Сусьветная гісторыя (Астэрлёф, Шустэр)/Частка 3/Уступ/Гуманізм
← § 1. Адкрыцьці | § 2. Гуманізм Падручнік Вальдэмар Астэрлёф, Язэп Шустэр 1922 год Пераклад: Аркадзь Смоліч |
§ 3. Расцьвет мастацтва і навукі ў XVI сталецьці → |
§ 2. Гуманізм.
Пасьля Грэкаў хіба ніводзін народ не зрабіў такога вялікага ўплыву на сусьветную культуру, як італьянцы ў XІV і XV вякох, і пэўна-ж ніводнае места, апроч Атэнаў, ня можа пахваліцца, што дало гэтулькі слаўных людзей, як тагачасная Флёрэнцыя.
Каля 1300 году тут жыў вялікі поэт Дантэ, які напісаў "Боскую Камэдыю". Гэты паэтычны твор бязьмернае вартасьці паказуе ў узвышаных абразох тагасьветнае жыцьцё ў пекле, чысцы і ў небе так, як сабе выабражалі яго людзі таго часу; гэты твор выяўляе геніяльны дух, культуру і нацыянальныя імкненьні італьянскага народу, а таксама і лепшыя бакі сярэднявечнага каталіцтва. Дзеля таго справядліва называюць Данта "хрысьціянскім Гомэрам".
Як Данта лічаць найвялікшым эпікам, гэтак сама Пэтрарку ўважаюць за аднаго з найвялікшых лірыкаў. Дзякуючы гэтым двум поэтам, флёрэнцкая гутарка, якой яны пісалі свае творы, разьвілася ў нацыянальную літэратурную мову італьянцаў. Пэтрарка заняўся яшчэ больш цэннаю з культурнага боку дзейнасьцю, разам з другімі працуючы над уваскрашэньнем старавечнае грэка-італьскае культуры. Ён у значнай меры прыкладаў сваю руку да пачатку кірунку мысьлі і руху, які творыць асобны пэрыад у гісторыі культуры і называецца адраджэньнем мастацтва і навукі (рэнэсанс).
Можа да таго часу йшчэ ня зусім была загінула у італьянцаў памяць аб вялікай мінуўшчыне роднага краю, аб тых часох, калі Рым выдаваў законы ўсяму сьвéту; ужо самы від пышных старадаўных руінаў даволі голасна і ярка павінен быў напамінаць ім даўнейшыя лепшыя часы. Аднак-жа, калі выключыць некалькі твораў, іменьняў і здарэньняў, аб мінуўшчыне ведалі фактычна вельмі мала.
На пачатку сярэднявечча манастыры часта былі сялібаю Навукі і мастацтва, дый усякае наагул культуры; былі яны таксама і разсаднікамі прасьветы. Аднак, з ходам часу духавенства ўсё менш і менш рупілася аб разьвіцьці вéды, усё больш паношылася сярод духоўных цемната і навет пагарда да сьвецкае навукі. Надыйшоў час, калі даўнейшія багатыя манастырскія бібліатэкі сталі перанасіць у скляпы без вакон, дзе цэнныя пэргамэнты, на якіх пасьпісаваны былі праўдзівыя скарбы чалавечае думкі, гнілі або йшлі на пажыву мышам. Бывала і гэтак, што цёмны манах саскрабаў з гэных пэргамэнтаў старое пісьмо, каб выкарыстаць іх для запісу нейкіх лягендаў аб сьвятых, або малітваў, кронік і г. п.
Пэтрарка стараўся сабраць нанова і ратаваць ад зьніштажэньня цэнныя памяткі мінуўшчыны і шчыра захапіўся дасьледамі клясычнае літературы. Рабілі гэта ўперад і другія, але з працы іх было мала карысьці, бо не настаў яшчэ быў вялікі час Адраджэньня. Былі гэта звычайна адарваныя ад грамадзянства адзінкі, якіх праца і імкненьні мала каго цікавілі. Цяпер ужо было іначай. Зямляк і вучань Пэтраркі, Бокачыо, гэтак сама паэт (новэліст), горача насьледаваў свайго вучыцеля працаю і імкненьнямі і навет выперадзіў яго ў гэтай справе, бо, навучыўшыся грэцкае мовы, пачаў чытаць грэцкіх пісьменьнікаў у орыгінале, што на тыя часы было вялікаю рэдкасьцю: тады, калі хто і чытаў клясыкаў, дык толькі рымскіх, а калі ўжо грэцкіх-дык у лацінскім перакладзе.
