Сусьветная гісторыя (Астэрлёф, Шустэр)/Частка 3/Уступ/Расцьвет мастацтва і навукі ў XVI сталецьці

З пляцоўкі Вікікрыніцы
§ 2. Гуманізм § 3. Расцьвет мастацтва і навукі ў XVI сталецьці
Падручнік
Вальдэмар Астэрлёф, Язэп Шустэр
1922 год
Пераклад: Аркадзь Смоліч
§ 4. Рэформацыя ў Нямеччыне

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




§ 3. Расцьвет мастацтва і навукі ў XVІ сталецьці.

1. Мастацтва.

"Навукі цьвітуць, будзіцца розум; о, сталецьце! якое шчасьце жыці з табою!" Гэткімі славамі вітаў сваё сталецьце адзін з вéдамых нямецкіх грамадзка-рэлігійных дзеячоў (Ульрык фон-Гутэн); і гэта была праўда.

На тым полі, дзе папярэдняе сталецье засявала адкрыцьці, парасьлі цяпер пышныя, прыгожыя кветкі. Напéрадзі ўсяго руху, як і даўней, стаялі Італьянцы. У іх у палове XVІ вéку мастацтва дайшло такога расцьвéту, якога ад часоў Пэрыкла нідзé датуль ня было. Шмат архітэктароў, скульптароў і маляроў адзін перад адным узбагачаваюць тую нявычарпальную скарбніцу лепшых твораў мастацтва, якой з гэнага часу зрабілася Італія. Найхарашэйшыя будоўлі ў стылю рэнэсанс прыаздобілі італьянскія мéсты. Найбольш вéдамай сталася царква сьв. Пётры ў Рыме з аграмадным, вялікапышным купалам, пазьней толькі крыху сапсаваным няўдатнымі дадаткамі. Збудаваў той купал слаўны флёрэнцыянін, Мікéль Анджэлë Буонароті (1475-1564), вялікі мастак як у архітэктуры, так і ў малярстве. З боку ўсестароннасьці яго яшчэ выперадзіў ягоны зямляк Леонардо да Вінчы (1452-1519), аднолькава геніяльны маляр, скульптар, музыка, мэханік і інжынер. У Рыме працаваў маляр Рафаэль Санті д'Урбіно (1480-1520), якога завуць- "Боскім", бо яго абразы прадстаўляюць выяўленьне найдасканальшага хараства, якое толькі нам ведама. У тым самым часе маляваў у Парме Корэджыо (1494-1534), творы якога вызначаюцца непараўнаванай прынаднасьцю, а ў Вэнэцыі-Тыцыян (1477—1576), які ўславіўся найхарашэйшымі калёрамі. У асобах гэтых пяцёх мастакоў, між якімі кожын у сваей галіне быў найгеніяльнéйшы, малярства дайшло такое вышыні, як ніколі ані перад тым, ані пасьля.

Немцы далі двух вялікіх маляроў: Альбрэхта Дюрэра з Нюрэнбэргу (1471-1582) і Ганса Гольбэйна (1497—1543), які доўга жыў у Базэлі, а пасьля ў Англіі.

Замілаваньне ў хараствé захоплівала ў тыя часы навет скромнага рамесьніка. Хатнія мэблі заможнага мешчаніна, ягоныя сталы, крэслы, ложкі, скрыні, шафы, сьценныя табліцы, прыгожа выразаныя з дрэва, пышныя каляровыя шыбы, маляваныя пéчы-ўсё гэта насіла на сабé сьляды рукі мастака.

Музыка ў XVІ веку знайшла таксама бязсьмéртнага мастака ў асобе італьянца Палестрына (154-154), які для набажэнства ў папскай капліцы ўкладаў пышныя, мастацкія музыкальныя творы і гэтым больш славы дадаў каталіцкай Царкве, чым можа шмат хто з папаў.

2. Літэратура.

У гэтак артыстычна настроеным часе павінны былі зьяўляцца і вялікія літэратурныя творы. Так яно і было, асабліва ў тэй-жа Італіі. Пісаў тамака тонкі мысьліцель Макіавэлі (1469-1527); яго палітычныя і грамадзкія творы, асабліва-ж гісторыю яго роднага места Флёрэнцыі можна прыраўнаваць, бадай, да лепшых твораў Тукідыда і Тацыта. Між іншым, найбольш вéдамы яго палітычны твор "Іl Prіncіpe" (монарх), у якім ён радзіць монарху карыстацца навет найгоршымі злачынствамі: вераломствам, забойствамі і г. п., калі гэта патрэбна дзеля утрыманьня і ўзмацаваньня ўлады. Адгэтуль палітыкаў, што не перабіраюць у спосабах, называюць макіявэлістамі, а іхнюю палітыку - макіявэлізмам. Аднак, Макіявэлі, з другога боку, вéдамы, як гарачы прыхільнік і абаронца грамадзкае волі і незалежнасьці Італіі. З гэтае прычыны іншыя думаюць, быццам памéнены твор яго ёсьць проста сатыра на тыранію. Усё-ж, хутчэй за ўсё Макіявэлі пісаў шчыра, толькі згодна з паглядамі і звычаямі свайго часу і краю. Сам ён не належаў да людзей, якія не перабіраюць у спосабах; але яму, як гарачаму італьянскаму патрыоту, вельмі балела раздраблéньне Італіі і вынікі апошняга: палітычная слабасьць і залежнасьць ад суседзяў. Яго лятуценьнем было злучэньне Італіі пад адным моцным урадам. Усé спосабы, якія вялі да гэтае мэты, ён лічыў добрымі; яму хацелася, відаць, улажыць свае лятуцéньні ў душу аднаго з малых тыранаў, каб той стаўся вялікім тыранам усяé Італіі-дзеля большае яе славы і дзеля забясьпечаньня яе незалежнасьці на вечныя часы.

