі. Ня гледзячы на гэты цуд, фараон нават не хацеў і чуць аб тым, каб адпусьціць народ.

§ 33. Казьні Эгіпэцкія.

Пасьля адмовы фараона, Гасподзь пакараў эгіпцянаў цэлым радам казьняў; іх было дзесяць. Казьні гэтыя пашыраліся толькі на тыя месцы, дзе жылі эгіпцяны; зямлі Гэссэм яны не датыкаліся. Кожная казьнь пачыналася і канчалася па малітве Майсея. Ось гэтыя казьні: 1) вада ўва ўсім Эгіпце абярнулася у кроў; эгіпцяны павінны былі як найхутчэй капаць новыя крыніцы, каб не загінуць ад смагі; 2) зьявілася мноства жабаў, якія напоўнілі нават хаты і пасьцелі эгіпцянаў, што было запраўдным ліхам для такога брыдлівага і чыстаплотнага народу, як эгіпцяны; 3) паветра напоўнілася машкарой і кузуркамі, якія ня толькі дакучалі, але і выклікалі сваімі укусамі немалыя мукі як у людзей, так і у жывёлы; 4) песьі мухі ― атрутныя кузуркі ― хмарамі пачалі насіцца у паветры і былі праўдзівым пакараньнем для усіх жывых істотаў; 5) маравая язва зводзіла ўсю хатнюю скаціну эгіпцянаў; 6) людзі і жывёлы пачалі хварэць запаленьнем і нарывамі, дзякуючы балячцы, якая сталася пасьля кінутага Майсеем попелу; 7) страшная бура з градам спусташыла ўсе палі эгіпцянаў; 8) зьявілася ў нязьлічаным мностве саранча, якая зьнішчыла ўсю расьліннасьць; увесь край абярнуўся ў бясплодную пустыню; 9) густая цемра ў працягу трох дзён пакрывала увесь край, дык людзі не маглі бачыць адзін аднаго і павінен быў спыніцца ўсялякі рух і дзеяльнасьць.

Які толькі пачыналася якая-небудзь казнь, дык фараон даваў Майсею абяцаньне адпусьціць яўрэяў, але казнь спынялася і фараон адмаўляўся споўніць свае абяцаньне. Жрэцы, якія яго акружалі, пасьпелі ўпэўніць яго, што ўсе гэныя бядоты ― звычайныя зьявы прыроды, і дзеля гэтага гаспадарства ня можа пазбавіцца той многалікай працоўнай сілы, якую прадстаўлялі сабою яўрэі для Эгіпту. Але чутны былі й разважныя галасы некаторых вышэйшых урадоўцаў фараонавых, якія намаўлялі яго ўступіць вымаганьням Майсея, бо іначай Эгіпэт згіне. І Фараон запраўды пачынае схіляцца на карысьць Майсею. Спачатку ён дазволіў ізраільцянам прынясьці ахвяру Богу ў пустыні, але толькі недалёчка ад Эгінту; пасьля згадзіўся, каб яны йшлі ў пустыню, пакінуўшы ўдому жонак і дзяцей; нарэшце дазволіў ім узяць з сабою кожнаму сям'ю сваю, але пакінуць усю скаціну, як-бы ў заклад таго, што яны вернуцца з пустыні. Але Майсей адкінуў усе гэтыя ўмовы, сказаўшы, што ён патрабуе адпусьціць усіх наагул ізраільцянаў са усёю іх маемасьцяй і статкамі, нічога някажучы ўжо аб часовасьці падарожы. Тады фараон ― гэта было пасьля дзевятае казьні ― проста ня стаў слухаць Майсея і прагнаў яго ад сябе, сказаўшы, што калі той хоць яшчэ раз стане перад ім, то адтрымае прысуд сьмерці.

§ 34. Пасха й выхад яўрэяў з Эгіпту.

(1496 г. да Хр. Hар.).

Дзеля ўпартасьці фараона, Гасподзь, рашыўшы пакараць эгіпцянаў апошняю казьняю, загадаў цераз Майсея ізраільцянам: у 10-ы дзень першага веснавога месяца Нісана (з 12 сакавіка па 10-ае красавіка) аддзяліць з статку для кожнай яўрэйскай сям'і аднагадовае ягня, мужчынскага роду, без усялякага цялеснага папсаваньня, а ў 14-ы дзень увечары закалоць яго, памазаўшы крывёю вушакі і дзьверы хат сваіх, сьпячы на вагні і зьесьці з прэсным хлебам і горкімі травамі, ня крышачы касьцей яго; есьці ягня трэба было з пасьпешнасьцю, падпаясаўшыся, з посахамі ў руках, у сандалах, з торбамі за плячыма, зусім гатовымі ў дарогу. "Гэта ― Пасха Гасподня", — сказаў Бог Майсею. ― "Я пайду ўночы па Эгіпту і паражу ўсякага першака ў зямлі Эгіпэцкай ад чалавена да сваціны. І будзе ў вас кроў знакам на хатах. Дзень гэты сьвяткуйце ўва ўсе роды вашыя. Сем дзён ешце прэсны хлеб і ў гэтыя дні зьніштожце кіслае у хатах вашых".

Ізраільцяны споўнілі ўсё, як загадаў ім Гасподзь. Народ быў гатовы рушыцца ў дарогу. Уночы на 15 дзень Нісана "Ангел Гасподзень паразіў усіх першакоў эгіпэцкіх ад першака фараонавага да першака вязьня ў вастрозе, і ўсё першароднае з Эгіпту" (дзесятая казьнь). Страшнае было прабуджэньне эгіпцянаў пасьля гэтае прызначанае ночы! Плач падняўся па ўсім Эгіпце. Гэтага удару ня вытрымала пыха фараона. Ён яшчэ ўночы прызваў Майсея й Аарона і з роспаччу сказаў ім: "устаньце, выходзьце з асяродзьдзя народу майго, вазьмеце усё, ідзеце, і багаславеце мяне". Эгіпцяны да таго падганялі яўрэяў, што яны не пасьпелі нат сьпячы хлеба на дарогу, панясьлі цеста ў дзежах і ужо па дарозе напяклі праснакоў. Адходзячы яўрэі прасілі у эгіпцянаў золата й серабра, розных рэчаў і адзеньня. Тыя з ахвотаю аддалі ім усё, чаго яўрэі прасілі, каб толькі хутчэй выдаліліся. Майсей, успомніўшы тэстамэнт Язэпа, узяў з сабою косьці яго.

Калі ўсе было гатова, народ рушыў у дарогу са ўсёю маемасьцю сваёю, са усімі статкамі сваімі. Ішоў ён пад сьцягамі сваіх старшыняў, якія самі адтрымлівалі ўсе распараджэньні ад галоўнага правадыра і збавіцеля народу ― Майсея.

Усіх яўрэяў выйшла з Эгіпту каля 600.000 чалавек, мужчынскага роду, ня лічачы дзяцей.

Пасха. На памяць аб збавеньні з рабства эгіпэцкага, Яўрэі, па загаду Божаму, дасюль сьвяткуюць Пасху, а ў падзяку за захаваньне першакоў яўрэйскіх было пастаноўлена, каб кожны пяршак мужчынскага роду, ад чалавека да скаціны, быў прысьвячаны ці ахвярованы Богу[2].

§ 35. Пераход яўрэяў цераз Чырвонае мора.

Майсей, па загаду Божаму, павёў яўрэяў пустыняй да Чырвонага мора. Удзень ім дзіўна паказваў дарогу і час адпачынку хмарны стоўп, а ўночы ― агнявы, які адначасна й асьвятляў дарогу. Ідучы за стоўпам, яўрэі прыйшлі да Чырвонага мора і тутака раскінуліся лягерам.

Тымчасам 'гіпцяны пачалі шкадаваць, што адпусьцілі яўрэяў ― такое мноства дармавых працаўнікоў. Быў выданы загад ― безадкладна пусьціцца ў пагоню, каб вярнуць іх. Сам фараон стаў на чале войска, якое складалася з 600 калясьніцаў і коньніцы. Спалохаліся яўрэі, калі убачылі пагоню, але замест таго, каб прасіць у Бога помачы, пачалі наракаць на Майсея, нашто ён вывяў іх з Эгіпту: „ці няма трунаў у Эгіпце, што ты прывёў нас паміраць у пустыні?" Майсей падбодраваў іх, кажучы: "ня бойцеся, стойце і ўбачыце збавеньне ад Бога", а сам у глыбі душы узносіў моцную малітву да Бога. Бог прыхіліўся да малітвы Майсея і загадаў яму ўдарыць па вадзе сваім посахам. У той-жа час хмарны стоп стаў паміж яўрэямі й эгіпцянамі і быў для першых сьвятлом, для другіх ― цемрай. Калі Майсей працягнуў на мора свой посах, дык сільны ўсходні вецер пагнаў марскія хвалі: вада расступілася і агалілася сухое дно. І пашлі сыны Ізраіля пасярод мора па сухаземьмю; вада стаяла сьцяной па адным і па другім баку. Эгіпцяны, чуючы рух у лягеры яўрэйскім і ашуканыя цемрай, пагналіся за адходзіўшымі па тым самым дне марскім. Калі яны былі на сярэдзіне мора, а апошнія рады яўрэяў ужо на другім беразе, дык Майсей ізноў працягнуў руку сваю на мора, і вада вярнулася на сваё месца, пакрыўшы ўсе калясьніцы і ўсё войска фараонава. Эгіпцяны згінулі ўсе да аднаго. Пасьля гэтага ізраільцяны сьпяялі Госпаду пабедную і удзячную песьню. Гэта быў самы шчасьлівы дзень ува усёй гісторыі яўрэйскага народу, бо гэты дзень прынёс народу доўгачаканую волю.

§ 36. Вандраваньне яўрэяў па пустыні да Сінаю.

Дарога яўрэяў ад чырвонага мора да гары Сінаю йшла па дзікай, бясплоднай пустыні, ― той самай, дзе 40 гадоў пасьвіў статкі свайго цесьця Майсей. Тры дні йшлі яўрэі па пустыні і не спатыкалі вады, а запасы, якія былі, ўсе выйшлі. Нарэшце, дайшлі да крыніцы пад назовам Мэрра. З прагавітасьцю кінуліся яўрэі да вады, але яе нельга было піць: такая яна была горкая. Яўрэі пачалі наракаць на Майсея. Па загаду Божаму, Майсей кінуў дзерава ў ваду і яна адразу зрабілася прыемнаю на смак. Прастаяўшы тутака некаторы час, яўрэі рушыліся далей. Увайшлі ў пустыню Сін. Там адкрыліся новыя перашкоды вандраваньня: пачалі выходзіць запасы хлеба, якія былі Ўзяты з Эгіпту. Купіць ня было дзе. Пагражаў голад. Успомнілі тады яўрэі сваё жыцьцё ў Эгіпце, дзе хлеба й мяса было даволі, і пашкадавалі, што пайшлі гінуць ад голаду ў гэтай дзікай пустыні. Няўдзячны і грубы народ, які вякамі адтрымліваў гатовы хлеб з рук сваіх паноў ці ўладароў, не хацеў ведаць, што свабода дарма не даецца, што яна патрабуе мужства і вытрыманасьці, і заўсёды неразлучна са спробаю і бядотамі. Майсей зьвярнуўся з малітваю аб помачы да Бога. Увечары таго дня ўся мясцовасьць каля лягеру пакрылася зграямі перапёлак, а раніцаю наступнага дня ― нейкімі белымі крупінкамі. Яўрэі з неўразуменьнем пыталіся адзін у аднаго, што гэта такое? Майсей адказаў ім: „гэта ― хлеб, які Гасподзь даў вам для яды". Яны назвалі гэты хлеб „маннаю"[3]. Манна ад гэтага часу служыла яўрэям штодзенным хлебам да самага ўваходу у зямлю абяцаную. Манна выпадала кожны дзень, апрача суботы, раніцай. Удзень яе нельга было знайсьці: яна растаплялася ад праменьняў сонца. Быў загад зьбіраць манну у колькасьці не балей, як патрэбна на адзін дзень. Напярэдадні суботы манна выпадала ў падвойнай колькасьці, каб яўрэі маглі зрабіць запас яе на два дні. Яе можна было малоць, таўчы і варыць. На ўспамін аб гэтым цудоўным хлебе, адна мера манны была з часам уложана у асобную залатую судзіну, якая захоўвалася у Каўчэзе Завету (Ў Скініі).

