Перайсці да зместу

Сьвяшчэнная гісторыя Старога Завету (1926)/V

З пляцоўкі Вікікрыніцы
IV. Гісторыя царквы ад цара Саула да палону Вавілонскага V. Гісторыя царквы ў пэрыяд ад палону Вавілонскага да прыходу І. Хрыста
Падручнік сьвятой гісторыі‎
Аўтар: Сяргей Паўловіч
1926 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




V.
Гісторыя царквы ў пэрыяд ад палону Вавілонскага да прыходу І. Хрыста (з 589 году да Х. Нар.).

А. Панаваньне Вавілонскае.

§ 79. Становішча Юдэяў у палоне Вавілонскім.

Цяжкае было прабуджэньне юдэйскага народу ў палоне Вавілонскім. Замест свабоды — рабства, замест багацьця і раскошы — няволя, замест панаваньня — убогасьць і банкруцтва, замест паважаньня — зьнявага; там, удому, свая родная зямля, увесь народ сабраны ў „доме Юдавым“ — тут расьсяленьне, жыцьцё на чужыне, сярод прыгнятальнікаў, сярод варожых людзей, якім патрэбна толькі вашая праца і праца. З цяжкім сумам успаміналі юдэі аб Ерусаліме і храме Гасподнім, міма якога яшчэ так нядаўна праходзілі спакойна да ідальскіх капішчаў, і шкадавалі, што не маглі болей прыносіць ахвяры Іегове. Як горка ім было жыць у палоне, паказвае вядомая, складзеная імі „песьня палону“: „пры рэках Вавілонскіх мы сядзелі й плакалі, калі ўспаміналі аб Сіоне… тыя, што ўзялі нас у палон, вымагалі ад нас слоў песьняў, і прыгнятальнікі вымагалі вясёласьці: засьпявайце нам з песьняў Сіонскіх. Але як нам сьпяваць песьню Гасподню на зямлі чужой? Калі я забуду цябе, Ерусаліме, дык хай забудзецца дзесьніца мая… Дачка Вавілону! Шчасьлівы, хто пакарае цябе за тое, што ты зрабіла нам! Шчасьлівы, хто вазьме і разаб‘е дзяцёнкаў тваіх аб камень“.

Хоць цары Вавілонскія пакінулі юдэям права трымацца свае веры, кіравацца сваімі старшынямі, судзіцца згодна са сваімі законамі і захоўваць свае звычаі, — таксама далі права свабодна займацца гандлем, разводзіць вінаграднікі, будаваць хаты, набываць маемасьць і г. д., аднак-жа жыцьцё ў палоне было дужа цяжкае. Большасьць юдэяў была абернена ў рабоў, якія павінны былі спаўняць розныя цяжкія работы: капаць канавы для абвадненьня палёў, абрабляць зямлю, будаваць крэпасьці, спаўняць чорную працу пры пабудаваньні вялізарных будынкаў, якімі Навухаданосар упрыгожваў сваю сталіцу і г. д.

Пад цяжарам усіх удараў, якія выпалі на долю юдэяў, у іх з працягам часу прабудзілася ў палоне шчырае раскаяньне. Яны ўсім сэрцам зьвярнуліся да Бога, ачысьціліся ад сваіх паганскіх забабонаў і ад усіх ідалаў сваіх, і яшчэ шмат паганцаў абярнулі на шлях праўдзівага богапаважаньня. За адсутнасьцю храму, здаволеньне свайму рэлігійнаму пачуцьцю юдэі знаходзілі ў хатняй малітве і частых сабраньнях дзеля чытаньня закону, дзеля малітвы і пяяньня сьвяшчэнных песьняў.

Зварот юдэяў да свайго закону і Бога праўдзівага абумоўлівала захаваньне імі нацыянальнага і рэлігійнага адзінства, дзякуючы чаму ім прызначана было зноў вярнуцца ў сваю зямлю. Зусім другі лёс чакаў народ ізраільскі, яшчэ раней за юдэяў адведзены ў палон. У ім не засталося гэтых здаровых рэлігійных і нацыянальных элемэнтаў. Ізраільцяны хутка растапіліся ў моры паганства і хутка страцілі ўсе даўнія свае вераваньні, паданьні і сувязі. Яны ўжо не маглі адрадзіцца, як цэлы народ, злучаны нацыянальным пачуцьцём, і дзеля гэтага назаўсёды загінулі для гісторыі.

Для падтрыманьня веры юдэяў і абароны іх у палоне Бог паслаў ім двох вялікіх прарокаў Іезэкііля і Данілу.

Іезэкііль строга высьведчаваў бязбожнасьць і распусту народу, пакуль ён яшчэ ня зусім забыўся аб сваіх нядаўніх багох, і ў той-жа самы час пацяшаў каяўшыхся, — пацяшаў прадказаньнямі аб павароце з палону, узнаўленьні Ерусаліму і храму, і аб прыходзе будучага Збавіцеля.

Даніла быў пераважна прадстаўніком і абаронцам свайго народу перад царом і ўрадам.

§ 80. Прарок Даніла і тры хлапцы: Ананія, Азарыя, і Місаіл.

Даніла разам з іншымі хлапцамі юдэйскімі быў адведзены Навухаданосарам у палон, каб падрыхтаваць з іх адданых сабе слугаў і пасярэднікаў у кіраўніцтве юдэйскім народам. Жывучы пры двары, карыстаючыся з царскага стала, яны праводзілі свой час у вывучэньні халдэйскае мовы і ўсяе „мудрасьці“ халдайскае, якая складалася, галоўным чынам, з уменьня па руху нябесных сьвяцілаў зьясьняць патаёмныя зьявы цяперашняга і прадказваць будучае. Пасьпехі іх зьдзівілі цара. Ен знайшоў, што Даніла „ў дзесяць разоў вышэй за ўсіх праракальнікаў і мудрацоў, якія былі ўва ўсім яго царстве“. І пачалі яны служыць цару, не пакідаючы ў той самы час паданьняў свае веры і дакладна спаўняючы пастановы закону Майсеевага… Угледзіўшы, напрыклад, што часта падаваная ім з царскага стала яда складаецца з забароненых для юдэяў страваў, яны выпрасілі дазволу карміцца толькі зяленінай і пладамі. Начальнік двара баяўся, каб яны не пахудзелі ад расьліннае стравы. Але, калі яны зьявіліся перад царом, дык аказалася, што яўрэйскія хлапцы на выгляд здаравейшыя і паўнейшыя за сваіх халдэйскіх сяброў.

Выясьненьне сну Навухаданосару і ўзвышэньне Данілы. Хутка выявілася, што Даніла — прарок Божы, які разумее ўсялякія відзеньні і сны. Адноўчы Навухаданосар бачыў нейкі паказальны і надта яго стрывожыўшы сон, які, як толькі ен прачхнуўся, быў забыты ім. Мудрацы і праракальнікі халдэйскія не маглі прыпомніць цару яго сну і аб‘ясьніць яго. За гэта ўсе яны былі засуджаны на сьмерць. Такі самы прысуд пагражаў і Даніле з яго сябрамі. Але яны зьвярнуліся з малітваю да свайго Бога, і Бог уночы ў відзеньні адкрыў і сон цара і яго значэньне. Затрымаўшы забойства мудрацоў вавілонскіх, Даніла сказаў, што можа зьясьніць сон цару. „Ты, цар ― кажа Даніла ― думаў, што будзе пасьля цябе. І Бог паказаў табе, што будзе“. І далей казаў, што Навухаданосар бачыў вялізарнага істукана, які так блішчэў, што глядзець на яго было страшна. Галава ў яго была залатая, грудзі і рукі сярэбраныя, чэрава і сьцёгны ― мядзяныя, лыткі жалезныя, ногі часткаю жалезныя, часткаю гліняныя. Раптам ад гары, без дапамогі рукі, адарваўся вялізарны камень, ударыў па нагах істукана і разьбіў яго, і золата, і серабро, і медзь, і жалеза, і гліна — ўсё абярнулася ў пыл, які разьвеяў вецер. І не засталося ад істукана й знаку, а камень зрабіўся вялікаю гарою, якая заняла ўсю зямлю. Даніла так вытлумачыў значэньне гэтага сну. Залатая галава — гэта сам цар. Пасьля яго паўстане новае царства (міда-пэрсідзкае ― сярэбраныя грудзі), за ім трэцяе, якое будзе панаваць над усёю зямлёю (грэцка-македонскае — мядзянае чэрава). Яго зьменіць чацьвёртае, моцнае як жалеза (рымскае), але яно разьдзеліцца і будзе часткаю жалезнае і часткаю глінянае (усходняя і заходняя палавіны рымскае імпэрыі). У часе апошняга з гэтых царстваў Бог паднясе царства, якое зьніштожыць усе царствы а само ня зьніштожыцца ўва век.[1] ― Навухаданосар зьдзівіўся дакладнасьцяй перадачы сну і мудрым яго абясьненьнем, пакланіўся Даніле і сказаў: „узапраўды ваш Бог ёсьць Бог багоў і Уладар цароў“. Пасьля гэтага Навухаданосар прызнаў Данілу кіраўніком усяе вавілонскае зямлі і галоўным начальнікам над усімі вавілонскімі мудрацамі. Але Даніла адмовіўся ад першае пасады, і толькі сябры яго былі прызначаны краёвымі кіраўнікамі.

Сябры Данілавы ў печы Вавілонскай. Нязвычайна горды і саманадзейны, няраз казаўшы сабе: „на неба ўзыйду, вышэй зорак нябесных пастаўлю трон мой, буду падобны да Найвышэйшага“ — Навухаданосар адноўчы паставіў каля Вавілону вялізарную залатую статую (думаюць — уласны свой выгляд) і загадаў народу прыйсьці і пакланіцца. Пры гэтым было абвешчана, што калі хто не паклоніцца, дык будзе ўкінуты ў распаленую печ. Усе вяльможы споўнілі загад цара. Адны сябры Данілавы адмовіліся пакланіцца статуі. Разгневаны Навухаданосар загадаў распаліць печ у сем разоў мацней як звычайна і кінуць у яе Ананію, Азарыю і Місаіла. Печ была распалена да таго, што полымем яе былі зьніштожаны самі выканаўцы страшнае казьні. Навухаданосар загадаў паставіць супроць печы свой трон, каб ляпей бачыць мукі трох сяброў Данілавых. І якое-ж было яго зьдзіўленьне, калі яны засталіся цэлымі ў полымі агню і сярод іх апынуўся ў печы яшчэ нехта чацьвёрты, па віду „падобны да Сына Божага“. У той-жа самы час нясьліся з печы галасы, якія пяючы ўслаўлялі Бога. Калі Ананія, Азарыя і Місаіл выйшлі, аказалася, што агонь не дакрануўся ні да іх самых, ні да іх адзеньня. Узварушаны цудам, Навухаданосар багаславіў Бога ізраільскага і асаблівым прыказам па ўсім царстве абвясьціў страшнае пакараньне тым, хто дазволіць сабе ганіць Яго сьвятое імя. Сябры Данілавы былі пасьля таго пастаўлены начальнікамі над усімі юдэямі, якія жылі ў царстве Вавілонскім.

