Перайсці да зместу

Сьвяшчэнная гісторыя Старога Завету (1926)/II

З пляцоўкі Вікікрыніцы
I. Гісторыя царквы ад стварэньня сьвету да патопу II. Гісторыя царквы ад патопу да Майсея
Падручнік сьвятой гісторыі‎
Аўтар: Сяргей Паўловіч
1926 год
III. Гісторыя царквы ад Майсея да цара Саула

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ІІ.
Гісторыя царквы ад патопу да Майсея (3246—1516 да Хр. Нарадж.).

§ 6. Сусьветны патоп (3246 г. да Х. Н.).

Міласьцівы Бог не адразу выканаў Свой прыгавар аб пакараньні людзей патопам. Ен даў ім для каяньня 120 гадоў, як гэта было абвешчана Ноем. Але закаранелыя граху людзі не зьвярнулі ўвагі на гэтую засьцярогу. Тады Бог загадаў Ною будаваць каўчэг, ці вялікі карабель, у якім магла-б зьмясьціца сям‘я Ноева і ўсе зямныя істоты, у пэўным ліку параў. Ной збудаваў карабель у тры паверхі, даўжынёю 300 локцяў (65 сажняў), шырынёю 50 локцяў (10 сажняў) і вышынёю 30 локцяў (6 сажняў). За сем дзён да пачатку патопу Ной, па загаду Божаму, пачаў уводзіць у каўчэг жывёлаў і птушак — чыстых (якія прыносіліся ў ахвяру) па 7 пар, нячыстых па дзьве пары, — і зрабіў запас патрэбнай для ўсіх на адзін год стравы; нарэшце, увайшоў

Патоп.

у каўчэг сам з жонкаю і тры яго сыны: Сім, Хам і Іафэт, таксама кожны з сваёю жонкаю. Пасьля гэтага пачаўся нязвычайна вялікі дождж, які ліў бязупынна 40 дзён і ночаў.

Адкрыліся і падземныя крыніцы. Каўчэг быў падняты вадой і насіўся на ёй, як на моры. Вада ўсё прыбывала й прыбывала; яна пакрыла самыя высокія горы і патапіла усё жывое на зямлі, апрача тых, якія былі ў каўчэзе. Патоп гэты, які пакрыў усю зямлю ці ўвесь сьвет, называецца сусьветным патопам. Цераз 5 месяцаў ад пачатку патопу дзьмухнуў вялікі вецер, які разагнаў дажджавыя хмары, і вада пачала спадаць. Каўчэг спыніўся на горах Арарацкіх (у Армэніі). Месяца цераз паўтара паказаліся вярхі гораў. Пасьля 40 дзён Ной адчыніў вакно і выпусьціў крумкача: крумкач адлятаў і зноў прылятаў у каўчэг. Тады Ной выпусьціў голуба; не знайшоўшы для сябе ніякай пажывы ці выгаднага месца, голуб прыляцеў назад. Цераз сем дзён Ной зноў выпусьціў голуба: голуб прыляцеў, трымаючы ў дзюбе ліст масьлічнага дзерава. Масьліна (дзерава з якога вырабляецца дзеравяннае масла ці алей) была ад‘знакай міласьці або замірэньня. Ной з радасьцю пусьціў голуба, вястуна міласьці Божай. Цераз сем дзён Ной ізноў выпусьціў голуба, але ён ужо не вярнуўся. Прабыўшы пасьля таго яшчэ два месяцы ў каўчэзе, пакуль зямля зусім не абсохла і не пакрылася расьлінамі, Ной, па загаду Божаму, выйшаў, нарэшце, з каўчэгу. Былі выпушчаны ім і ўсе жывёлы і птушкі. Гэта было роўна цераз год ад пачатку патопу.

§ 7. Ахвярапрынашэньне Ноя. Непаважаньне Хамам бацькі. Прароцтва Ноя аб долі сыноў яго.

Выйшаўшы з каўчэгу, Ной пасьпяшыў прынясьці ахвяру Богу. Гэта была ня толькі ахвяра ўдзячнасьці за збавеньне, але і выказ веры ў абяцанага Збавіцеля сьвету. Бог прыняў ахвяру праведніка і ўвайшоў у завет (г. ё. дагавор, умову) з людзьмі. Ен багаславіў Ноя і сыноў яго на размнажэньне, аддаў ім у валаданьне ўсю зямлю, дазволіў ужываць у яду і жывёлаў, забараніўшы толькі есьці кроў іх, і назначыў кару сьмерці таму, хто адважыцца забіць чалавека. Апрача таго Бог абяцаў людзям, што болей ня будзе ўсясьветнага патопу, і ў ад знаку спаўненьня гэтага

Ной прадказвае сыном лёс іх патомства.

абяцаньня паказаў на радугу, якая зьявілася ў гэты час на

небе. З гэтага часу радуга зрабілася азнакай замірэньня між небам і зямлёй, якое замірэньне пасьля было прынесена на зямлю Богачалавекам.

Зло паміж людзьмі ня спынялася пасьля патопу. Яно зьвіло сабе гняздо ў сям‘і самога Ноя. Адноўчы Ной, ня ведаючы, што з вінаграднага соку ўтвараецца віно, ад якога можна ўпіцца, выпіў шмат гэтага соку для заспакаеньня смагі. Упіўшыся ён ляжаў аголены ў сваім шатры. Хам, бачачы нагасьць бацькі, пачаў сьмяяцца з яго і прывёў да шатра братоў, каб паказаць, у якім відзе сьпіць іх бацька. Браты Сім і Іафэт пасьпяшылі прыкрыць ляжаўшага бацьку, пры чым зрабілі гэта так, што нават не паглядзелі на яго нагасьць. Прачнуўшыся, Ной даведаўся аб благім учынку Хама і свае пачуцьці выказаў у словах, якія зьявіліся прароцкімі для долі патомкаў яго сыноў. Іменна Хам у постаці свайго сына Ханаана быў пракляты за непаважаньне бацькі: патомкі Хама будуць рабамі ў патомкаў Сіма і Іафэта. Сіму Ной прадказаў, што ў яго патомстве захаваецца праўдзівая вера і зьявіцца Гасподзь Бог, а Іафэту прадказаў, што яго патомства найболей пашырыцца на зямлі і прыме з працягам часу праўдзівую веру ад патомкаў Сіма[1].

Ной пасьля патопу жыў яшчэ 350 гадоў і памёр, маючы 950 гадоў ад роду; ён быў апошнім прадстаўніком дапатопнай доўгавечнасьці.

§ 8. Аб тым, як будавалася ў Вавілоне вежа да нябёс; расьсяленьне народаў (2716 г. да Хр. Нар.).

Патомкі Ноя доўгі час жылі ўсе разам — спачатку каля гары Арарат, пазьней у зямлі Сэнаар (Мэсапатамія). Яны складалі адзін народ і гаварылі аднэю моваю. З працягам часу ім усім стала цесна жыць. Відаць было, што прыдзецца расьсяліцца ў розныя стораны, тым балей — між асобнымі плямёнамі надта павялічыліся сваркі, нязгода, злачынства. Тады патомкі Хама, якім паводле прароцтва Ноя, пагражала рабства, надумалі перашкодзіць расьсяленьню людзей і забясьпечыць для сябе палажэньне паноў і ўладароў над другімі народамі, замест долі рабоў. З гэтаю мэтаю яны пастанавілі ў заснаваным імі горадзе (ўсясьветнай сталіцы Вавілоне) пабудаваць вежу „вышынёю да нябёс“, каб не раскінуцца па ўсёй зямлі. Гэта быў шалёны замер: людзі маглі зусім забыць Бога і пасьць у надмерную гордасьць і саманадзейнасць. Дзеля гэтага Бог разбурыў ліхое дзела. Ен зьмяшаў мову будаўнікоў так, што яны перасталі разумець адзін аднаго. Тады яны кінулі будову й разыйшліся па розных краінах. Патомкі Іафэта рушыліся на паўноч ад Вавілону і засялілі Эўропу, дзе з працягам часу сталі ведамы пад імем кімвраў, грэкаў, скіфаў і інш. Патомкі Хама занялі Афрыку (Эгіпэт, Эфіопію) і частку Азіі (Палестыну); патомкі Сіма засталіся ў Азіі (яўрэі, арабы).

Разыйшоўшыся па розных краінах, плямёны людзей пачалі забываць сваё радзтво. З працягам часу яны зрабіліся зусім чужымі адно аднаму па мове, звычаях, па ўсім укладзе жыцьця. Так утварыліся на зямлі розныя народы — кожны з сваімі характарнымі асаблівасьцямі й імкненьнямі.

§ 9. Паяўленьне ідалапаклонства.

Пакуль усе людзі жылі разам, дык у іх захоўвалася правільнае паняцьце аб Богу, як нявідзімым Духу, Стварыцелю і Прамысьліцелю сьвету. Храніцелямі праўдзівага богапазнаньня наагул, абяцаньня аб Збавіцелю — ў частцы былі патрыархі. Падаючы Божае Адкравеньне свайму патомству, яны стараліся захаваць яго ўва ўсёй чыстаце і непапсованасьці. Вонкавым выражэньнем веры у Бога служылі ў людзёй малітвы й ахвярапрынашэньні. Пасьля расьсяленьне ісьціны Адкравеньня пачалі забывацца, а новага адкравеньня людзі няварты былі прыняць, дзякуючы сваёй грахоўнасьці. Дзеля гэтага зьявіліся няправільныя паняцьці й забабоны, якія ў канцы канцоў прывялі да ідалапаклонства.

