Сьцюжа тут, сьцюжа пануе,
Вокны цалуе мароз…
Ветры праз комін сьвідруюць,
Сьвішчуць, рагочуць да сьлёз.
Сумна у гэтай кватэры…
Колісь за гэнай сьцяной
Два маладых афіцэры
Трацілі час і спакой.
Колісь такімі начамі
Тут пунсавела віно
Многа за тымі сталамі
П‘яных часоў уцякло.
Сёньня узрыдам мяцелі
Плачуць аб дальніх агнях…
Сьцены кватэр апусьцелі
Сэрца ахутвае жах…
Зараз жывуць кватэранты
Тут,
А за гэнай сьцяной
Нейкі падпанак з сям‘ёй
Носіць дваранскія транты. Кожная рэч тут ня нова
Сыплецца цьвіль са сьцяны…
Нудныя думкі і словы
Нудные мары і сны…
…Хочацца пану заплакаць, —
Плакаць ад болю, — тугі…
Колісь тут злыя сабакі
Ноччу грызьлі ланцугі…
Зараз усё апусьцела,
Нечага больш сьцерагчы…
Стрэхі старыя і сьцены.
Гнёзды старыя й сычы…
Ноччу у сьнежную дую
Стогнуць галіны асін…
Жучкава будка вартуе
Дальнюю зорную сінь.
Дружа!
Трухлявыя сьцены —
Той-жа аджыты сьвет,
Дзе перажытага цені
Точаць іржавы штылет.
А над пахілай кватэрай
Сьвецяць адменныя дні…
Наша вялікая эра
Паліць жывыя агні
Нават у сьнежную дую,
Нават у сьнежную муць
Новыя сьцены будуюць, Новыя песьні пяюць…
Чорт яго ведае, дружа,
Дзе у жыцьці берагі…
Гойсае золкая сьцюжа. —
У далях сьнягі,
І сьнягі…
Там ад партыйнае сьцежкі
Нехта вяслуе чаўны
Ўсё гэта даўняга сьцены, —
Даўнія думкі і сны…
Пойдзем ад гэтай кватэры,
Пойдзем і ночы і дні…
Сёньня вялікая эра
Паліць другія агні…
Хай сабе золкая дуя
Точыць галіны асін, —
Чорная будка вартуе
Дальнюю зорную сінь…
|