Перайсці да зместу

Сьвяшчэнная гісторыя Старога Завету (1926)/I

З пляцоўкі Вікікрыніцы
I. Гісторыя царквы ад стварэньня сьвету да патопу
Падручнік сьвятой гісторыі‎
Аўтар: Сяргей Паўловіч
1926 год
II. Гісторыя царквы ад патопу да Майсея

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




І.
Гісторыя царквы ад стварэньня сьвету да патопу (5508—3246 г.г. да Хр. Нарадж.).

§ 1. Тварэньне сьвету.

Заўсёды вечна істнаваў толькі адзін Бог. Для зямлі, на якой мы жывём, была некалі пара, што не істнавала нічога з таго, што мы бачым цяпер на ёй: ні расьлінаў, ні кветак, ні дрэваў, ні птушак, ні жывёлаў, ні чалавека, ― ня было калісь і самой зямлі, таксама сонца, месяца, зорак і г. д.

Зьявілася ўсё гэта ў некім часе, зьявілася з нічога, ад Бога, па адзінаму Яго ўсемагутнаму слову, зьявілася тады, калі Бог, дзякуючы Сваёй нязьмернай міласьці, захацеў даць усяму істнаваньне, каб усё, жывучы, цешылася і багаслаўляла Бога. Само нішто не зьявілася ні на небе, ні на зямлі. Бог ёсьць адзін Стварыцель і Прамысьліцель сьвету, і без Яго нічога не магло стацца.

Аб тым, як усё зьявілася на небе і зямлі, чалавек сам ня ведаў-бы, калі-б Бог цераз сьвятых прарокаў не адкрыў тайны паходжаньня сьвету.

Як-жа зьявіўся сьвет і ўсё, што ёсьць у ім?

Спачатку Бог стварыў сьвет духоўны або ангелаў. Ангелы — гэта бесьцялесныя духі, абдараныя розумам і воляй. Адны з іх, заўсёды падпарадкуючыся Богу і з любоўю служачы Яму, дасяглі высокае сьвятасьці. Яны — нашыя добрыя храніцелі і заступнікі. Другія з ангелаў адмовіліся, праз сваю гордасьць, служыць Богу і адпалі ад Яго. Гэта — злыя духі. Яны заўсёды стараюцца зацягнуць чалавека ў грэх, зрабіць яму якое-небудзь зло. Галоўны з іх называецца шатанам або дзьяблам.

Стварыўшы сьвет духоўны, Бог пачаў тварыць сьвет відзімы, матар‘яльны. Ён створаны Богам не адразу ўвесь, а ў некалькі пэўных пэрыядаў часу, якія называюцца ў Бібліі днямі[1]. Думаюць, што гэта ня былі тыя дні (з 24 гадзінаў), якімі мы звычайна вымерваем час. Можа яны цягнуліся кожны тысячы і болей гадоў, як кажуць некаторыя вучоныя людзі.

Сьвет матар‘яльны створаны Богам з нічога, адным Яго словам.

Сьпярша Бог стварыў матэрыю, з якой пасьля ў працягу шасьцёх дзён быў створаны сьвет. Гэтая матэрыя была як-бы нейкае бяздоньне ці хаос — бясформенны, бязладны, пакрыты цемраю. Толькі Дух Божы насіўся над гэтым хаосам. Але вось пачалося ўласна тварэньне сьвету.

І сказаў Бог: хай будзе сьвятло, і зрабілася сьвятло, назваў Бог сьвятло днём, а цемру — ноччу. І быў вечар, была раніца, дзень першы. Гэта ня былі цяперашнія дзень і ноч, бо створанае сьвятло ня было сьвятлом сонца. Гэта было іншае сьвятло, сьвятло ўсяго сусьвету, якое выклікала у першабытнай матэрыі асаблівы рух або энэргію, у процілежнасьць цемры пачатку мёртваму, няжывому. Хаос і рух, цёмра і сьвятло ― вось тое, што названа днём і ноччу.