Тыя народы, якія находзілі ад патомкаў Ноя, займаючы ў часе расьсяленьня новыя няведамыя ім краіны, заўсёды падпадалі пад розныя небясьпекі і напасьці, з другога боку сустракалі зьявы, якія выклікалі ў іх моцнае ўражаньне сваёю вялізарнасьцю ці таемнасьцю. У такіх выпадках чалавек заўсёды інстынктыўна скіроўвае сваю думку да Бога, ці шукаючы ў Яго помачы, ці лічачы Яго Прычынай усіх гэных грозных і магутных зьяваў прыроды. Наглядаючы выбух вулькану, падпадаючы небясьпецы ад страшных кракадзілаў, захапляючыся прыгожым і вялічным вобразам усходу сонца ці бурнага мора, баючыся грому і маланкі — чалавек мімаволі задаваўся пытаньнем, ці ня Бог адкрываецца ўва ўсіх гэных зьявах? Іншыя захопліваліся адвагай і мужствам некаторых гэрояў, асабліва тых, якія ўславіліся ў родзе і сталі таксама ўбагаўляць іх. Так, у канцы канцоў, зьявілася ўбагаўленьне розных сілаў зьяваў прыроды, жывёлаў, сьвяцілаў нябесных і чалавека. Замест аднаго нявідзімага Бога, зьявілася грамада відзімых багоў. Гэтыя багі дзяліліся на добрых і злых, гледзячы на тое, ці прыносілі яны чалавеку шкоду ці дабро. Але ўбагаўляючы, чалавек таксама маніўся і вобраз гэтых багоў мець заўсёды каля сябе, каб можна было зварочвацца да іх ува ўсякай нядолі. Так зьявіліся куміры ці ідалы, якіх пачалі рабіць з дрэва, каменя ці металю і якім пачалі пакланяцца. Пакланеньне ідалам, зьвязанае з рознымі забабонамі, малітвамі й абрадамі, называецца ідалапаклонствам. Ідалапаклоньнікі звычайна называюцца паганцамі.

Спачатку людзі лічылі ідалаў толькі падобнасьцяй сваіх багоў, пасьля пачалі думаць, што ў кумірах жыве боская сіла, і пачалі ім пакланяцца, як самым багом. Каб уміласьцівіць іх, яны сталі прыносіць ім у ахвяру ўсё лепшае і найдаражэйшае, што толькі было: розныя рэчы, жывёлы, людзей, сваіх дзяцей. Людзі, якія прыносілі ахвяры, называліся жрэцамі, а будынкі, у якіх стаялі ідалы — храмамі і капішчамі.

З працягам часу ў адных разьвівалася пераважна ўбагаўленьне сьвяцілаў нябесных (сабеізм у Мэсапатаміі), у другіх убагаўленьне жывёлаў (зоотэізм у Эгіпце), у іншых, як напрыклад, у Грэцыі — абагаўленьне чалавека, розных яго душэўных сілаў і здольнасьцяў, а таксама і вадаў (антропотэізм).

Ідалапаклонства ў долі чалавецтва адгуляла надта згубную ролю. Забыўшы праўдзівага Бога, як найвышэйшага Духа, людзі са ўсёю сілаю першабытнага пачуцьця прывязаліся да ўсяго зямнога, груба-пачуцьцёвага. Уся ўвага іх скіравалася на задаваленьне нізкіх патрэбаў, шалаў і вадаў. Ня было здаваленьня вышэйшым духоўным імкненьням чалавека да праўды, ісьціны, хараства. Разьвіцьцё духоўнага жыцьця ці цывілізацыі прыпынілася. Як дзерава, пазбаўленае жыватворных сокаў, нямінуча прызначана на гібель і сьмерць, так і чалавецтва, адхыліўшыся ад крыніцы жыцьця, павінна было моральна ўпасьці, загрубнуць і зьніштожыцца.

Ідалапаклонства ўсё болей і болей распаўсюджвалася між людзьмі і, нарэшце, дайшло да таго, што амаль ня ўсе людзі на зямлі пачалі пакланяцца ідалам. Тады Бог, па свайму міласэрдзю, абраў з усяго чалавецтва адзін народ для захаваньня праўдзівай веры да часу прыходу на зямлю абяцанага Збавіцеля. Гэты абраны народ былі яўрэі, якія паходзілі ад Эвэра, аддаленым прабацькам якога быў Сім, сын Ноя. З патомства Эвэра выйшаў Абрам, які заставаўся адзіным на усёй зямлі храніцелем праўдзівай веры ў Бога і які пачынае сабою гісторыю яўрэйскага народу.

Час патрыархаў.

§ 10. Прызваньне Абрама і перасяленьне яго ў зямлю Ханаанскую (2039 г. да Х. Н.)

Адзін з патомкаў Эвэра, Фара, бацька Абрама, які жыў ў Мэсапатаміі (Халдзеі), у горадзе Ур, надумаў перасяліцца. Ен узяў усю сям‘ю сваю, апрача сына Нахора, і пайшоў на поўдзень. Пастухі гналі за імі многалічныя статкі. Верныя слугі даглядалі маемасьці, якая перавозілася на вярблюдох. З Абрамам была жонка яго Сара і пляменьнік Лот. Дзяцей Абрам і Сара ня мелі. Абраму было ў гэты час 75 гадоў ад роду. Быў ён чалавек пабожны і вераваў у Бога.

Калі дайшлі да Харрану, Фара памёр. Абрам ня ведаў, куды ісьці. Але зьявіўся яму Бог і сказаў: „ідзі ў зямлю, якую я пакажу табе. Я ўтвару ад цябе вялікі народ, багаслаўлю цябе, зраблю слаўным тваё імя, і багаславяцца ў табе ўсе плямёны зямныя“, г. ё. з твайго патомства выйдзе той, які прынясе ўсім народам багаслаўленьне Божае. Гэта было першае зьяўленьне Бога Абраму. Абрам бесьпярэчна пакарыўся волі Божай і пайшоў у далейшую дарогу. Калі прыйшлі ў зямлю Ханаанскую (Палестыну), якая была населена бязбожнымі патомкамі Ханаана, дык супыніліся блізка ад гораду Сыхэму. Тут Бог другі раз зьявіўся Абраму і сказаў, што гэтую зямлю Ен аддае патомству Абрама. Такім чынам, зямля Ханаанская ў Палестыне й была той абяцанай зямлёй, якая была прызначана Богам народу яўрэйскаму. На памяць аб гэтым зьяўленьні Бога Абрам пабудаваў у Сыхэме ахвярнік.

Мясцовасьць, дзе пасяліўся Абрам, была бедная пашай для скаціны, дзеля гэтага Абрам пайшоў на поўдзень, а пасьля, дзякуючы голаду, і зусім пакінуў Ханаанскую зямлю, скіраваўшыся на жыцьцё ў Эгіпэт. Калі прайшоў нейкі час, дык вярнуўся ў зямлю Ханаанскую.

§ 11. Разлука Абрама з Лотам.

Калі Абрам жыў у зямлі Ханаанскай, дык шмат няпрыемнасьцяў меў ад Лота, хаця Абрам любіў яго, як роднага сына (Лот быў сіратою). Пастухі статкаў Абрамавых і Лотавых часта сварыліся між сабою, то за пашу, то за калодзежы, і Лот незаўсёды справядліва разьвязваў гэтыя сваркі. Абрам запрапанаваў Лоту разьдзяліцца, тым болей, што ў сваркі сталі ўмешвацца суседнія плямёны. Маючы права ўзяць сабе лепшую частку (па праву старшынства і дзеля таго, што якраз патомству Абрама прызначана Богам зямля абяцаная), Абрам аднак не захацеў скрыўдзіць пляменьніка і аддаў яму выбар месца для пасяленьня: „калі ты пойдзеш налева — сказаў Абрам — дык я пайду направа, а калі ты направа, то я налева“. Лот абраў сабе для жыцьця надта прыгожую даліну ракі Іардану, недалёка гарадоў Садому й Гаморы. Жыхары гэтых гарадоў былі надта злыя людзі і грэшныя перад Богам. Абрам застаўся жыць блізка каля Вэфілю. Тутака трэці раз зьявіўся Бог Абраму і сказаў: „з гэтага месца, на якім ты цяпер стаіш, паглядзі на поўнач і паўдзён, усход і захад: усю зямлю, якую ты бачыш (з гары), дам Я табе і патомству твайму назаўсёды і ўмножу патомства тваё, як пясок зямны“. Абрам з вераю прыняў абяцаньне Божае. Хутка Абрам пайшоў з Вэфілю на паўдзён да Хэўрону і раскінуў шатры свае ў дуброве Мамрэ.

§ 12. Вызваленьне Лота з палону. Мэлхісэдэк, цар і сьвяшчэньнік Салімскі.

Здарылася так, што калі на жыхароў Садому й Гаморы напаў цар Эламскі, дык у ліку палонных, якіх узяў гэты цар, аказаўся Лот. Абрам, даведаўшыся аб гэтым, азброіў сваіх слугаў (у ліку 318), пагнаўся за ворагам і адбіў Лота, з усёю маемасьцяй, якая была захоплена ў яго.

Калі Абрам урачыста вяртаўся дамоў, дык недалёка ад гораду Саліму, пазьней — Ерусаліму, сустрэў яго Мэлхісэдэк, цар і сьвяшчэньнік Салімскі. Ён багаславіў Абрама імем Бога Найвышэйшага і прынёс у дар хлеб і віно. Абрам багавейліва прыняў яго багаславеньне і даў яму дзесятую часьць свае здабычы. Трэба думаць, што калі Абрам выказаў адносна да Мэлхісэдэка гэткую нязвычайную пашану, дык ён быў больш, чымся звычайны галава сям‘і ў разуменьні тагочаснага грамадзянства. Дзеля гэтага Мэлхісэдэк зрабіўся праобразам Вялікага Першасьвяшчэньніка Новага Завету ― І. Хрыста.

§ 13. Чацьвёртае зьяўленьне Бога Абраму. Агар і Ізмаіл.