Пакараньне Навухаданосара за гордасьць. Аднаго разу, захоплены відам свае сталіцы, Навухаданосар голасна перад усімі пахваліўся сваёю нязвычайнаю славаю і магутнасьцяй. У пакараньне за гордасьць, з неба пачуўся Навухаданосару голас: „табе кажуць, цар Навухаданосар: царства адыйшло ад цябе! і адлучаць цябе ад людзей, і будзе жыхарства тваё з зьверамі палявымі, травою будуць карміць цябе, як вала, і сем гадоў прайдуць над табою, пакуль уцяміш, што Найвышэйшы пануе над царствам людзкім, і дае яго каму хоча“. І таго часу споўніўся страшны прысуд. Навухаданосар адтрымаў як-бы нейкае шаленства, калі чалавек хаваецца ад людзей і выабражае сябе жывёлай. Як зьвер, закуты ў ланцуг, бадзяўся Навухаданосар па двары схіліўшы голаў і еў траву. Валасы вырасьлі ў яго даўгія, як шэрсьць у льва, і ногці завастрыліся, як капцюры ў птушак. Праз сем гадоў развага вярнулася да Навухаданосара і ён падзякаваў і ўславіў Бога, Які кіруе ўсім і карае гордых. З такою вераю Навухаданосар і памёр (у 564 г. да Х. Н.), пакінуўшы сваё царства сыну.

§ 81. Валтасар і ўпадак царства Вавілонскага.

Пры наступніках Навухаданосара царства яго пачало хістацца. Гэтае палажэньне пасьпяшылі скарыстаць падуладныя народы. У часе кіраваньня Валтасара, праўнука Навухаданосара, Вавілону пагражалі Мідзяны і Пэрсы[2]. Але Валтасар нядбала банкетаваў, ня думаючы аб пагражаючай небясьпецы. Хутка пэрсы былі ўжо пад самаю сталіцаю. Аднаго разу ў часе банкету Валтасар загадаў прынясьці судзіны, якія былі ўзяты з храму ерусалімскага, каб піць з іх, з сваімі гасьцямі, віно. Гэтым ён паказаў, што не шануе Бога юдэйскага. Раптам на сьцяне зьявілася нейкая таемная рука, якая пісала нейкія словы. Былі пакліканы варажбіты і мудрацы вавілонскія. Але ніхто з іх ня мог прачытаць напісанага. У гэты самы час увайшла да банкетаваўшых царыца. Яна ўспомніла мужу, што ёсьць у яго царстве чалавек, „у якім дух Сьвятога Бога, — гэта, — кажа, — Даніла. Ён вытлумачыць значэньне словаў“. Калі прыйшоў Даніла, дык цар сказаў яму: „калі ты можаш прачытаць і вытлумачыць напісанае, дык будзеш апрануты ў „баграніцу“, і залаты ланцуг будзе на шыі тваёй, і будзеш трэцім начальнікам у царстве“. Даніла адказаў: „дары твае хай застануцца ў цябе і чэсьць аддай іншаму, а напісанае я прачытаю цару і значэньне вытлумачу яму. Цар, бацьку твайму Бог дараваў царства, вялікасьць і славу, і ўсе яго баяліся. Але калі ён завялічыўся і залятуцеў аб сабе, дык быў скінуты з царскага трону і пазбавіўся славы свае. І ты, ведаючы ўсё гэта, пайшоў супроць Госпада і піў з судзінаў Дому Яго, услаўляў бяздушных ідалаў, а Бога ня ўславіў. За гэта і паслаў Бог руку, якая і напісала гэтыя словы. Ось што напісана: мэнэ, тэкэл, пэрэс. „Мэнэ“ значыць: вылічыў Бог тваё царства і палажыў яму канец; „тэкэл“ — зважыў цябе і знайшоў надта лёгкім; „пэрэс“ — разьдзяліў тваё царства Мідзянам і Пэрсам“. ― Цар у той-жа час нанаградзіў Данілу, як і абяцаў. Пасьля гэтага ў першую-ж ноч Кір, цар пэрсідзкі, узяў Вавілон і ўварваўся ў горад. Валтасар быў забіты і Вавілонскае царства упала (539 г. да Хр. Нар.). Кіраваньне Вавілонам Кір даручыў Дарыю Мідзяніну. Самы Вавілон з працягам часу прыйшоў у такое спусташэньне, што доўгі час пад зямлёю, якая пакрыла яго, не знаходзілі нават сьлядоў яго.

Б. Панаваньне Міда-Пэрсідзкае (529—332 гг. да Хр. Нар.).

§ 82. Юдэі пад уладаю Дарыя Мідзяніна. Значэньне Данілы ў новым царстве. Даніла ў рове львіным. Прароцтва Данілы аб 70-х сядмінах.

Дарый Мідзянін кіраваў Вавілонскім краем у працягу двох гадоў. Ён адносіўся з вялікаю пашанаю да Данілы за тое, што ён прадказаў (як яшчэ раней за яго ― Ісайя) пераход Вавілону пад уладу Кіра, і вызначыў яго адным з трох галоўных начальнікаў, якім сатрапы (краёвыя начальнікі) давалі справаздачу ў сваім кіраваньні. Дарый хацеў нават вызначыць Данілу першым кіраўніком у гаспадарстве. Гэткае ўзвышэньне Данілы выклікала зайздрасьць у іншых прыдворных урадоўцаў і вяльможаў. Ведаючы, як строга Даніла спаўняе пастановы свайго закону, яны пастараліся паставіць яго на гэтым грунце ў палажэньне, якое, па іх думцы, павінна было згубіць Данілу. Яны парадзілі, і цар выдаў загад, каб у працягу цэлага месяца народ пакланяўся і з усімі малітвамі і прашэньнямі зварочваўся толькі да яго аднаго (ведама, што ў той час цары лічыліся як-бы багамі, якім часта-густа аддавалася нават боскае пакланеньне). Даніла, які штодня тры разы маліўся свайму Богу, адвярнуўшыся ў бок Ерусаліму — разумеецца — адмовіўся споўніць загад цара. Ня гледзячы на сваё высокае палажэньне, ён быў укінуты ў роў, каб яго зьелі львы, якія былі там. Дарый усю ноч ня спаў, шкадуючы Данілы, і як толькі разьвіднела, пасьпяшыў да рова. Ён быў пераконаны, што Даніла згінуў. І як-жа-ж ён зьдзівіўся, калі аказалася, што Даніла заставаўся непашкоджаным. „Бог мой ― казаў Даніла ― паслаў мне Ангела свайго, і ён зачыніў вусны львом, і яны не пашкодзілі мне, бо я застаўся чысты перад Ім; дык і перад табою, цар, я не зрабіў ніякага злачынства“. Безадкладна вызвалілі Данілу з рова і ўкінулі туды яго зайздросьнікаў, разам з жонкамі і дзяцьмі. І яны нават не даляцелі да дна рова, як былі разарваны львамі. Пасьля гэтага Дарый выдаў загад, каб усе плямёны і народы яго царства багаслаўлялі Бога, якому моліцца Даніла.

Ня гледзячы на сваё высокае палажэньне, Даніла ўсёткі быў надта неспакойны. Здавалася, што ўсе ўжо споўніліся прыкметы выкананьня прароцтва Іерэміі, тымчасам юдэі заставаліся яшчэ ў палоне і Ерусалім знаходзіўся ў руінах. Ен шчыра маліўся Богу аб выбачэньні і збавеньні свайго народу. І Бог пачуў яго малітву. Даніле было дана праз архангела Габрыеля вялікае адкравеньне, што цераз семдзесят сядмін ці 490 гадоў, пачынаючы годам, калі юдэям будзе дазволена ўзнавіць Ерусалім, будуць спынены відзеньні і прароцтвы і памазаны будзе Сьвяты Сьвятых, г. ё. прыдзе Збавіцель, Які збавіць людзей ад грахоў і вечнага пакараньня за іх.[3]

§ 83. Паварот юдэяў з палону (536 г. да Х. Н.).

Па сьмерці Дарыя, Кір, цар пэрсідзкі, зрабіўся адзінаўладным кіраўніком усіх краёў, дзе жылі палонныя юдэі. У першы-ж год свайго кіраваньня ён выдаў загад аб вызваленьні юдэяў з палону і ўзнаўленьні храму Ерусалімскага. Як мудры палітык, ён хацеў забясьпечыць межы свайго царства з боку Эгіпту, які заўсёды быў немалою пагрозаю ўсходнім монархіям, а не магло быць лепшага забясьпечаньня, як пасяленьне ў Палестыне адданага яму яўрэйскага народу. Трэба думаць, што ў гэтым кірунку ня раз даваў рады і прарок Даніла, які займаў такое высокае палажэньне ў царстве. Яшчэ і тое выклікала наагул ласку Кіра да яўрэяў, што як Даніла, так яшчэ раней за яго, прарок Ісайя сваімі прадказаньнямі аб зьніштажэньні Вавілонскага царства моральна спрыяў яму апанаваць гэтае царства. Усё гэта пабудзіла Кіра дазволіць яўрэям вярнуцца ў сваю зямлю і пабудаваць храм Богу, Які дараваў яму ўсе царствы. Гэта было ў 536 годзе да Х. Н., якім і скончыўся 70-гадовы палон Вавілонскі, лічачы з часу першага ўзяцьця Ерусаліму і палону юдэяў у 605 годзе. Вялікі прарок Даніла мог спакойна памёрці, ня трывожачыся болей за лёс свайго народу. У тым-жа годзе Даніла і ўзапраўды памёр. Пахаваны быў у сталіцы Мідыі — Сузах.

Дазвол цара Кіра вярнуцца на бацькаўшчыну скарыстала 42.000 чалавек, ня лічачы жанчын і дзяцей. Пераважна гэта былі людзі бедныя, якіх нішто ня прывязвала да чужыны. З тых, хто быў болей заможным, шмат засталося на сваіх месцах. Гэтыя юдэі, згодна з царскім загадам, павінны былі памагчы перасяленцам сваімі ахвярамі для дому Божага.

Перасяленцы йшлі пад кіраўніцтвам Зарававэля, ўнука апошняга цара юдэйскага Іехоніі, і першасьвяшчэньніка Іісуса. Па загаду Кіра, ім былі зьвернены судзіны з храму Гасподняга, якія былі ўзяты Навухаданосарам; апрача таго, краёвым начальнікам было загадана ўва ўсім памагаць перасяленцам і нават за царскі рахунак выдаць цялят і ягнят дзеля прынясеньня ахвяраў Іегове за цара і царскую сям‘ю.