У Флёрэнцыі таксама жылі яшчэ два поэты, якіх землякі іхныя ставяць побач з Дантам. Гэта былі: Арыосто (1474-1533), які напісаў поэму "Ролянд-шалёны", і і Topквато Тассо (1544-1594), які ў сваéй поэме "Вызвалены Ерусалім" апяваў падзеі першага крыжавога паходу.

Закрасавала літэратура і ў другіх краëх. Португалец Камоэнс (1524 - 1580) быў знамянітым пяўцом вéдамае падарожы Васко дэ Гамы, якую апісаў у поэме "Люзыяда". Гішпанец Сэрвантэс (1547 - 1616) стварыў слаўную повесьць "Дон Кіхот", поўную сатырычнае дасьціпнасьці, асьмяшаючую манію ідэалізаваньня рыцарскіх звычаяў, у той час ужо зьнікаючых, а таксама і агульна-людзкіх недахватаў; усё гэта асалоджана духам чыстае, вечна жывое поэзіі.

Францыя таго часу таксама мела некалькі выдатных пісьменьнікаў, спаміж якіх найбольш вéдамы Рабле (1488-1553). У повесьці аб двух волатах, Гаргантюа і Пантагрюэлю, ён бічуець злоўжываньні царквы і гаспадарства, дый іншыя балячкі і сьмéшныя праявы свайго часу.

У Англіі ў канцы сталецьця пісаў свае бязсьмéртныя творы геніяльны драматычны пісьменьнік Шэкспір, роўны вялікім тварцом грэцкае трагедыі, але бліжэйшы да нас часам і духам, чымся тыя. Урэшце расцьвіла і разраслася літэратура і на ўсходзе[1].

3. Навука.

У навуковай дзейнасьці побач з Італьянцамі стаялі Немцы. Ужо гадоў сто назад нямецкія князі ды мéсты пачалі адкрываць адзін за адным унівэрсітэты. Найбольш вучонымі людзьмі свайго часу былі там: Эразм з Ротэрдаму (1466--1536) і Рэйхлін з Пфорцгайму (1455-1529). Эразм быў выдатны лацінскі стыліст, аўтар шмат якіх лацінскіх падручнікаў для навучаньня аб розных прадметах[2]; ëн пераклаў шмат грэцкіх твораў на лацінскую мову; урэшце, ён вéдамы, як сатырык, воража настроены да Царквы. Рэйхлін быў вялікі знаўца і прыхільнік грэцкае мовы, першы спэцыяліст у гэбрайскай мове сярод навачасных хрысьціянаў.

Аднак, заслугі гэтых нямецкіх філёлёгаў маюць шмат меншае значэньне, чым тое адкрыцьце, якое зрабіў вялікі польскі астраном, Копэрнік з Торуня (1473-1543) Ён разьбіў сыстэму Птолёмэя, якая даводзіла, што зямля ёсьць асяродак усяго сьвету, і выкрыў запраўднае палажэньне нашае плянэты сярод іншых нябесных цéлаў. Адкрыцьці Копэрніка ня толькі стварылі навуковую астраномію, але грунтоўна зьмянілі самае паняцьце аб сьвеце і аб адносінах да яго чалавека.

Сыстэму Копэрніка разьвілі далей Немец Кеплер (1571-1630), які выкрыў законы руху плянэтаў, і Італьянец Галілей (1564-1642). Апошні сваімі сьмелымі дасьледамі паклаў аснову навачаснае фізыкі, а карыстаючы з тэлескопу, які быў у гэтым часе зроблены ў Голяндыі і ім самім палепшаны, адкрыў сьвет зораў.

Ня толькі каталіцкая царква, але і протэстанцкая абвесьцілі навуку Копэрніка за гэрэзію. Стары Галілей папаў пад суд інквізыцыі, і толькі адрачэньне ад свае навукі, якое вырвалі ў яго мукамі, выратавала яго жыцьцё (1633).

Затое заслугаю каталіцкае царквы было папраўленьне Юліянскага календара на аснове астранамічных дасьледаў. У часы Юлія Цэзара вучоныя абмыліліся ў сваіх аблічэньнях на 11 мінут у год; праз гэта ў 1582 годзе календарны час адставаў ад праўдзівага ўжо на 10 дзён. Вось, папа Грыгор ХІІІ загадаў, каб пасьля 4 кастрычніка лічылі другі дзень 15 кастрычніка і каб у будучыне праз кожныя 400 гадоў тры пераступныя гады лічыліся за звычайныя. Каталікі прынялі новы календар адразу, протэстанты-ж, праз непрыязьнь да Рыму, у Нямéччыне і Швайцарыі толькі ў 1700 г., а ў Англіі і іншых краёх-яшчэ пазьней. Усходнія Славяне і Грэкі і дагэтуль яшчэ трымаюцца Юліянскага календара.


  1. У тым ліку і ў Беларусі (Перакл.).
  2. У сваіх "Collopuіa" стараўся датарнаваць лаціну да навачасных адносін.