Пасьля перамогі Абрама жыхары зямлі Ханаанскай надта зайздросьцілі яму і наагул адносіліся да яго неспагадліва. Тады Бог зьявіўся Абраму (чацьвёртае зьяўленьне) і сказаў: „ня бойся, Абрам! Я ― твой шчыт. Нагарода твая будзе дужа вялікая“. У адказ на скаргу Абрама, што ён ня мае дзяцей, Бог сказаў яму: „колькі зорак на небе, столькі будзеш мець патомства“. Абрам паверыў Госпаду, і Бог залічыў яму гэта ў праведнасьць. Адначасна Бог адкрыў Абраму, што яго патомкі на працягу 400 гадоў будуць прышэльцамі на чужой зямлі і будуць там у рабстве, але пасьля яны выйдуць адтуль з вялікай маемасьцяй, займуць усю зямлю „ад ракі Эгіпэцкай да ракі Эўфрату“. Вернуцца яны ў чацьвёртым родзе (пакаленьні), а Абрам адыйдзе да бацькоў сваіх у спакоі і будзе пахаваны ў старасьці добрай.

Абяцаньне вялізнага патомства, якое даў Бог Абраму, было вялікай спробай для Сары. Ня маючы дзяцей, яна мучылася думкаю, што можа стаць прычынаю неспаўненьня Божага абяцаньня. Дзеля гэтага пастанавіла прасіць Абрама, каб ён ажаніўся з яе служанкаю эгіпцянкаю Агараю, як гэта было тады ў шмат каго ў звычаі, — і мела замер усынавіць сабе дзяцей ад Агары. Абрам згадзіўся, але Агар, пасьля таго, як зрабілася жонкаю Абрама, пачала выказваць непаважаньне да свае гаспадыні, дзеля чаго павінна была пакінуць хату. Але Ангел Божы загадаў ёй вярнуцца да Абрама і падпарадкавацца гаспадыні сваёй. Хутка Агар нарадзіла сына, які быў названы Ізмаілам. З працягам часу Агар і яе сын былі выдалены з дому Абрама. 12 дзяцей Ізмаіла зьявіліся роданачальнікамі арабскіх плямёнаў.

§ 14. Завет Божы з Абрамам (2015 да Х. Н.).

Калі Абраму скончылася 99 гадоў, а Сары было 90 гадоў, дык Бог зьявіўся яму (пятае зьяўленьне) і сказаў: „Я пастаўлю вечны завет Мой з табою; ты будзеш бацькаю мноства народаў… Я буду Богам тваім і патомнаў тваіх, і дам вам на вечнае валаданьне ўсю зямлю Ханаанскую. Знакам-жа гэтага няхай будзе тое, каб у вас увесь мужчынскі род быў абрэзаны ў восьмы дзень пасьля нарадзінаў. Неабрэзаны ня будзе належаць да Майго народу. Я багаслаўлю й Сару, жану тваю, і дам табе ад яе сына“. Адначасна Бог загадаў Абраму называцца ўперад Абраамам, г. ё. бацькаю мноства, і Сары — Сарраю, г. ё. гаспадыняю мноства. Слухаючы вестку аб нараджэньні ў яго сына, Абраам расьсьмяўся, падумаўшы, як можа споўніцца гэтае прадказаньне. Але Бог сьцвярдзіў Сваё абяцаньне й сказаў: „іменна Сарра, жонка твая, народзіць сына, якому і дасі імя Ісаак (значыць: сьмех); з ім я пастаўлю завет мой у тым, што буду Богам яму й патомству яго“.

Пасьля гэтага зьяўленьня Абраам робіцца зусім „другам Божым“ і жывець у заўсёдным яднаньні з Ім. Выпаўняючы Завет, Абраам прыняў сам абрэзаньне й абрэзаў сына свайго Ізмаіла, усіх нарадзіўшыхся ў доме яго і рабоў, якіх ён купіў.

§ 15. Зьяўленьне Бога Абрааму каля дуба Мамрыйскага.

Аднаго разу ў сьпякотны дзень Абраам, седзячы каля свайго шатра, угледзіў, што йдуць тры падарожныя. Ён з праўдзівай патрыархальнай прыветнасьцяй запрапанаваў ім зайсьці да яго й адпачыць. Падарожныя згадзіліся. Абрам абмыў ім ногі, — як таго вымагаў звычай, ― і загадаў хатнім сваім, каб засмажылі цяля пачаставаць падарожных. Калі яны абедалі, Абраам сам прыслугоўваў ім. Хутка ў постаці іх Абраам пазнаў Самога Бога і двох ангелаў, асабліва пасьля таго, як Абрааму было імі сьцьверджана нядаўняе абяцаньне аб нараджэньні ў яго сына. Калі Сарра, чуючы гэта, ўнутранна, пра сябе, расьсьмяялася, кажучы: „ці мне, калі я гэткая старая, мець гэтую ўцеху“, дык старшы з падарожных сказаў: „ці ёсьць што труднае для Госпада“? ― Абраам багавейліва праводзіў сваіх нязвычайных гасьцей. Выходзячы, адзін з іх адкрыў Абрааму, што Бог ідзе пакараць гібельлю жыхароў Садому й Гаморы за цяжкія грахі іхнія. „Госпадзі — запытаўся Абраам, — калі-б знайшлося там 50 праведнікаў, ці ня зьлітуешся Ты над гэтым местам“? „Зьлітуюся“, — адказаў Бог. ― „А калі 45, 40, 30 і да 10“? ― ізноў запытаўся Абраам. Бог сказаў, што не загубіць гораду, калі нават знойдзецца ў ім хаця-б 10 праведнікаў". Болей Абраам не адважыўся пытаць у Бога.

Калі Бог пайшоў, дык Абраам вярнуўся ў свой шацёр.

§ 16. Пакараньне Садому й Гаморы.

Для пакараньня жыхароў Садому й Гаморы былі пасланы Богам два ангелы з ліку трох падарожных, якія былі ў Абраама. Яны ўвечары прышлі ў Садом. Лот, убачыўшы іх, папрасіў іх у сваю хату, каб пачаставаць і даць начлег. Жыхары Садому патрабавалі ў Лота выдаць іх. Лот адмовіўся выдаць. Тады Садомляны сталі ламаць дзьверы, каб сілаю ўлезьці ў хату Лотаву. Але ангелы пакаралі Садомлянаў сьлепатой і вызвалілі Лота. Уночы яны абвясьцілі, з якою мэтаю прыйшлі ў Садом, а досьвіткам сілаю вывялі яго з жонкаю і дзьвюма замужнімі дочкамі вон з Садому, загадаўшы, не аглядаючыся, бегчы і ратавацца ў горах. Лот не спадзяваўся дабегчы да гораў; ён папрасіў дазволу падарожных схавацца па дарозе ў адным з пяцёх гарадоў, якія былі засуджаны Богам на пакараньне. Адтрымаўшы дазвол, Лот схаваўся ў гэтым горадзе, які, такім чынам, быў уратаваны, дзякуючы Лоту. Жонка Лотава не пайшла за ім: яна ня споўніла загаду ангелаў, ня стрымала свае цікавасьці, аглянулася, і ў пакараньне за гэта была

Пакараньне Садому.

абернута ў саляны стоўп. Тымчасам кара Божая ўжо споўнілася над засуджанымі гарадамі: Бог праліў на іх дажджом

серку і вагонь з неба, і зруйнаваў дашчэнту і гарады гэтыя, і ўсе ваколіцы іх, і ўсіх жыхароў, і ўсе расьліны зямныя. Уся даліна Садомская спалілася; там, дзе былі гарады, хвалявалася жоўта-мутнае возера, якое ведама цяпер пад імем Мёртвага мора[2].

Лот, які ўратаваўся ад пагібелі, быў няварты міласьці Божай да яго: ён пачаў піць. Дочкі Лотавы мелі двох сыноў: Моава і Бэн-Аммі, якія зрабіліся роданачальнікамі двох народаў: моавіцянаў і амалікіцянаў.

§ 17. Нараджэньне Ісаака. Прынашэньне яго ў ахвяру Богу.

Настаў час, калі споўнілася вялікае абяцаньне, якое адтрымаў Абраам ад Бога: ў Сарры нарадзіўся даўно чаканы сын ― Ісаак; у восьмы дзень па нарадзінах ён быў абрэзаны.

Калі Ісааку было каля 20 гадоў ад роду, дык Бог зьявіўся Абрааму і сказаў: „вазьмі сына твайго Ісаака, якога ты любіш, пайдзі з ім у зямлю Морыа, і там прынясі яго ў ахвяру на гары, якую я пакажу табе“. Гэта была вялікая спроба для веры Абраама — прынясьці ў ахвяру сына, на якім засноўваліся ўсе надзеі Абраама і ўсе дадзеныя яму вялікія абяцаньні! Але Абраам ня спыніўся перад такой вялікай для яго ахвярай. Раніцаю ён накалоў дроў, асядлаў асла, узяў з сабою двох нявольнікаў і Ісаака, і скіраваўся ў зямлю Морыа. Цераз тры дні дарогі Абраам убачыў гару[3], на якой трэба было прынясьці Ісаака ў ахвяру Богу. Абраам пакінуў нявольнікаў і асла пад гарой, узяў Ісаака і разам з ім пайшоў на прызначаную гару, сам нясучы ахвярны агонь і нож, а Ісааку загадаў нясьці дровы для

Ахвярапрынашэньне Абраама.