Вярнуўшыся на бацькаўшчыну, юдэі расьсяліліся там па ранейшых гарадох і валаданьнях сваіх. За парадкам глядзелі і ўсялякія непаразуменьні разьвязвалі абраныя імі дзевяць старшыняў, пад кіраўніцтвам Зарававэля.

Хутка пасьля павароту, ўсе перасяленцы сабраліся ў Ерусаліме і там, на старым месцы, ўзнавілі ахвярнік Богу і адправілі сьвята Кушчаў.

§ 84. Пабудова юдэямі другога Храму ў Ерусаліме. Прарокі Агей і Захарыя.

На другі год па павароце з палону юдэі з асаблівай урачыстасьцяй палажылі аснову другога храму на месцы першага (535 г. да Хр. Нар.). Усё сьвята ладжана было па цэрэмоніялу Давіда, з песьнямі левітаў і сьвяшчэньнікаў, пад гукі сьвяшчэннае музыкі. Але радасьць сьвята для шмат якіх старых людзей, бачыўшых першы храм, смуцілася разуменьнем немагчымасьці, дзеля нястачы грошай, пабудаваць храм з тым багацьцем і пышнасьцяй, якімі выклікаў агульнае зьдзіўленьне храм Салямонаў. „І ня мог народ адрозьніць захопленьня радасьці ад выцьця плачу народнага“.

Будаваньне храму йшло даволі павольна. Будаваўся ён на ўзор першага. Як і ў часе Салямона, фінікійскія гарады Тыр і Сідон памагалі юдэям у будоўлі храму; так напрыклад, яны ўзяліся дастаўляць кедравы лес з гары Лівану. Былі і праціўнікі будоўлі храму ў постаці самаранаў, якія, лічачы Палестыну сваім уладаньнем, варожа адносіліся да перасяленцаў і зрабілі хлусьлівы данос цару Пэрсідзкаму, быццам юдэі будуюць ня храм, а сьцены навакол Ерусаліму, каб вярнуць сабе палітычную незалежнасьць. Работы часова былі спынены, пакуль юдэі не апраўдаліся. Узнавіліся работы ўжо пры цару Дарыю Гістаспу і былі скончаны на шостым годзе яго кіраваньня (515 г. да Хр. Нар.), цераз 21 год пасьля закладкі. Гэта здарылася якраз перад сьвятам Пасхі і юдэі, з пачуцьцём жывое радасьці, адсьвяткавалі яе ў новым сваім храме.

Нельга не адзначыць тае ролі, якую гралі ў часе будоўлі храму прарокі Агей і Захарыя. Яны ўвесь час падбодравалі народ, каб не пакідаў работы і давёў да канца будаваньне храму. Каб усьцешыць тых, хто плакаў аб першым Салямонавым храме, прарок Агей казаў ім ад імя Божага: „прыдзе Жадаемы ўсімі народамі, і напоўню дом славаю і слава гэтага апошняга храму будзе большая як першага, і на гэтым месцы Я дам спакой“. А прарок Захарыя як-бы бачыў ужо Збавіцеля ўваходзячым у Ерусалім, пры радасных вокліках народу, і выклікаў: „сьвяткуй, дачка Ерусаліму! вось Цар твой ідзець да цябе, пабожны і спасаючы пакорны, седзячы на асьліцы і на маладым асьле“. Ад Агея і Захарыі засталіся кнігі іх прароцтваў.

§ 85. Эздра і яго дзеяльнасьць: узнаўленьне закону Майсеевага, заснаваньне Вялікае сынагогі і ўстанаўленьне старазаветнага канону.

Цары пэрсідзкія вымагалі ад юдэяў толькі даніны на карысьць дзяржавы, а так, дык ува ўсім унутраным кіраўніцтве, далі ім поўную свабоду. Дзякуючы гэтаму, юдэі маглі жыць па сваіх законах і мець сваіх кіраўнікоў і судзьдзяў. У арганізаваньні жыцьця на гэткім грунце асаблівую паслугу аказаў свайму народу вучоны сьвяшчэньнік Эздра і князь Нээмія.

Эздра прыйшоў у Ерусалім у 459 годзе да Хр. Нар. на чале партыі перасяленцаў (1.500 сем‘яў), якія, пачуўшы ў месцах свайго расьсяленьня аб пабудове ў Ерусаліме другога храму і ўзнаўленьні багаслужэньня, пажадалі вярнуцца на сваю бацькаўшчыну. Ад цара Аляксандра Лонгімана, які — пад уплывам маткі юдэянкі Эсфіры — надта прыхільна адносіўся да юдэяў, Эздра быў надзелены багатымі падарункамі і ўсялякімі паўнамоцтвамі. Царская грамата аб гэтым, выданая ў 457 годзе да Хр. Нар., служыць пачаткам дзеля злічэньня сядмінаў Данілавых.

Прыйшоўшы ў Ерусалім, Эздра быў зьдзіўлены надта сумным становішчам яўрэйскага народу. Найбольш зла рабілася шлюбамі юдэяў з паганкамі. Дужа засмучаны, Эздра парваў свае вопраткі і пачаў пераконваць народ ухіляцца ад гэтага зла. Шмат якія юдэі ў той-жа час разыйшліся са сваімі жанкамі. Пасьля Эздра ўзнавіў даволі ўжо-ткі забытае сьвяткаваньне суботы і сьвята кушчаў і заснаваў гэт. зв. Вялікую сынагогу — вышэйшае судзілішча з сьвяшчэньнікаў і левітаў. Але асаблівае значэньне мела яго праца над узнаўленьнем закону Майсеевага. У сьвята новагодзьдзя (першы дзень 7-га месяца), калі ў Ерусаліме сабралася шмат народу, Эздра, стоячы на асобным узвышэньні і багаславіўшы Бога, пачаў чытаць і зьясняць народу закон Майсеяў. Некалькі разоў паўтаралася гэткае чытаньне. Расчулены народ плакаў, спавядаў грахі свае і, нарэшце, даў пісьменнае абавязаньне спаўняць усё напісанае ў законе. Старшыні народныя, сьвяшчэньнікі і левіты падпісалі гэты акт і зацьвярдзілі яго сваімі пячаткамі.

На ўзор Вялікае Сынагогі, па ўсіх юдэйскіх гарадох і вёсках з часу Эздры — можна думаць — былі заснованы і малыя сынагогі, г. знач. малітвенныя дамы, куды юдэі зьбіраліся па суботах дзеля малітвы і слуханьня слова Божага[4]. Уваход у іх быў дазволены і паганцам. На чале сынагогаў стаялі кніжнікі, якія мелі пачэсны назоў раббінаў. Народ паважаў іх, як сваіх бацькоў. Кніжнікі чыталі ў сынагогах і зьяснялі народу закон Божы; вучылі дзяцей у школах, якія былі заснованы пры сынагогах. Усё гэта вымагала ад кніжнікаў пэўнае адукацыі і веды, асабліва дзякуючы таму, што першапачатковая яўрэйская мова, на якой былі напісаны кнігі Сьвяшчэннага Пісаньня, з часу палону пачала забывацца. Як найболей сьвядомыя і адукованыя людзі, кніжнікі ці раббіны з працягам часу высунуліся на ролю кіраўнікоў ці павадыроў народу і заўсёды мелі на яго вялікі ўплыў.

Кожны юдэй у суботу абавязкова павінен быў быць прысутны ў сынагозе пры агульнай малітве. Хто не хадзіў у сынагогу, таго ня лічылі юдэем. Калі хто з юдэяў відавочна нарушаў закон Божы, дык яго адлучалі ад сынагогі. Гэткае адлучэньне лічылася страшнаю караю.

З імем Эздры зьвязана яшчэ ў гісторыі ўкладаньне сьпіску ці Канону боганатхненных кнігаў Сьвяшчэннага Пісаньня. Гэта вымагалася тым, што ў той час пасярод сьвяшчэнных кнігаў бяссумліўна боганатхненнага характару было ў яўрэяў нямала і кнігаў звычайнага паходжаньня, хаця яны і мелі рэлігійна-моральнае значэньне і здавальнялі пабожны настрой народу. Трэба было аддзяліць адны ад другіх. Гэта і зрабіў Эздра, які канон боганатхненных кнігаў палажыў дзеля захаваньня ў храме на вечныя часы. Яны напісаны ў яўрэйскай мове. Усіх канонічных кнігаў — 22, у тым ліку:

5 законадаўчых: кніга Быцьця, Выхад, Левіт, кніга Лікаў, Другазаконьне;

7 гістарычных: І. Навіна, Судзьдзяў з кнігаю Руф; 1-я і 2-я кніга царстваў, як дзьве часьці аднае кнігі, 3-я і 4-я кніга царстваў, Параліпомэнан, кніга Эздры і Нээміі і кніга Эсфір;

5 вучыцельных: Іова, Псалтыр, Прытчы Салямона, Экклезіаст і Песьня Песьняў — яго таксама;

5 прароцкіх: кнігі вялікіх прарокаў: Ісайі, Іерэміі, Іезэкііля і Данілы і кнігі дванаццацёх малых прарокаў (Осія, Іоіль, Амос, Аўдый, Іона, Міхэй, Наум, Авакум, Софонія, Агей, Захарыя і Малахія).

Справа захаваньня сьвяшчэннага канону, перапіскі і паправы кнігаў аднесена была Эздраю да абавязкаў Вялікае Сынагогі.

Сьвяшчэнныя кнігі, якія не ўвайшлі ў Канон Эздры, называюцца неканонічнымі. Ось яны: кніга мудрасьці Салямона і мудрасьці Іісуса сына Сірахава, кніга Тавіт, Юдыфі, прарока Варуха, 3-я кніга Эздры і 3 кнігі Макавейскія. Гэтыя кнігі зьявіліся ў грэцкай мове, а не ў яўрэйскай, дзеля таго і не ўвайшлі ў канон.

§ 86. Дзеяльнасьць Нээміі. Узнаўленьне муроў ерусалімскіх (445 г. да Х. Н.). Апошні прарок Малахія.

Пабожны князь юдэйскі Нээмія служыў віначэрпіем пры двары цара Артаксэркса. Нээмія чуйна прыслухоўваўся да ўсіх вестак з бацькаўшчыны і дужа сумаваў, што яго родны народ надта ўціскаецца самаранамі. Аднаго разу, калі Нээмія падчас абеду наліваў віно, цар зьвярнуў увагу на сум, які быў на яго твары, і запытаўся аб яго прычыне. Нээмія адказаў: „як мне не сумаваць, калі ў такім занядбаньні горад, дзе магілы дзядоў маіх“. ― „Чаго-ж ты хочаш?“ — запытаўся цар. Нээмія сказаў: „пашлі мяне ў Юдэю, каб я адбудаваў горад, дзе пахаваны мае дзяды“. Артаксэркс адпусьціў Нээмію і даў загад уладам выдаць яму вайсковую абарону і патрэбную колькасьць матар‘ялаў ― дзеля пабудовы муроў навакол Ерусаліму.