І сказаў Бог: хай будзе цьвердзь сярод вады і хай аддзеліць яна воду ад вады. У першабытнай матэрыі пачаўся рух яшчэ ў першы дзень. Адны слаі вадзяное пары асядалі, пачалі згушчацца, абарачваліся ў ваду, - другія ўлётваліся, выпараліся. Утварылася нязьлічаная грамада целаў нябесных, якія адарваліся адно ад аднаго. Гэта — пакуль яшчэ нясклаўшыяся будучыя зоркі, сонца, месяц, зямля і іншыя плянэты. Між імі адкрыліся неабсяжныя прасторы прыгожага блакітнага неба. Падпарадкуючыся кожнае пэўным законам руху і прыцяганьня, яны моцна і цьвёрда трымаліся у гэтых нябесных прасторах. Гэта ўсё зьявілася ў другі дзень тварэньня.

І сказаў Бог: хай зьбярэцца вада, якая пад небам, у вадно месца, хай зьявіцца суша, і зрабілася так. І назваў Бог сушу зямлёю, а сабраньне вады назваў морам. Па творчаму слову Божаму, на зямлі йшло далей паступовае згушчваньне і астуджваньне матэрыі, якая пасьля стала ў адных мясцох падымацца, у другіх асядаць; месцы высокія рабіліся сушаю, а нізкія напаўняліся вадою: — утварыліся акіяны, моры, вазёры, рэкі і г. д. На сушы, пакуль што, ня было ніякага жыцьця. Толькі голыя, мёртвыя скалы пахмура глядзелі на сабраньні вады. Але Бог сказаў: хай прарасьціць зямля зеляніну, траву якая сее насеньне, і дрэва пладавітае — усё па роду свайму. І зрабілася так. На сушы зьявіліся ўсялякія расьліны, травы, кветкі, дрэвы, якія да нашых дзён, па уложанаму у іх закону Божаму, родзяць кожнае падобную да сябе, а ня іншую якую траву, кветку, дрэва і г. д. Гэта ўсё было у трэці дзень.

І сказаў Бог: хай будуць сьвяцілы на цьвердзі нябеснай, для аддзяленьня дня ад ночы і для азнакі і часу, і каб асьвятлялі зямлю. І стала так. Па слову стварыцеля, аканчальна ўтварыліся сонца і зоркі. Гэта было далейшым працягам таго працэсу ці руху, які пачаўся ў матэрыі на другі дзень тварэньня. Сонца запалілася сваім магутным жыцьцятворным сьветам і асьвяціла плянэты, якія абкружаюць яго; неба ўсё зазьзяла мірыядамі зорак і дзіўны бляск іх выклікаў захопленьне навет ангелаў нябесных, якія карагодам услаўлялі Стварыцеля. І ўбачыў Бог, што гэта добра. І быў вечар і была раніца: дзень 4-ты.

І стварыў Бог рыб вялікіх і ўсялякіх паўзуноў, якіх распладзіла вада па роду іх, і ўсялякую птушку пярнатую па роду яе. І багаславіў іх Бог і сказаў: пладзецеся і размнажайцеся і напаўняйце ваду ў морах, і птушкі хай множацца на зямлі. Быў гэта пяты дзень тварэньня сьвету. Бог напоўніў жыцьцём ваду і паветра: рыбы і птушкі — першыя жывыя істоты на зямлі. Багаславіўшы іх, Бог даў ім закон пладзіцца і размнажацца кожнай па роду яе, каб кожная пара ці то рыб, ці то птушак радзіла толькі да сябе падобных.

І стварыў Бог у дзень шосты зьверы зямныя па роду іх, і быдлё па роду яго, і ўсе гады зямныя па роду іх. Усе гэтыя жывыя істоты створаны з зямлі, ў якую йзноў абарачваюцца, калі паміраюць. Трэба багавейліва прыхіліцца да тайны стварэньня жывёльнага, як і расьліннага царства: якое дзіўнае багацьце і разнаякасьць формаў і колёраў, звычаяў і інстынктаў, якое хараство наглядаем мы ў тым і другім царстве, ад найпрасьцейшых арганізмаў да самых складаных. Сьвет жывых істотаў прадстаўляе як-бы стройнае дрэва, якому бракуе толькі кветкі, каб завяршыць і аздобіць яго крону. Ня было толькі чалавека — цара прыроды. Але зьявіўся і ён, у той-жа самы шосты дзень тварэньня: і стварыў Бог чалавека па абразу Свайму, мужчыну і жанчыну стварыў іх.

