Перайсці да зместу

Сусьветная гісторыя (Астэрлёф, Шустэр)/Частка 3/Уступ/Адкрыцьці

З пляцоўкі Вікікрыніцы
§ 1. Адкрыцьці
Падручнік
Вальдэмар Астэрлёф, Язэп Шустэр
1922 год
Пераклад: Аркадзь Смоліч
§ 2. Гуманізм

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




УСТУПЛЕНЬНЕ.

Пад канец сярэдніх вякоў сталіся вельмі важныя па сваім рэзультатам падзеі, якія зрабілі вялізарны пераварот у грамадзкім, навуковым і палітычным жыцьці эўрапэйскіх народаў. Да гэтых падзеяў трэба залічыць перадусім марскія адкрыцьці Португальцаў і Гішпанцаў; гэныя адкрыцьці пашырылі ўплывы эўрапейскае цывілізацыі на ўвесь сьвет. У жыцьці разумовым новы кірунак, які распачаўся ў Італіі, а носіць назоў гуманізму, паклаў аснову для новае, больш вольнае, сьвецкае эдукацыі, а пачатак друкарства даў магчымасьць пашыраць прасьвету ў усё шырэйшых і шырэйшых кругох грамадзянства. Найбольшы пераварот у грамадзкім і палітычным жыцьці народаў зрабіла распачатая ў Нямеччыне Лютарам рэформацыя; яна была прычынай падзелу суцэльнага дагэтуль заходняга хрысьціянства. Урэшце ў палітычным жыцьці вялізарназначэньне мéла поўная зьмéна вайсковае тэхнікі з прычыны адкрыцьця пораху і аканчальная замена рыцарскіх васалаў наёмнымі войскамі.

§ 1. Адкрыцьці.

Пасьля вынаходу компасу (каля 1200 г.) мараплаваньне, якое да таго часу адбывалася толькі ўздоўж берагоў, зрабілася магчымым і на адкрытым акеане. Вынікам гэтага былі вялікія марскія падарожы Португальцаў і Гішпанцаў у XV веку. Мэтай іх было дабрацца марскім шляхам да Індыі, якая ў той час была найважнейшым краем для сусьветнага гандлю.

1. Адкрыцьце марское дарогі ў Індыю.

Португальцы ў часе сваіх падарожаў кіраваліся ўздоўж заходніх берагоў Афрыкі. Яны спадзяваліся, што, аб'éхаўшы гэтую часьць сьвéту, можна будзе дабрацца да Індыі. Горача падтрымоўваў гэныя падарожы князь Гэнрык Мараплавальнік (памёр у 1460 г.), португальскі інфант. Бартламéй Дыац (1486) шчасьліва даплыў да паўднёвага канца Афрыкі і назваў яго Лукою Добрае Надзéі, а Васко дэ Гама па вызначанай ужо дарозе першы даехаў морам да Індыі; ён зышоў на бераг у Калікуце, на Малябарскім узьбярэжжы (1498).

Португальцы занялі месца магамэтанскіх народаў, якія датуль мелі ў сваіх руках увесь зыскоўны індыйскі гандаль; яны здабылі і занялі шмат важных мясцовасьцяў на ўзьбярэжжах Індостану. З апошніх асабліва важнае Гоа, стаўшаеся цэнтрам португальскага гандлю ў Індыі, далей Малякка, галоўнае месца гандлю карэньнямі, урэшце пладаносныя Молюккі. Галоўным закладчыкам португальскага панаваньня ў Індыі быў Альфонс д' Альбукерк (каля 1510 г.). У пазьнейшыя часы португальцы прабавалі таксама завязаць гандлёвыя зносіны з Кітаем і з Японіяй.

У другой палове XVІ в. пайшлі сьлядамі Португальцаў і другія гаспадарствы, як Голяндыя, Англія, ўрэшце Францыя; адгэтуль і пачаліся доўгія змаганьні аб калёніі і гандлёвыя інтарэсы.

2. Адкрыцьце Амэрыкі.