ахвярапрынашэньня. Дарогаю Ісаак спытаўся: бацька мой,

ось агонь і дровы, а дзе-ж ягня для ахвяры“? ― „Бог угледзіць сабе ягня“, — адказаў Абраам. Узышлі на верх гары. Абраам зрабіў ахвярнік, палажыў дровы і абвясьціў Ісааку Божы загад. Ісаак не працівіўся і пакорна дазволіў сябе зьвязаць. Абраам узяў нож і ўжо занёс руку, каб закалоць сына, як пачуў голас з неба: „Абраам, не паднімай рукі свае на сына. Я ведаю, што ты баішся Бога і не пашкадаваў для мяне сына свайго адзінага“. Абраам спыніўся. Ён споўніў волю Божую, і ў той-жа час Ісаак застаўся жывы. Абраам паглядзеў навакола і ўбачыў ззаду за сабою ягня, якое заблуталася рагамі ў кустох. Абраам узяў яго і адразу прынёс на тым-жа самым ахвярніку ў ахвяру Богу, замест свайго сына. За гэты самы послух і веру Бог урачыста і з прысягаю паўтарыў Абрааму Сваё абяцаньне: „дзеля таго, што ты не пашкадаваў для мяне сына свайго адзінага, Я багаслаўлю цябе і размножу патомства тваё, як зоркі нябесныя і як пясок на беразе мора, і цераз твайго Патомка багаславяцца ўсе народы зямныя“. Пасьля гэтага Абраам вярнуўся з сынам у Вірсавію, дзе жыў[4].

§ 18. Жаніцьба Ісаака.

Хутка пасьля толькі што апісанага здарэньня памёрла Сарра на 127 годзе ад роду. Абраам горка плакаў аб ёй. Ен схаваў яе супроць дубровы Мамрэ, каб з шатра свайго мог бачыць дарагую магілку.

Праз тры гады пасьля гэтага рашыў ажаніць Ісаака. Абраам паклікаў самага вернага слугу свайго і даручыў яму знайсьці нявесту для Ісаака. Пры гэтым загадаў шукаць нявесту не сярод дзяўчат ханаанскіх, а на бацькаўшчыне сваёй, у родным пляменьні. Слуга даў прысягу дакладна споўніць загад, нагрузіў гасьцінцамі для нявесты 10 вярблюдоў і рушыў у дарогу. Праз нейкі час пад‘ехалі да гораду Харрану, дзе жыў Нахор, брат Абраама; слуга зьвярнуўся да Бога з малітваю, просячы паказаць нявесту для Ісаака: „вось, ― кажа, ― я стаю каля крыніцы, да якой дочкі гарадзкіх жыхароў выходзяць браць воду. Хай тая дзяўчына, якая, як я папрашу, даць мне напіцца, скажа: пі, я і вярблюдоў тваіх напаю, хай і будзе прызначана Табою для Ісаака“. Толькі што слуга скончыў малітву, як да крыніцы падыйшла з збанком надта прыгожая дзяўчына. Слуга папрасіў напіцца. Дзяўчына дала вады ня толькі яму самому, але напаіла і яго вярблюдоў. Веруючы слуга ня стаў сумлявацца, на якую дзяўчыну павінен упасьці яго выбар. Ен падарыў ёй залатыя завушніцы і два бранзалеты, і спытаўся, хто яна такая і ці нельга яму будзе ў іх пераначаваць. „Я ― Рэвэка, ― адказала дзяўчына, ― дачка Вафуіла, унучка Нахора; мы маем шмат саломы і корму, і ёсьць месца для начлегу“. Расчулены слуга кінуўся на зямлю і падзякаваў Богу, што Ен прывёў яго проста ў хату брата Абраамавага. Тымчасам Рэвэка пабегла хутчэй да хаты і сказала аба ўсім маці. Брат Рэвэкі Лаван сустрэў слугу, расьсядлаў вярблюдоў, абмыў яму ногі і запрапанаваў вячэру. Слуга ня еў да тае пары, пакуль не расказаў гаспадаром, з якою мэтаю ён прышоў. Бацькі дзяўчыны і Лаван, бачачы паважнасьць даручэньня слугі і багацьце яго гаспадара, які нічога не шкадуе для свайго каханага сына, згадзіліся адпусьціць Рэвэку, пасьля таго, як і яна выявіла сваю згоду выйсьці замуж за Ісаака. Бацькі і сваякі Рэвэкі адтрымалі багатыя гасьціны, разьвіталіся з ёю і багаславілі яе, сказаўшы: „хай родзяцца ад цябе тысячы тысячаў і хай валадае патомства тваё хатамі ворагаў тваіх“. Пасьля гэтага Рэвэка выехала з слугою Абраама ў дарогу, узяўшы некалькі сваіх служанак. Калі яны пад‘яжджалі да месца, дык Ісаак спаткаў іх і ўвёў Рэвэку ў шацёр Сарры, маткі сваё. І стала Рэвэка яму жонкаю і ён пакахаў яе, і ўсьцешыўся засмучаны пасьля сьмерці маткі свае.

Далейшае жыцьцё і сьмерць Абраама.

Пасьля шлюбу Ісаака з Рэвэкаю, Абраам узяў сабе другую жонку, Хэттуру; ад яе было ў яго шэсьць сыноў. Калі Абраам пачуў, што хутка памрэць, то зрабіў распараджэньне аб сваёй маемасьці. Галоўным насьледнікам быў Ісаак. Ен адзін застаўся ў зямлі абяцанай, а шэсьць сыноў Абраама ад Хэттуры і Ізмаіл былі адасланы Абраамам на ўсходнія краіны. Абраам дажыў да 175 г. і быў пахаваны ў той самой пячоры, дзе ляжаў прах Сарры.

Так скончыў сваё жыцьцё гэты вялікі выбранец і „друг Божы“, духоўны роданачальнік чалавечага роду. Ен назаўсёды застаецца найвышэйшым узорам веруючага чалавека для усіх народаў і вякоў. Памяць яго сьвята захоўваецца ў народаў трох найвялікшых рэлігіяў сьвету: юдэйства, хрысьціянства і магамэтанства.

§ 19. Дзеці Ісаака — Ісаў і Якаў.

Як і Абраам, Ісаак быў веруючы чалавек і пакорны волі Божай. Ен моцна тужыў, што Рэвэка цэлых 20 гадоў ня мела дзяцей, але верыў, што споўніцца абяцаньне Божае аб патомстве, якое даў Бог Абрааму. І запраўды ў Рэвэкі нарадзіліся два сыны-блізьнюкі: Ісаў і Якаў. Калі яны ўзрасьлі, Ісаў зрабіўся лоўчым, а Якаў працаваў на гаспадарцы і займаўся гадоўляй жывёлы. Ісаў быў любімцам бацькі, а Якаў — маткі. Ісаў лічыўся першаком, старшым. Пяршынство давала тады некаторыя асобныя правы, гэт. з. „правы пяршынства“: старшынство і ўладу над малодшымі братамі, падвойную часьць спадчыны, права сьвяшчэннадзеяць і насьледаваньне Абяцаньня Божага аб зьяўленьні Збавіцеля сьвету.

Аднаго разу Ісаў вярнуўся з няўдалага паляваньня змораны й галодны, а Якаў сядзеў за сталом і еў страву з сачэўкі, (і цяпер сачэўка зьяўляецца любімаю страваю ў Сырыі і Эгіпце). Ісаў падбег да Якава і прагавіта сказаў: „дай мне гэтага чырвонага, чырвонага: надта я замарыўся“. Якаў сказаў: „прадай мне сваё пяршынство“. Ісаў сказаў: „ось я паміраю, якая карысьць для мяне з гэтага пяршынства“? Тады Якаў сказаў: „прысягні мне“. Ісаў прысягнуў. Якаў даў яму хлеба й стравы з сачэўкі. Трэба думаць, што Ісаў, як чалавек па натуры грубы і дзікі, не зьвяртаў асаблівай увагі на правы пяршынства, а можа быць ён спадзяваўся тым ці іншым спосабам вярнуць іх сабе з часам.

Тымчасам Ісаак зусім пастарэў, і ўжо дрэнна бачыў вачыма. Адчуваючы хуткі канец і хочучы перадаць права пяршынства старшаму сыну, Ісаак, які нічога ня ведаў аб тым, што Якаў за страву з сачэўкі купіў у брата права пяршынства, пасылае Ісава прынясьці дзічыны і прыгатовіць яго любімую страву. Рэвэка даведалася аб гэтым. Яна не хацела, каб права пяршынства адтрымаў Ісаў, які заўсёды рабіў ёй шмат прыкрасьцяў; дзеля гэтага парашыла хітрасьцяй дабіцца багаславеньня бацькі свайму любімаму Якаву. Яна прыгатавала з казьляняці страву, якую любіў Ісаак і ўмовілася з Якавам, што ён пайдзе ў шацёр бацькі, назавецца Ісавам і адтрымае багаславеньне. А таму што Ісаў быў надта касматы, дык дзеля большай падобнасьці да яго, Рэвэка апранула Якава ў адзеньне Ісава, а рукі яго і гладкую шыю абклала скурамі казьлянятаў. Якаў спачатку не згаджаўся на ашуканства, але калі маці прыняла на сябе пракляцьце — пайшоў. Ісаак, не падазраваючы ашуканства, пацалаваў Якава і даў яму свае багаславеньне: „хай дасьць табе Бог — сказаў Ісаак — мноства хлеба і віна; хай паслужаць табе народы і хай паклоняцца табе плямёны; хто праклінае цябе — будзе пракляты, а хто багаслаўляе цябе — будзе багаславёны“[5]. Не пасьпеў Якаў выйсьці ад бацькі, адтрымаўшы багаславеньне, як уваходзіць Ісаў з страваю з дзічыны і просіць у бацькі багаславеньня. Ісаак аж затросься. Ён зразумеў, што яго ашукалі і спытаўся: „а хто-ж гэта раней прыходзіў, і я багаславіў яго“. Але падумаўшы, што на ўсё гэта была Божая воля, дадаў: „ён і будзе багаславёны“! Ісаў, чуючы гэта голасна заплакаў і сказаў: „бацька мой, багаславі і мяне“! Каб яго ўсьцешыць, Ісаак сказаў, што зямля, дзе ён будзе жыць, будзе ўрадлівая, што ён будзе жыць мечам і служыць брату свайму, але прыйдзе час, калі ён скіне з сябе ярмо.