З пустыні Сін Майсей павёў яўрэяў далей і прывёў зноў у бязводную мясцовасьць недалёка ад гары Харыву. Зьнемагаючы ад смагі, яўрэі пачалі наракаць на Майсея. Была небясьпека для самага жыцьця яго. Тады Майсей зьвярнуўся з малітваю да Бога. Па загаду Божаму, Майсей узяў некаторых з старшыняў, падыйшоў да аднае скалы гары Харыву, ударыў па ёй сваім посахам, і з скалы пацякла вада. Бачачы гэты чуд, народ заспакоіўся.

Але яўрэям прыходзілася змагацца ня толькі з цягатамі дарогі і натуральнымі нястачамі ў пустыні. Была вялікая небясьпека і з боку варожых плямёнаў, насяляўшых гэты край. Так, на яўрэйскі лягер напалі амалікіцяны і ўступілі з яўрэямі ў бой. Майсей выслаў супроць амалікіцянау Ісуса Навіна з ваякамі, а сам з Аронам пайшоў на гару і тамака маліўся, падняўшы рукі свае да неба. І было зауважана: калі Майсей трымаў свае рукі паднятымі, перамагалі яўрэі, калі апускаў, перамагалі амалікіцяны. Каб даць перамогу яўрэям, Аарон і Ор высунулі камень, на які Майсей абапёрся, а самі, стаўшы па бакох яго, падтрымлівалі працягнутыя і скрыжованыя рукі яго. Перамога засталася на старане яўрэяў.

Так дзіўна прамысьляу Бог аб сваім народзе ў пустыні; даваў яму яду і пітво і памагаў у барацьбе з ворагамі. Апрача таго, праз усю падарожу, адзеньне яўрэяў не старэла і ногі ня пухлі.

Хутка пасьля перамогі над амалікіцянамі да Майсея прыйшоў цесьць яго афор, таксама жонка Майсеева з двума сынамі. Гэта было радаснае спатканьне. Была прынесена удзячная ахвяра Богу і ўладжана частаваньне. Трохі пагасьціўшы, афор вярнуўся да сваіх статкаў, а жонка і дзеці Майсея засталіся пры ім.

Між іншым Іафор парадзіў Майсею для разьвязаньня судовых справаў паставіць асобных начальнікаў на кожных 10, 50, 100 і 1000 чалавек (дасюль усе гэныя справы разьвязваў сам Майсей). Ен так і зрабіў. Увесь народ быў падзелены на часьці; кожная мела свайго судзьдзю. Толькі найважнейшыя справы прадстаўляліся на суд самога Майсея, які, такім чынам, меў магчымасьць прысьвяціць сябе вышэйшым інтарэсам свайго народу.

§ 37. У гары Сінайскай. Дараваньне 10 прыказаньняў. Завет Бога з яўрэйскім народам.

У пачатку трэцяга месяца пасьля выхаду з Эгіпту, прайшоўшы больш як 250 вёрст, яўрэі падыйшлі да гары Сінай. Тут Майсей ад імя Божага абвясьціў народу аб гэткім дараваньні прыказаньняў: „калі вы ― сказаў Бог ― будзеце слухацца мяне, то я выдзялю вас з усіх народаў і будзеце у Мяне царствам сьвяшчэньнікаў, сьвятым народам". Народ малітваю і постам пачаў рыхтаваць сябе да таго, каб выслухаць волю Божую. І вось ― гэта было у 50-ты дзень па выхадзе з Эгіпту ― раптам густы вобалак пакрыў верхавіну гары, зазьяла маланка, пачуўся гром і гук трубы. Народ увесь задрыжаў. Па загаду Божаму, Майсей з Ааронам вывялі народ з лягеру і паставілі яго бліжэй да гары, азначыўшы граніцу, якую, пад страхам сьмерці, забаранілі пераступаць. Майсей з Ааронам узыйшлі на гару. Яна відочна хісталася і траслася. Трубны гук рабіўся ўсё мацнейшым. Нарэшце, сярод грукату грому і маланкі, пачуўся голас. Гэта Гасподзь вымаўляў народу тыя 10 прыказаньняў, якія павінны былі легчы у аснову жыцьця яўрэйскага народу, якія нават да сёньняшняга дня зьяўляюцца меркаю жыцьця і моральнасьці ўсякага чалавека. Ось гэтыя прыказаньні:

1) Я ― Гасподзь Бог твой, хай ня будзе ў цябе іншых багоў, апрача Мяне.

2) Не ствары сабе куміра і ўсялякай падобнасьці ні таго, што высока на небе і нізка на зямлі, ні таго, што ў вадзе пад зямлёю, ― не пакланяйся ім і ня служы ім.

3) Ня ужывай Імя Госпада Бога твайго дарэмна.

4) Памятай дзень суботні, каб сьвяткаваць яго; шэсьць дзён працуй і споўніш у іх усе справы твае; у Дзень-жа сёмы субота Госпаду Богу твайму.

5) Паважай бацьку твайго і маці тваю, каб добра табе было і каб доўгалецьце меў на зямлі.

6) Не забівай.

7) Не чужалож.

8) Не крадзі.

9) Ня сьведчы непраўдзіва на друга твайго.

10) Не пажадай жонкі друга твайго, не пажадай дому бліжняга твайго, ні сяла яго, ні раба яго, ні рабыні яго, ні вала яго, ні асла яго, ні усякай скаціны яго, ні ўсяго, што ёсьць у бліжняга твайго.

Закон, які зьмяшчаецца ў гэтых прыказаньнях, прызначаўся не для аднаго толькі яўрэйскага народу, але для ўсяго чалавецтва. Апрача яўрэяў, тады ня было на зямлі народу, які захаваў-бы праўдзівую веру ў Бога. Панавала усюды паганства. Кожны чалавек думаў толькі аб сабе, аб сваім шчасьці і дабрабыце; ― адсюль разьвіліся: самавольства, роскаш, распуста адных, няволя, бяспраўе, уціск другіх. Крадзеж, крывапрысяжнасьць, блудніцтва былі самай звычайнай зьявай жыцьця. Жыцьцё чалавека ставілася нівошта. У сям'і ня было паважаньня дзяцей да бацькоў, і наагул паважаньня правоў і асобы чалавека. ― Сярод гэтай ночы ў суадносінах людзей паміж сабой Закон Майсея зьявіўся запраўдным променем, які асьвятляў жыцьцё і ўстрымліваў чалавецтва ад поўнай і аканчальнай гібелі.

Майсей ― пасярэднік між Богам і народам. Прароцтва аб Мэсіі. Народ яўрэйскі са страхам слухаў Божыя прыказаньні. Ен мімаволі адступіў ад самае гары Сінайскае і стау недалёка. Калі голас змоўк, дык старшыні народныя пачалі прасіць Майсея быць пасярэднікам між Богам і народам, каб ім "ня умёрці“. Майсей падняўся йзноў на гару. Бог прыняў яго пасярэднікам між сабою і народам і сьцьвярдзіў даўнае Абяцаньне аб вялікім Прароку і Законадаўцы, Які на ўсе часы будзе Адзіным Пасярэднікам між Богам і людзьмі: „І ўлажу словы Мае ў вусны Яго і Ен будзе гаварыць ім усё, што Я загадаю Яму. А калі хто не паслухае словаў маіх, якія Прарок той будзе гаварыць Маім Імем, з таго Я спаганю". Пасьля гэтага Бог вымавіў прароку Майсею законы жыцьця рэлігійнага і грамадзкага, якія той пераказаў старшыням, а тыя народу. Народ сказаў: усё, што казаў Гасподзь, споўнім і будзем Яму заўсёды паслушнымі".

Уваход яўрэяў у завет з Богам. На другі дзень пасьля дараваньня законаў, Бог пажадау уступіць з усім яўрэйскім народам у завет, г. ё. дагавор. Бог абяцаў быць яго Богам, а ён прысягнуў спаўняць усе прыказаньні свайго Цара Нябеснага. У знак гэтага завету, Майсей на асобным ахвярніку, які быў складзены з 12 каменьняў, па ліку 12 каленаў ізраільскіх, прынёс ахвяру Богу, акрапіў народ крывёю ахвярных жывёлаў і голасна ўсім яшчэ раз прачытаў кнігу, у якую былі ўпісаны законы, дадзеныя Богам на Сінайскай гары. Народ ізноў пацьвярдзіў сваю гатоўнасьць спаўняць Божыя законы і пастанавіў назаўсёды сьвяткаваць гэты дзень ― Пяцьдзесятніцу.

Пасьля гэтага Майсей узяў Аарона, двох яго сыноў і 70 старшыняў і паказаў ім месца, дзе гаварыў з ім Бог. Яны ўбачылі нешта падобнае да работы з чыстага сапфіру і яснае, як неба.

§ 38. Нарушэньне Завету з Богам ― пакланеньне яўрэяў залатому цяляці. Аднаўленьне Завету.

Нядоўга яўрэі трымаліся свае прысягі ― спаўняць закон Божы.

Па загаду Божаму, Майсей узыйшоў на гару, уступіў У сярэдзіну воблака і там заставаўся 40 дзён і 40 ночаў. Гасподзь у гэты час даў Майсею падробныя паказаньні адносна будовы скініі, парадку багаслужэньня і ахвярапрынашэньняў. А каб народ ляпей захоўваў дадзеныя яму Божыя прыказаньні, Гасподзь дау Майсею дзьве каменныя табліцы (скрыжалі), на якіх перстам Божым напісаны былі 10 прыказаньняў. Што-ж рабіў народ у адсутнасьці Майсея? Думаючы, што Майсей згінуў, што ня будзе каму вясьці народ далей па пустыні, народ пачаў непакоіцца і, нарэшце, патрабаваў ад Аарона зрабіць вобраз Бога, які йшоў-бы перад ім. Аарон паслухаўся. Яўрэі ўзялі ў жонак сваіх залатыя завушніцы і прынясьлі Аарону. Аарон зрабіў з іх літае цялё. Гэта ня было уласна ідалапаклонства, а толькі народ хацеу багатварыць Іегову у якім-колечы пачуцьцёвым вобразе, да чаго прызвычаіўся ў Эгіпце, дзе быў культ сьвяшчэнных жывёлаў, як, напрыклад, быка, цяляці, кракадзіла і др. Калі народ убачыў цялё, дык выклікнуў: „ось бог, які вывяў нас з Эгіпту“, пачаў прыносіць яму ахвяры і, згодна з паганскім звычаем, "сеў есьці і піць, а пасьля пачаў гуляць“. Пайшла дзікая пацеха.

Пачуўшы шум у лягеры, Майсей пасьпяшыў сайсьці з гары. Калі ён убачыў залатое цялё і п'яную гульню каля яго, ён у страшным абурэньні кінуў ад сябе скрыжалі, якія нёс з гары і яны разьбіліся. Пасьля ўзяў цялё, спаліў яго на агні, загадаў змалоць яго ў парашок і высыпаць у ваду, якую пілі ізраільцяны: хай бачаць нікчэмнасьць свайго бога! Але гэтага было мала. Трэба было зьнішчыць правадыроў, якія мелі такі распусьлівы ўплыў на народ і высунуць найболей прыхільных да новага закону людзей, каб стаялі на варце запраўднай рэлігіі. Дзеля гэтага Майсей выклікнуў: "Хто Гасподзен, ідзі да мяне!" На яго заклік адклікнулася адно толькі калена Левія, найменшае лікам у народзе. Майсей загадаў ім прайсьці цераз увесь лягер і забіваць бяз літасьці ўсіх ідалапаклоньнікаў. Сыны Левія прайшлі па ім і "згінула ў той дзень з народу да 3000 чалавек".