Праз тры дні па прыходзе ў Ерусалім, Нээмія ўзяўся за будову муроў (445 г. да Х. Н.). Самараны стараліся перашкаджаць і спыніць работу, але нічога не маглі зрабіць: за 52 дні ўсю будову скончылі, і Юдэі вышлі з-пад улады самарыйскага сатрапа. З таго поваду, што наагул у Ерусаліме было мала жыхароў, — па думцы Нээміі, ― з народу па жэрабю была абрана дзесятая часьць, і ўсе паказаныя жэрабем павінны былі з гарадоў і вёсак перасяліцца ў Ерусалім.

Вызваленьне юдэяў і ўмацаваньне Ерусаліму выклікала з боку самаранаў страшэнную варожасьць да юдэяў, якія плацілі ім тым самым пачуцьцём. Юдэі не хацелі мець ніякіх зносінаў з самаранамі і называлі іх ня іначай, як сабакамі. Яны лічылі грахом увайсьці ў хату самараніна, сядзець з ім за адным сталом, піць ваду з яго рукі і г. д.

Гэтым не абмяжоўвалася дзеяльнасьць Нээміі. Ён выдаў шмат распараджэньняў, якія мелі на мэце палягчэньне долі бедных людзей і наагул упарадкаваньне грамадзкіх узаемаадносінаў. Так, Нээмія ўпрасіў багатых юдэяў зьвярнуць перайшоўшыя да іх ад бедных людзей палі, будынкі, сады і вінаграднікі, і забараніў ім браць процанты з чужынцаў. Пасьля Нээмія настаяў на спаўненьні тае пастановы закону Майсеевага, на падставе якой у суботні год трэ‘ было даваць адпачынак зямлі і адпускаць рабоў на свабоду. Нарэшце, ён зьвярнуў увагу на нястачу коштаў для ўтрыманьня храму і сьвяшчэньнікаў пры ім, і адносна гэтага таксама выдаў некалькі распараджэньняў.

Два разы Нээмія падарожнічаў у Ерусалім дзеля рэарганізаваньня жыцьця народнага і, нарэшце, вярнуўся на сваю пасаду пры пэрсідзкім двары.

Пасьля Нээміі юдэямі кіравалі першасьвяшчэньнікі. Яны зьбіралі з народу даніну і плацілі яе тым царом, пад уладаю якіх юдэі знаходзіліся. Першасьвяшчэньнікі стаялі на чале вялікае сынагогі, якая складалася з 120 старшыняў. З працягам часу з сынагогі выдзяліўся сынэдрыён[5] ― асобнае вышэйшае судзілішча. Пад уладаю Вялікага ці Ерусалімскага Сынэдрыёну ў провінцыяльных гарадох таксама былі ўтвораны суды, якія называліся малымі сынэдрыёнамі.

Каля часу Эздры і Нээміі жыў прарок Малахія, які зьяўляецца апошнім старазаветным прарокам. Малахія высьведчаваў юдэяў за адно вонкавае спаўненьне абрадавага закону і трэбаваў пры прынясеньні ахвяраў Богу ачышчэньня сэрца. У сваіх прароцтвах ён паказвае на хуткі прыход Госпада і яго Прадцечы.

§ 87. Гісторыя Эсфіры і Мардохэя (474 г. да Х. Н.).

Ня ўсе юдэі вярнуліся за цара Кіра ў Палестыну. Шмат іх засталося яшчэ ў розных месцах вялікае Персідзкае монархіі. Гасподзь нявідна прамысьляў і аб іх, высоўваючы людзей, якія баранілі іх ад напасьці ворагаў. Такая ось была славутная Эсфір і яе сваяк пабожны Мардохэй, з калена Вэніямінавага. Ён недалеткам быў адведзены ў палон адначасна з царом Ӏехоніяй. Мардохэй служыў пры браме царскага палацу ў Сузах, сталіцы Пэрсіі. Ен быў бязьдзетны, і ўзгадаваў маладую сірату, прыгожую Гадасу (яўрэйскае імя Эсфіры), як-бы сваю родную дачку. Калі цар Артаксэркс рабіў выбар сабе новае жонкі з найпрыгажэйшых дзяўчат усяго гаспадарства, дык Мардохэй прадставіў яму сваю выхаванку, просячы яе, каб яна ніколі не адкрывала свайго роду і плямя. Гадаса спадабалася цару больш за ўсіх дзяўчат, і ён узлажыў на яе царскі вянок, даўшы ёй пачэснае імя Эсфір — „зорка“. Аднаго разу Мардохэй выпадкова падслухаў аб згаворы проціў цара. Ен сказаў аб гэтым Эсфіры, тая цару. Згаворшчыкі былі пакараны сьмерцяй. Аб заслузе Мардохэя запісалі ў памятныя царскія кнігі.

У той час карыстаўся асаблівым уплывам на цара Аман, які лічыўся вышэй за ўсіх „князёў царства“. Па загаду цара, усе, хто служыў пры палацы, павінны былі падаць ніцьма перад Аманам. Мардохэй адмовіўся спаўняць гэты загад, кажучы, што кланяцца належыць аднаму Богу. Каб памсьціцца Мардохэю, Аман задумаў зьніштожыць усіх юдэяў, якія жылі у царстве. Ен сказаў цару: „ёсьць адзін народ, раскіданы па ўсім царстве; законы ў яго адрозьніваюцца ад законаў усіх народаў, дык законаў цара ён не спаўняе. Калі цар дазволіць, хай дасьць загад зьніштожыць гэты народ. Тады я дастаўлю ў царскі скарб 10.000 талантаў[6] серабра“. Цар зьняў з свае рукі персьцень і аддаў Аману, каб напісаць загад проці юдэяў і сьцьвярдзіць яго царскаю пячаткаю. Быў ужо вызначаны дзень (13-ы дзень месяца Адара, панашаму 23 лютага), калі па ўсім царстве павінны былі быць пагалоўна перабіты ўсе юдэі, з жонкамі і дзяцьмі, а маемасць іх узята ў дзяржаўны скарб. Усюды сярод яўрэяў падняўся плач і стагнаньне. Калі даведаўся аб гэтым Мардохэй, дык ён ураз-жа пайшоў да Эсфіры прасіць уступіцца перад царом за свой народ. Але быў закон, што ніхто, каго не паклічуць, ня мог зьявіцца перад царом. За нарушэньне закону была прызначана кара сьмерці. Ня гледзячы на гэта, Эсфір, пад страхам згубіць сваё палажэньне і жыцьцё, адважылася, пасьля 3-х дзённага посту, увайсьці да Артаксэркса. Калі яна ўвайшла да цара, дык той так гнеўна паглядзеў на яе, што ад страху яна страціла прытомнасьць. Артаксэркс пашкадаваў Эсфіры і кінуўся да яе разам з прыслужніцаю, каб вярнуць яе да прытомнасьці. Пасьля пачаў пацяшаць Эсфір ласкавымі словамі, абяцаючы споўніць усялякую яе просьбу. Эсфір прасіла цара, каб ён, абавязкова з Аманам, прыйшоў да яе на банкет. Цар споўніў яе просьбу і быў на банкеце ў Эсфіры разам з Аманам, пры чым, на просьбу Эсфіры, абяцаў быць у яе з Аманам і на другі дзень: „тады ― сказала Эсфір ― я адкрыю табе сваё сэрца“. Тымчасам Аман, думаючы, што Эсфір ня будзе перашкаджаць зьніштажэньню юдэяў паводле царскага прыказу, загадаў паставіць высокую шыбеніцу, каб павесіць Мардохая. Якраз у гэты самы час цар, перачытваючы памятныя царскія кнігі, ўспомніў пра заслугу Мардохэя, які да тае пары не адтрымаў ніякае награды за свой вялікі ўчынак. Ен запытаўся ў свайго любімца Амана: „што зрабіць таму чалавеку, якому цар хоча выказаць асаблівую пашану?“ Думаючы, што цар хоча наградзіць яго, Аман сказаў: „апрануць яго ў царскае адзеньне, пасадзіць на царскага каня, узлажыць на яго царскі вянок і загадаць аднаму з першых князёў царства вывясьці гэтага каня на гарадзкі пляц і выклікнуць: „гэтак робіцца таму чалавеку, якому цар хоча выказаць асаблівую пашану“. Цар сказаў: „Зрабі ты гэта юдэю Мардохэю, які сядзіць каля царскае брамы; глядзі нічога ня выкінь з таго, што ты казаў“. Аман, баючыся цара, дакладна споўніў яго загад, і засмучаны, вярнуўся да хаты, а Мардохэй пайшоў на сваё месца да брамы.

У горы Аман забыўся і аб запрашэньні на банкет да царыцы. Ад яе прыслалі паклікаць яго. На банкеце, па просьбе цара, Эсфір „адкрыла яму сваё сэрца“: „я прашу — кажа — хай будзе падарована мне жыцьцё маё — па жаданьню майму, і народу майму — па просьбе маёй, бо аддадзены мы, я і народ мой, на зьніштажэньне і пагібель“. — „Хто-ж гэта такі, хто адважыўся зрабіць так?“ — запытаўся цар. — „Гэты вораг — злосны Аман“, — адказала Эсфір. Цар надта абурыўся і выйшаў у сад. Аман кінуўся тады да ног Эсфіры, абнімаў іх і цалаваў, просячы літасьці. Цар, вярнуўшыся з саду, калі ўбачыў Амана каля ног Эсфіры, яшчэ больш абурыўся. Па яго загаду, слугі зараз-жа накінулі Аману пакрыцьцё на галаву: гэта было знакам засуджэньня на сьмерць. Адзін слуга й кажа: „ось ён ужо нарыхтаваў каля свае хаты й шыбеніцу для Мардохэя“. — „Павесіць на ёй Амана“, — загадаў цар. Загад, разумеецца, безадкладна быў споўнены.

Пасьля гэтага выйшаў новы прыказ цара, які дазваляў усім юдэям з аружжам у руках зьбірацца супроць сваіх ворагаў і рабаваць іх маемасьць. І загінула ад рукі юдэяў больш як 75.000 іх ворагаў, але ад рабунку маемасьці юдэі ўстрымаліся. Дзесяцёх сыноў Амана чакаў гэткі самы лёс, як і іх злачынца-бацьку. Маемасьць Аманаву аддалі Эсфіры. Мардохэй адтрымаў персьцень, які быў у Амана, і найвышэйшую пасьля цара пасаду. Гэта ўсё было ў 474 годзе да Хр. Нар.

На ўспамін аб сваім цудоўным збавеньні юдэі — як гэта запрапанаваў ім Мардохэй — пастанавілі штогоду сьвяткаваць 14—15 дзень месяца Адара і далі гэтаму дню назоў Пурым (жэрабя). Сьвяткуецца Пурым нашымі яўрэямі і цяпер. Гісторыя Эсфіры і Мардохэя апавядаецца ў кнізе пад назовам „кніга Эсфір“.