Так скончылася гісторыя тварэньня сьвету. І аглядзеў Бог усё, што Ен стварыў і вось дужа добра.

І скончыў Бог да сёмага дня ўсе справы свае, і адпачыў у дзень сёмы ад усіх справаў сваіх. І багаславіў Бог сёмы дзень і асьвяціў яго. Адсюль паходзіць субота, як дзень адпачынку, як сьвята на памяць аб стварэньні сьвету.

Стварыўшы сьвет, Бог не пакінуў яго без свае апекі. Ён кіруе сьветам і прамышляе аб ім, каб захоўвалася жыцьцё і сілы ўсяе прыроды, усіх стварэньняў, — дзеля гэтага мы і называем Бога Прамысьліцелем.

§ 2. Стварэньне першых людзей, шчасьлівае жыцьцё іх у раі.

Перад тым, як стварыць чалавека, Бог трымае раду ў Сьвятой Тройцы, каб гэтым паказаць высокае прызначэньне чалавека: створым чалавека па абразу і па падобію Нашаму. І стварыў Бог чалавека з зямлі і дыхнуў у твар яго дыханьне жыцьця і стаўся чалавек душою жывою. І дау Бог імя чалавеку Адам (зямны). Стварэньне з зямлі павінна напамінаць чалавеку яго тленнасьць, залежнасьць яго істнаваньня ад Бога. Беспасярэдняе ўдуваньне Стварыцелем несьмяротнай, разумнай і свабоднай душы (абраз Божы) павінна нязьмерна ўзвышаць чалавека над жывёлай. Падобіе чалавека да Бога зьмяшчаецца ў дадзенай Богам здольнасьці бесканечнага моральнага дасканаленьня. Бог стварыў чалавека дзеля таго, каб ён пазнаваў Бога, любіў Яго, спаўняў Яго сьвяты закон, праслаўляў Яго і цераз тое вечна быў шчасьлівы.

І сказау Бог: нядобра чалавеку быць аднаму. Створым яму памочніцу — жанчыну; і стварыў Бог жану для Адама. Яна створана з рабра Адама, якое Бог выняў у яго, калі навёў на яго сон. Стварэньне з рабра Адамавага паказвае, што ўвесь род чалавечы павінен быць адзіным целам, каб дзеля гэтага ўсе людзі былі склонны любіць, берагчы і памагаць адзін аднаму.

І прывёў Бог жану да Адама і багаславіў іх і сказаў: пладзецеся, размнажайцеся, напаўняйце зямлю, валадайце ёю і пануйце над усёю жывёлаю. Гэтым загадам стварыцеля чалавек пастаўлены на чале ўсяе прыроды, якая павінна яму служыць. Але з другога боку і чалавек павінен берагчы прыроду і разумна карыстацца яе сродкамі, сіламі і багацьцем.

Як цар прыроды і вянок тварэньня, чалавек уведзены быў Богам у асобны насаджаны для яго наўмысна дужа прыгожы сад або рай ў Эдэме, на ўсходзе. Жыцьцё Адама і яго жаны ў раі было самае шчасьлівае. Ім ня трэба было працаваць, каб пракарміцца. Іх акружаў збытак багацейшых дароў райскай прыроды. Яны ня ведалі хваробы і не баяліся сьмерці: Бог вырасьціў для іх у раі асаблівае дрэва, т. зв. дрэва жыцьця, плады з якога баранілі іх ад хваробы і сьмерці. Але жыцьцё Адама з жаною ў раі ня было жыцьцём дармаедаў: яны павінны былі берагчы і вырабляць рай. Мелі яны ад Бога яшчэ і асобнае даручэньне — даць кожнай жывёле імя, паводле яе прыроднага свойства. Але вярхом шчасьця першых людзей было тое, што Бог часта зьяўляўся да іх „у прахалодзе дня“ (пад вечар) і гаварыў з імі, адкрываючы ім вялікія тайны для асьветы іх розуму і сэрца. Гэтая беспасярэдняя лучнасьць чалавека з Богам была першай і дасканальнай рэлігіяй.

§ 3. Грэхападзеньне першых людзей і яго вынікі. Абяцаньне Збавіцеля. Устанаўленьне ахвярапрынашэньняў.