а) Крыштоп Колюмб. Яшчэ важнейшымі па сваім результатам, чым адкрыцьце марское дарогі ў Індыю, былі адкрыцьці Гішпанцаў. Ужо з даўных часоў некаторыя мараплавальнікі думалі, што з Гішпаніі магчыма было-б даехаць морам да Індыі, калі-б кіравацца ўвесь час на заход. Ідучы за гэтаю думкаю, Крыштоп Колюмб адкрыў новы сьвет. Радзіўся Колюмб у 1447 г. ў Гéнуі. Як і шмат хто з яго землякоў, ён ужо ў раньняй моладасьці абабраў за сваю прафэсію мараплаваньне і шукаў шчасьця заграніцаю. У часе сваіх падарожай Колюмб быў на астравох Фароэр, Азорскіх і Канарскіх. Нявéдамыя датуль у Эўропе плады і вырабы, якія часамі выкідала на берагі гэтых астравоў марское цячэньне, довады тагачасных географаў, што азіяцкі контынэнт цягнецца далёка на ўсход (глёбус Марціна Бугайма ў Нюрнбергу з 1480 г.), а таксама навуковыя дасьледы флëрэнцкага астранома фосканэльлі ўзмацавалі ў Колюмба надзéю дабрацца да Індыі заходняю марскою дарогаю. Аднак, у Португаліі Колюмба і слухаць не хацелі. Тады ён падаў свой плян гішпанскаму ўраду і, пасьля доўгіх клапотаў, дабіўся ўрадовае помачы. Шчасьлівы канец вайны з Маўрамі прыхільна настроіў гішпанскі ўрад да заморскіх падарожаў. Каралева Ізабэльля загадала прыгатаваць для Колюмба 3 караблі. Назначылі яго вялікім адміралам і віцэ-каралём усіх краёў, якія адкрые, і абяцаліся даць яму 1/10 частку спадзяваных даходаў.

b) Падарожы Колюмба. Колюмб выплыў з андалюзыйскага порту Палёс і скіраваўся да Канарскіх астравоў, а адтуль, дзякуючы спрыяючым пассатам, пасьля мéсячнае падарожы даплыў 12 кастрычніка 1492 году да берагоў аднаго з Багамскіх астроваў, Гванагані, і назваў яго Сан Сальвадор (Спас). Пусьціўшыся ў далейшую дарогу, адкрыў астравы Кубу і Гаіті. Жыхары гэтых астравоў стаялі на нізкай ступені культурнага разьвіцьця і ваяўніцтвам не вызначаліся. Другую падарожу Колюмб адбыў (1493—1496) з вялікшым флётам, які павінен быў даць яму магчымасьць заваяваць адкрытыя краі. Гэтым разам Колюмб адкрыў Ямайку, Порторыко і некалькі спаміж Малых Антыльскіх астравоў. Тутака ўсюды жылі дзікія Караібы. З прычыны таго, што ў той час Гішпанцы страцілі ахвоту да далёкіх марскіх падарожаў, гішпанскі ўрад для трэцяе падарожы (1495-1500) замест жаўнераў даў Колюмбу злачынцаў, засуджаных на сьмерць. Колюмб гэтым разам адкрыў востраў Трынідад і вусьце ракі Орыноко. Вялікае багацьце вады ў гэтай рацэ даводзіла, што яна плывець з абшырнага контынэнту; аднак, Колюмб думаў іначай і даводзіў, што прычынаю моцнага цячэньня ракі ёсьць спад вады з вялікае вышыні.