В. Панаваньне Македонскае.

§ 88. Аляксандар Македонскі ў Ерусаліме. Будова храму самарыйскага.

Царства пэрсідзкае насьледавала той самы лёс, як і царства асырыйскае і вавілонскае. Дзякуючы дамовым войнам і здалікачаньню ўладароў і народу, яно, дапяўшы вышэйшай ступені свае магутнасьці, паступова пачало пахіляцца да заняпаду. Як заўсёды ва ў гісторыі, заняпад адных гаспадарстваў ёсьць пачаткам узвышэньня другіх. Так было і ў гэтым выпадку. Адначасна з заняпадам пэрсідзкае дзяржавы, у Эўропе, на Балканскім паўвостраве, пачало ўзвышацца, згодна з прароцтвам Данілы, царства Македонскае. Закладчыкам Македонскае монархіі быў славутны македонскі цар, гэніяльны ваеначальнік, Аляксандар Вялікі ці Македонскі (336—323 г. да Хр. Нар.). Пасьля таго, як яго бацькам, царом Македонскім Піліпам была занята ўся Грэцыя, Аляксандар са сваім выпрабаваным войскам уварваўся ў межы Малое Азіі. Ён разьбіў пэрсідзкае войска, заўладаў Дамаскам і Сідонам і падыйшоў да Тыру. Аблога Тыру зацягнулася. З гэтае прычыны Аляксандар паслаў у Ерусалім паслоў, вымагаючы пакорнасьці падмогі — войскам і харчамі. Першасьвяшчэньнік Адуй адказаў, што ён даў прысягу верна служыць цару пэрсідзкаму і ніколі ня здрадзіць яго. Аляксандар быў моцна раздражнены гэтаю адмоваю. Пасьля ўзяцьця Тыру, Аляксандар рушыў да Ерусаліму, каб пакараць юдэяў (332 г. да Хр. Нар.). Ня маючы падмогі ад цара пэрсідзкага і разумеючы бессэнсоўнасьць спраціўленьня, Адуй рашыў здаць Ерусалім бяз бою. Калі Аляксандар пад‘ехаў да Ерусаліму, дык з гарадзкое брамы выйшаў на спатканьне магутнага заваявальніка першасьвяшчэньнік Адуй у сваім адзеньні, сярод усіх свяшчэньнікаў, таксама апранутых у сьвяшчэнныя вопраткі; за імі йшлі ўсе жыхары гораду. Аляксандар быў надта здаволены такім спатканьнем. Ён зьлез з каня, падыйшоў да Адуя і пакланіўся яму. Народ зычнымі гукамі прывітаў вялікага заваявальніка, як свайго цара. Прыбліжаныя яго былі нездаволены тою павагаю, якую выказаў Адую іх павадыр: „цар! ― сказаў адзін з іх з дакорам ― прымаючы ўхваленьне ад усіх, сам цяпер пакланіўся юдэйскаму сьвяшчэньніку“. Аляксандар адказаў яму: „я пакланіўся не першасьвяшчэньніку, а Богу, Якому ён служыць. Калі я быў яшчэ ў Македоніі, я прысьніў мужа ў такім самым адзеньні, і ён абяцаў мне перамогу над пэрсамі. Цяпер я ўспомніў сон і веру, што я пасланы ад Бога і скіну панаваньне пэрсаў“. Увайшоўшы пасьля таго разам з першасьвяшчэньнікам у храм Ерусалімскі, Аляксандар прынёс ахвяру Богу юдэяў. Тут яму паказалі прароцтва. Данілы аб тым, што ён зьнішчыць царства пэрсідзкае. Гэта яшчэ больш зрабіла яго прыхільным да юдэяў. Ён дазволіў юдэям жыць і кіравацца сваімі законамі і ў сёмы (суботні) год не плаціць падаткаў. Сваю абарону ён абяцаў і тым юдэям, якія жылі тады ў Мідыі і Вавілоне.

Самаранам Аляксандар дазволіў выбудаваць храм на гары Гарызін. Першасьвяшчэньнікам гэтага храму быў пастаўлены Манасія, брат Адуя, адлучаны ад Ерусалімскае сынагогі за шлюб з самаранкаю. Усё гэта яшчэ болей павялічыла разьдзяленьне і варожасьць між юдэямі і самаранамі.

У тым самым 332 годзе да Хр. Нар. Аляксандар пакарыў Эгіпэт, дзе залажыў прыморскі горад Александрыю. Разам з грэкамі і македонцамі сюды было пераселена і шмат яўрэяў з Юдэі. Усім перасяленцам былі дадзены вялікія правы, дзеля гэтага Александрыя хутка засялілася і стала сталіцаю Эгіпту. Яўрэі адчувалі сябе там так добра, што пасьля, пры Птолёмэях, шмат народу самахоць перасялілася з Юдэі ў Александрыю (гэта т. зван. эгіпэцкія ці александрыйскія юдэі).

Македонскае заваяваньне ў гісторыі яўрэйскага народу мела тое значэньне, што адсюль яўрэі падпалі пад уплыў грэцкае мовы і грэцкае культуры. З аднаго боку, гэта спрыяла іх культурнаму ўзвышэньню і збагачэньню, бо Грэцыя ў V-IV веку да Хр. Нар. стаяла на высокай ступені культурнага разьвіцьця, з другога — больш-менш выклікала пашырэньне сярод юдэяў новых паганскіх рэлігійных культаў і паняцьцяў, якія адбівалі ад праўдзівага богапаважаньня.

§ 89. Юдэі пад уладаю Птолёмэяў дынастыі цароў Эгіпэцкіх. Пераклад 70 тлумачоў (за 270 г. да Х. Н.).

Па сьмерці Аляксандра Македонскага, царства яго распалася на чатыры царствы, якія падзялілі між сабою яго камандзеры. З двома з гэтых царстваў — эгіпэцкім і сырыйскім — і зьвязаўся лёс юдэяў у наступны пэрыяд гісторыі. Спачатку Палестына была далучана да Эгіпту, пад уладаю якога і знаходзілася больш як сто гадоў. Эгіпэцкі цар Птолёмэй Лаг, забраўшы ў 320 годзе да Х. Н. Ерусалім, адвёў у Эгіпэт некалькі тысячаў юдэяў і самаранаў. Даведаўшыся, як сьвята яўрэі захоўваюць прысягу, ён даручыў ім ахову крэпасьцяў і даў ім аднолькавыя правы з эгіпцянамі. У Эгіпце юдэі не зьмяшаліся з тубыльцамі і спаўнялі паранейшаму закон Майсеяў. Яны пабудавалі сабе ў Леонтаполі (у Іліапольскім вокрузе) храм, у якім багаслужэньне адпраўлялася на ўзор храму Ерусалімскага. Аднак, яны не запаміналі аб гэтым апошнім і час ад часу рабілі падарожы ў Ерусалім дзеля прынясеньня там ахвяраў Богу. Пад мягкім кіраўніцтвам Птолёмэяў юдэі, як у Эгіпце, так і ў Палестыне праводзілі добрае і шчасьлівае жыцьцё. Хутка яны залажылі свае колёніі ўва ўсіх вялікіх гарадох па берагох Міжземнага мора, прынялі ўчасьце ў міжнародным гандлі, збагацелі, размножыліся. Усюды яны будавалі свае сынагогі, якія дапушчалі й паганцаў і, такім чынам, пашыралі між імі сьвятло праўдзівае веры.

Тыя часы былі пэрыядам росквіту грэцкае літаратуры, навукі і мастацтва. Яўрэйская мова ў расьсяленьні ўсё больш і больш забывалася яўрэямі, і пачала прысвойвацца літаратурная грэцкая мова. Вучоныя яўрэі з Александрыі знаёміліся з творамі грэцкіх філёзофаў, і ў сваю чаргу знаёмілі грэкаў з сваімі сьвяшчэннымі кнігамі. Цікавасьць да іх усё болей і болей павялічвалася, і цар Птолёмэй Філядэльф (284—246 г. да Хр. Нар.) выказаў пажаданьне мець сьвяшчэнныя кнігі яўрэяў у перакладзе на грэцкую мову. Ён напісаў аб гэтым ерусалімскаму першасьвяшчэньніку Элеазару. Элеазар ухваліў жаданьне цара і паслаў яму ў Эгіпэт аўтэнтычны тэкст сьвяшчэннага пісаньня і тлумачоў, у ліку 72-х чалавек (па 6 ад кожнага калена), добра ведаўшых як яўрэйскую, так і грэцкую мову. Птолёмэй Філядэльф памясьціў іх на востраве Фаросе, пры ўтоку Нілу, і там у працягу 72 дзён яны зрабілі пераклад. Гэты пераклад вядомы ў гісторыі пад імем перакладу 70 тлумачоў (праўдзівей 72). З гэтага перакладу яўрэйскія сьвяшчэнныя кнігі былі з часам перакладзены і на іншыя мовы.

§ 90. Юдэі пад уладаю цароў сырыйскіх. Прасьледаваньні Антыёха Эпіфана. Мучанікі за веру: Элеазар і 7 братоў Макавеяў.

У 203 годзе да Хр. Нар. цар сырыйскі Антыёх Вялікі адабраў Юдэю ад Эгіпту і далучыў яе да Сырыі. Першыя часы юдэям пад уладаю новых кіраўнікоў жылося добра: Антыёх Вялікі злажыў з іх некаторыя падаткі, даў ім права жыць паводлуг сваіх законаў і звычаяў, выдаў дапамогу на рэмонт храму Ерусалімскага і г. д. Але калі трон перайшоў да Антыёха Эпіфана (174 — 164 г. да Хр. Нар.), з ходам часу празванага за сваю жорстскасьць Эпіманам (г. зн. шалёны), дык палажэньне яўрэяў крута зьмянілася на горшае. Хочучы зьніштожыць паміж падуладнымі Сырыі народамі заўсёдную нязгоду й разьдзяленьне, што паходзіла ад розьніцы ў рэлігійных вераваньнях, звычаях і мове, і ўтварыць адналіты народ, Антыёх Эпіфан задумаў, — наколькі ўсё гэта адносілася да юдэяў, — адсунуць рэлігію Іеговы і на яе месца ўсяліць грэцкае паганства, а з ім разам і грэцкія звычаі, мову і інш. Быў выданы загад, якім — пад страхам прысуду сьмерці — забаранялася юдэям адпраўляць у храме ерусалімскім багаслужэньні і прыносіць ахвяры Богу, таксама адбываць абрэзаньне над дзяцьмі, сьвяткаваньне суботы, Пасхі і наагул усіх нацыянальных сьвятаў. У храме ерусалімскім была пастаўлена статуя грэцкага бога Зэўса Олімпійскага, і прыбыўшы з Грэцыі жрэц пачаў вучыць народ, як трэба служыць грэцкім багом. Сырыйскія ўрадоўцы адшуквалі сьвяшчэнныя кнігі яўрэяў і зьніштажалі іx. Царскім загадам вымагалася яшчэ, каб яўрэі, як і ўсе падданыя, апраналіся на узор грэкаў, гаварылі пагрэцку; яўрэі, апрача таго, павінны былі ўжываць сьвіное мяса, якое ім забаранялася законам. Усіх, хто адмаўляўся спаўняць царскую волю, бязьлітасна засуджвалі на сьмерць. Дзякуючы гэтаму, Ерусалім спусьцеў, шмат жыхароў пабегла з яго ў іншыя краіны. На месца ўцёкшых былі пасаджаны ўрадам сырыйцы. Разумеецца, ня ўсе юдэі мелі цярплівасьць вытрываць гэтыя прасьледаваньні: шмат людзей пачало пакланяцца ідалам і прыносіць ім ахвяры.