З рук стварыцеля першыя людзі вышлі сьвятымі, без граха. Ня было ў іх ні варожасьці, ні няпраўды, і яны, як нявінныя дзеці, ня ведалі сораму.

Але, каб людзі не завялічаліся ад свае блізасьці да Бога, каб узгадаваць іх волю, Бог даў ім прыказаньне, а іменна: забараніў есьці плады з аднаго дрэва ў раі, якое называлася дрэвам пазнаньня дабра і зла, ― і сказаў, што калі зьядуць іх, то сьмерцю памруць. Даўшы чалавеку поўную свабоду, стварыцель гэтым прыказаньнем хацеў паказаць яму, што, як істога абмяжованая, ён павінен жыць паводлуг закону і што за нарушэньне закону будзе страшная кара. Шчасьлівы стан першых людзей у раі выклікаў зайздрасьць дзьябла, і вось ён стараецца разбурыць шчасьце людзей і пасеяць між імі варожасьць і грэх. Прыняўшы выгляд зьмяі, якая была хітрэйшаю за ўсіх зьвяроў палявых, дзьябал падсунуўся да жаны, як слабейшай за мужа, і хітра пытае: „Ці праўда, што Бог забараніў вам есьці ад усіх райскіх дрэваў“? Жана адказала, што Бог забараніў есьці толькі ад аднаго дрэва, якое знаходзіцца пасярод раю — дрэва пазнаньня дабра і зла, забараніў, каб ня ўмёрці. Зьмяя-спакусьніца хоча выклікаць недаверу да Бога і кажа: „не, не памрэце, але Бог ведае, што ў дзень, калі вы зьясьцё пладоў з гэтага дрэва, адкрыюцца вочы вашыя і вы будзеце як багі, якія ведаюць дабро і зло“. Пасьля гэных слоў дзьябла плады забароненага дрэва паказаліся жане асабліва прыгожымі і захацелася ёй пазнаць дабро і зло, і зрабіцца яшчэ вышэй і шчасьлівей, чым даў ім Бог, параўняцца з самым Богам. Яна сарвала плод з дрэва і зьела, пасьля дала Адаму, і ён таксама еў.

Усё зьмяшалася ў душы першых людзей пасьля таго, як яны саграшылі. Сумленьне пачало мучыць іх. Ім зрабілася надта сорамна і страшна. Яны сьпяшаюцца прыкрыць чым-колечы нагасьць сваю, якой раней не заўважалі; дзеля гэтага пашылі сабе паясы з лісьцьця смакоўніцы. Перапалоханыя бягуць яны ў гушчар дрэваў і хочуць схавацца. У часе „прахалоды дня“ пачуўся голас Бога, які хадзіў у раі: „Адам, дзе ты“? — пытае Бог, як-бы чакаючы, каб людзі самі прызналіся да свайго праступку. Адам адказвае: „я пачуў голас Твой і спалохаўся, бо я голы, і схаваўся“, Бог кажа: „Хто-ж табе сказаў, што ты голы? Ці ня еў ты пладоў з дрэва, з якога Я забараніў табе есьці“? І зноў, замест таго, каб адразу прызнацца да свайго праступку (да таго ўжо грэх памуціў душу!), Адам пачаў перакладаць сваю віну на жонку, а разам з тым і на самога Бога, які даў яму яе: „жонка, якую ты мне даў, — кажа, — яна дала мне плады ад забароненага дрэва і я еў“. Тады Бог зьвярнуўся да жаны: „што ты гэта зрабіла?“ Яна, як і яе муж, адказвае: „зьмяя спакусіла мяне і я ела“. Жонка казала праўду, але ў тым, што абое яны думалі апраўдаць сябе, зьмяшчалася мана. Пасьля гэтага Бог выказаў заслужаную кару. Перш-на-перш Бог пракляў зьмяю, якая была асуджана поўзаць па зямлі і карміцца пылам, выклікаючы сваім відам адзін жах і агіду. Потым Бог пракляў дзьябла, сказаўшы: „варожасьць палажу між табою і жаною, між тваім і яе семем. Семя жаны будзе паражаць цябе ў галаву, а ты будзеш джыгаць яго ў пяту“. Сэнс гэтага пракляцьця ў тым, што людзі заўсёды будуць бароцца з дзьяблам; прыдзе некалі час, што яны перамогуць яго: ад жанчыны родзіцца такі Патомак, Які, джыгнуты зьмяёю ў пяту, раздавіць ёй галаву, г. е. прымець ад яе мукі і гэтымі мукамі зьнішчыць уладу яе над людзьмі. Нарэшце, суд Божы пакараў самых людзей, якія саграшылі. Жанчыне Бог сказаў: „у хворасьці будзеш раджаць дзяцей, і муж будзе панаваць над табою“. Адаму сказаў: „праклята зямля за цябе; з тугою будзеш карміцца ад яе ўва ўсе дні жыцьця твайго; церні і пырнік яна прарасьціць табе; з потам твару твайго будзеш есьці хлеб твой, пакуль ня вернешся ў зямлю, з якой ты ўзяты: бо зямля ты і ў зямлю абернешся“. Грэх Адамаў з усімі яго вынікамі насьледна перайшоў на ўсё яго патомства, бо ад грэшных людзей маглі радзіцца толькі грэшныя дзеці. Гэты грэх у гісторыі ўпадку і збавеньня людзей называецца першародным.

