Дзень згараў…
Заціхалі ў палёх перазвоны.
Майскі вечар чаромху ня мёў…
Захлынуліся вокны вагону
Сіняватым вячэрнім агнём.
А за вокнамі сьцені скакалі
Табунамі ліхіх рысакоў…
Ціха талі
У звонкія далі
Пераліўныя хвалі палёў.
Бедных ніў
Залатое прывольле
Задрамала ў тынянай цішы…
Эх ты, поле,
Бязьмежнае поле!
Люба мне беларуская шыр!
Хай сягоньня сявалкамі вёсен
Сее смуту ў палёх недарод…
Нашы дні —
Ня журботная восень,
Нашы дні —
Грамавы веснаход. Хоць палі нашы
Бедны вясною,
Але час наш
Сьвятлей і мілей,
Бо пад нізкай сялянскай страхою
Палынеюць зарніцы надзей.
— Ўсё так створана
Мудра на сьвеце, —
Разважаў спадарожнік Тарас;
Ня прыкмеціш,
ніяк ня прыкмеціш,
Як мяняюцца людзі і час.
Бачыш там,
Дзе бухмаціцца клён так,
Серабрыцца дзе квецень садоў,
Быў калісьці
Багаты маёнтак
З незапамятных дзён і часоў.
Жыў там
Ян Апанасавіч Сілін.
Ой, і пан быў, —
ня пан — удаў;
Ён сусьвет-бы
ў кішэню зажыліў
І за звонкія-б сонца прадаў. Мужыка раз
Прыбіў да поўсьмерці,
А за што, братка,
Крыўдна сказаць:
— Што вы, кажа,
Зазналіся, чэрці,
Нават шапку ня хочаце зьняць!..
Што глядзіш так,
Адродак сабачы,
Што?!
Цураешся, быдла, паноў?!
А старык нават сьцежкі ня бачыў
Дзевятнаццаць мо‘ нейкіх гадоў.
Час ішоў, —
Не адзін маладзік зьнік,
Шмат сплыло ў нябыцьцё вечароў.
Раз на вёску прыехаў вураднік
да пана зазваў мужыкоў.
Ў нетрах душ
Невядомасьць гарэла:
Што пан мае,
Што мае сказаць?
А пан выкаціў бочку гарэлкі
І давай мужыкоў частаваць.
Падымаліся,
Бомкалі чаркі,
Залівалі
Надломы душы, Покуль зор
Залатыя агаркі
Ня зблудзілі ў сьвятальнай цішы.
А як высахлі
Майскія росы,
Вышаў пан…
Пад шалеючы гам
Задуменна дастаў папяросу
І прамову сказаў мужыкам:
— Мы, браткі, —
Хрысьціянскія душы,
Хілім голаў
Ніжэй ад вады,
А нас нехрысьць праклятая душыць,
Нас асецілі сёньня жыды.
Нас асецілі
Шмэркі ды Бэркі…
Дай віна —
Дарагога віна!..
Гэй, выкачывай бочку гарэлкі,
Выпіваемо куфлі да дна!..
Разьміналіся
Звонка бакалы,
Залівалі
Надломы душы;
Покуль золак сівыя туманы
Не разьмёў па вазёрнай цішы. А як толькі
На раньнія росы
Зараніца цякла з-за гаёў, —
У мястэчку заляскалі косы,
У мястэчку крывавы пагром.
Забражджэлі
Жалезныя брамы,
Зазванілі
Засовы дзьвярэй…
Бачу, Моўша
Ляжыць каля крамы,
А ля Моўшы пяцёра дзяцей…
Эх, вы, любыя,
Як не заплакаць?!
Дарагія,
Ну як-жа, ну як?!
Мае скарбы —
Аборы ды лапці,
Скарбы Моўшы —
Стары лапсярдак.
Разам долі па сьвеце шукалі,
Разам мералі
Жорсткі сусьвет…
Надламілася
Сэрца ад жалю,
Уваччу затуманіўся сьвет…
Усё праходзіць,
Як дым у даліне…
Толькі ў сэрцы
Такая пустош!..
Я ледзь-ледзь
Не павіс на асіне,
А на Сіліна вытачыў нож.
І вось там,
Дзе бухмаціцца клён так,
Дзе пярэсьціцца
Зелень бяроз,
Быў калісьці багаты маёнтак,
А цяпер — багацейшы саўхоз.
Дагарэлі там п‘яныя ночы
І ніколі ня вернуцца зноў,
Толькі вецер за брамаю точыць
Дурнап‘яны мінулых гадоў.
Хоць палі нашы
Бедны вясною,
Але час наш
Сьвятлей і мілей,
Бо пад нізкай сялянскай страхою
Палымеюць зарніцы надзей.
Хай сягоньня
Сявалкамі вёсен
Сее смуту ў палёх недарод; Нашы дні —
Ня журботная восень,
Нашы дні
Грамавы веснаход…
… Ша…
Прыпынак…
Вячэрнія бомы!
І сьвятло залатых ліхтароў…
Захлынуліся вокны вагону
Сіняватым вакзальным агнём.
|