Але былі людзі й моцныя ў веры, якія лічылі за лепшае хутчэй памёрці, як „парушыць бацькоўскія законы“. Такі быў, напрыклад, адзін з кніжнікаў, пабожны дзед Элеазар, які за сваю справядлівасьць карыстаўся агульным паважаньнем. Элеазара падвялі да паганскага ахвярніка і запрапанавалі яму зьесьці сьвінога мяса з рэшты ідальскае ахвяры. Той адмовіўся. Тады між кускамі сьвініны палажылі так-жа мяса, якое ня было забаронена законам — каб толькі ён зрабіў від, што спаўняе загад цара. Элеазар сказаў на гэта: „у мае гады нельга фальшывіць. Што скажуць маладыя людзі, калі 90-гадовы Элеазар адступіць ад веры? Калі я цяпер і пазбаўлюся мукаў, дык пасьля сьмерці не ўцяку ад рукі Найвышэйшага“. У канцы канцоў Элеазара, разумеецца, забілі.

За Элеазарам пайшла сьледам адна ўдава, яўрэйка Саляманія, з сваімі сёма сынамі. Іх таксама прымушвалі есьці ідалаахвярнае мяса, але яны адмовіліся. Тады, па загаду лютага Эпіфана, іх пачалі катаваць. На вачох гаротнае маці, шасьцём з яе сыноў, аднаму за адным, адсеклі рукі й ногі, выразалі языкі, садралі скуру з усяго цела і, нарэшце, спалілі на агні. Але, падтрымліваныя маткаю, мучанікі не адмовіліся ад свае веры. Заставаўся жывым яшчэ толькі адзін сын яе, наймалодшы. Антыёх Эпіфан сам пачаў пераконваць яго зрачыся свае веры, пачаў лашчыць юнака, суліў яму багацьце і добрую пасаду, але той быу няўломны. Тады цар паклікаў да сябе Саляманію і запрапанаваў ёй зрабіць уплыў на сына. Але яна, нахіліўшыся да яго, у сваёй роднай мове сказала яму: „упрашаю цябе, сыночак, ня бойся гэтага забойцы, ды будзь такім, як твае браты, і прыймі сьмерць, каб Гасподзь, па уваскрасеньні, вярнуў мне цябе разам з імі“. Юнак быў замучаны, а пасьля спалілі і самую маці[7].

§ 91. Змаганьне яўрэяў за нацыянальную й рэлігійную свабоду. Матафія і яго сыны. Юда і Сымон Макавеі (167 г. да Хр. Нар.).

Збавіцелем народу ад страшных прасьледаваньняў за веру зьявіўся сьвяшчэньнік Матафія з пяцьма сынамі: Сымонам, Іванам, Юдаю, Элеазарам і Іонафанам. Задумаўшы паўстаньне, Матафія выдаліўся з сынамі з Ерусаліму ў свой родны горад Модын і там пачаў зьбіраць сілы дзеля ўдару супроць ворагаў. Здарылася так, што ў гэты горад прыехаў царскі ўрадовец, каб быць прысутным, калі жыхары будуць прыносіць ахвяру паганскім багом. Урадовец зьвярнуўся да Матафіі, каб ён, як сьвяшчэньнік, даў прыклад іншым, пры чым пасуліў яму багатыя гасьцінцы. Матафія сказаў: „барані Божа, каб пакінуць Яго закон і пастановы.“ У гэты самы час адзін юдэй падыйшоў да ахвярніка, каб курыць ладан у часьць ідала. Рупатлівы Матафія кінуўся тады на богаадступніка, забіў яго, таксама і царскага пасланца, зьніштожыў ахвярнік і крыкнуў народу: „хто верыць у Бога, йдзі за мною“. Шмат жыхароў Модыну разам з жанкамі, дзяцьмі і маемасьцяй пайшлі за Матафіяй і выдаліліся ў горы (168 г. да Хр. Нар.). Адсюль яны пачалі рабіць набегі і зьніштажаць паганскія ахвярнікі. Цар паслаў войска дзеля замірэньня. Адноўчы царскі ваеначальнік знайшоў у пячоры да 1000 чалавек — мужчын, жанчын і дзяцей і, ведаючы, як сьвята яўрэі шануюць дзень суботні, напаў на іх у суботу. Юдэі не бараніліся, нават не загарадзілі ўваходу ў пячору, і ўсе да аднаго былі перабіты. Пасьля гэтага Матафія склікаў раду і на радзе было пастаноўлена на будучыну бараніцца і ў суботу. Хутка ўтварылася цэлае войска, з якім Матафія і пачаў сьвяшчэнную вайну супроць ворагаў. Ён выганяў сырыйцаў з юдэйскіх гарадоў, зьніштажаў паганскія ахвярнікі і г. д. Паміраючы, ён завяшчаў сваім сыном далей вясьці справу вызваленьня бацькаўшчыны і пры гэтым вызначыў старшага сына Сымона мужам рады, а другога — Юду, па празваньню Макавея, павадыром войска (167 г. да Хр. Нар.)[8].

Юда Макавей выдаваўся нязвычайнаю адвагаю і быў выдатны ваеначальнік. У трох вялікіх бітвах ён разьбіў войска Эпіфана, прымусіў яго адступіць у сваю сталіцу Антыёхію і дабіўся заключэньня міру. Пасьля гэтага пачалося ўзнаўленьне запраўднае рэлігіі (163 г. да Хр. Нар.). У храме ерусалімскім быў зьніштожаны ідальскі ахвярнік, прадметы паганскага культу зьвезены ў нячыстае месца. Усе храмавыя прылады, як: судзіны, сьвечнікі, сталы, завесы, аўтары і інш. зроблены новыя. Нарэшце, храм быў урачыста высьвечаны і ў ім ізноў пачалося багаслужэньне па закону Майсееваму. Гэты дзень быў вялікім сьвятам для юдэяў і ў такім значэньні ён застаўся назаўсёды пад імем сьвята „Аднаўленьне храму“. Дзеля бесперашкоднага адпраўленьня багаслужэньня ў будучыні, храм быў абкружаны высокімі мурамі і моцнымі вежамі.

Аднаго разу вялізнае войска сырыйскае (22.000) напала на Юду, які меў толькі тры тысячы ваякаў. Яўрэі страшна перапалохаліся і пачалі пераконваць Юду ўцячы ад спатканьня з ворагамі. „Ня быць таму, каб я паказаў тыл сваім ворагам!“ — выклікнуў ён і, абкружаны непрыяцелем, загінуў сьмерцяй гэроя (161 г. да Хр. Нар.).

Сымон Макавей. Вызваленьне, пачатае Юдаю, дакончылі браты яго, якія ўсе й загінулі ў барацьбе за свабоду. Апошні з братоў, які заставаўся жывым, Сымон так добра выкарыстаў нязгоду ў Антыёхіі паміж прэтэндэнтамі на царскі трон, што цар сырыйскі прымушаны быў прызнаць незалежнасьць юдэйскага царства і перадаў Сымону Сіонскую крэпасьць (143 г. да Хр. Нар.). З гэтага часу Юдэя зрабілася самастойным і незалежным гаспадарствам пад кіраўніцтвам Макавеяў, стаўшых роданачальнікамі т. зв. Асмонэйскага роду князёў (ад імя роданачальніка Макавеяў — Матафіі Асмонэя). Сымон Макавей быў абвешчаны на ўсё сваё жыцьцё архіерэем, ваеначальнікам і кіраўніком народу. Званьне архіерэя, было зацьверджана за дзяцьмі Сымонавымі навек, пакуль ня прыдзе Вялікі Архіерэй ― Мэсія.

Г. Панаваньне Рымскае.

§ 92. Пачатак рымскага панаваньня.

Сын Сымона Макавея, Іван Гіркан (135 — 104 г. да Хр. Hар.) аб‘яднаў пад сваёю ўладаю ўсю Палестыну (Юдэя, Галілея, Самарыя і Пэрэя) і забясьпечыў народу спакой і дабрабыт. Між іншым ён разбурыў храм Гарызінскі, што павялічыла варожасьць між юдэямі і самаранамі. Па сьмерці І. Гіркана ў гаспадарстве пачалося разьдзяленьне і нязгода з-за ўлады — сьпярша паміж пяцьма сынамі Гіркана, пасьля паміж яго ўнукамі Іванам Гірканам II і Арыставулам. Да гэтага прылучылася барацьба рэлігійных партыяў і сэктаў, якая падзяліла Юдэю на два варожыя лягеры. Усё гэта надта аслабляла гаспадарства і ў канцы канцоў прывяло да новага палітычнага падпарадкаваньня ― ўладзе рымлянаў. Рымскі палкаводзец Помпэй у 64 годзе да Хр. Нар. рушыў свае войскі на Ерусалім, узяў яго, перабіў болей як 10.000 яўрэяў і налажыў на край вялізарную даніну. З святынямі яўрэяў ён абыйшоўся ня так, як калісьці Аляксандар Вялікі. Помпэй загадаў унясьці ў храм свае паганскія сьцягі і дазволіў сабе ўвайсьці са сьвітаю ў „сьвятое сьвятых“. З гэтага часу Юдэя (як наагул пачала называцца Палестына з яе чатырма краінамі) падпала ўладзе рымлянаў і прымушана была йзноў — гэта ўжо ў каторы раз — дастасоўвацца да новых парадкаў жыцьця (з 63 г. да Хр. Нар.). Рымляны адабралі ад Гіркана II тытул цара і пакінулі яму толькі званьне першасьвяшчэньніка і старшыні Сынэдрыёну, а Арыставула пагналі ў Рым, дзе пры ўрачыстым уваходзе Помпэя ў гэту „сталіцу сьвету“, ён, у ліку іншых пераможаных цароў, ішоў у ланцугох за яго трыумфальнаю калясьніцаю.