З прычыны бунтаў, якія ўзьняліся паміж гішпанскімі каляністамі на Гаіті, урад скінуў Колюмба з яго становішча. Новы губэрнатар, Францішк Бобадільля, загадаў закаваць яго ў кайданы і выслаў у Гішпанію. Тамака па загаду караля Фердынанда і каралевы Ізабэльлі яго ўраз-жа звольнілі, шчодра абдорылі і далі яму караблі для чацьвертае падарожы (1502-1504). Тады Колюмб адкрыў контынэнт Сярэдняе Амэрыкі. Вярнуўшыся ў Гішпанію, дарэмна даходзіў Колюмб абяцаных яму гішпанскім урадам дастаенстваў і даходаў; ды ў хуткім часе памёр у Вальядолідзе (1506). Памёр ён, ня ведаючы, што адкрыў новую часьць сьвету: ён быў перакананы, што даехаў толькі да ўсходняга узьбярэжжа Індыі. Адкрытыя ім астравы назвалі Заходняй Індыяй, а жыхараў-індыянамі.

Амэрыго Вэспучы з Флёрэнцыі аб'éзьдзіў і апісаў краі, адкрытыя Колюбам; ён адкрыў і новыя Землі на паўднёвым контынэнце Новага Сьвету, і ад яго яны атрымалі агульны назоў Амэрыкі.

с) Адкрыцьці ў Амэрыцы. Новыя адкрыцьці хутка йшлі адно за адным. Вэнэцыянін Кабо з даручэньня англійскага караля Гэнрыка VІІ выплыў у Атлянтыцкі акеан і адкрыў контынэнт Паўночнае Амэрыкі, дайшоўшы да астравоў Ньюфаўнленд і Лябрадор (1497). Гэтыя часткі Амэрыкі фактычна былі ўжо адкрыты за 500 гадоў раней, бо яшчэ ў Х веку Нарманы з Ісляндыі, папаўшы ў Грэнляндыю, адтуль каля 1000 г. былі дабраліся да паўночна-заходняга узьбярэжжа Паўночнае Амэрыкі. У пазьнейшыя часы, аднак, усякія зносіны паміж Ісляндыяй і Грэнляндыяй спыніліся.

Португалец Кабраль (у 1500 г.) выпадкова адкрыў Бразылію, якая і зрабілася португальскай калёніяй. Гішпанец Бальбоа, перабраўшыся праз Панамскую шыю, адкрыў (у 1513 г.) Вялікі, або Ціхі акеан. Адплыўшы з вострава Кубы, Фердынанд Кортэц адкрыў і здабыў Мэксыку (1519). Тут істнавала пад уладаю Монтэзумы вельмі старое гаспадарства Ацтэкаў з сваёй самабытнай культурай, напамінаючай старавéчную ўсходнюю культуру. Той самы Кортэц адкрыў паўвостраў Каліфорнію. Францішк Піцарро, кіруючыся з Панамы на паўдня, заваяваў Пэру, гаспадарства народу Інкаў (1532), дзе панавала культура, падобная да мэксыканскае. Свайго конкурэнта Альмагро, які здабыў Чылі, Піцарро забіў, а пасьля і сам быў забіты ў часе бунту. Кортэц і Піцарро былі авантурыстамі, вельмі прагавітымі на золата і ўладу, і не заслужылі тае векавое славы, якая ім выпала на долю за іх адкрыцьці.

Мэксыка і Пэру былі надзвычайна багатыя золатам; аб такім багацьці эўрапейцы датуль ня мелі нават паняцьця.

d) Першую падарожу навокал сьвету зрабілі некалькі караблёў пад кіраўніцтвам португальца Магеляна, які, быўшы на службе ў гішпанскага караля Караля I (V). аб'ехаў навокал Паўднёвае Амэрыкі і дабраўся да Піліпінскіх астравоў; тамака быў ён забіты дзікунамі, але яго экіпаж, згодна з яго загадам, аб'ехаўшы ўсю Афрыку, шчасьліва вярнуўся ў Эўропу.

3. Нявольніцтва.