Зьяўленьне Майсею славы Божай. На другі дзень Майсей сказаў народу: "вы дапусьцілі вялікі грэх, дзеля гэтага я узыйду да Бога, ці ня выбачыць Ён ваш грэх?" 40 дзён і 40 ночаў правёў Майсей на гары, просячы Бога, каб выбачыў Ён Свайму народу. А калі ня выбачыш яму ― маліўся Майсей, ― выкінь мяне з кнігі Твае!" (г. ё. пазбаў вечнага шчасьця). Іегова выбачыў народу і Аарону і абяцаў ізноў вясьці яўрэяў у зямлю абяцаную, хаця і сказаў, што ад гэтага часу ня Сам пайдзе перад ім, а пашлець Ангела свайго. У знак аднаўленьня нарушанага завету, былі зроблены новыя каменныя табліцы (скрыжалі) з выразанымі на іх 10 прыказаньнямі. У награду за яго самаахвярнасьць, Майсею была паказана слава Божая. Адбітак гэтае славы застаўся назасёўды на твары ў Майсея; ад яго пачалі выходзіць праменьні сьвятла, дзеля гэтага ніхто ня мог глядзець на яго і Майсей павінен быў насіць пакрыцьце, якое зьнімаў толькі тады, калі станавіўся перад Богам на малітву.

§ 39. Скінія Майсеева. Заснаваньне старазаветнае іерархіі. Багаслужэньне. Сьвяты.

Дзеля багаслужэньня Майсеем была пабудована скінія, або пераносны храм. Увесь матар ял для будовы скініі быў дастаўлены самаахвотнымі прынашэньнямі народу. Скінія складалася з дзьвёх частак: сьвяцілішча і сьвятое сьвятых. Яна была абкружана з усіх бакоў асобным дваром. Сьценамі, як вонкавымі, так і ўнутранымі служылі завесы, зробленыя з дарагое тканіны, якая бліскала яскравасьцю колераў. Дзе-ня-дзе па тканіне былі вышытыя золатам вобразы хэрувімаў. Цьвёрдыя часьці скініі ― стаўпы, брусы, жэрдкі ― былі зроблены з моцнага дзерава „сіттім", ці сінайскай акацыі. У двары (65 × 32 арш.), перад завесаю сьвяцілішча, стаяў аўтар ахвярапрынашэньняў, на якім прыносілі ахвяры і падтрымлівалі незгасаўшы агонь, і за ім мытніца, у якой сьвяшчэньнікі мылі рукі і ногі перад уваходам у сьвяцілішча, у часе ахвярапрынашэньняў і перад пачаткам службы. У сьвяцілішчы (13 х 13 х 6 арш.), куды мелі права ўваходзіць толькі сьвяшчэньнікі, стаяў направа (на паўноч) стол з 12 сьвятымі хлебамі, налева (на паўдзён) сямісьвечнік, які гарэў заўсёды, і проста перад завесаю ― аўтар кадзільны для курэньня ладану. Частка скініі за сьвяцілішчам, якая аддзялялася ад яго завесаю, і куды меу права ўваходзіць толькі першасьвяшчэньнік (адзін раз у год), называлася сьвятое сьвятых (6х6 х 6 арш.). Тут знаходзілася галоўная сьвятыня яўрэяў — каўчэг завету. Па форме гэта была простакутная скрыня, якая мела паўтара аршына даўжыні і каля аршына у вышыню і шырыню. Ён быў зроблены з дзерава „сіттім" і ўвесь абкладзены ўнутры і звонку золатам. Наузьверш каўчэгу ляжала залатая пакрышка, якая называлася ачысьцілішчам. Па бакох яе былі вылеплены два літыя хэрувімы. У кутох былі зроблены невялічкія абручы, куды прасоўваліся жэрдкі, калі трэба было пераносіць каўчэг. У каўчэзе знаходзіліся скрыжалі завету, судзіна з маннаю і - пазьней быў паложаны ― посах Аарона.

Калі скінія была пастаўлена, слава Гасподняя, у відзе воблака, напоўніла яе. Воблак заўсёды стаяў над скініяй. Калі ён паднімаўся, ізраільцяны рушаліся ў далейшую дарогу.

Старазаветная іерархія. Раней службу Божую спаўняў старшы ў родзе ці галава сям'і. Цяпер Гасподзь заснаваў асобны сьвяшчэнны стан, які складаўся з трох ступеняў: першасьвяшчэньнік, сьвяшчэньнікі і ніжэйшыя служнікі пры скініі. Дзеля служэньня пры скініі было прызначана цэлае калена Левія; пасьля патомкі яго адтрымалі назоў левітаў. Першасьвяшчэньнік быў заступнікам перад Богам за народ і галоўным ахоўнікам закону. Яму было прысвоена асобнае дарагое адзеньне у часе багаслужэньня. На грудзёх ён меу „наперстнік“, які быў упрыгожаны 12 дарагімі каменьнямі, з напісам на іх іменаў 12 каленаў ізраільскіх. Да абавязкаў сьвяшчэньнікаў адносілася: узносіць малітвы да Бога, прыносіць ахвяры, курыць ладан і вучыць народ Закону Божага. Усе іншыя левіты памагалі сьвяшчэньнікам пры ахвярапрынашэньнях, насілі скінію ў часе падарожы. пяялі і гралі на музычных інструментах, калі йшло багаслужэньне. Народ у часе багаслужэньня знаходзіўся на двары Скініі.

Першасьвяшчэньнікам Майсей паставіў брата свайго Аарона; яго чатыры сыны былі прызначаны сьвяшчэньнікамі. Пры высьвячэньні Аарона, Майсей памазаў яго сьвятым алеем. Гасподзь паслаў агонь на першую ахвяру Аарона. Гэты агонь заўсёды падтрымліваўся у скініі. Два сыны Аарона ― Надаў і Авіуд ― былі пакараны сьмерцяй за тое, што ужывалі пры ахвярапрынашэньні агонь чужы.

Багаслужэньне старазаветнае царквы складалася з малітваў і ахвярапрынашэньняў. Ахвяры прыносіліся ці для ачышчэньня ад грахоў ці ў падзяку за міласьці Божыя. У першым выпадку чалавек грэшны прыводзіў цялё, барана ці казла і ўскладаў на яго свае рукі. Сьвяшчэньнік калоў жывёлу, кроў яе ліў навакол ахвярніка, а жывёлу паліў. Гэта была ахвяра гэтак зван. ўсеспаленьня. Апрача крывавых, былі ахвяры і някрывавыя, калі ў ахвяру прыносілася: мука, ладан, віно, масла і інш. У падзяку Богу і каб выпрасіць яго міласьці прыносілася ахвяра спакою ці збавеньня. Пасьля багаслужэньня сьвяшчэньнікі давалі багаславеньне народу цераз падыманьне рук і прызываньне трыкроць Імя Божага. У дзень ачышчэньня (ў палове верасьня) ахвярапрынашэньне рабілася цераз першасьвяшчэньніка. Прыводзілі двох казлоў. Першасьвяшчэньнік выбіраў цераз лёсаваньне аднаго з іх, калоў яго за грахі ўсяго народу, з крывёю ўваходзіў у сьвятое сьвятых і крапіў ёю над ачысьцілішчам каўчэга. Пасьля спальвалі казла па-за лягерам. Над другім казлом першасьвяшчэньнік выспаведваў грахі ўсяго народу і даваў прыказаньне выгнаць яго з лягеру ў пустыню.

Сьвяты. Апрача тых сьвятаў, якія ўжо былі, г. ё.: суботы, Пасхі, Пяцьдзесятніцы і дня ачышчэньня, Майсей устанавіў новыя сьвяты: новагодзьдзя, новамесяца (першы дзень кожнага новага месяца), год суботні (кожны сёмы год, у якім не абраблялася зямля, адпускаліся на волю рабы, пакідаліся на фруктовых дзеравах плады для бедных) і год юбілейны (кожны 50-ы год, у якім уласьнікам зварочваліся маемасьці, якія былі праданы ці заложаны).

§ 40. Грамадзкія і моральныя пастановы Майсеевага законадаўства[4].

Апрача рэлігійных, Майсей, па загаду Божаму, даў яўрэйскаму народу шмат законаў грамадзкіх, каб зрабіць парадак і арганізаваць народ у адну вялікую сям'ю, каб кожны член гэтае сям'і ведаў свае правы й абавязкі і праз тое самае спрыяў агульнаму дабру і шчасьцю. Дзякуючы таму, што Сам Бог быў найвышэйшым Царом і Судзьдзёю Свайго народу, грамадзкі закон Майсея ўстанаўляў такую справядлівасьць, якой ня ведалі іншыя народы. У той час, як усюды паганскія народы дзяліліся на касты, з якіх адна бязьлітасна гняла другую, дык, па закону Майсея, усе яўрэі былі аднолькава падпарадкаваны Тегове і дзеля гэтага ўсе былі роўныя між сабою. Роўнасьць усіх перад законам складае аснаўную рыску гаспадарственнага жыцьця яўрэяў.

З боку эканамічнага роўнасьць перад законам выражалася ў тым, што кожны правамоцны сябра грамадзянства адтрымліваў пэўны зямельны надзел, у залежнасьці ад колькасьці і працаздольнасьці членаў сям'і і сам абрабляў сваю гаспадарку. Ніхто ня быў пакрыўджаны. Кожнаму быў забясьпечаны кавалак хлеба, толькі працуй. Дзякуючы гэтаму, у яўрэяў ня было тае процілежнасьці багацьця й беднасьці, раскошы і ўбогасьці, з якім Мы спатыкаемся ў другіх гаспадарствах таго й пазьнейшага часу. На той выпадак, што гэты парадак жыцьця нарушаўся, Майсей, як ведама, устанавіў сьвяты—суботні й юбілейны год, у працягу якіх, напр., праданыя ці ўзятыя за даўгі надзелы ці другая якая падобная маемасьць зварочвалася дарэмна да першага ўладара, дараваліся даўгі, бедаком пазвалялася зьбіраць калосьсе на палёх багатых і інш.

З боку грамадзкіх суадносінаў закон Майсея даваў усім праваздольным грамадзянам аднолькавыя правы, нават і чужынцам: „закон адзік і адны правы хай будуць для вас і для чужынца, які жыве ў вас" ― казаў законадаўца. Дзеля гэтага ў яўрэяў ня было таго, што бачым у другіх тагочасных народаў, у каторых, напр., рабы лічыліся як-бы рэчай ці прадметам якім, а не асобаю, ― прадметам, які гаспадар мог прадаць, выменяць, забіць і г. д. Таксама закон Майсея падняў і палажэньне жанчыны, якая адтрымала ў грамадзянстве амаль ня ўсе тыя самыя правы, што й мужчына.

Дзе ўстанаўлялася роўнасьць правоў, там ― разумеецца ― была й роўнасьць абавязкаў. Закон Майсея ня ведаў таго парадку, які трымаўся ў іншых паганскіх народаў, дзе пануючыя клясы былі вольнымі ад усялікіх гаспадарственных павіннасьцяў, а бяспраўныя нясьлі на сабе ўвесь цяжар гаспадарственнага жыцьця. Аснаўную гаспадарственную павіннасьць ― вайсковую ― адбываў, паводле закону Майсея, кожны мужчына пэўнага веку, бяз розьніцы палажэньня ў грамадзянстве; ― таксама адбывалася й падатковая павіннасьць, ад якое ня быў вольны ніводзін грамадзянін. Трэба заўважыць, што падаткі йшлі пераважна на рэлігійныя патрэбы (утрыманьне скініі, левітаў і г. д.).