З гэтага часу Ісаў узьненавідзеў брата свайго і нават хацеў яго забіць. Даведаўшыся аб небясьпецы, Рэвэка паслала Якава да брата свайго Лавана, каб ён там пажыў некаторы час і выглядзеў для сябе ў яго сям‘і нявесту. Якаў паслухаўся матчынае рады, Ісаак таксама пахваліў гэты замер яго. У думцы сваёй ён ужо даўно выбачыў Якаву, асабліва дзякуючы таму, што Ісаў, усё больш і больш выказваў сваю няздольнасьць да пяршынства[6].

§ 20. Адход Якава ў Мэсапатамію. Зданьне таемнай драбіны. Жыцьцё Якава ў Лавана.

Баючыся Ісава, Якаў пайшоў у Мэсапатамію, у Харран, дзе жыў Лаван, брат Рэвэкі ― рушыў адзін, без падарожнікаў. У першы дзень ён прайшоў блізу што 60 вёрст, і змораны лёг спаць сярод чыстага поля, падлажыўшы пад галаву камень, замест падушкі. Гэта было тое самае месца, дзе некалі Абраам паставіў ахвярнік Богу. І пад уплывам усіх нядаўна мінулых здарэньняў, Якаў бачыць дзіўны сон: стаіць на зямлі высокая, высокая драбіна; канцом сваім яна ўпіраецца ў самае неба. Ангелы Божыя ўсходзяць і нісходзяць па ёй. Угары драбіны ― сам Гасподзь, Які паўтарае Якаву абяцаньне Абраамава: „Я ― Гасподзь, Бог Абраама і Ісаака, Зямлю на якой ты ляжыш, Я дам табе і патомству твайму, і багаславяцца ў табе і патомстве тваім усе плямёны земныя, і буду Я ўсюды з табою, куды ні пайдзеш і вярну цябе ў гэтую зямлю“. Якаў прачхнуўся. На памяць аб гэтым дзіўным зданьні ён паставіў тут ахвярнік, палажыўшы камень, які ляжаў у яго пад галавой, і паліўшы алею, які быў пры ім. І назваў Якаў гэта месца Вэфілем, г. з. домам Божым.

Прыйшоўшы ў Харран, Якаў асяліўся ў Лавана і заняўся гадоўляй жывёлы. Якаў пакахаў малодшую дачку Лавана прыгожую Рахілю. Лаван згадзіўся выдаць яе замуж за Якава, калі той будзе працаваць на яго 7 гадоў. Якаў не супярэчыў. Прайшло 7 гадоў. Настаў дзень шлюбу. Нявесту тады прыводзілі да жаніха пад пакрывалам. Калі пасьля шлюбу і шлюбнага вясельля маладая скінула пакрывала, пад ім аказалася Лія, старшая дачка Лавана. Якаў быў ашуканы. Апраўдаваючыся Лаван сказаў, што звычаі іх зямлі не дазваляюць выдаваць замуж малодшую дачку раней за старшую, і даў слова выдаць за Якава цераз 7 дзён і Рахілю, калі ён будзе служыць яму яшчэ 7 гадоў, Якаў згадзіўся, і Рахіля стала яго другою жонкаю.

Калі скончыліся другія 7 гадоў, Якаў хацеў ісьці са ўсёю сваёю сям‘ёй на бацькаўшчыну, але Лаван упрасіў яго застацца яшчэ служыць, але толькі за пэўную плату. Між імі ўтварылася такая ўмова: Якаў будзе пасьвіць самую дарагую скаціну Лавана — белыя авечкі і чорныя козы; увесь прыплод з крапінкамі будзе Якаву, без крапінак — Лавану. Каб прыплод выйшаў увесь стракаты, Якаў зрабіў так: клаў у вадапойныя карыты сьвежа нарэзаныя пруткі, на якіх рабіў нажом, па цёмнай кары, белыя палосы: авечкі і козы, якіх прыганялі на вадапой, глядзелі на гэту стракатасьць, і прыплод выходзіў стракаты. Тады Лаван зьмяніў умову, але белыя авечкі і чорныя козы пайшлі Якаву і кожны раз, як Лаван мяняў умову, карысьць заўсёды была на старане Якава. У канцы канцоў ён моцна разбагацеў. Ня хочучы і далей служыць цесьцю, Якаў забраў з сабою сваіх жонак і дзяцей, таксама ўсе статкі свае, і адправіўся, па загаду Божаму, на бацькаўшчыну, да бацькі свайго — Ісаака. Так, здалёк ад свайго дому, ён пражыў 20 гадоў. У сям‘і яго ў гэты час была адна дачка Дзіна і 11 сыноў: Рувім, Сымон, Левій, Юда, Іссахар, Завулон, Дан, Нэфалім, Гад, Ассір і Язэп. З усіх толькі адзін Язэп быў сынам Рахілі.

§ 21. Паварот Якава на бацькаўшчыну.

Калі Якаў падходзіў да зямлі ханаанскае, ён даведаўся, што Ісаў ідзе яму насустрэчу і з ім 400 чалавек. Прадчуваючы злы замер брата, Якаў, каб задобрыць яго, пасылае яму багатыя гасьцінцы і даручае сказаць, што ён сам настолькі цяпер багаты, што не пратэндуе на маемасьць бацькі, на якую меў права на моцы пяршынства. Уночы Якаў пераправіў усю сям‘ю сваю, нявольнікаў і скаціну цераз ручай Явок, а сам застаўся на другім беразе і ў адзіноце ўзьнёс Богу шчырую малітву аб помачы і абароне. Тут то сталася адно з самых таемных і вялікіх здарэньняў у жыцьці Якава. Сярод цемры начное „нехта бароўся з ім да золку ранічнага і ўбачыўшы, што не перамагае яго, даткнуўся да бядра яго і папсаваў склад бядра ў Якава“, дзеля чаго ён кульгаў пасьля да самае сьмерці. „Адпусьці мяне“, сказаў Якаву таемны барацьбіт. „Не адпушчу ― сказаў Якаў ― пакуль не багаславіш мяне“. Таемны барацьбіт багаславіў яго і сказаў: „адгэтуль імя твае будзе ня Якаў, а Ізраіль (што значыць „Богаборац“) — дзеля таго, што ты бароўся з Богам і людзей перамагаць будзеш“. Таемны Барацьбіт, выклікаўшы Якава на змаганьне, маніўся дасьледаваць сілу яго веры і настойлівасьць малітвы.

На другі дзень адбылася сустрэча братоў. Гасподзь, па малітве Якава, зьмягчыў суровае сэрца Ісава: ён упаў на шыю Якава, з брацкай любоўю абнімаў і цалаваў яго. Абодва плакалі.

Якаў пасьля гэтага перайшоў раку Іардан і пакіраваўся да Вэфілю. Тут зьявіўся яму Гасподзь і паўтарыў Сваё абяцаньне аддаць яго патомству зямлю Ханаанскую.

Калі Якаў быў каля Віфлеему, Рахіля радзіла другога сына — Вэніяміна і хутка пасьля гэтага сама памёрла. Якаў горка аплакваў яе і паставіў ёй памятнік.

§ 22. Дзеці Якава. Продаж Язэпа братамі ў Эгіпэт.

З усіх сыноў сваіх Якаў найболей любіў Язэпа за яго шчыры й ціхі характар. Язэп заўсёды знаходзіўся пры сваім старым бацьку, — і калі-некалі адведваў братоў, якія вандравалі ўсюды са сваімі статкамі. Яны ненавідзелі Язэпа за тое, што бацька даваў яму перавагу перад імі, у знак чаго пашыў для Язэпа прыгожую „рознакаляровую“ вопратку.

Тым часам Бог прадвяшчаў Язэпу аб асаблівай, прызначанай для яго долі. Аднаго разу Язэп прысьніў, быццам разам з братамі вязаў снапы пасярэдзіне поля, і ось яго сноп падняўся і стаў проста, а снапы братоў абкружылі яго і пакланіліся яму.

Язэп расказаў сон братом сваім. Яны надта разгневаліся і сказалі: „ці запраўды ты будзеш царом над намі“? ― Другі сон быў яшчэ выдатнейшым, як першы: сонца, месяц і 11 зорак пакланіліся Язэпу. Гэты сон не спадабаўся нават Якаву. Ен трохі пажурыў Язэпа і сказаў: „няўжо-ж я і маці, і браты прыдзем пакланіцца табе да зямлі?“ Варожасьць братоў да Язэпа яшчэ больш пасьля таго павялічылася. Яны нават рашылі забіць яго, але старшы з іх, Рувім, сказаў: „крыві не пралівайце, ляпей кіньце яго ў роў у гэтай пустыні[7] а рукі не накладайце на яго“ (Рувім меў тайны

Сыны Якава паказваюць акрываўленую вопратку Язэпа.

замер уночы вызваліць Язэпа). Браты паслухалі. Яны

зьнялі з Язэпа „рознакаляровую“ вопратку, кінулі яго ў роў, а самі селі есьць хлеб. Якраз у гэты самы час праходзіў недалёка караван мадыямскіх купцоў, якія з таварамі ехалі ў Эгіпэт. Паводле рады Юды, браты вынялі Язэпа з рова і прадалі яго купцом за 30 сярэбранікаў (каля 35 зл.). Рувіма ня было ў гэты час з братамі. Калі ён пасьля падышоў да рова і не знайшоў там брата, дык з адчаю парваў на сабе адзеньне і ўсё паўтараў: „хлапца няма, куды я дзенуся?“ Тады ўсе пачалі думаць, як-бы гэта ўтаіць ад бацькі сваё праступленьне і рашылі так: закалоць казьлянё, крывёю яго вымазаць адзеньне Язэпа і сказаць бацьку, быццам знайшлі яго ў полі. Калі Якаў убачыў адзеньне свайго любімага сына, ён сказаў: „мусіць драпежны зьвер разарваў яго“, і горка заплакаў. Як ні ўсьцешвалі яго ўсе хатнія, Якаў доўга ня мог усьцешыцца і ўсё паўтараў: „з сумам сайду да сына майго ў магілу“.