У гішпанскіх калёніях у Амэрыцы (Мэксіка, Сярэдняя Амэрыка, яе паўночныя і заходнія узьбярэжжы і край Ля Плята ў паўдн. Амэрыцы), хаця ў іх былі пасланы місіі, створана царкоўная арганізацыя, пабудаваны мéсты на эўрапейскі лад, адным словам-заведзены ўсé "дабрадзействы цывізацыі", былі самым няміласэрным і нягодным спосабам прыціснуты заваяваныя народы. Гэтыя народы мéлі ціхі, лагодны характар, здаволіваліся малым, былі слабыя, няздольныя да змаганьня. Гэтых добрых, слабых дарослых дзяцей каляністы прымушалі цяжка працаваць на полі і ў капальнях; для непрызвычаенага да такой цяжкой працы насяленьня гэта было чыстым катаваньнем; жорсткасьць эўрапейскіх каляністаў рабіла яшчэ цяжэйшым палажэньне туземцаў.

Зьлітаваўшыся над іхняй доляю, домініканін Ляс Казас парадзіў уладзе прывезьці ў Амэрыку дужых чарнаскурых афрыканцаў, як рабочую сілу заместа кволых амэрыканцаў. Так і зробілі. Доля туземцаў шмат палягчэла; навет з часам розьніцы паміж пераможцамі і зваяванымі ў пэўнай меры сьцéрліся; затое яшчэ цяжэйшаю зрабілася доля чорных людзей. Праз доўгія вякі ганебнае рабства пляміла навачасную эўрапэйскую цывілізацыю.

4. Значэньне адкрыцьцяў.

а) З прычыны адкрыцьця марское дарогі ў Індыю сусьветны гандаль з Усходам, які вялі шмат якія краі, ляжаўшыя пры Міжызéмным моры, асабліва Вэнэцыя, страціў сваё даўнейшае значэньне; праз гэта ізноў-жа вельмі падупалі шмат якія, цьвіўшыя да таго часу, месты Сярэдняе Эўропы, якія былі пасрэднікамі ў гандлю Усходу з Паўночаю і Заходам.

b) Заходнія краі Эўропы, што ляжаць над Акеанам - найбліжэй да новаадкрытае часьці сьвету, зрабіліся вялікімі марскімі гаспадарствамі. Асабліва Гішпанія, дзякуючы аграмадным запасам дарагіх мэталяў, якія ёй дастаўляліся з Амэрыкі, ды яшчэ дзякуючы гандлёвай палітыцы, абапéртай на прымушаньні калёніяў купляць вырабы прамысловасьці толькі ў сваёй метрополіі, без вялікага клопату сабрала вялікае багацьце і ў XVІ вéку сваёю магутнасьцю выперадзіла ўсé гаспадарствы Эўропы.

Аднак, Гішпанія і Португалія якраз з прычыны гэтак лёгка набытага багацьця ў канцы XVІ і ў ХVІІ вéку пачалі слабéць; наплыў дарагіх мэталяў ня зыходзіўся з мерай вытворчасьці краю, і насяленьне яго падупадала матэрыяльна і моральна, усé свае спадзяваньні ўскладаючы на лёгкае здабыцьцë багацьця.

І вось, побач з імі, у часьці занімаючы іх месца, вырастаюць другія вялікія гаспадарствы, заўладаўшыя марскім гандлем: Англія, Голяндыя і Францыя.

с) Багатыя капальні Мэксыкі і Пэру давалі гэтулькі золата і серабра, што вартасьць грошай у Эўропе значна памéншала. Пад той час, як даўней галоўным багацьцем была зямельная маемасьць, цяпер узрастае капіталізм, значныя запасы гатоўкі зьбіраюцца ў адных руках, расьце значэньне і ўплывы багатага купецтва.

d) З Амэрыкі былі прывезены ў Эўропу няведамыя там да таго часу прадукты, як цукер, тытун, бульба; у хуткім часе прадукты гэтыя сталіся прадметамі штадзеннага спажываньня.

е) Ураджайная зямля Новага Сьвéту заахвочавала эўрапэйцаў да эміграцыі, а вальнейшыя гаспадарственыя адносіны ў калёніях уплывалі на жыцьцë Эўропы.

f) Для навукі, асабліва для навукі аб прыродзе, адкрыліся саўсім новыя абшары для дасьледаў.