З боку кірауніцтва яўрэйскім народам ― найвышэйшая ўлада належала да Самога Геговы, Які кіраваў народам праз дадзеныя яму законы і цераз асобна абраных ім прадстаўнікоў (Майсей, Ісус Навін, судзьдзі, цары). Калі яўрэі былі яшчэ ў Эгіпце і пазьней, у часе вандраваньня ў пустыні, дык у іх была "рада старшыняў" (70), якім даручана было нясьці "цяжар кіраваньня народам“. Для разгледжаньня судовых справаў Майсеем, па радзе цесьця Мафора, былі ўстаноўлены судзьдзі" народныя, т. зв. 1000, 100, 50 і 10 ― начальнікі. У выпадках асабліва важных старшыні і начальнікі зьбіраліся на агульнанародны сход ("усё грамадзянства"), які й вырашаў пытаньні аб вайне, форме кіраўніцтва і др.

Апрача дзесятаслоўя, у законах Майсея зьмяшчаецца цэлы рад моральных пастаноў, якія мелі значэньне не для аднаго толькі яўрэйскага народу, але цераз яго і наагул для ўсяго чалавецтва. У той час, як паганцы Ня ведалі ў жыцьці іншага правіла, як толькі "жыві для сябе, хоць-бы з крыўдай для бліжняга твайго", закон Майсея першым правілам моралі выставіў такое: "любі бліжняга твайго, як самога сябе". Гэтымі і іншымі моральнымі законамі Майсей меў на ўвазе падняць у народзе пашану наагул да асобы чалавека, не выключаючы і рабоў, а таксама да сьвятасьці брачнага сужыцьця, якое так часта нарушалася ў паганцаў, да права на ўласнасьць і інш. Такія звычайныя ў паганцаў грахі, як забойства чалавека, блуд, непаважаньне бацькоў, караліся па закону Майсея сьмерцяй.

§ 41. Асуджэньне яўрэяў на 40-гадовае вандраваньне.

Каля Сінаю яўрэі прастаялі адзін год і два месяцы. Адтрымаўшы поўную царкоўную і грамадзкую арганізацыю, яны рушыліся ў далейшую дарогу. Да зямлі Ханаанскае было вёрст 300 напрасьцень. Яўрэі маглі пацяшацца надзеяй хуткага дасягненьня абяцанай зямлі, цякучай малаком і мёдам. Перад выхадам было зроблена зьлічэньне народу. Усе калены, за выключэньнем калена Левія, далі агульны лік 603.550 чал. мужчынскага роду ад 20 гадоў і вышэй; у калене Левія было 22.000 душ мужчынскага роду ад аднаго месяца і вышэй. Жанчыны і дзеці засталіся бяз зьлічэньня.

Калі яўрэі падходзілі да граніцы Ханаану, дык старшыні прасілі Майсея, выслаць наперад аглядальнікаў, якія-б "аглядзелі зямлю і прынясьлі аб ёй вестку". Майсей згадзіўся. Было абрана 12 чалавек, па адным з кожнага калена. У ліку абраных былі І. Навін і Халеў. 40 дзён аглядальнікі хадзілі па зямлі Ханаанскай і вярнуліся з рознымі пладамі, узятымі з яе і, між іншым, з такою агромністаю вінаград наю галінаю, што яе нясьлі на жэрдцы ўдвох. Але, выхваляючы пладародзьдзе зямлі, аглядальнікі не захавалі перашкодаў, якіх ня унікнуць, калі пайдуць займаць зямлю: "народ, які тамака жывець — казалі яны ― надта дужы і гарады мае вялікія і моцна выбудаваныя; дык і племя волатау бачылі мы там; перад імі мы ня болей, як саранча". Народ, чуючы гэта, надта спалохаўся. Замест таго, каб ― паклаўшыся на волю Божую ― сьмела й адважна йсьці ўперад, да чаго заклікалі яго Ісус Навін і Халеў, яўрэі маладушна кінуліся шукаць выхаду з палажэньня; адны трэбавалі абраць новага правадыра, другія запрапанавалі вярнуцца у Эгіпэт, іншыя крычалі, каб пабіць каменьнем Майсея, Аарона, І. Навіна і Халева. Тады слава Божая у відзе воблака зьявілася у скініі, і Майсей адчуу адтуль голас Бога: ,дакуль гэты народ будзе ня верыць Мне пры усіх знакох, якія Я яму зрабіў! Скажы ім ад імя Майго: вы ня ўвойдзеце у зямлю, на якой Я абяцаў пасяліць вас, апрача Халева і Ісуса Навіна. Заўтра-ж варочайцеся у пустыні Мёртвага мора. Дзяцей вашых, аб якіх вы гаварылі, што яны застануцца ў здабытак ворагам, Я ўвяду туды, а вашыя трупы лягуць у гэтай пустыні. Па ліку 40 дзён, у працягу якіх вы аглядалі зямлю, 40 гадоў будзеце нясьці кару за віну сваю і пазнаеце, што значыць быць пакінутымі Мною". Дзесяць аглядальнікаў ― галоўных вінавайцаў ― былі у той самы час пакараны сьмерцяй.

Ня гледзячы на прызначэньне Божае аб пакараньні, яўрэі рашылі ўсёж-такі безадкладна йсьці у зямлю Ханаанскую. Дарма Майсей прасіў іх ня йсьці проці волі Божай. Яны кінуліся у горы, на граніцы з Палестынай, але за сваю шалёную спробу былі страшэнна пакараны: ханааны разьбілі іх і прагналі ад сваіх межау. І мімаволі пайшлі яўрэі йзноў вандраваць у пустынях Арабіі.

§ 42. Цудоўны посах Аарона.

У Майсея і Аарона сярод яўрэйскага народу было шмат зайздросьнікаў, якія зайздросьцілі іхняму высокаму палажэньню. Гасподзь пакараў гэтых людзей, калі яны адкрыта выказалі сваё абурэньне. Але каб у будучыні ня было ніякага сумліву адносна боскага абраньня ці прызначэньня Аарона, Бог загадаў: узяць у кожнага з 12 начальнікаў кален па посаху, і імя кожнага напісаць на посаху яго, а імя Аарона напісаць на посаху прадстаўніка калена Левія, далей ― палажыць іх у скініі перад каўчэгам завету: "каго я выбяру ― сказаў Гасподзь ― посах таго зацьвіцець". Майсей зрабіў так. На другі дзень Майсей, на вачох усяго народу, ўвайшоў у скінію і вынес посахі. Аказалася, што посах Аарона зацьвіў, пусьціў пупышкі, дау кветкі і сьпелі на ім міндальныя гарэхі. Па загаду Божаму, посах гэты быў паложаны ў каўчэг завету.

§ 43. Вандраваньне яўрэяў у пустыні.

38 гадоў вандравалі яўрэі ў пустыні каля Чырвонага мора. Гэтае вандраваньне было поўнае ўсялякіх стратаў і нястачы. Дарога йшла па пустынных цясьнінах і далінах, што надта ўтруджала народ, які пасоўваўся з вялізарным абозам і статкамі. Цягаты дарогі былі вынятковыя. Улетку іх паліла нястрывалая сьпякота, узімку часта іх лягер засыпала сьнегам. Часта выяўляўся брак яды і здаровай вады. Не заўсёды яны маглі йсьці простаю дарогаю: у гэтым ім перашкаджалі суседнія народы, якія, баючыся навалы на іх граніцу, выступалі з войскам проціў новых прышэльцаў.

Як і да Сінаю, народ і цяпер няраз выказваў незадаволеньне проці Майсея за тыя ці іншыя нявыгоды дарогі, напр., на брак мяса, рыбы, гуркоў, цыбулі, часныку і інш. чым у дастатку карыстаўся раней у Эгіпце. Гэта ўсё Майсей адчуваў надта балюча. Як і раней, ён заўсёды ў такіх выпадках зварочваўся з малітвай да Бога, просячы Яго выбачыць перакарлівы і непаслушны народ і паслаць яму ўсё патрэбнае.

Прайшлі дзесяткі гадоў вандраваньня па пустыні Сінайскай. Пакаленьне, якое Майсей вывяў з Эгіпту, паступова вымірала. Яно не заслугоўвала свабоды, дадзенай Майсеем і павінна было ўступіць сваё месца новаму пакаленьню, загартованаму ў трудох і нястачах пустыні, прайшоўшаму цяжкі шлях узгадоўваньня ад беглага раба да арганізованага народу. Толькі такое пакаленьне магло адважна стрэнуць шматлікіх ворагаў і ачысьціць ад іх абяцаную зямлю. І гэтае новае пакаленьне к канцу 38-х гадовага вандраваньня Майсей прывёў, нарэшце, да граніцаў Ханаану.

§ 44. Прызначэньне Божае адносна Майсея і Аарона.

Калі яўрэі былі ў Кадасе, дык адбыўся прысуд Божы, на моцы якога нават самыя Майсей і Аарон пазбаўлены былі шчасьця ўвайсьці ў зямлю абяцаную, як і тое пакаленьне, якое яны вывялі з Эгіпту. Здарылася гэта так. Аднаго разу народ стаў наракаць на Майсея з прычыны недахвату вады. Калі Майсей з Ааронам зьвярнуўся да Бога з малітваю аб дараваньні вады, дык Гасподзь загадаў ім "сказаць чутна для ўсіх скале і яна дасьць з сябе ваду". Загад Божы быў ясны. Майсей і Аарон павінны былі так і рабіць. Але яны згубілі пэўнасьць у магчымасьць цуду. Падходзячы да скалы і ўдараючы па ёй два разы, Майсей сказаў: „паслухайце, непакорныя, ці нам з гэтае скалы дастаць для вас ваду?“ Хаця вада зараз і пацякла з каменя, але зроблена было гэта з недаверай, з пачуцьцём раздразьненьня й роспачы, і за гэта якраз Гасподзь і асудзіў Майсея з Ааронам. Новае пакаленьне павінны былі вясьці ў зямлю абяцаную і новыя правадыры.

§ 45. Сьмерць Аарона. Мядзяны зьмей.

Ледзь народ рушыў ад Кадэсу ў далейшую дарогу, як сталася сумнае здарэньне: на адной з верхавінаў Ор памёр, на ваччу усяго народу, вялікі першасьвяшчэньнік ізраільскага народу Аарон, на 123-м годзе жыцьця. Страту гэтую асабліва цяжка адчуу Майсей, для якога яна служыла смутнай прад знакай хуткага зьдзейсьненьня суда Божага над ім самым. Наступнікам Аарона быў сын яго Элеазар, якому Майсей перадау багаслужэбнае адзеньне Аарона.

Ад гары Ор ізраільцяне пашлі ў абход зямлі Эдаміцянаў, якія не далі згоды прапусьціць іх праз свае ўладаньні. Абход гэты быў трудны і яўрэі зноў пачалі наракаць: „навошта вывялі нас з Эгіпту, каб цяпер паміраць нам у пустыні? Тутака няма ні хлеба, ні вады, а гэтая благая яда нам абрыдла". У пакараньне за гэта Гасподзь паслаў на іх ядавітых вужакаў, ад укусу якіх памёрла шмат яўрэяў. Яны хутка зразумелі свой грэх і прасілі Майсея памаліцца за іх Богу. Гасподзь загадаў Майсею зрабіць медзянага зьмея і павесіць яго на дзераве, і сказаў: „хто, будучы укушаны, гляне на яго, той застанецца жывы". Майсей

Мядзяны зьмей.

споўніў волю Божую і, узапраўднасьці, усе, хто з вераю і

малітваю паглядаў на мядзянага зьмея, засталіся жывымі[5].

§ 46. Заваяваньне ўсходня-Іарданскае краіны. Прароцтва Валаама.

Яўрэі ўсё бліжэй і бліжэй падсоўваліся да ўсходніх межаў зямлі абяцанае. Перашкоды з боку суседніх народаў рабіліся ўсё значнейшымі. Калі ізраільцяны былі ужо недалёка ад ракі Іардану, за якой пачыналася зямля абяцаная, дык проці іх выступілі з войскам спачатку цар амарэяў, пасьля цар васанскі. Яўрэі разьбілі іх, занялі іх гарады, зьнішчылі іх жыхароў і забралі іх маемасьць. Пасьля гэтага лягерам на беразе Іардану проці гораду Ерыхону. Занятую зямлю Майсей аддаў у валаданьне тром каленам ізраільскім: Рувімаваму, Гадаваму і палавіне калена Манасіінага з тэю умоваю, што аканчальна яны асядуць на сваіх удзелах не раней, як будзе заваявана ўся зямля абяцаная, у чым павінны памагаць іншым каленам.