§ 23. Язэп у Эгіпце.

Купцы, якім быў праданы Язэп, перапрадалі яго Паціфару, начальніку целахраніцеляў Эгіпэцкага фараона (цара). Паціфар хутка назначыў яго сваім домаправіцелем. Язэп быў надта прыгожы і прывабны, дзеля гэтага зьвярнуў на сябе ўвагу жонкі Паціфара. Але ён не згадзіўся ашукваць разам з ёю мужа. Тады яна набрахала на яго перад мужам сваім, і Язэп быў пасаджаны ў турму, як праступнік.

Але Бог і там не пакінуў Язэпа без свае помачы. За яго чэснасьць і сумленнасьць начальнік турмы паставіў яго старшым над вязьнямі[8] і кіраўніком работ. У турме ў гэты самы час адбывалі кару за нейкі благі ўчынак два царскія начальнікі, якія мелі пры двары вялікі ўплыў і вагу: галоўны віначэрпі і галоўны хлебадар. Язэп служыў ім. Аднаго разу яны расказалі Язэпу свае сны: віначэрпі — быццам з трох галінаў вінаграднае лазы ён выціскаў у чашу фараона ягады, якія ўжо дасьпелі, і падаваў віно за сталом цару; хлебадар — быццам ён нёс на галаве тры кратчатыя кошыкі з хлебамі; і з верхняга кошыка, дзе хлебы былі для самога цара, дзёўбалі птушкі. Язэп вытлумачыў сны так, што віначэрпі праз тры дні будзе вернены на сваю пасаду, а хлебадар будзе павешаны і птушкі будуць дзёўбаць яго цела. Пры гэтым Язэп прасіў віначэрпія ўспомніць аб ім, калі будзе вызвалены з гэтага дому. Той абяцаў. Праз тры дні ўсе збылося так, як прадказаў Язэп, але віначэрпі ў шчасьці забыўся аб Язэпу, і ён сядзеў у турме яшчэ два гады пасьля таго.

Адноўчы фараон прысьніў сон, быццам ён стаіць на беразе Нілу. І вось вышлі з гэтае ракі сем кароў клустых, а за імі семь кароў худых. І зьелі худыя каровы клустых кароў, але самі ад гэтага не папаўнелі. Фараон прачхнуўся. Пасьля ізноў заснуў, і яму прысьнілася, быццам з аднаго сьцябла выйшла сем каласоў поўных, пасьля таго выйшла сем каласоў худых, засушаных ветрам, і гэныя худыя каласы зьелі сем каласоў поўных. Фараон загадаў паклікаць усіх мудрацоў эгіпэцкіх, але ніводзін з іх ня мог вытлумачыць сноў, аб якіх фараон думаў, што яны маюць нейкае асаблівае значэньне. Тут віначэрпі ўспомніў, як у турме малады яўрэй — Язэп — правільна вытлумачыў сны яму самому і хлебадару. Фараон загадаў прывясьці да сабе Язэпа і, калі той прыйшоў, запрапанаваў яму вытлумачыць сны. Язэп адказаў: „гэта не ад мяне; Бог дасьць адказ на дабро фараону“. Тады фараон расказаў яму сны свае. Язэп вытлумачыў яму сны гэтак: сем кароў клустых і сем каласоў поўных азначаюць сем гадоў ураджайных; пасьля іх у працягу наступных сямёх гадоў у краі будзе неўраджай і будзе голад. Вытлумачыўшы сон, Язэп даў раду выбраць начальніка, які зрабіў-бы запас хлеба і іншых страўных прадуктаў на сем гадоў голаду. Такім начальнікам, другім пасьля сябе, фараон паставіў самога Язэпа, пры чым падараваў яму персьцень з свае рукі, вісонную (з тонкага палатна) вопратку і ўзлажыў на шыю яго залаты ланцуг. Асэнэфа, дачка жрэца Іліапольскага, вышла замуж за Язэпа і, такім чынам, Язэп быў прыняты ў вышэйшую клясу гаспадарства. Яму было ў той час 30 гадоў ад роду.

§ 24. Першая падарожа ў Эгіпэт братоў Язэпа.

Усё, што прадказаў Язэп, дакладна споўнілася. Наступілі гады над‘звычайнага ўраджаю, у працягу якіх Язэп зрабіў вялізарны запас хлеба. Пасьля надыйшлі неўраджайныя гады. Але Эгіпту ліха не пагражала. Голад пашырыўся далёка за межамі Эгіпту, і з розных краін пацягнуліся караваны ў Эгіпэт за хлебам. Сыны старога Якава таксама прымушаны былі ехаць у Эгіпэт. Удому застаўся адзін толькі Вэніямін; Якаў баяўся адпусьціць яго, каб з ім ня здарылася ў дарозе якой беды. Прыйшлі браты ў Эгіпэт, зьявіліся да Язэпа і пакланіліся яму. Так споўніся даўні сон Язэпа. Браты не пазналі Язэпа, ён-жа пазнаў іх, але нічога не сказаў ім аб гэтым. Ён захацеў даведацца ад іх аб бацьку і браце Вэніяміне. Але ня прыдумаў нічога лепшага, як абвясьціць іх шпіёнамі. Апраўдаваючыся ад такога абвінавачаньня, яны сказалі: „мы ніколі ня былі шпіёнамі, а прыйшлі сюды купіць хлеба; мы — ўсе дзеці аднаго чалавека, які жыве ў зямлі ханаанскай; нас было 12, меншы застаўся з бацькам, а аднаго ня стала“. Далей абвінавачваючы іх у шпіёнстве, Язэп загадаў пасадзіць іх у турму. На трэці дзень, паклікаўшы іх да сябе, ён сказаў ім: „калі вы людзі чэсныя, вы пакінеце ў заклад аднаго з вас, а самі адвязіцё куплены хлеб і прывязіцё сюды меншага брата вашага, іначай і ня прыходзьце да мяне“. Язэп размаўляў з імі цераз тлумача. Браты думалі, што ён ня знае іх мовы і пачалі ў яго прысутнасьці перамаўляцца між сабою і дакараць адзін другога: „ось мы, запраўды, пакараны за грэх супроць брата нашага, якога прадалі калісьці купцом“. Бачачы іх каяньне, Язэп выйшаў у другі пакой і заплакаў. Пасьля вярнуўся да іх, загадаў зьвязаць Сымона і пасадзіць у турму, а рэшту братоў адпусьціў, пры чым загадаў утайку пакласьці ім у мяшкі грошы, якія яны заплацілі за хлеб.

Вярнуўшыся дамоў, браты расказалі бацьку ўсё, што было з імі ў Эгіпце; сказалі і аб тым, што начальнік Эгіпэцкі патрэбаваў прывязьці да яго Вэніяміна. Вялікае было засмучэньне старога Якава. Ён сказаў: „Язэпа няма, Сымона няма, і Вэніяміна ўзяць хочаце: не пайдзе сын мой з вамі“. Таксама яму, як і сыном яго, было надта няпрыемна і сорамна, калі ўбачылі ў кожным мяшку грошы, быццам укралі іх. Цяжкая ўва ўсім гэтым была спакуса для старога Якава, але, як чалавек жывой веры ў Бога, ён усё паклаў на волю Божую.

§ 25. Другая падарожа ў Эгіпэт братоў Язэпа.

Калі запас купленага хлеба падходзіў да канца, прыйшлося йзноў ісьці па яго ў Эгіпэт. Якаў доўга не згаджаўся адпусьціць Вэніяміна. Нарэшце, Юда сказаў: „адпусьці хлапца са мною, я за яго адказваю“. Якаў паверыў Юдзе і згадзіўся адпусьціць Вэніяміна. Хочучы задабрыць эгіпэцкага начальніка, Якаў паслаў яму ў гасьцінец „плады зямлі свае“ і загадаў вярнуць грошы, якія аказаліся ў мяшкох.

Калі браты зьявіліся да Язэпа, ён выдаў распараджэньне прыгатовіць для іх абед, быў да ўсіх нязвычайна ласкавы і з асабліваю любоўю прывітаў Вэніяміна. Не запомнілі пры гэтым і Сымона, якога ў той-жа час звольнілі з турмы. За сталом Язэп сам вызначыў месца кожнаму з братоў па старшынству. Браты надта былі зьдзіўлены, скуль ён даведаўся, хто з іх старэйшы за каго. Пасьля абеду, Язэп загадаў напоўніць іх мяшкі хлебам, палажыць у іх грошы, якія яны заплацілі за хлеб, апрача таго ў мяшок Вэніяміна палажыць ашчэ і сярэбряную чашу, каб дасьледаваць, як браты будуць трымацца ў няшчасьці.

Не пасьпелі браты ад‘ехаць ад гораду, як іх даганіў кіраўнічы домам Язэпа і сказаў, што яны ўкралі ў яго гаспадара сярэбраную чашу. Былі агледжаны ўсе мяшкі. Чаша знайшлася ў мяшку Вэніяміна. Ад вялікае роспачы і страху браты парвалі на сабе сваё адзеньне. Калі вярнуліся ў горад, браты кінуліся ўсе ў ногі Язэпу, кажучы: „ось мы ўсе рабы перад табою, чым мы апраўдаемся“? Язэп адказаў: „хай застанецца ў мяне той, у каго знайшлася чаша“. Тады Юда расказаў Язэпу, з якою тугою стары іх бацька адпускаў Вэніяміна. „Вялікае будзе гора для яго, калі мы ня вернем любімага сына яго. Я заручыўся за яго перад бацькам маім; дазволь мне застацца рабом у цябе замест яго“. Тады Язэп выслаў усіх пастароньніх людзей і, заліваючыся слязьмі, сказаў братом: „Я ― Язэп, брат ваш, якога вы калісьці прадалі. Але ня сумуйце. Бог паслаў мяне сюды наперад за вас, каб захаваць жыцьцё вашае. Ідзеце да бацькі і скажэце, каб ішоў сюды да мяне, не марудзячы, з усёю сям‘ёю сваёю, і ўсёю маемасьцю сваёй“.