Хутка ўлада ад Гіркана II перайшла ў рукі хітрага Антыпатра, які паходзіў з Ідумэі, але быў веры юдэйскае. Пры помачы самага выдатнага з рымскіх палкаводцаў Юлія Цэзара, Антыпатр забясьпечыў уладу за сваім домам. Адзін з яго сыноў ― Ірад стаў дабівацца ўжо царскага трону ў Юдэі, і ўсялякімі інтрыгамі, лісьлівасьцяй і подкупам дапяў свае мэты. За 37 гадоў да Х. Н. рымскі сэнат абвясьціў Ірада царом юдэйскім. Юдэя — такім чынам — была прызнана асобным, хаця і падпарадкаваным Рыму, царствам.

З зацараваньнем Ірада царская ўлада перайшла да чужынца. Да гэтага часу царамі і кіраўнікамі яўрэйскага народу былі толькі патомкі цара Давіда, які паходзіў з калена Юдавага, г. ё. ад Юды, сына Якава. А цяпер дык „царскі скіпэтр“, г. зн. улада адыйшла ад патомкаў Юды. Згодна з прадказаньнем Якава, які паміраючы сказаў: „не адыйдзе скіпэтр ад Юды і законадаўца ад чрэслаў яго, пакуль ня прыйдзе Прымірыцель, і Яму пакорнасьць народаў“, ― гэта было знакам хуткага прыходу Мэсіі. І ўзапраўднасьці, у канцы кіраваньня Ірада нарадзіўся Іісус Хрыстос.

§ 93 Цар Ірад (37 г. да Х. Н.).

Ірад, па празваньню Вялікі, дасяг трону хітрасьцяй і інтрыгамі. Ён адразу ад‘значыў сябе прыхільнікам паганскага культу і ўвёў паганскія забавы ў самых мурох сьвятога гораду. Каб узмацаваць сваё палажэньне на троне, жорсткі падазронны Ірад паклапаціўся ссунуць з свае дарогі ўсіх сваіх сваякоў з роду Макавеяў, якія ― як яму здавалася ― былі няшчыра адданымі яму і маглі адабраць ад яго трон. Гэтак ён казьніў 80-х гадовага дзеда Івана Гіркана, яго ўнучку ― любімую жонку сваю Марыамну, забіў трох сыноў сваіх, зяця, цесьця і цешчу і загадаў утапіць швагра свайго, першасьвяшчэньніка Арыставула, які карыстаўся вялікім паважаньнем народу. Падобнымі зьвярынымі расправамі ён наводзіў на ўсіх жах. Бязупынныя забойствы, пыткі і ўсялякі гвалт запаўнялі ўсё яго цараваньне. Каб адцягнуць ад гэтага ўвагу народу і здабыць яго прыхільнасьць, ён пачаў вялізарнае будаўніцтва. Гэтак ён перабудаваў і ўпрыгожыў храм ерусалімскі, рабіў вадаправоды, выбудаваў некалькі новых палацаў і вежаў, узнавіў горад Самарыю і прыморскі горад Кесарыю і інш.

Але ўсё гэта, нават клапатлівасьць і шчодрасьць Ірада падчас голаду, землятрасеньня і маравое язвы ― не магло зьмяніць вялікага нездаволеньня народу. Юдэі ненавідзелі яго і пацяшалі сябе толькі тым, што хутка зьявіцца Мэсія, Які збавіць народ і ад рымлянаў і ад Ірада. Баючыся ўсюды здрады і згавораў, Ірад усё больш і больш рабіўся лютым і ў апошнія гады свайго жыцьця быў ахоплены проста нейкім шаленствам, якое ўзмацнялася ім асабліва пад уплывам цяжкае хваробы (ён жыўцом гніў). І разумеецца, яго страх перайшоў усялякія граніцы, калі ў Ерусалім прыйшлі з усходу мудрацы пакланіцца ― але толькі не яму, Іраду, а нованароджанаму Цару юдэйскаму, зорку Якога яны бачылі на ўсходзе.

§ 94. Юдэі расьсяленьня. Прозэліты.

З часу палову Вавілонскага гісторыя яўрэйскага народу пайшла новым кірункам, які зусім зьмяніў яго жыцьцё і палажэньне паміж іншымі народамі. Да гэтага часу яўрэйскі народ жыў адчужаным ад усяго сьвету, замкнуўшыся ў вузкі круг сваіх патрыархальных вераваньняў і абрадаў. Вавілонскі-ж палон зьявіўся пачаткам расьсяленьня юдэяў па ўсім тады ведамым сьвеце і выхаду іх на шырокую дарогу сусьветнае культуры. Мала хто з яўрэяў — у параўнаньні з усёю масаю юдэйства — вярнуўся з палону на бацькаўшчыну. Большасьць або засталася ў Мэсапатаміі, або патроху разыйшлася па ўсіх дарогах, усюды разносячы з сабою сьвятло запраўднае рэлігіі і веду закону Божага. Гэтыя юдэі называюцца юдэямі расьсяленьня. Асабліва моцны штуршок да расьсяленьня далі заваяваньні і паходы Аляксандра Македонскага. Яго наступнікі цанілі прадпрыімчы і прамысловы дух яўрэяў, і перасяленьне іх у розныя гарады ўваходзіла ў плян дзяржаўнае палітыкі, дзеля падняцьця гандлю і красаваньня гаспадарства. Найболей асела юдэяў расьсяленьня ў провінцыях Малое Азіі, па адным і другім баку Эўфрату (Сырыя, Фрыгія, Мідыя, Арменія); гарады Дамаск і Антыёхія былі галоўнымі цэнтрамі расьсяленьня. Далей, юдэйскія паселішчы былі раскінуты па ўсім паўночным краі Афрыкі і заходзілі далёка на паўдзён да Эфіопіі. Найлепей жылося яўрэям у Александрыі, якая, апрача багацьця і пышнасьці, славілася, як асяродзьдзе мысьлёвага і прамысловага жыцьця, як цэнтр усясьветнае літэратуры і мастацтва. У Эўропе, пачынаючы з IV в. да Хр. Нар., яўрэйскія колёніі пачынаюць зьяўляцца ўва ўсіх больш-менш буйных гарадох таго часу па берагох Эгэйскага і Міжземнага мора. У Афінах, Карынфе, Фэсалёніцы, Піліпах, пазьней ― у Рыме і інш. яўрэі налічваюцца тысячамі. Усюды ў іх былі сынагогі, усюды яны жылі цесна замкнутым кругам, памагаючы адзін аднаму ўва ўсіх трудных выпадках жыцьця. Хаця яны ўжо запомнілі родную мову, і пісалі і гаварылі пераважна пагрэцку (дзякуючы чаму і называюцца „Эліністымі" ад слова „Элада“ — Грэцыя), аднак-жа агульнае паходжаньне, агульная вера ў Бога, агульнае Сьв. Пісаньне і прывязанасьць да закону Майсеевага падтрымлівала ў іх дух аб‘яднаньня і ўзаемнасьці. Але наймацнейшым момэнтам падтрыманьня адзінства яўрэйскага сьвету былі трывалыя зносіны з Ерусалімам, як цэнтрам усяго юдэйства. Сюды сходзіліся юдэі расьсяленьня з усіх краінаў тагочаснага культурнага сьвету, дзеля адтрыманьня асьветы ў школах, дзеля навукі ў выдатнейшых законавучыцялёў, на гадавыя сьвяты, па розных справах у судовых установах ці ў першасьвяшчэньніка і г. д. І наадварот, з Ерусаліму штогоду ўва ўсе ваколіцы пасылаліся вястуны з паведамленьнем аб якіх-колечы здарэньнях, важных для ўсяго юдэйства, рассылаліся календары з паказаньнямі сьвятаў і інш. Дзякуючы ўсяму гэтаму юдэі, ня гледзячы на расьсяленьне па ўсім сьвеце, сьвядома лічылі сябе адзіным родам і нідзе ня зьліваліся з чужымі народамі, сярод якіх жылі. Усюды яны заставаліся яўрэямі, захоўваючы свае нацыянальныя асаблівасьці і звычаі.

Пераклад сьвяшчэнных кнігаў на грэцкую мову і расьсяленьне юдэяў па ўсім сьвеце спрыяла азнаямленьню паганцаў з рэлігіяй Іеговы. Шмат паганцаў, чытаючы сьв. кнігі і наведваючыся ў сынагогі, праз гэта самае пераймалі юдэйскую веру і станавіліся сябрамі юдэйскіх абшчынаў. Яны называліся прозэлітамі.

§ 95. Рэлігійныя сэкты яўрэяў.

З прароцтваў і праобразаў юдэі ведалі, хто будзе Мэсія і якое будзе Яго царства. Ён з дастаткам будзе валадаць дарамі Сьвятога Духа, Ён будзе тварыць цуды. Як найвялікшы Прарок, Мэсія адкрые людзям тайну збавеньня і Сам Сваёю крыжоваю сьмерцяй і ўваскрасеньнем споўніць гэтае збавеньне. Юдэям было адкрыта, што Мэсія будзе ня просты чалавек, а Сын Божы, Богачалавек. Пабожныя юдэі і чакалі такога якраз Мэсіі-збавіцеля, разумеючы, што царства, якое Ён створыць, будзе царствам духоўным, не ад гэтага сьвету“.

Але большасьць юдэяў мела няправільнае разуменьне аб Мэсіі, і чакала магутнага зямнога цара-заваявальніка, які вызваліць юдэяў ад чужаземнага ярма і ўтворыць усясьветнае яўрэйскае царства. У гэтым царстве першыя месцы і ўсялякае дабро будзе, разумеецца, належаць ім, юдэям. Трэба толькі шчыра захоўваць вернасьць Іегове і закону Майсееваму. Ось такія, якраз былі пагляды і чаканьні найболей уплывовай, каля часу прыходу Збавіцеля, сэкты фарысэяў[9].

Фарысэі, гордыя сваім паходжаньнем ад Абраама, былі рупатліўцамі ня толькі аб законе Майсеевым, але наагул аб усёй яўрэйскай старасьветчыне, усіх вусных паданьнях, якія быццам перайшлі ад дзядоў і прарокаў, узапраўднасьці-ж былі больш-менш выдуманы імі самымі ці раббінамі. Фарысэі складалі асобную касту, якая цуралася ўсіх не-фарысэяў, як „прастакоў“ і „людзей зямлі“. Пагарджаючы законам моральным, ня рупячыся аб чыстаце сэрца і ўстрымліваньні ад граху, фарысэі ўсю сваю ўвагу зварочвалі на адзін вонкавы ці абрадавы бок рэлігіі, пры чым даходзілі да нязвычайнае і сьмешнае драбязьлівасьці й пустаты. Яны самахоць накладвалі на сябе пасты, былі надта пераборлівыя ў стравах, часта маліліся, мыліся ў пэўныя часы, — і ўсё гэта рабілася толькі для вачэй, на показку, каб усе іх бачылі й услаўлялі, як праведнікаў. У сабраньнях, у сынагогах, у храме — ўсюды яны стараліся займаць першыя месцы і любілі, калі іх звалі: „настаўнік, настаўнік“! Вонкавая сьвятасьць жыцьця фарысэяў гарнула да іх народ. І праўда: яны падтрымлівалі ў ім веру і пабожнасьць, а разам з тым і гарачую любоў да бацькаўшчыны, і ў гэтым была іх заслуга. Але іх чорствасьць, пышлівасьць і фальшывасьць, прыкрываўшая маскаю пабожнасьці страшэнныя злачынствы, назаўсёды зьвязала з імем фарысэя самае подлае, што ёсьць у чалавеку — хітрасьць, ману, здрадлівасьць, пад заслонаю спагадлівасьці.