Удача ізраільцянаў выклікала вялікае незадаваленьне й абурэньне моавіцянаў, патомкаў Лота, якія жылі на паўдзён ад занятых зямель. Цар іх валак рашыў даць адпор прышламу народу. З гэтаю мэтаю, у зьвязку з старшынямі суседняга мадыяніцкага народу, ён зьвярнуўся да найвыдатнейшага ў той час на ўсходзе чараўніка ці паганскага прарока Валаама, які жыў на рацэ Эўфраце, у Мэсапатаміі (бацькаўшчыца Абраама), просячы яго прыйсьці і праклясьці Ізраіля, і гэтым узьнемагчы яго супроць аружжа Валака. За гэта ён абяцаў Валааму багатыя гасьціны. Валаам запытаўся у Госпада, і Гасподзь сказаў яму: "народ гэты багаславёны; йдзі да Валака, ды рабі толькі тое, што Я буду казаць табе". Валаам на асьліцы рушыў у дарогу. Дарогаю асьліца некалькі разоў супынялася, зварочвала ў бок, і нарэшце лягла пад Валаамам. Той пачаў біць яе. Раптам асьліца чалавечым голасам загаварыла: "што я табе зрабіла, што ты б'еш мяне?" Валаам надта зьдзівіўся. Вочы яго адкрыліся і ён убачыў, што на дарозе стаіць з голым мечам ангел і загароджвае яму дарогу. Ангел і кажа яму ад імя Госпада: "шлях твой няправы перада Мною; йдзі з людзьмі гэтымі, але толькі тое кажы, што Я буду гаварыць табе". Валак з радасьцяй сустрэў Валаама. Ен патрэбаваў, каб на гары, з якой было відаць лягер ізраільцянаў, выбудавалі сем ахвярнікаў і прывялі цялят і аслоў. Закурыліся ахвяры, пралілася ахвярная кроў. Але Валаам усё яшчэ вагаўся, ці праклінаць Ізраіля: з аднаго боку яго спакушалі багатыя гасьціны, з другога ― баяўся не паслухаць волі Божай. Тры разы Валаам запытваў Бога на трох абраных месцах, і тры разы, па наданьню Божаму, вымаўляў, замест пракляцьця, багаславеньне Божае ізраільскаму народу: як пракляну я Ізраіля? Бог не праклінае яго. Як прыгожы шатры твае, Якаў, і жылішчы твае, Ізраіль! Багаслаўляючы цябе багаславёны і праклінаючы цябе пракляты". А пасьля, натхнёны Богам, вымавіў наступнае прадказаньне аб зьяўленьні у ізраільскім народзе вялікага Патомка ― Збавіцеля сьвету: „бачу Яго, але цяперака яшчэ няма; бачу, але ня блізка. Усходзіць зорка ад Якава і паўстане посах ад Ізраіля, крышыць князёў Моава і руйнуе ўсіх сыноў Сіфавых".

Валаам сабраўся йсьці дамоў. Але яму шкада было страціць багатыя гасьціны, і ён даў Валаку згубную для ізраільцянаў раду ― усяляк спакушаць іх да ідалапаклонства і распусты. Моавіцяне зрабілі паводле рады Валаамавай. Ізраільцяне аддаліся страшнай распусьце. У пакараньне за гэта, Гасподзь загадаў зьнішчыць сьмерцяй усіх саграшыўшых распусьнікаў, якіх загінула 24.000 чал. Пры гэтым пакараньні згінуў і сам Валаам.

Калі пасьля гэтага быў зроблены новы перапіс народу, які быў патрэбны дзеля правільнасьці будучага падзелу зямлі, дык аказалася, што ўсяго было 601,730 чал. мужчынскага роду, здольных да войска. Гэта было ужо новае пакаленьне, якое радзілася у пустыні. З старога пакаленьня, апрача Майсея, жывымі засталіся толькі Ісус Навін і Халеў ― у нагароду за сваю вернасьць завету Божаму. Яўрэі ўступалі цяпер у зямлю абяцаную. Іх мукі й нядоля падходзілі да канца. Майсей з гэтае прычыны ўстанавіў сьвята „кушчаў" (шатроў) на ўспамін 40-гадовага вандраваньня ў пустыні.

§ 47. Апошнія распараджэньні Майсея і багаславеньне ім народу. Сьмерць Майсея.

Перад канцом 40-гадавога вандраваньня ў пустыні, памятаючы прызначэньне Божае, што ня ўвойдзе ён у зямлю абяцаную, Майсей пачаў рыхтавацца да сьмерці, хаця арганізм яго быў яшчэ моцны, ня гледзячы на яго немалы ужо век (120 г.). Па наказаньню Божаму, Майсей паставіў замест сябе правадыром народу Ісуса Навіна і абвясьціў апошнія свае распараджэньні народу, іменна: калі ізраільцяны ўвайдуць у зямлю ханаанскую, яны павінны будуць выгнаць усіх яе жыхароў, зьнішчыць ідалапаклонства, разьдзяліць усю зямлю між каленамі ізраільскімі і адмовіцца ад усялякіх зносін з хананеянамі. Просячы народ спаўняць Божыя прыказаньні і абяцаючы за гэта ўсялякае дабро зямное і панаваньне над шмат якімі народамі, Майсей прадказаў страшныя бядоты, калі народ забудзе Бога і Яго сьвятыя запаведзі. Нарэшце, Майсей даў сваё багаславеньне усім каленам ізраільскім і перадаў сьвяшчэньнікам, дзеля захаваньня ў каўчээе завету, напісаныя ім кнігі Закону.

Перад самай сьмерцяй, Бог загадаў Майсею ўзыйсьці на гару Нэво і адтуль паказаў яму ўсю зямлю абяцаную да самага мора (Міжземнага): „ось зямля ― сказаў яму Бог ― аб якой я кляўся Абрааму, Ісааку і Якаву, і я даў табе убачыць яе вачыма тваімі, але ты ня ўвойдзеш у гэтую зямлю". І памёр там Майсей, аплакваны ўсім народам у працягу 30-х дзён. Бог схаваў месца пахаваньня яго, каб яўрэі, меўшыя такі нахіл да многабоства, не маглі ўбагавіць яго.

§ 48. Пятакніжжа Майсеева.

Да Майсея паданьні аб стварэньні сьвету й чалавека, аб шчасьлівым жыцьці яго ў раі й грэхападзеньні, аб патопе, патрыархах, аб захаваньні праўдзівага богапазнаньня і г. д. перадаваліся вусна ад дзядоў патомкам. Майсей першы, па натхненьню ад Духа Сьвятога, выклаў іх на пісьме. Дзеля гэтага ён ёсьць першы сьвяшчэнны і боганатхненны пісьменьнік. Ён напісаў наступныя пяць кнігаў, якія складаюць разам „Пятакніжжа або Закон Майсеяў": 1) Кніга Быцьця, у якой апісваецца лёс сьвету й чалавека ад стварэньня сьвету да сьмерці Якава й Язэпа у Эгіпце; яна ахоплівае пэрыяд часу у 3800 гадоў; 2) Кніга выхаду, у якой выкладаецца гісторыя жыцьця яўрэяў у Эгіпце, выхад з яго, адтрыманьне Сінайскага законадаўства і пабудаваньне скініі; 3) Кніга Левіт, у якой апісваецца багаслужэньне й абрадавыя законы, якія датычаць службы левітаў; 4) Кніга Ліку, у якой зьмяшчаюцца два сьпісы яўрэяў і гісторыя вандраваньня іх ад Сінаю да зямлі ханаанскае і 5) Кніга Другазаконьня, дзе паўторваюцца законы, якія былі даны Майсеем, і апісваецца сьмерць Майсея.

§ 49. Зямля абяцаная.

Ведамы пад імем Палестыны[6] - край, які Бог прызначыў яўрэйскаму народу у валаданьне, ляжыць у Азіі уздоўж усходняга берагу Міжземнага мора, ад Ліванскіх гораў на паўноч, да Арабійскае пустыні на паўдзён, і прадстаўляе плошчу ў 110 кв. вёрст. У ёй высокія горы (Эрмон, Фавор, Гарызім, Сіон, Элеонская) некаторыя з сьнегавымі верхавінамі чаргуюцца з плоскімі ўзвышшамі і глыбокімі далінамі, якія часам ляжаць ніжэй марскога роўня (Іарданская). Клімат здаровы і спрыяе высокаму росту і фізычнай сіле насяленьня.

У сучасны момент Палестына зьяўляецца даволі пустынным і бясплодным краем. Гэта залежыць ад адсутнасьці працавітага насяленьня, якое падтрымлівала-б культуру краю і змагалася з такімі, напр., зьявамі, як брак абвадненьня, засыпваньне пяскамі выдмаў берагавое, вельмі ўраджайнае, паласы і т. д.

У часе Майсея гэта быў край, узапраўднасьці цякучы "малаком і мёдам". Усё дыхала дастаткам і раскошай і шчодра вынаграджала працу. Асабліва ўраджайны былі даліны, абароненыя горамі ад надта лютага ўсходняга ветру "кадім", які высушваў усю расьліннасьць. У некаторых мясцох зьбіралі па два жнівы у год. Па нахілу гораў усюды былі пышныя сады і вінаграднікі, і самыя горы, якія цяпер зьдзіўляюць сваёю пусткаю, былі пакрыты прыгожымі лясамі. Як апісвае Майсей, "гэта была зямля добрая, дзе пшаніца, ячмень, вінаградная лаза, смакоўніцы, гранатавыя дзеравы, аліўкавае дзерава і мёд, ― зямля, у якой народ будзе есьці хлеб і ні ў чым ня будзе мець недахвату". Было таксама і шмат прыгожых месцаў для папасу скаціны. На паўдзён, дзе мясцовасьць мае зусім пустыны характар, сустракаюцца прыгожыя оазы з дужа багатаю расьліннасьцяй.

Калі яўрэі асяліліся ў Палестыне, дык географічнае палажэньне яе было як мага карысным для іх. Палестына знаходзілася ў асяродзьдзі ўсяго гістарычнага сьвету, недалёка ад мора, па якім ішлі руховыя гандлёвыя й культурныя зносіны; з ходам часу яўрэі самі маглі прыняць у іх учасьце і прысвоіць сабе ўсю сучасную культуру. З свайго боку, маладая яўрэйская нацыя магла унясьці ў жыцьцё паганскага сьвету пачаткі праўдзівага богапазнаньня. Карысьнейшага за гэтае палажэньня для народу, якому Бог прызначы быць сьвятлом дзеля адкравеньня народаў", ня мог даць ніводзін край у сьвеце. Але ў гэтым зьмяшчалася і небясьпека для праўдзівае рэлігіі: уваходзячы ў бліжэйшыя суадносіны з паганскімі народамі, яўрэі лёгка маглі паддацца распусьліваму ўплыву шмат якіх паганскіх культау і пакінуць Бога Абраама, Ісаака й Якава, што ўзапраўднасьці мы няраз і бачым у далейшай гісторыі яўрэйскага народу.

§ 50. Ісус Навін. Пераход яўрэяў праз Іардан

(1456 г. да Хр. Нар.).