Страшная была кара Божая за невыпаўненьне Яго прыказаньня, але, караючы першых людзей, Бог, па свайму бесканечнаму міласэрдзю, не пазбавіў іх надзеі на зварот згубленага раю ці царства Божага. Абяцаньне аб Патомку — (семя жаны) — Які пераможа сьмерць і памірыць з Богам, было тым сьветлым праменем, які ў будучыні жывіў і саграваў пахмурае жыцьцё першых людзей і служыў ува ўсёй стара-заветнай гісторыі да самага прыходу Збавіцеля адзіным пабуджэньнем і апраўданьнем жыцьця.

Гэта было першае абяцаньне аб Збавіцелю. Людзі з вераю прынялі гэтае абяцаньне, у знак чаго Адам назваў сваю жану Эваю, што значыць "жыцьцё“. А каб людзі не запомнілі гэтага абяцаньня Божага, міласэрны Бог загадаў заколваць у ахвяру цяляты, ягняты і казьляняты (чыстыя жывёлы) і паліць іх з малітваю аб дараваньні грахоў і з вераю ў будучага Збавіцеля. Кожная ахвяра была праобразам Збавіцеля. У раі Адам і Эва прынясьлі Богу першую ахвяру за свой грэх.

Тое, што першыя людзі згубілі райскае шчасьце, рабіла далейшае жыцьцё іх у раі немагчымым, і Бог выгнаў іх з раю, пры чым наўперад пашыў ім адзежу з скуры забітых для ахвярапрынашэньняў жывёлаў. Па загаду Божаму, хэрувім з агнявым мечам стаў пры ўваходзе ў рай, каб не дапусьціць людзей да дрэва жыцьця, якога яны цяпер, пасьля грэхападзеньня, зрабіліся нявартымі. І пачалося для першых людзей і ўсяго іх патомства новае жыцьцё, поўнае цяжкай працы, нядолі, пакуты, гора, палягчаемае толькі абяцаньнем будучага Збавіцеля.

§ 4. Жыцьцё першых людзей па-за раем. Дзеці Адама і Эвы. Забойства Авэля.

З сорамам і страхам вышлі Адам і Эва з раю. Край, у якім яны асяліліся, быў дзікай пустыняй. Цяжкаю працаю, з потам твару, яны павінны былі даставаць для сябе яду. Шмат жывёлаў, якія раней слухаліся, цяпер пачалі шкодзіць ім. Але самым цяжкім быў моральны стан іх, і толькі надзея на абяцанага Збавіцеля падтрымлівала іх і не давала зусім упасьці духам.

Пасьля выгнаньня з раю, у Адама і Эвы пачалі раджацца дзеці. Першы радзіўся Каін. Імя гэтае значыць „набытак“. Эва, даючы сыну такое імя, думала, што гэта і ёсьць абяцаны Збавіцель. Але, мусіць, Каін хутка стаў выяўляць дрэнны нахіл свайго сэрца, бо калі радзіўся другі сын, засмучаныя бацькі сьпяшаюцца даць яму імя Авэль, што значыць „плач“.