Высілкі гэтых двух людзей не прапалі дарэмна. Сьледам за імі шмат хто пачаў шукаць і зьбіраць з усё большай і большай цікавасьцю творы старавéчнае навукі і поэзіі і працаваць над пазнаньнем іх.
Стварыўся новы кірунак у навуцы, называны гуманізмам, бо ён ужо не займаўся пытаньнямі тэолёгічнымі, схолястыкаю, але ўзгадаваньнем духоўных сіл чалавека, ўзіраючыся на творы грэка-італьскае культуры. Папы, князі і рэспублікі стараліся адны адных выперадзіць, запрашаючы да сябé слаўных мужоў - "гуманістаў", якія пашыралі новую навуку; па ўсіх местах закладаліся катэдры старавечных моваў. Навет не ўважалі за эдукаванага чалавека таго, хто апрача сапсаванае манастырскае лаціны ня ўмеў яшчэ і прыгожае мовы Цыцэрона; навет кабеты борзда і правільна гаварылі і пісалі па лаціне. Вучыліся таксама і па грэцку, асабліва тады, калі, пасьля ўпадку Константынопаля, у Італію ўцякло многа Грэкаў. Флёрэнцыя йшла наперадзе ўсіх у справе разьвіцьця новае навукі. Козімо і Лёрэнцо (Лаўрэн) Мэдычы лічылі справаю свайго гонару, каб іхняе роднае места было зборным пунктам для людзей навукі і артыстаў. Вось-жа і называюць іх часы пэрыадам Мэдычы.
Гуманізм зусім зьмяніў культурны стан сярэднявечча. Старасьвецкае паганства ў вачох культурных людзей засьвяцілася ізноў блескам залатое эры, адбіваючыся ня толькі на мове і пісаньні, але і на жыцьці і на звычаях. Упадабаньне клясычных ідэалаў ніяк не магло пагадзіцца з панурым аскетызмам і фанатызмам сярэднявечнага хрысьціянства. Пачалі прабіваць для сябе дарогу свабаднейшыя пагляды на рэлігію. Царква ўсё болей губляла сваю абсалютную ўладу над чалавечым розумам. Дагэтуль па унівэрсытэтах непадзельна панавала схолястыка. Адзіным заняцьцем профэсароў і вучняў былі бясплодныя, часта навет сьмешныя дыскусіі на псэўдо-філёзофскія і тэолёгічныя тэмы. Цяпер з туману забыцьця ізноў выступаюць клясычныя навукі: гісторыя, географія, матэматыка і навукі аб прыродзе сьвяткуюць сваё ўваскрасеньне. Тое самае было і з мастацтвам. Дасьледы над стара-рымскімі будоўлямі, мастацкімі калённамі і аркамі ды над магутнымі купаламі давялі да таго, што панаваўшую дагэтуль усюды готыцкую архітэктуру пачынаюць пакідаць, а замест яé разьвіваецца новы стыль - рэнэсансавы, абаперты на клясычных узорах. З месца свайго нараджэньня, Флёрэнцыі, гэты стыль пашырыўся ўсюды і ў канцы саўсім замяніў готыку. Спад руінаў Рыму і іншых мясцовасьцяў дыбывалі лепшыя творы старавечнага мастацтва - мармаравыя ды гіпсповыя фігуры, і гэта скіравала скульптуру на новыя шляхі. Малярства, што дагэтуль было застыгшы ў аскетызме, пышна закрасавала, шукаючы натхнéньня ўжо ня толькі у містычных марах і офіцыяльных царкоўных узорах, але ў жыцьці і прыродзе. Новы характар пачала прыймаць і музыка. Уваскрэсла клясычная Італія, даючы ўва ўсіх галінах доўгі рад артыстаў няўміручае ці, прынамся, не апошняе славы, натхнёных духам Адраджэньня.
Распачатае ў XІV веку Адраджэньне дайшло поўні свайго разьвіцьця і расцьвету ў ХVІ-м сталецьці.