Як толькі фараон даведаўся, што прышлі браты Язэпа, ён з свайго боку запрасіў іх перасяліцца ў Эгіпэт і абяцаў ім лепшую зямлю для жыцьця. Па загаду фараона, Язэп даў братом гасьцінцы для бацькі, калясьніцы для перасяленьня і дарожны запас. Братом сваім таксама даў гасьцінцы. Калі зусім адпускаў іх, дык сказаў: „не сварэцеся ў дарозе“.

Яўрэі ў Эгіпце.

§ 26. Перасяленьне Якава ў Эгіпэт (1825 г. да хр. Нар).

Не паверыў Якаў, калі сыны яго расказалі аба ўсім, што здарылася з імі ў Эгіпце. Але калі паказалі царскія калясьніцы, тады ад радасьці моцна забілася сэрца яго і ён выклікнуў: „яшчэ жыў сын мой Язэп, пайду і пабачу яго, пакуль я не памёр“. Але Якаў не адважыўся на гэтую падарожу без загаду Божага. Па малітве яго, Гасподзь зьявіўся яму начным зданьні і сказаў: „ня бойся, йдзі ў Эгіпэт. Там Я ўтвару ад цябе вялікі народ і вывяду цябе назад: Язэп сваёю рукою закрые вочы твае“. Адтрымаўшы багаславеньне Божае, Якаў пайшоў у дарогу са ўсёю сям‘ёю сваёю, ў якой было, апрача жанок, каля 70 чалавек; яны ўзялі з сабою ўсю скаціну сваю і маемасьць.

Язэп выехаў спаткаць яго. Жаласьліва было спатканьне старога Якава з сваім сынам. Калі прыбылі ў сталіцу фараона, дык Язэп прадставіў яму пяцёх братоў сваіх. Фараон дазволіў ім пасяліцца ў зямлі Гэсэм і некаторых з іх паставіў наглядальнікамі над сваёю скацінаю. Язэп прадставіў фараону і бацьку свайго. „Колькі маеш гадоў жыцьця твайго?“ ― запытаўся фараон у Якава. Ён адказаў: „дзён вандраваньня майго 130 гадоў; малыя і нешчасьлівыя дні жыцьця майго, і не дасяглі да гадоў жыцьця бацько маіх“. Выходзячы ад цара, Якаў багаславіў яго. І пасялілася сям‘я яўрэйская ў лепшай часьці зямлі Эгіпэцкай, у зямлі Гэсэм, на правым баку ракі Нілу. Язэп дастаўляў хлеб усяму дому Якава, і ён ня меў ні ў чым ніякай недастачы.

§ 27. Прароцкае багаславеньне Якава дзецям. Сьмерць Язэпа.

Якаў пражыў у Эгіпце 17 гадоў. Прадчуваючы хуткую сьмерць, ён прасіў Язэпа пахаваць яго ў могілках бацькоў сваіх Абраама і Ісаака, у Махпэле, недалёка ад Хэўрону. Язэп з прысягаю абяцаў. Пасьля гэтага Якаў багаславіў сыноў Язэпавых — Эфрэма і Манасію, якіх усынавіў сабе: „хай будуць мае, як Рувім і Сымон“. Багаслаўляючы, Якаў узлажыў рукі свае так, што правая рука ляжала на галаве Эфрэма, а левая — на галаве Манасіі (крыж-на-крыж). Язэп узяў быў правую руку свайго бацькі, каб пералажыць яе на Манасію, кажучы: „ня так, бацька, ось мой пяршак“! Але Якаў сказаў: „ведаю, сын мой, ведаю, і гэты будзе вялікі, але меншы брат будзе большы за яго“.

Багаславіўшы дзяцей Язэпавых, Якаў паклікаў ўсіх сыноў сваіх і, багаславіўшы іх, прадказаў кожнаму долю яго патомства. Пры гэтым ён аддаў права пяршынства чацьвёртаму сыну свайму Юдзе. Якаў прадказаў Юдзе, што ў яго патомстве будуць свае цары і правадыры да таго часу, пакуль ня прыйдзе Прымірыцель[9]. Скончыўшы багаславеньне, Якаў лёг на пасьцель сваю і памёр.

Пасьля сьмерці Якава, сыны яго, баючыся, каб Язэп не пачаў мсьціцца за зло, якое яны некалі зрабілі яму, рашыліся прасіць у яго прабачаньня. Але Язэп сказаў ім: „ня бойцеся, бо я сам баюся Бога. Ось вы маніліся зрабіць мне зло, але Бог абярнуў гэта ў дабро. Я буду карміць вас і дзяцей вашых“. І запраўды, да самае сьмерці свае карміў і супакойваў іх. Калі паміраў Язэп, дык у тэстамэнце сваім прасіў, каб сыны Ізраіля ўзялі з сабою косьці яго, калі Бог вывядзе іх з Эгіпту. Памёр Язэп, маючы 110 гадоў ад роду.

Якаў быў апошнім вялікім прадстаўніком патрыархальнае эпохі. З ім на цэлыя стагодзьдзі спынілася ўсялякае безпасярэднае злучэньне з Богам: ня было болей ні адкравеньня, ні зданьняў, ні прароцтва, праз якія выяўлялася воля Божая абранаму народу. Адзінаю крыніцаю богапазнаньня заставалася паданьне бацькоў, якога яны бяссумліўна і трымаліся. З усіх каленаў Ізраільскіх калена Левііна адрозьнівалася асаблівай адданасьцю бацькоўскім паданьням і моцна захоўвала веру у Бога, дзеля чаго і зрабілася з часам прыладаю Промыслу Божага ў справе вызваленьня і адраджэньня народу.

§ 28. Стан яўрэяў у Эгіпце па сьмерці Язэпа.

Па сьмерці Язэпа, сям‘я Якава нязвычайна размножылася. Утварыўся цэлы народ, які называўся Ізраільскім, ад імя патрыарха Ізраіля, ці Яўрэйскім, ад імя патрыарха Эвэра. Па ліку 12 сыноў Якава, гэты народ падзяляўся на 12 плямёнаў ці каленаў, якія захоўвалі сувязь між сабою. Кожнае калена выбірала сабе прадстаўніка ці старэйшыну. У выпадку якіх-небудзь, асабліва важных для ўсяго народу здарэньняў, старэйшыны ўсіх каленаў зьбіраліся для агульнага абгавараваньня і вырашэньня справы. Жылі яўрэі ў шатрох і займаліся гадоўляй жывёлы, чым эгіпцяне пагарджалі. Яўрэі мелі свае сьвяты, свае звычаі; верылі ў Адзінага праўдзівага Бога. Спачатку яўрэі чужаліся эгіпцянаў, але з працягам часу ўвайшлі з імі ў цесныя суадносіны, запазычылі шмат паганскіх звычаяў, паддаліся распусьце, пагналіся за карысным набыткам і пачалі нават прыносіць ахвяры сьвяшчэнным жывёлам эгіпцянаў: быку, кракадзілу, кошцы. За гэта Гасподзь пакараў іх праз тых-жа эгіпцянаў, ад якіх наўчыліся распусты. Фараоны пачалі баяцца, што яўрэі ўвойдуць у зносіны з суседнімі пастухоўскімі народамі Азіі і перамогуць самых эгіпцянаў. Дзеля гэтага яны пачалі жорстка ўціскаць іх. Да іх былі прыстаўлены асобныя начальнікі ці дагледачы з эгіпцянаў, якія пачалі пасылаць яўрэяў на будову новых крэпасьцяў, каналаў, храмаў, прычым прымушвалі іх высякаць вялізныя каменьні ў каменяломнях, рабіць цэглу, мясіць гліну і вапну, паднімаць воду з ракі. Працаю яўрэяў было ў гэты час выбудавана ў Эгіпце шмат гарадоў. Ня гледзячы на такі ўціск, яўрэйскі народ усё болей і болей размножваўся. Тады фараон, каб спыніць размнажэньне, выдаў павівальным бабкам загад марыць усіх хлопчыкаў, якія будуць нараджацца ў яўрэяў. Але бабкі ня споўнілі гэтага загаду, і Бог багаславіў іх за гэта шчасьцем хатнім. Нарэшце, фараон загадаў кожнага нованароджанага сына ў яўрэяў кідаць у раку. Яўрэі пакаяліся ў сваіх грахох і зьвярнуліся да Бога за помачай. Бог прыхіліўся да іх малітваў і паслаў ім збавіцеля Майсея.

§ 29. Многапакутны Іоў.

Хаця праўдзівая вера ў Бога захавалася ў аднаго абранага народу яўрэйскага, аднак і сярод паганцаў сустракаліся час-ад-часу справядлівыя і пабожныя людзі, якія пакланяліся Адзінаму Богу, стварыцелю і Прамысьліцелю сьвету. Адным з такіх быў Іоў, які жыў у зямлі Уц, у паўночнай Арабіі, каля часу Майсея. Жыцьцё яго апісваецца ў кнізе, якая ведама пад імем „Кнігі Іова“.

Дабрабыт Іова. Іоў быў надта багаты чалавек; ён меў 3.000 вярблюдоў, 500 пар працоўных валоў, 7.000 авечак, 500 асьліцаў і т. п. Ён карыстаўся агульнаю пашанаю за сваю мудрасьць, справядлівасьць і дабрачыннасьць. Калі ён зьяўляўся ў якім-колечы сабраньні, дык усе, нават старыя, паднімаліся ў знак пашаны і змаўкалі і пасьля яго прамовы болей не разважалі. Ён быў бацькаю для бедных і клапаціўся аб удовах, сіротах і вандроўніках. Шчасьце панавала і ў сям‘і Іова. У яго было 7 сыноў і 3 дачкі. Усе яны дружна й згодна жылі паміж сабою.