Сталі ўзрастаць дзеці Адама і Эвы і пачалі працаваць. Авэль пасьвіў статак, Каін абрабляў поле. Заняткі гэтыя разьдзялілі іх. Паміж братамі пашла варожасьць і спрэчкі. Адноўчы браты прыносілі ахвяры Богу: Каін плады зямлі, Авэль — ягня ад статку свайго. Авэль прыносіў ахвяру ад шчырага сэрца з малітваю, з вераю ў абяцанага Збавіцеля, а Каін, ня маючы веры, — дзеля чаго Бог ахвяру Авэля прыняў, а ахвяру Каіна адкінуў. З таго часу Каін яшчэ больш зьненавідзеў брата свайго і надумаў яго забіць. Ведаючы гэта, Бог засьцярог яго: „глядзі, — кажа Бог, — грэх цягне цябе, але ты пануй над ім“. Але Каін не перамог сябе: паклікаўшы свайго імавернага брата ў поле, ён там забіў яго. Страшнае злачынства, якое ў першы раз занясло ў парадак прыроды руйнаваньне і сьмерць, не магло застацца бяз кары. „Дзе Авэль, брат твой“? — пытае Бог у Каіна. Гэты гарэзна адказвае: „ці я стораж брату майму“? Тады Бог кажа: „Што ты нарабіў? Голас крыві брата твайго галосіць да мяне ад зямлі. І вось пракляты ты ад зямлі, якая адкрыла вусны свае прыняць кроў брата твайго ад рукі твае. Калі ты будзеш абрабляць зямлю, яна ня стане больш даваць сілы свае для цябе: ты будзеш выгнанцам і бадзякай на зямлі“. Але Каін не раскаяўся ў сваім страшным злачынстве. Маладушнасьць і роспач напоўніла ягоную душу. Ён баіцца, што могуць яму памсьціцца за забойства брата. Але Бог сказаў: „усякаму, хто заб‘ець Каіна, ад‘імсьціцца ў сем разоў“. Гэтым Бог паказвае нам, што чалавек ня мае права імсьціцца за сябе і што права адплаты належыць аднаму Богу. І палажыў Бог азнаку на Каіна, каб ніхто не забіў яго. І да сягоньняшняга дня не забыта між людзьмі страшнае імя Каіна, і да сягоньняшняга дня яго імем клейміцца ўсялякае, што перавышае чалавечы розум, злачынства і забойства. З гэтага часу пачалося для Каіна страшнае жыцьцё: як выгнанец і адкінуты Богам і людзьмі, разьдзіраны сумленьнем, ён пачынае бадзяцца па зямлі, нідзе не знаходзячы сабе спакою.

Каін ня мог болей заставацца на месцы, дзе Бог зьяўляўся людзям. Ён пашоў са сваёю жонкаю на ўсход і там пабудаваў першы на зямлі горад, які назваў Энохам — імем свайго старшага сына.

Злы ўчынак Каіна надта засмуціў Адама і Эву. Тады Бог паслаў ім трэцяга сына Сіфа.

Ад сям‘і Адама і Эвы, ў якой — разумеецца — былі і дочкі, пашырыўся ўвесь род чалавечы.

§ 5. Патомкі Каіна і Сіфа. Зьмяшэньне плямёнаў.

Пакаленьне Каіна пачало хутка размнажацца. Яно пашло шляхам роданачальніка: нявера і ўсялякага роду злачынства (выхваляньне забойства, многажонства) надта пашыралася сярод патомкаў Каіна, дзеля чаго яны і адтрымалі назоў „сыноў чалавечых“. Некаторыя з іх мелі ад прыроды вялікія здольнасьці і ўславіліся вынаходкамі. Так Іавал вынайшоў шатры і ў іх пачаў вандроўнае жыцьцё, пераносячы шатры і пераганяючы статкі з аднаго месца на другое. Брат яго Іувал вынайшоў гусьлі (арфа) і жалейку. З імем Іувала зьвязваецца вынаходка мэталёвых прыладаў з медзі і жалеза, для карыстаньня ў гаспадарцы і для абароны ад дзікіх зьвяроў. Сястры Іувала Ноэме прыпісваецца вынаходка жаноцкага рукамяства і ўбораў.