Поўнаю процілежнасьцяй фарысэям была другая сэкта садукэяў, якія адтрымалі свой назоў ад закладчыка сэкты раббіна Садока. Садукэі адрозьніваліся ад фарысэяў вольнадумствам у рэлігійных пытаньнях, не давалі ніякае цаны абраднасьці, адкідвалі вусныя паданьні, ня верылі ў несьмяротнасьць душы, адплату, тагосьветнае жыцьцё, істнаваньне Божага Прамышленьня і г. д. Яны вучылі, што ўсё на зямлі залежыць толькі ад свабоднае волі чалавека і найвышэйшаю мэтаю жыцьця зьяўляецца цялесная насалода; са сьмерцяй канец усяму, а таму ― „пі, еш, весяліся“. Да сэкты садукэяў прылучаліся найболей багатыя юдэі; з іх асяродзьдзя пераважна выходзілі першасьвяшчэньнікі.

Апрача фарысэяў і садукэяў былі яшчэ сэкты эсэяў і фэрапэўтаў.

Эсэі выдаліліся з гарадоў і з працягам часу заснавалі сваё таварыства за Мёртвым морам, дзе іх налічвалася да 4.000 чал. Маемасьць у іх была агульная. Рабілі агульныя сабраньні, асабліва па суботах, на якіх чыталі сьвятое Пісаньне і пяялі гімны. Праводзілі строгае, бясшлюбнае, працоўнае жыцьцё. Вольны час аддавалі малітвам і пабожным разважаньням аб законе. Лічачы цела тварэньнем дзьябла і крыніцаю зла, яны вучылі, што дзеля збаўленьня душы трэба ўстрымлівацца ад усяго, што дае насалоду целу.

Фэрапэўты праводзілі яшчэ стражэйшае жыцьцё, дазваляючы сабе есьці хлеб толькі адзін раз на дзень, увечары. Усе іхнія імкненьні, як і эсэяў, былі скірованы на ўнутранае самадасканаленьне чалавека. У малітве, чытаньні закону Божага праходзіла амаль ня ўсё іхняе жыцьцё. Сэкта гэная найболей была пашырана ў Эгіпце сярод юдэяў, якіх не здавальняў вузка-матар‘яльны кірунак жыцьця большасьці тагочаснага юдэйства.

Асобна ад усіх вышэйразгледжаных рэлігійных сэктаў стаіць нацыянальная партыя зілотаў[10], якія гарэлі страшэннаю ненавісьцяй да сваіх прыгнятальнікаў — рымлянаў і лятуцелі аб зямным царстве Мэсіі. Яны няраз падбівалі народ бунтавацца проці рымскае ўлады.

§ 96. Чаканьне Мэсіі.

Найвышэйшага напружаньня чаканьне Мэсіі дасягнула, разумеецца, у юдэяў. Спыненьне павадыроў і кіраўнікоў народу з дому Юдавага, надыходжаньне тэрміну спаўненьня прароцтва Данілы аб 70-х сядмінах і іншыя прароцтвы і праобразы паказвалі на хуткае „спаўненьне часу“. На гэта-ж паказваў і ўнутраны стан яўрэйскага народу, раскінутага па ўсім сьвеце, разьдзіранага дамовымі войнамі і барацьбою партыяў і сэктаў, зжыўшага „дух“ закону, разьмяняўшага сябе на мноства падрабязных прадпісаньняў раббінаў, не даваўшых здаволеньня ні розуму ні сэрцу. Чаканьне Мэсіі было да таго жывое, што кіраўнікі яўрэйскага народу з роду Макавеяў прымалі ўладу умоўна, „пакуль ня ўстане Прарок верны“. Як толькі зьяўляўся які-колечы выдатны прарок ці казальнік, дык усе пыталіся, ці ня Хрыстос гэта? Але мала хто з юдэяў, ― толькі найболей пабожныя і асьвечаныя людзі, ― чакалі запраўднага Мэсіі, як закладчыка Царства Божага на зямлі. Большасьць не хацела ведаць Мэсіі ў зьневажальным відзе і, разам з фарысэямі, чакала ў постаці Мэсіі нязвычайнага зямнога цара-заваявальніка, які вызваліць народ з чужаземнага ярма і дасьць бліскучасьць, багацьце і славу абранаму народу, адтрымаўшаму калісьці вялікія абяцаньні.

Чаканьне Мэсіі сярод паганцаў абварункоўвалася бязрадасным станам тагочаснага паганскага жыцьця. З пашырэньнем асьветы, паганскія рэлігійныя вераваньні, заснованыя на абагаўленьні сілаў і зьяваў прыроды ці ― як гэта было ў грэкаў і рымлянаў ― на абагаўленьні чым-колечы выдатных людзей, іх дабрачыннасьцяў, вадаў і палаў ― страцілі ўсялякае значэньне і выклікалі страшнае расчараваньне ў грамадзянстве. Народ болей ня верыў у сваіх багоў, бо і запраўды-ж гэта былі стварэньні ягонае фантазіі, і калі яшчэ што-колечы і заставалася ад рэлігіі, дык гэта прывязанасьць да абрадаў, да бліскучых цэрэмоніяў, якімі жрэцы і кіраўнікі народныя маніліся падтрымліваць згасаўшае рэлігійнае пачуцьцё.

Моральнае становішча паганскага грамадзянства, заснованага на рабстве, прызваленьні, дэспотызьме ўлады, уціску адных клясаў грамадзянства другімі, было надта пахмурым і бязрадасным. Распуста перавышае ўсялякае выабражэньне. Грамадзянства, як пісалі сучасьнікі, было поўнае ўсялякае маны, няпраўды, злыдняў, карысталюбства, злосьці, забойства і г. д. Людзі, ня бачачы мэты ці сэнсу жыцьця, душыліся ад духоўнае пустаты і шукалі сабе выхаду ці ў раскашаваньні, купляючы яго цаною ўсялякага злачынства, ці ў самагубстве, якое зрабілася самым звычайным зьявішчам жыцьця. Лепшыя паганцы пачалі спадзявацца, што скуль-небудзь павінна прыйсьці збавеньне, калі не ад людзей, дык згары. Пад уплывам гэткага думаньня, сярод паганскага грамадзянства пачало ажываць паданьне, якое захоўвалася яшчэ ад першабытнае рэлігіі, ― паданьне аб залатым веку, калі чалавек знаходзіўся ў шчасьлівым, бязьвінным стане. Гэтае паданьне адтрымала яскравае выражэньне нават у творах некаторых паганскіх пісьменьнікаў. Так, напр., поэт Віргілі услаўляў дзяцёнка, які павінен узнавіць залаты век. Гэты дзяцёнак прынясе з неба спакой, шчодра ён будзе раздаваць свае дары; статкі ня будуць баяцца львоў; вол будзе араць без ярма і земляроб будзе працаваць паволі, не праліваючы поту твару свайго. У гэтых лятуценьнях бачаць водгукі прароцтва Ісайі, паводлуг словаў якога, ў дарстве Мэсіі „воўк будзе жыць разам з ягнём, і барс будзе ляжаць разам з казьлянём, і цяля, і малады леў, і воўк будуць усе разам, і малое дзіця павядзець іх“. Вера ў Мэсію, як Збавіцеля ад усялякіх злыдняў і Закладчыка лепшых парадкаў жыцьця, асабліва вабіла ўсіх пакрыўджаных і ўцісканых, якіх шмат было заўсёды ў паганскім сьвеце. З яшчэ вялікшаю сілаю пачала распаўсюджвацца гэтая вера, калі паганскі сьвет бліжэй пазнаёміўся з рэлігійнымі вераваньнямі юдэяў.

Словам, у апошні час перад Нараджэньнем Хрыстовым чаканьне Мэсіі было ўсеагульным. І гэты Мэсія, нарэшце, прыйшоў. Прыйшоў ня з царскіх палацаў, не абкружаны золатам, пышнасьцяй, урачыстасьцямі, не сярод захопленых клікаў натоўпу: прыйшоў нікому няведамы, нарадзіўшыся ў пячоры, на сене ў ясьлях, пад ціха бляяньне і жуйку пакорных авечак. Цешылася неба, агалашаючыся дзіўнаю песьняй ангелаў, цешылася зямля, паслаўшы першымі пакланіцца Нованароджанаму Збавіцелю скромных Віфлеемскіх пастухоў.

Адыйшло ў гісторыю жыцьцё „пад законам“, адкрылася першая старонка новага жыцьця „пад благодацію“.

Стары Завет ад‘жыў свой век, пачаўся Новы Завет.




  1. Царква І. Хрыста, якая будзе істнаваць вечна.
  2. Мідзяны і Пэрсы — народы арыйскага плямя (Іафэта), да якіх ужо ўсюды пачынала пераходзіць панаваньне над хаміцкім (Эгіпэт) і сэміцкімі (Асырыя і Вавілон) народамі. Усе народы Заходняе і Малое Азіі павінны былі схіліцца перад Кірам Пэрсідзкім — тым „арлом“ („арол“ быў сьцягам Кіра), які, па слову прарока Ісайі, „зьявіўся з усходу, з дальняе стараны, дзеля спаўненьня прызначаньняў Божых“. Пэрсідзкая монархія зьявілася мостам да новае, эўропэйскае культуры.
  3. Прароцтва гэтае споўнілася дакладна, бо — як убачым — ад другога і аканчальнага загаду аб узнаўленьні Ерусаліму (457 г.) да сьмерці І. Хрыста (у 33 годзе па яго нарадзінах) прайшло якраз 490 гадоў.
  4. Раней, да палону, месцам багаслужэньня быў выключна храм Ерусалімскі.
  5. Сынэдрыён ― грэцкае слова, значыць „сабраньне“.
  6. Талант — 2.400 рублёў.
  7. Памяць сямёх братоў Макавеяў і маці іх Саляманіі праваслаўная царква сьвяткуе 1 жніўня.
  8. Празваньне „Макавей“, — што значыць „згубца“, — спачатку належала аднаму Юдзе, але пасьля стала дадавацца ўсім змагальнікам за веру і бацькаўшчыну.
  9. Фарысэй ― значыць „выбранец, асаблівы“.
  10. „Зілот“ — з грэцкае мовы значыць „рупатлівец“.