Па сьмерці Майсея, Бог сказаў І. Навіну: ,,Майсей, раб Мой, памёр; дык устань і перайдзі праз Іардан ты і увесь народ ― у зямлю, якую я дам ім, сыном ізраілевым". Пакуль народ рыхтаваўся пакінуць апошні свой лягер у Сіттіме ― у гары, на якой памёр Майсей, І. Навін паслаў двох аглядальнікаў аглядзець бліжэйшы горад ― крэпасьць Ерыхон (12 вёрст за Іарданам). Аглядальнікі, вярнуўшыся, сказалі: „Гасподзь аддаў усю зямлю у нашыя рукі, і ўсе жыхары зямлі у страху ад нас". Тады І. Навін перайшоў з Сіттіму на бераг Іардану. Гэта была пара веснавога разводзьдзя ракі (красавік), калі пераход праз яе асабліва цяжкі. Але Ісусу Навіну было адкрыта Богам: ,як толькі ногі сьвяшчэньнікаў, якія нясуць каўчэг, ступяць у ваду Іардану, дык вада зьнікне, а якая цячэ з гары, спыніцца, як сьцяною". Так усё і адбылося. Увесь народ цудоўна пе райшоў па аголеным ад вады, сухім дне ракі. На ўспамін аб гэтым пераходзе І. Навін выбудаваў два ахвярнікі Богу ― на тым месцы, дзе стаялі сьвяшчэньнікі з каўчэгам, і ў Галгале, дзе ізральцяны супыніліся лягерам, перайшоўшы Іардан. Цудоўны пераход яўрэяў праз Іардан вельмі напалохаў усіх жыхароў зямлі Ханаанскае.

У Галгале яўрэі ў 40-вы раз па выхадзе з Эгіпту сьвяткавалі Пасху. На другі дзень яны елі праснакі з пшаніцы зямлі абяцанае і сушаныя зёрны. З гэтага дня перастала падаць манна з неба. Народ павінен быў карміцца ўжо пладамі зямлі абяцанае.

§ 51. Заваяваньне зямлі абяцанае.

Узяцьце Ерыхону. Першы горад, які прышлося браць пасьля пераходу праз Гардан, быў Ерыхон, абнесены высокімі і моцнымі сьценамі. Перад тым, як пачаць аблогу, І. Навін сам пайшоў аглядзець яго. І вось ― бачыць ― недалёка ад гарадзкое сьцяны стаіць чалавек з аголеным мечам. І. Навін пытаецца ў яго: ,ці ты наш, ці з ліку ворагаў нашых"? ― Той адказвае: "я правадыр войска Божага". ― І. Навін пакланіўся яму і сказаў: "што валадар мой скажа рабу свайму?" Нябесны пасланец загадаў І. Навіну скінуць абутак з ног, дзеля пашаны гэтага сьвятога месца, і сказаў, што Гасподзь аддае ў рукі яго Ерыхон і цара ягонага, пры чым яўрэі, здольныя да войска, у працягу шасьцёх дзён павінны абыйсьці горад па адным разе, а ў сёмы ― сем разоў, за імі павінны нясьці каўчэг завету, а за каўчэгам хай ідзець увесь народ у глыбокім маўчаньні. І. Навін споўніў усё, як загадаў яму Ангел. Калі на сёмы дзень, абыйшоўшы Ерыхон сем разоў, яўрэі, па знаку трубы, усе раптам закрычэлі, дык сьцены гораду паваліліся і ізраільцяны ўвайшлі у горад. Усю здабычу яўрэі, згодна з закляцьцем І. Навіна, павінны былі ўнясьці ў скінію.

Перамога над яўрэямі пры Гаі. За Ерыхонам ляжаў горад Гай. На падставе адтрыманых вестак, І. Навін для заваяваньня гэтага гораду выслаў невялічкі аддзел войска (3000 чал.). Але аказалася, што весткі тыя былі непраўдзівыя: жыхары Гаю перамаглі яўрэяў і прычынілі ім вялікія страты у войску. Увесь народ засмуціўся. І. Навін і старшыні яўрэйскія, парваўшы на сабе вопраткі, упалі ніцма перад скініяй. Тады Бог адкрыў І. Навіну, што яны пакараны за тое, што ня споўнілі закляцьця і ўзялі здабычу. Лёс паказаў вінаватага. Ен быў пабіты каменьнем; труп яго і ўся маемасьць была спалена ― каб была засьцярога іншым. Пасьля гэтага Бог аддаў яўрэям і горад Гай.

У Сіхэме, куды хутка пасьля заваяваньня Гаю прышлі яўрэі, яны пахавалі астанкі Язэпа, якія ўзялі з Эгіпту ― на тым полі, якое купіў Якаў і перад сваёю сьмерцяй адказаў Язэпу.

Народ прысягае захоўваць Закон Божы. У Сіхэме-ж народ урачыста прыняў на сябе абавязак сьвята захоўваць дадзены яму закон Божы. На каменных камлыгах былі выбіты галоўныя палажэньні Сінайскага законадаўства. Калі сьвяшчэньнікі, якія знаходзіліся з каўчэгам завету ў даліне, апавяшчалі пэўнае палажэньне закону, то на багаславеньне яго з гары Гарызіму і на пракляцьце з гары Гэвалу народ адказваў гучным і дружным,амін", пацьвярджаючы гэтым праўдзівасьць і няўхільнасьць багаславеньня за спаўненьне закону і пракляцьця за яго нарушэньне.

Саюз цароў ханаанскіх. Тымчасам чутка аб перамозе яўрэяў праняслася па ўсім краі. Жыхары дужа засмуціліся. Утварыўся саюз цароў, на чале з царом Ерусалімскім, каб агульнымі сіламі перамагчы ворагаў. Адбылася бітва. Яна цягнулася цэлы дзень. Яўрэі прымусілі сваіх ворагаў уцякаць. Калі яны беглі па нахіле гары, раптам выпаў на іх з неба каменны град, які забіваў уцякаўшых. Стала зьмяркаць. Тымчасам прасьледаваньне ня было яшчэ скончана. Тады І. Навін, моцны вераю ўва ўсемагутнасьць Божую, ўладна выклікнуў: стой сонца!" Раптам спынілася сонца і зьяла на небе, пакуль народ нішчыў сваіх ворагаў.

Пасьля гэтае перамогі, заваяваньне зямлі ханаанскае далей адбывалася лёгка і шпарка, гарады здаваліся адзін за адным, і разам з імі нішчыліся ці выганяліся жыхары, якія ўладалі імі.

Утварыўся быу супроць І. Навіна саюз цароў паўночнае часьці зямлі ханаанскае, але й яны былі пабіты пры возеры Мэром.

Гэтак пакрысе, пры помачы Божай, была здабыта зямля ханаанская, хаця яўрэі не маглі яшчэ назваць сябе поўнымі гаспадарамі гэтае зямлі: апрача прыморскіх гарадоў, яшчэ і некаторыя іншыя гарады ў сярэдзіне краю, таксама і некаторыя лясістыя мясцовасьці, асабліва ў горах, засталіся у уладаньні хананеянаў, служачы заўсёднаю пагрозаю для яўрэяў. Але, ўтаміўшыся вандраваньнем у пустыні і сямёхгадовай вайной, яўрэі хацелі якнайхутчэй адпачыць і пабуджалі сваіх правадыроў спыніць далейшае заваяваньне. Дзякуючы гэтаму, вайна была спынена і народ пачаў сяліцца на новых мясцох. Але гэтая пасьпешнасьць абярнулася з ходам часу ў вялікае зло, бо у краі засталося шмат хананеянаў, якія ўцягнулі яўрэяў у распусту, зьбілі іх з дарогі служэньня Адзінаму Праўдзіваму Богу і праз гэта наклікалі на іх страшныя бядоты й вечную нядолю.

§ 52. Разьдзяленьне зямлі ханаанскае паміж каленамі ізраільскімі (1450 г. да хр. Нар.). Сьмерць І. Навіна.

Заваяваную зямлю І. Навін разьдзяліў праз лёсаваньне між дзевяцьма з паловай каленамі ізраільскімі, а калена Рувімава і Гадава, з паловай калена Манасіінага, адпусьціў на надзелы іх за Іарданам. Першы лёс выпаў калену Юдаваму, якому дастаўся вялізарны вокруг на паўдні Палестыны з Хэўронам у асяродзьдзі. Зямля на паўноч ад яго, навакол Ерыхону, дасталася калену Вэніямінаваму. Усе іншыя калены аселі ў паўночнай і паўночна-заходняй часьці Палестыны, іменна: Асірава, Нэфалімава, Завулонава, Ісахарава, Ефрэмава, Данава, Сымонава і палова кал. Манасцінага[7]. Калена Левііна зусім не адтрымала зямлі: яму было выдзелена для жыцьця пасярод розных каленаў 48 гарадоў з належнымі іх надзеламі; апрача таго, для утрыманьня сьвяшчэньнікаў і левітаў, усе калены павінны былі даваць дзесяціну сваіх даходаў. Шэсьць гарадоў, з ліку прызначаных левітам, абвешчаны былі „гарадамі прытулку": нявольны забойца мог уцячы да іх, хаваючыся ад помсты з боку сваякоў забітага. Такім чынам, аддаў Гасподзь Ізраілю ўсю зямлю, якую абяцаў даць бацьком іх, і яны адтрымалі яе ў насьледзтва і асяліліся на ёй. І даў ім Гасподзь спакой з усіх бакоў, як абяцаў бацьком іх; і ніхто з усіх ворагаў іх ня ўтрымаўся супроць іх; усіх ворагаў іх аддаў Гасподзь у рукі іх. Не засталося няспоўненым ніводнае слова з усіх добрых словаў, якія гаварыў Гасподзь дому Ізраілеву; усё збылося".

Так пачалася новая эра у жыцьці Богам абранага народу. Споўніліся вялікія абяцаньні, дадзеныя Абрааму, Ісааку і Якаву. Пасьля доўгіх і цяжкіх спробаў, шляхам цяжкае барацьбы і крыві яўрэйскі народ адтрымаў, нарэшце, зямлю й волю, і мог пачаць правільнае гаспадарственнае жыцьцё. Раней паднявольны, тутака стаў свабодным; раней Вандроўны, тутака мог абраць болей адпаведны грамадзкаму развіцьцю, земляробскі характар жыцьця. У новых, лепшых умовах жыцьця яўрэйскі народ тым хутчэй мог і павінен быў зьдзейсьніць сваё вялікае гістарычнае прызваньне ― быць храніцелем і пашыральнікам праўдзівага богапазнаньня і моралі у сьвеце.

Сьмерць І. Навіна. Пасьля разьдзелу зямлі І. Навін кіраваў народам яшчэ 25 гадоў. Чуючы прыбліжэньне сьмерці, ён склікау усіх прадстаўнікоў народу і намаўляў іх дакладна спаўняць закон Ӏеговы і не ўваходзіць у супольнічаньне з хананеянамі. Народ адказаў: "не, ня будзе таго, каб мы кінулі Госпада і пачалі служыць іншым багом". Паміраючы, павадыр запісаў гэтыя словы ў кнігу закону, узяў вялікі камень, палажыў яго пад дубам у сьвяцілішчы і сказаў народу: „вось, камень гэты хай будзе вам сьведкай супроць вас у наступныя дні, каб вы не манілі перад Госпадам, Богам вашым". Памёр І. Навін, маючы 110 гадоў веку, і быў пахаваны ў сваім удзеле на гары Ефрэмавай.

Усё, што здарылася з ізраільскім народам у часы І. Навіна, запісана ім у кнізе Сьвятога Пісаньня, якая называецца кнігаю І. Навіна".

Часы судзьдзяў (1450 — 1100 г. да Хр. Нар.).

§ 53. Стан яўрэяў у часе судзьдзяў.

Расьсяліўшыся ў зямлі ханаанскай, яўрэі пачалі гаспадарыць, гадаваць жывёлу, займацца рамяством, гандлем і увайшлі у зносіны з суседнімі народамі.