Ліха на Іова. Дык вось пасыпалася на Іова ўсялякае ліха. Дзьябал стаў перад тронам Божым і абмаўляў праведніка, што ён пабожны толькі дзякуючы таму, што багаты і мае ўсялякае дабро зямное. Каб зьняславіць абмоўцу за яго брахню і яшчэ болей спробай узмацаваць веру Іова, Бог дапусьціў дзьябла адняць у Іова ўсё дабро яго, апрача здароўя. Вястуны адзін за адным абвясьцілі Іову, што разбойнікі напалі на яго статкі валоў і асьліцаў і пагналі іх да сябе; — што агонь Божы ўпаў з неба і спаліў усю дробную скаціну і пастухоў; — што Халдзеі забралі ўсіх яго вярблюдоў, а слугаў пазабівалі. Чацьвёрты вястун прынёс самую жахлівую вестку, што гураган зруйнаваў хату, у якой банкетавалі дзеці Іова, і ўсе яны згінулі. Усё гэта выслухаў Іоў, але ў яго ня вырвалася а ніводнага слова нараканьня на Бога. У знак засмучаньня ён, як таго вымагаў звычай, астрыг сабе галаву і парваў сваё адзеньне. Пасьля таго Іоў упаў на калены, пакланіўся Богу і сказаў: „нагі я радзіўся, нагім і вярнуся ў зямлю. Гасподзь даў, Гасподзь і ўзяў. Так было дагодна Яму, і хай будзе багаславёна імя Яго“.

Новая ліха звалілася на Іова. Па дапушчэньню Божаму, дзьябал наслаў на Іова страшную праказу з галавы да ног. Гэта была надта цяжкая і балючая хвароба, да таго й заразьлівая. Каб засьцерагчы здаровых ад заражэньня, хворых праказаю выдалялі з гораду. Так было і з Іовам, ня гледзячы на агульную пашану да яго. Няшчасны, пакінуты ўсімі, сядзеў Іоў на кучы попелу за горадам і чарапком саскробваў струпы са сваіх ран. Ад іх ішоў такі агідны пах, што ніхто ня мог блізка падыйсьці да яго. Але і ў гэткай нядолі Іоў не пачаў наракаць на Бога.

Спакуса праз жонку і сяброў. Па намове дзьябла, прыходзіць да Іова жонка яго і радзіць яму сказаць „некае слова да Бога, г. ё., ганіць Бога, і Ён пакарае цябе сьмерцяй“. Але Іоў адказаў ёй: „ты гаворыш, як шалёная. Хіба мы толькі добрае будзем прымаць ад Бога, а ліхога ня будзем прымаць“? Таксама не знайшоў Іоў падтрыманьня і ў самых блізкіх сяброў сваіх, якія прыйшлі наведацца да яго. Убачыўшы Іова, не адважваючыся блізка падыйсьці да яго, яны аж ускрыкнулі ад жаху, парвалі верхняе адзеньне сваё і пасыпалі попелам галовы свае. Сем дзён і сем ночаў прасядзелі яны насупроць яго і ніхто не сказаў яму нават слова, каб усьцешыць яго. Сэрца Іова напоўнілася найвялікшаю тугою, і ён першы перарваў нуднае маўчаньне, выклікнуўшы: „хай згіне дзень, калі радзіўся“! Гэта ня быў выкрык роспачы, або стогн маракаваньня ці нараканьня на Бога. Пакута яго перайшла ўсякую меру. Самыя сябры яго, замест таго, каб усьцешыць, супакоіць яго, пачалі яго асуджваць, быццам ёсьць у яго нейкія цяжкія, патаемныя грахі, за якія Бог яго пакараў і ў якіх ён павінен пакаяцца. Іоў, моцны ў веры і ведаючы сваю бязьвіннасьць, адкідвае абвінавачваньне ў няпослуху Богу, дзеля таго, што ён ніколі не забываў свайго Стварыцеля і выразіў нязрушную веру ў прыход Збавіцеля і ўваскрасеньне мёртвых: „я ведаю, Збавіцель мой жывы і Ён у апошні дзень адродзіць з праху скуру маю гэтую, што вось распадаецца, і я ў целе маім угледжу Бога. Я ўгледжу Яго сам: мае вочы, ня вочы каго іншага, убачаць Яго“. У гэты самы час штосьці дзіўнае стала ўтварацца ў прыродзе: пачуўся грукат грому, зазьяла маланка. Нарэшце, у віхры зьявіўся сам Гасподзь. Ён выказаў Свой гнеў на сяброў Іова за іх няправільнае суджэньне і жаданьне пранікнуць у няўцямныя шляхі Ўсемагутнага Бога. Толькі па малітве Іова, Бог выбачыў сябром яго. Пасьля гэтага скончылася спакуса Іова.

Зварот Іову даўнейшага шчасьця. За сваю пакору, за сваю безнаракальную адданасьць волі Божай, праведны і многапакутны Іоў быў удастоены асобнай міласьці Божай. Ён хутка паздаравеў. Сваякі і знаёмыя, даведаўшыся аб гэтым, прыйшлі прывітаць яго, і кожны прынёс яму гасьцінец. Іоў ізноў пачаў працаваць і, з помачай Божай, набыў сабе больш таго, што згубіў. Статкі яго памножыліся ўдвая супроць ранейшага: у яго было цяпер 14.000 авечак, 6.000 вярблюдоў, 1.000 пар валоў. Ізноў нарадзілася ў яго 7 сыноў і 3 дачкі. І быў Іоў ізноў шчасьлівы, і йзноў вярнулася пашана і любоў да яго — ўсіх, хто ведаў яго. Па выздараўленьні ад хваробы, ён пражыў яшчэ 140 гадоў, бачыў сваё патомства да чацьвёртага роду і памёр у глыбокай старасьці.

Гісторыя многапакутнага Іова паказвае нам, што Гасподзь іншы раз пасылае спакусу і праведнікам, каб узмацаваць іх веру, і ўдвая нагараджае іх пасьля за ўсё, згубленае імі[10].


  1. Гэтае прароцтва Ноя дакладна споўнілася і спаўняецца да сяньняшняга дня: у патомкаў Сіма — яўрэяў вера захавалася да самага прыходу І. Хрыста, які родам быў яўрэем; патомкі Іафэта ― эўропэйскія народы прынялі хрысьціянства ад сьвятых апосталаў, якія родам таксама былі яўрэі; у цяперашні час эўропейская культура, навука, мовы, гандаль, звычаі і г. д. распаўсюджаны па ўсім сьвеце; патомкі Хама ― хананеяны, пры заваяваньні яўрэямі зямлі абяцанай, былі абернены ў рабоў.
  2. Арабы завуць яго Лотавым морам. Яно мае 77 в. даўжыні і 24 в. шырыні. Тутака цяпер дабываюць шмат асфальту і солі. Процант солі, распушчаны ў вадзе, такі вялікі (42%), што нават рыба, якая заходзіць у яго з Іардану, прападае. Берагі Мёртвага мора пазбаўлены ўсялякага жыцьця, дзеля таго, што пакрыты яны вапняным пластом. Такім чынам, гэта ― запраўды ― Мёртвае мора.
  3. Гэта была гара, на якой з часам Салямон выбудаваў храм Ерусалімскі. Недалёка ад яе падымаўся ўзгорак, які пасьля быў названы Гальгофаю ― месца расьпяцьця І. Хрыста.
  4. Ахвярапрынашэньне Ісаака было праобразам найвялікшае збаўчае ахвяры, якую прынёс на Гальгофе, адзінародны Сын Божы І. Хрыстос. Як Абраам не пашкадаваў Сына Свайго, так і Бог, па любасьці да людзей і дзеля іх збаўленьня, не пашкадаваў Сына Свайго адзінароднага. Як Ісаак пакорна нёс дровы, на якіх быў-бы заколаты ў ахвяру Богу, так і І. Хрыстос пакорна нёс Свой крыж, на якім быў расьпяты. Як Ісаак пакорна даў сябе зьвязаць, так і І. Хрыстос пакорна йшоў на муку і сьмерць за людзей. Як ахвяра Абраама выклікала вялікае Божае багаславеньне на ўсё патомства Абраамава, так ахвяра на Гальгофе зводзіць Божае багаславеньне на ўсю Царкву, на ўсіх людзей, на ўвесь сьвет, на ўсе часы.
  5. Нічым нельга выбачыць ашуканства, якое дазволілі сабе Рэвэка і Якаў. Сам Бог пакараў іх за гэта, бо ў далейшым жыцьці сваім яны мелі шмат усялякіх прыкрасьцяў. У хуткім часе Якаў сам быў ашуканы. Ня можна карыстацца благімі спосабамі нават дзеля добрых мэтаў.
  6. Ісаў трэці раз ажаніўся з дачкою Ізмаіла, якога, як ведама, Абраам выдаліў ад сябе.
  7. У пустыні наўмысьля капаюць равы ці калодзежы, каб у дажджлівую пару зрабіць запас вады на час сухмені.
  8. Арыштантамі.
  9. Гэтым прароцтвам Якаў паказаў на час прыходу Збавіцеля сьвету: Ен прыйдзе тады, калі скончацца ў юдэяў, г. ё., патомкаў Юды, уласныя цары і правадыры, ці калі ўлада ад калена Юдзінага перайдзе да чужынца. Так і збылося. Цар Ірад Вялікі, у часе якога зьявіўся І. Хрыстос, быў у яўрэяў першым царом з чужынцаў.
  10. Мукі Іова зьяўляюцца праобразам крыжавых мукаў І. Хрыста, а яго паўстаньне з мёртвых праабразуе слаўнае ўваскрасеньне І. Хрыста і Яго перамогу над дзьяблам і сьмерцяй.