Я зноў у вёсцы…
Ружай пунсавее
На захадзе марозная зара.
На тысячу гітар вясёлыя завеі
Зьвіняць над стрэхамі астыглага двара.
У хаце пыл…
У хаце многа лому…
Скрыпіць мароз у сьлясакох дзьвярэй…
Пятух малоціць цёртую салому
І корміць зернямі прысядзістых курэй.
У сэрцы сум…
І слодыч успамінаў…
Люблю драмаць пад шум верацена…
Люблю як чэшуць голую асіну
Марозныя вятры ля цёмнага вакна.
Але любіць,
Любіць з такім запалам
Ўсё тое, што любіў, я болей не магу…
.............
Зара пунсовай дрожжу дагарае
На мармурова срэбрыстым сьнягу.
Гусьцее змрок…
Прывабна на загнеце
Карчы сасновыя, пылаючы, гараць…
Бяру у рукі новую газэту
І пачынаю голасна чытаць…
А мой сусед
Зяўнуў сабе па волі
І кажа так
(Скрозь драмату і сон):
— Скажы, браток, ці скора нам
дазволяць
Свабодна ціснуць з брагі самагон.
А без таго
У сьвята, бач, ня ў сьвята…
Дзяўбнеш паўчарачкі, —
Сьвятлей на сьвеце жыць…
Хоць і жывем мы, братка, не багата,
А ўсё прыемна горла прамачыць…
А ў хаце пыл…
А ў хаце многа лому…
Скрыпіць мароз у сьлясакох дзьвярэй…
Пятух малоціць цёртую салому
І топча па чарзе прысядзістых курэй.
— Твая, Максім,
Бач, хата пастарэла,
Даўно пара другую будаваць… — Зямля, дружок,
Зямля, брат, адалела,
Няма калі ні сеяць ні пахаць.
І нашы рукі,
Братка, не жалеза,
Вышэй за пупа нельга, брат, скакаць…
Пяць дзесяцін я атрымаў прырэзу,
Ды толькі дзён юнацкіх не дагнаць.
Тут не далёка хутар ёсьць „Застава“,
Там нейкая арцель,
На неякіх паях,
Вось там, дружок,
Зусім другая справа,
А наша справа, братка, —
Швах…
Варона нос яшчэ не церабіла,
А ты патопчаш пяцера лапцей…
Прыстанеш сам,
Прыстане і кабыла
Пакуль у лозе змоўкне салавей.
Ня вылезьці з лапцей,
Ня вылезьці з саломы,
А паглядзіш,
Зямлі хоць гаць гаці…
Аддам на лета сына ў агрономы
Няхай навучыцца як сьцежкі церабіць…
............. Бягуць часы,
Даўно з усьмешкай ветлай
Патух за гаем сонечны закат…
На тысячу гітар вясёлыя завеі
Зьвіняць над занізьзю прынізістых прысад.
У сэрцы сум…
І слодыч успамінаў…
Люблю драмаць пад шум верацена…
Люблю як чэшуць голую асіну
Марозныя вятры ля цёмнага вакна…
.............
…На хвалях дзён
Плыве жыцьцё уперад…
Гадзіны вёсламі стрыгуць сівую гладзь…
Няма стыхій,
Няма стыхійных ветраў,
Каб парусы жыцьцёвыя стрымаць…
.............
Максім, Максім…
Часы — бы хвалі валяць…
Заежджаных дарог
Нам не таптаць узноў…
Цябе асіліў плуг,
А сыну з сініх даляў
Вясна сталёвых гоне рысакоў.
|