Дзякуючы таму, што ня было аднаго правадыра, кожнае калена кіравалася ўласнымі старшынямі, на чале з асобным князем ці начальнікам. Такім чынам, утварылася як-бы 12 асобных, самастойных гаспадарстваў. Пакуль жывое было пакаленьне, якое было сьведкай вялікіх цудаў і дабрадзействаў Божых, дык яўрэйскі народ, ня гледзячы на сваё вонкавае разьяднаньне, захоўваў сваю нацыянальную й рэлігійную сьвядомасьць і сувязь, і дзеля гэтага "ціха і спакойна жыў пад сваёю смакоўніцаю". Але зьмяніўшае яго новае пакаленьне не хацела „ведаць Госпада і справаў Яго, якія Ен рабіў Ізраілю", і пайшло іншым шляхам. Яўрэі ўвайшлі ў цесныя суадносіны з хананеянамі і і іншымі паганскімі народамі, пачалі браць іх дачок сабе за жонак, перанялі шмат чаго з іх паганскіх звычаяў і жыцьця, і, нарэшце, сталі пакланяцца паганскім багом Ваалу і Астарце (багі сонца й месяца). Пасьля адхіленьня ад праўдзівай рэлігіі, пачалося наагул паніжэньне моралі ў народзе, запанавала няпраўда, падман, самавольства, крадзежы, зладзейства ўсялякага роду; за гэтым надыйшла поўная няладзіца дзяржаўнае і грамадзкае працы й кіраўніцтва, і амаль ня поўная страта нацыянальнае сьвядомасьці народу. Замест таго, каб клапаціцца аб агульным дабры, кожная калена думала толькі аб сваёй карысьці. Гэткім палажэньнем народу карысталіся тубыльныя і суседнія народы, якія нацадалі на яўрэяў, адбіралі маемасьць, забівалі іх, накладалі даніну, абарочвалі ў рабства і т. п. Так, цар мэсапатамскі зьняволіў іх на 8 гадоў, моавіцкі ― на 18 г., ханаанскі ― на 29 г., філісьцімскі ― на 40 г.

У такія гады цяжкае нядолі й няволі Гасподзь, па малітвам верных яшчэ Яму сыноў Ізраіля, высоўваў адважных і разумных людзей, якія стараліся аб'яднаць народ супроць агульнага ворага, вызвалялі ад яго зямлю, аднаўлялі праўдзівае богапачытаньне і пасьля вайны кіравалі яўрэямі і судзілі іх справы. Такія правадыры народныя называліся судзьдзямі. Яны ня былі абранцамі народу і не перадавалі ўлады па насьледзтву сваім дзецям, як перадаюць звычайна цары. Яны былі толькі часовымі кіраўнікамі народу, як-бы поўнамоцнікамі Бога, Які заставаўся Адзіным Праўдзівым Царом і Правадыром народу, адкрываўшым волю сваю праз першасьвяшчэньнікаў. Дзеля гэтага, кіраўніцтва судзьдзяў можна назваць часам самасправаваньня яўрэйскага народу, паводле тых высокіх прынцыпаў богакіраваньня (тэократыі), якія зьмяшчаліся ў заканадаўстве Майсея.

Час судзьдзяў абнімае 350 гадоў. Акалічнасьці гэтага апісаны ў кнізе Судзьдзяў і ў першай кнізе Царстваў. Усіх судзьдзяў было 15[8]. Выдатнейшымі з усіх былі: Гэдэон Самсон і Самуіл.

§ 54. Гэдэон.

Калі сыны Ізраіля "пачалі рабіць злое перад вачыма Божымі", дык Гасподзь паслаў на іх мадыяніцянаў, амалікіцянаў і іншыя „народы ўсходу", якія ў працягу 7 гадоў рабілі руйнуючыя напады на край, забіралі скаціну, нішчылі ураджай, шмат народу гналі ў палон і г. д. Жыхары у страху кідалі паселішча сваё і маѳмасьць сваю, і ўцякалі ў горы. Замест таго, каб агульнымі сіламі адбіць страшнага Ворага, яўрэі пасылалі невялічкія аддзелы войска, якія ў бітвах з непрыяцелем ўсе гінулі. „І згалеў зусім Ізраіль", і зьвярнуўся да Бога. Тады Бог зьлітаваўся над ім і прызваў дзеля яго збавеньня Гэдэона.

Гэдэон быў адважны ваяка, меў вялічны царскі выгляд. Ен быў адным з праўдзівых, верных Іегове, хто клікаў народ да пакаяньня і адраджэньня. Аднаго разу ўвосень Гэдэон цішком і пасьпешна вымалочваў пшаніцу, каб зрабіць запас хлеба і пераправіць сваю сям'ю у горы. Ен і не заўважыў, як зьявіўся яму Ангел Гасподзень. На жальбу Гэдэона, што мусі Гасподзь пакінуў свой народ, калі паслаў такія няшчасьці, Ангел абвясьціў яму, што Гасподзь абірае яго дзеля збавеньня народу. Каб запэўніць яго ў гэтым, Ангел даў яму знак ― паслаў агонь на дар, які прынёс Богу Гэдэон.

Калі мадыяніцяны й амалікіцяны перайшлі Іардан і рыхтаваліся да нападу, дык гэдэон паслаў наказ да усіх каленаў, каб сабралі і прывялі ваякаў. Сабралася 32.000 ваякаў. Гэдэон, па загаду Божаму, абвясьціў усім, што той, хто з іх палахлівы, хай вернецца да хаты. Засталося толькі 10.000 чал. „Усё яшчэ шмат", ― сказаў Гасподзь, і загадаў Гэдэону пакінуць толькі 300 чал. Гэта былі самыя адважныя ваякі. Яны былі настолькі загартаваны, што нават ваду з ракі "лакталі языкамі сваімі, як локча сабака" (г. зн. стоячы, а ня стаўшы на калены). Вось з імі Гэдэон і стаў на гары. Унізе стаяў у вялікім ліку вораг. У лягеры яго панавала трывога, бо да яго дайшлі чуткі аб вялікім руху сярод ізраільцянаў. Уночы, разьдзяліўшы свой аддзел на тры часьці і даўшы кожнаму ваяку трубу і захаваны ў збанку сьвечнік, Гэдэон раптам напаў на непрыяцеля. Ваякі адкрылі свае сьвечнікі, затрубілі ў трубы і з крыкам: "Меч Бога і Гэдэона“ кінуліся рубаць і калоць ворагаў. Тыя, думаючы што каля кожнага сьвечніка цэлы аддзел і лічачы сябе акружанымі з ўсіх бакоў, пачалі забіваць адзін аднаго і кінуліся на ўцёк. Ізраільцяны прасьледавалі іх аж за Іардан.

Пасьля гэтае перамогі, мадыяніцяны болей ня трывожылі яўрэяў. Утварылася ціша па ўсёй зямлі абяцанай і цягнулася цэлых 40 гадоў, пакуль жыу Гэдэон.

У падзяку за збавеньне, Ізраіль запрапанаваў Гэдэону і яго патомству царскую ўладу над сабою, але Гэдэон адмовіўся, сказаўшы яўрэям: „Гасподзь хай валадае вамі".

§ 55. Самсон.

За паганства й распусту яўрэі падпалі пад лютае ярмо філісьцімлянаў, якія ўціскалі іх 40 гадоў. Нарэшце, яўрэі пакаяліся. Бог выбачыў ім іх грахі і паслаў ім збавіцеля ў постаці Самсона, з калена Данавага. Ангел Божы прадказаў маці яго, што ён будзе назарэем", г. зн. прысьвячоным Богу, і пачне ратаваць ізраільцянаў ад рукі філісьцімлянаў. Як назарэй, ён не павінен быў піць віна і стрыгчы валасоў. Калі Самсон узрос, ён зьвярнуў на сябе агульную ўвагу сваёй нязвычайнай фізычнай сілаю. Народ бачыў у гэтым дзеяньне „Духа Гасподняга".

Спачатку Самсон паказаў сваю сілу, калі йшоў да свае нявесты ― філісьцімлянкі. На яго наскочыў малады леу. Самсон разарваў яго, як якое казьлянё, хаця ня меў у руках ніякага аружжа. Аб гэтым ён не сказаў нікому ані слова, нават бацьку і маці. Калі быў вызначаны дзень шлюбу, Самсон ішоў тою самаю дарогаю і бачыць: у трупе разарванага ім лева цэлы рой пчол і мёд. Ён узяў мёду, сам еў, даў яго сваім бацьком, але йзноў нікому не сказаў, скуль быў мёд.

Тымчасам філісьцімляны пачалі ўжо баяцца яго і прыставілі дзеля назіраньня за ім 30 хлапцоў, пад відам шлюбных сяброў. Але ад Самсона не схавалася хітрасьць філісьцімлянаў. На вясельлі Самсон загадаў сваім сябром загадку: „з ядучага выйшла ядомае і ад дужага выйшла салодкае", ― і абяцаў падараваць ім 30 сарочак і 30 вопратак, калі толькі яны разгадаюць яе. Прапазыцыя была прынята, але ніхто ня мог разгадаць. Тады „сябры“ патрабавалі ад маладой ― пад пагрозай спаліць хату яе бацькі і яе самую, ― каб выведала ад Самсона значэньне загадкі. Яна зрабіла гэта і пераказала ім. Калі Самсон усё гэта адкрыў, дык пайшоў у горад Аскалон, забіў там 30 філісьцімлянаў, зьняў з іх адзеньне і аддаў сябром". Але, раззлаваўшыся на жонку сваю, пайшоў ад яе да сваіх бацькоў. Пакінутая мужам, яна хутка выйшла замуж за аднаго з шлюбных сяброў.

З гэтага дня пачалася помста Самсона філісьцімлянам. Так, ён злавіў 300 лісоў, прывязаў да іх хвастоў запаленыя ліхтары і пусьціў іх на палі філісьцімлянаў: увесь хлеб іх быў спалены. Другі раз, каб памсьціцца за спаленьне жонкі, Самсон, ухапіўшы асьліную сківіцу (чэлюсьць), якая ляжала каля яго на зямлі, перабіў ёю тысячу філісьцімлянаў.

Гэткаю барацьбою з прыгнятальнікамі й ворагамі свайго народу Самсон заслужыў сабе агульнае паважаньне сярод яўрэяў, і быў у іх судзьдзёю дваццаць гадоў. Але гэтыя ўчынкі і далейшае павядзеньне Самсона ня былі прыемны У вачох Божых, бо Самсон быў назарэем, дзеля гэтага канец яго жыцьця і сьмерць былі жудасныя.

Самсон дазволіў сабе захапіцца філісьцімлянкаю ― прыгожаю Далілай. Сваякі падкупілі яе, каб выведала у Самсона, ад чаго залежыць яго нязвычайная сіла. Самсон доўга не хацеў адкрыць, ала нарэшце сказаў: "сіла мая ― кажа — у тым, што я — назарэй, што брытва не датыкалася да галавы мае ад самага нараджэньня майго". Даліла паведаміла аб гэтым князёў філісьцімскіх. Тыя паслалі чалавека, які ў першую-ж ноч, калі Самсон спаў, астрыг яго, з помаччу Далілы. І адступіла ад яго сіла яго. Тады філісьцімляны схапілі Самсона, выкалалі яму вочы і пасадзілі у вастрог, дзе прымусілі малоць хлеб ручнымі жорнамі (работа самая паніжальная). У гэтай нядолі Самсон зьвярнуўся да Бога. Бог вярнуў яму яго сілу, ― па той меры, як адрасталі яго валасы. ― Аднаго разу філісьцімляны сабраліся на сьвята у чэсьць бога Дагона. Тут былі ўсе князі іхныя, а на страсе дому, дзе банкетавалі, знаходзілася да 3000 мужчын і жанчын. Успомнілі пра Самсона. Загадалі прывясьці яго з вастрогу, каб пацешыцца над ім. Самсон цярпліва зносіў усе зьдзекі і жарты, якія чаргаваліся з біцьцём па твары. Нарэшце, ён папрасіў хлопчыка, які вадзіў яго за руку, каб той падвёў яго да стаўноў, на якіх быў узмацованы дом. І памаліўся Самсон Госпаду й сказаў: "Госпадзі Божа, успомні і ўзмацуй мяне". Абхапіўшы рукамі два сярэднія стаўпы, Самсон зрушыў іх з месца, дом заваліўся і задушыў усіх, хто быў у ім. Згінуў пры гэтым і сам Самсон.