Праўдзівым прадстаўніком чалавечага роду і храніцелем Боскага адкравеньня (тое, што Бог раней адкрыў аб збавеньні людзей) было патомства Сіфа, якое адтрымала за такі напрамак свайго жыцьця назоў „сыноў Божых“. Адным з такіх „сыноў Божых“, які заўсёды, ― як кажа Біблія ― „хадзіў перад Богам“, быў праведны Энох; за сваё пабожнае жыцьцё ён быў узяты жывым на неба. Патомкі Сіфа жылі між сабою ў згодзе і памагалі адзін аднаму. Усё жыцьцё іх праходзіла пад уплывам і кіраўніцтвам старэйшых у родзе, якія называліся патрыархамі. Патрыархі ведамы былі ўсім сваёю справядлівасьцю і мудрасьцю. Яны разьвязвалі сямейныя спрэчкі, каралі вінавайцаў, падтрымлівалі пэўны просты, блізкі да прыроды ўклад жыцьця. Кожны патрыарх быў галавою роду, меў над сваімі дзяцьмі і іх патомкамі нічым не абмяжованую ўладу, якая пасьля належала царом; ён у той-жа самы час быў сьвяшчэньнікам, бо прыносіў ахвяры Богу, — прарокам, як храніцелем праўдзівай веры і вястуном будучай долі народу. Каб патрыархі маглі перадаць як найбольшаму ліку людзей Божае Адкравеньне і каб лепей захоўвалася Яно паміж імі, пакіроўваючы да праўдзівага богапазнаньня, Бог надзяліў патрыархаў доўгалецьцем. Так Адам жыў 930 гадоў, Сіф — 912 гадоў, сын Сіфа Энос — 905 г., Мафусаіл — 969 г.[2]. Патомкі Каіна і Сіфа жылі спачатку асобна, далёка адны ад адных. Калі-ж людзі размножыліся, то і плямёны раней аддаленыя, пачалі жыць бліжэй адно да аднаго і ўваходзіць паміж сабою ў зносіны. Так памалу патомкі Сіфа зьмяшаліся з патомкамі Каіна і заразіліся ад іх няверай. З працягам часу, асабліва дзякуючы шлюбным саюзам, нявера і распуста ўсё больш і больш распаўсюджваліся ў патомстве Сіфа. Ад злачыннага супольнічаньня патомкаў Сіфа з патомкамі Каіна вышла пакаленьне волатаў на зямлі, якія ўнясьлі ў грамадзянства гвалт, уціск, бяспраўе і агульную няверу. Дайшло да таго, што ўся зямля напоўнілася страшнай распустай і злачынствамі. Бачачы такі стан жыцьця, Бог „раскаяўся“, што стварыў чалавека на зямлі. І пастанавіў Бог зьнішчыць увесь род чалавечы, каб выклікаць да жыцьця новае пакаленьне людзей, якія шанавалі-б Бога і памяталі аб Ім. Цераз праведнага Эноха, якія прадбачыў страшны суд Божы, клікаў Бог людзей да паправы, але яны ня слухалі гэтага засьцерагальнага голасу. І вось Бог паслаў на людзей патоп, з якога па міласьці Божай выратаваўся для далейшага размнажэньня роду чалавечага адзін толькі праведны патрыарх Ной са сваею сям‘ёю.


  1. Увага. Біблія — збор кнігаў, у якіх зьмяшчаецца гісторыя старога і новага завету, ці гісторыя спаду і збавеньня чалавека. Першая з іх напісаная Майсеем, пачынаецца апавяданьнем аб стварэньні сьвету.
  2. Патрыархі былі блізкімі патомкамі першых людзей, створаных дасканальнымі і несьмяротнымі. Тады ўсе жывыя істоты, як паказваюць раскопкі, адзначаліся велічынёю, вялізарнымі разьмерамі (мамонты). І цяпер яшчэ між афрыканскімі арабамі можна спаткаць людзей у веку да 200 гадоў, а некаторыя жывёлы, асабліва птушкі, жывуць 300—400 гадоў, кракадзілы ― 500—600 гадоў і болей.