На прыкладзе свайго судзьдзі Самсона ізраільскі народ, як прысьвячаны Богу (назарэй), мог бачыць, што сла і магутнасьць яго захоўваецца ў вернасьці завету з Богам, што, нарушаючы гэны завет, ён ― як і Самсон ― знойдзе сваю „Далілу", якая, пазбавіўшы яго "назарэйства", аддасьць яго ворагам на зьдзекі і зьніштажэньне.

§ 56. Першасьвяшчэньнік і судзьдзя Ілій. Хлапец Самуіл. Каўчэг завету ў палоне.

Пры канцы пэрыяду судзьдзя першасьвяшчэньнікам і судзьдзёю быў Ілій. Сам ён быў чалавек добры і пабожны, але два сыны яго ― Офні і Фінэес (сьвяшчэньнікі) трымалі сябе нягодна і сваёю зазорнаю службаю і павядзеньнем нясьлі надта дрэнны ўплыў у народ.

У часе іх узгадоўваўся пры Скініі хлапец Самуіл, якога прысьвяціла Богу маці яго Ганна у падзяку за дараванага сына, бо доўга ня мела дзяцей. Самуіл спаў заўсёду ўнутры Скініі. Аднаго разу ён пачуў праз сон голас, які тройчы клікаў яго. Гасподзь адкрыў Самуілу, што ўвесь дом Ілія згіне за тое, што ён не акелзаў сваіх заганных сыноў. Ілій пакорна выслухаў прызначэньне аб ім Бога сказаўшы: "Ен ― Гасподзь; што Яму міла, хай робіць".

Хутка споўнілася прадказаньне Самуіла. Яўрэі пачалі вайну супроць філісьцімлянаў, але павялі яе няўдачна: у першай-жа бітве яўрэі страцілі каля 400 чал. Тады старшыні ізраілевы рашылі прынясьці у вайсковы лягер каўчэг завету, лічачы, што ў такім разе Гасподзь абавязкова дасьць ім перамогу над ворагамі. Ілій, не запытаўшыся волі Божай, адпусьціў каўчэг завету з сваімі сынамі. Адбылася бітва. Яўрэі йзноў былі дашчэнту разьбітыя; Офні і Фінэес былі забіты, а каўчэг Божы узяты ў палон. (Гасподзь паказаў гэтым свайму народу, што сьвятая рэч не паможа таму. хто не шануе сьвятога Закону Божага). Ілій, пачуўшы аб гэтым няшчасьці, упаў наўзнак, паламаў сабе хрыбёт і адразу памёр.

Страта каўчэга завету была запраўдным няшчасьцем для яўрэйскага народу. Яна пагражала з працягам часу зьніштожыць веру у Бога і тыя нацыянальныя сувязі, якія аб'ядналі яўрэяў у адзін народ, і памаглі яму аказваць спраціўленьне многалікавым ворагам. Апрача таго было вялікай зьнявагаю для яўрэяў тое, што іх нацыянальная сьвятыня ― у паніжэньні ад паганцаў. Лепшыя з яўрэяў уцямілі гэта і „зьвярнуліся" да Бога.

§ 57. Паварот каўчэга завету. Высьведчаньні Самуіла. Усенароднае пакаяньне яўрэяў.

Забраўшы ў палон каўчэг завету, філісьцімляны з асаблівай урачыстасьцяй павязьлі яго у свой горад Азот і паставілі ў капішчы бога Дагона. Назаўтра аказалася, што статуя Дагона ляжыць на зямлі перад каўчэгам. Яшчэ цераз дзень убачылі адсечанымі галаву, рукі і ногі статуі. Адначасна на жыхарох гораду зьявіліся нейкія балючыя нарасьці, а палі сталі пусташыць мышы у нязьлічаным мностве. Тады філісьцімляны пачалі пераносіць каўчэг завету ў іншыя гарады, дык паўтаралася тое самае. Што было рабіць? Рашылі зусім адпусьціць ад сябе каўчэг. Была зроблена калясьніца, запраглі у яе дзьве, ніколі ня быўшыя пад ярмом, каровы, і, з каўчэгам завету, пусьцілі іх па дарозе. Каровы, якімі ніхто ня кіраваў, давязьлі каўчэг

Каўчэг завету.

да граніцаў яўрэяў і спыніліся на полі яўрэя Ісуса, каля

гораду Вэфсамісу. У гэтым горадзе жылі левіты. Яны багавейліва зьнялі каўчэг і паставілі яго на вялікі камень, а калясьніцу раскалолі на дровы, і кароў прынясьлі ў ахвяру Богу. Сюды пачало схадзіцца шмат народу, дзеля пакланеньня сьвятыні. Некаторыя, наўпрыцям простай забароне закону, дазволілі сабе заглядваць унутр каўчэгу. За гэта было пакарана сьмерцяй больш як 50.000 чал. Хутка з Вэфсамісу каўчэг завету быў перанесены ў Кірыяф-Іарым, дзе й паставілі яго на ўзгорку, у хаце аднаго левіта.

Прайшло яшчэ дваццаць гадоў, у працягу якіх яўрэі, як адкінутыя Богам, мусілі далей быць пад ярмом філісьцімлянаў. Нарэшце няшчасьці навучылі яўрэяў. Пад уражаньнем гарачых прамоваў Самуіла, выяўляўшых іх паганства і заганы і прызываўшых зьвярнуцца да Адзінага Бога, яны вярнуліся да Яго і зьнішчылі ўсіх сваіх ідалаў. Пасьля таго Самуіл уладзіў урачыстае сабраньне народу Масіфе, і там утварылася як-бы публічнае пакаяньне народу і аднаўленьне завету з Богам. Увесь народ пасьціўся, каючыся у сваіх ранейшых грахох, і потым як-бы йзноў прыняў забытую ім веру бацькоў. Сабраньне закончылася ўрачыстым ахвярапрынашэньнем.

Пасьля гэтага, з Божай помаччу, было скінута ярмо філісьцімскае. Яўрэі прасьледавалі іх далёка за межы свае зямлі. Яны вярнулі і ўсе гарады, якія былі адабраны ў іх філісьцімлянамі.

§ 58. Самуіл ― судзьдзя. Заснаваньне ім прароцкае школы. Вымаганьне народам цьвёрдае ўлады.

Пасьля пакаяньня ў Масіфе і перамогі над філісьцімлянамі Самуіл зрабіўся ў яўрэяў народным судзьдзёю і пад яго кіраўніцтвам край доўга цешыўся спакоем і дабрабытам. Штагодна Самуіл абходзіў усе гарады яўрэйскія і тварыў суд; скончыўшы такі абход, ён ізноў вярнуўся ў свой дом, У Раму, дзе паставіў ахвярнік Богу.

Каб узмацаваць справу, якой ён служыў, Самуіл заснаваў у Раме г. зв. „прароцкую школу". З працягам часу з яе і з іншых такіх самых школаў, заснованых у іншых гарадох, выйшлі тысячы асьвечаных і гарачых, падобна да свайго вучыцеля, абаронцаў веры, якія прабуджалі сумленьне народу, у прыпадку яго ўхіленьня ад Божых прыказаньняў, і наагул служылі яго рэлігійнаму й моральнаму адраджэньню. Галоўным прадметам вывучэньня у прароцкіх школах былі: закон Божы, рэлігійная абраднасьць і рэлігійная музыка. Прарокі жылі ўсе разам, карміліся у агульных сталоўках, насілі асаблівую адзежу з скураным поясам.

Ува ўсёй далейшай гісторыі яўрэйскага народу прарокі выступалі заўсёды, як руплівыя захоўнікі завету Божага з абраным народам і змагальнікі за яго нацыянальную свабоду.

Мудрае кіраваньне Самуіла цягнулася да яго старых гадоў, калі ён, на помач сабе, прызваў двох сваіх сыноў Іоіля і Авія. Але яны „ўхіліліся ў карысталюбства", бралі „гасьцінцы" і судзілі небесстаронна. Вышла гэтак дзякуючы таму, што Самуіл амаль не заўсёды адсутнічаў з дому і ня меў магчымасьці кіраваць узгадаваньнем сваіх дзяцей і сачыць за іх грамадзянскай дзеяльнасьцяй. Але гэтая акалічнасьць паслужыла вонкавым таучком да надта важнага перавароту у жыцьці яўрэйскага народу. Для ўсіх стала вачавіднаю неабходнасьць патрэбнага падбору і кантролю грамадзкіх дзеячоў, ня гледзячы ні на якія сваяцкія ці іншыя сувязі. З другога боку, народ ня мог не цаніць мудрага і цьвёрдага кіраўніцтва Самуіла, якое прынясло яму вонкавую бясьпечнасьць і ўнутраны спакой. Так ці іначай, але народ цераз сваіх старшыняў пачаў прасіць Самуіла паставіць яму цара, як гэта ёсьць у суседніх народаў. "Дай нам цара ― казалі старшыні, ― які судзіў-бы нас і вёў-бы нашыя войны!" Хаця гэтае вымаганьне ня супярэчыла закону Майсея, які прадбачыў час, калі народ будзе прасіць сабе цара, аднак Самуіл, лічачы, што Царом над яўрэямі зьяўляецца сам Бог, пачаў іх адгаварваць ад зьдзейсьненьня гэтае думкі. Па наданьню Божаму, ён паказау народу на тыя адмоўныя бакі, якія былі злучаны на ўсходзе з царскаю ўладаю (свавольства, ўціск, дэспотызм). Але народ, пераканаўшыся ў сваёй няздольнасьці да самасправаваньня, гатоў быў усё ператрываць, каб толькі мець цара. У спомнім, што яшчэ ня так даўно народ прасіў Гэдэона застацца яго царом... За часы судзьдзяў прыйшло у разлад усё жыцьцё народу, як рэлігійна-моральнае, так і сямейнае і грамадзянскае. Усюды панавала свавольства, хаборніцтва, распуста. Самаволя кіраўнікоў народных усё болей і болей падрывала сілы народу і паменшала яго матар'яльны дабрабыт. Адсутнасьць пэўнага нацыянальнага асяродзьдзя вяла да палітычнага распаду і разьяднаньня, што лёгка рабіла народ здабычай суседніх, болей моцных сваёй арганізацыяй, народаў. У сьвядомасьці народнай адзіным выхадам з такога палажэньня зьяўлялася толькі цьвёрдая ўлада у постаці цара. Ваганьні Самуіла цягнуліся нядоўга: па малітве да Бога, ён адтрымаў загад паставіць народу цара, загадзя абвясьціўшы яму правы царскія.


  1. Гэтае зданьне азначала палажэньне ў Эгіпце абранага народу яўрэйскага, дзе ён, прасьледуемы і мучымы, напамінаў слабое церне, якое гатова вось-вось струхлець і зьніштожыцца, аднак-жа церне-народ не падпала зьнішчэньню.
  2. Пасха яўрэйская была праобразам Пасхі Новазаветнай, калі І. Хрыстос. як Ягня чыстае й бязваднае, праліў сваю кроў за грахі людзей і вызваліў іх ад сьмерці і рабства дзьяблу,
  3. Манна лічыцца праобразам таінства Прычашчэньня ў Новым Завеце.
  4. Пры выкладаньні лекцыяў малодшым вучням гэны § можа быць выкінуты.
  5. Так і нас, хрысьціян, збаўляе цяпер вера ў Расьпятага на крыжу І. Хрыста, праобразам чаго і служыць мядзяны зьмей у пустыні.
  6. Ад імя аднаго з народаў ― філісьцімлянаў, ― які займаў гэту зямлю у век пасьля патрыархаў.
  7. Ефремава калена заняло самую сярэдзіну зямлі. Там, у горадзе Сіломе, была пастаўлена скінія, і гэты горад зрабіўся месцам сабраньня старшыняў і судзьдзяў.
  8. Вось іх імёны: Гафанііл, Аод, Самзар, Варак, Гэдэон, Фола, Іaір, Эфай, Эсэвон, Элон, Аўдон, Самсон, Эмэар, Ілій і Самуіл.