Сусьветная гісторыя (Астэрлёф, Шустэр)/Частка 3/Першы пэрыод/Рэформацыя ў Швайцарыі, Швэдзіі і Англіі
← § 4. Рэформацыя ў Нямеччыне | § 5. Рэформацыя ў Швайцарыі, Швэдзіі і Англіі Падручнік Вальдэмар Астэрлёф, Язэп Шустэр 1922 год Пераклад: Аркадзь Смоліч |
§ 6. Каталіцкі рух у пэрыадзе рэформацыі. → |
§ 5. Рэформацыя ў Швайцарыі, Швэдзіі і Англіі.
1. Ульрык Цьвінглі ў Цюрыху (ад 1519 г.). Адначасна з Лютарам зьявіўся другі рэформатар у Швайцарыі, які саўсім незалежна ад яго разьвіў падобную да ягонае дзейнасьць і дабіўся падобных-жа рэзультатаў. Быў гэта Ульрык Цьвінглі, катэдральны пробашч у Цюрыху (радз. ў 1484 г.). Як добрага сына свае Бацькаўшчыны, яго ў роўнай меры абходзілі як сьвéцкія справы, так і царкоўныя, і гэтым ён вельмі моцна розьніўся ад Лютара ў сваёй рэформатарскай дзейнасьці.
Саюзы з чужымі ўрадамі, якія грунтаваліся на тым, што швайцарскія рэспублікі прадавалі гэным урадам права вярбоўкі тут наёмных жаўнераў, Цьвінглі ўважаў за ганьбу і няшчасьце Швайцарыі. Як вайсковы прапаведнік, пазнаўшы ў часе мілянскіх паходаў распуснае і нягоднае жаўнерскае жыцьцё, ён быў перакананы, што разбэшчаныя забойствамі, рабункамі і руйнаваньнем жаўнеры, вярнуўшыся да родных хат, могуць толькі сéяць распусту і ніколі ня будуць добрымі грамадзянамі краю. Будучы пасьля прапаведнікам у Цюрыху, распачаў ён гарачую барацьбу проці падвойнае грамадзкае заганы: проці рэспубліканскіх вяльможаў, што гандлявалі людзкім мясам, і проці тых, якія прадавалі на загубу сваё цела і душу. З гэтае барацьбы выйшаў ён пераможцам, нагэтулькі прынамся, што Цюрых перастаў займацца гэным ганéбным торгам.
З гэткаю самаю ўпорлівасьцяй выступіў Цьвінглі проці злоўжываньняў у Царквé. Яшчэ перад тым, як дачуўся аб Лютары, ён дайшоў да перакананьня, што біблія ёсць адзіным жаралом хрысьціянскае веры, і адразу-ж, як распачаў сваю прапаведніцкую дзейнасьць у Цюрыху (1519), заявіў, што будзе тлумачыць слова Божае паводле сьв. пісаньня, а не паводле людзкіх мяркаваньняў. Прыгатаваўшы, як трэба, грамадзкую думку, ён у 1522 г. распачаў царкоўную рэформу і, дзякуючы таму, што яму спагадала рада места і народ, рэформу гэтую яму ўдалося правесьці хутка і без перашкодаў. Праз некалькі гадоў царква ў Цюрыху вызвалілася ад біскупаў і папы, скасавана была імша, абразы, чэсьць сьвятых і навет споведзь, якую пакінуў быў яшчэ Лютар; набажэнству быў дадзены выгляд па магчымасьці скромны і народны, манастыры скасаваны, і духоўнікам дазволена жаніцца. Побач з гэтымі рэформамі закладаліся школы, бальніцы, прытулкі для ўбогіх, і заведзена было шмат іншых навін. Усё гэта рабілася пад кіраўніцтвам Цьвінглі, які, як гаварылі аб ім жартам яго супраціўнікі, быў у Цюрыху пробашчам, бурмістрам і пісарам.
Блізка ўва ўсіх швайцарскіх краёх знайшліся прыхільнікі і насьледавальнікі Цьвінглі. У 1528 г. Цьвінглі на трохдзённай дыспуце ў Бэрне перамог супраціўнікаў і адбараніў свае думкі, пасьля чаго за ім пайшоў і гэты магутны швайцарскі кантон; сьледам за Бэрнам пайшлі Базэль, Шафгаўзэн і іншыя, так што перавага рэформацыі ў Швайцарыі была поўная.
2. Лютар і Цьвінглі ў Марбургу (1529). Здавалася-б, што Лютар павінен быў-бы радасна прывітаць швайцарскага рэформатара, як сябру па дзейнасьці. Сталося, аднак, саўсім іначай. Лютар глядзеў на Цьвінглі з зайздрасьцяй і ненавісьцяй. Нядаўна сам гэрэтык, Лютар лічыў ужо Цьвінглі за гэрэтыка-за тое, што той не прызнаваў ўсяé да апошняга слова навукі Лютара. Папраўдзе, была толькі адна значнéйшая розьніца паміж паглядамі гэтых двух рэформатараў. Цьвінглі, як чалавек з шырэйшым і больш сьветлым розумам, хаця і шанаваў павагу сьв. пісаньня, усё-ж тлумачыў некаторыя яго месцы і сымболічныя выражэньні не даслоўна, а пераносна. Лютар-жа, маючы розум шмат вузéйшы, угразшы ў манастырскім догматызьме, прыймаў усё даслоўна. Цьвінглі казаў, што сьв. комунію (прычасьце) трэба ўважаць толькі за ўспамін ахвярнае сьмерці Хрыста. Лютар-жа ўпорна даводзіў, што хлеб і віно ў комуніі зьмяняюцца на праўдзівыя цела і кроў Спаса. Пад той час, як Цьвінглі дужа паважна і дастойна выкладаў у сваіх творах свае перакананьні, Лютар абсыпаў яго градам зьняважаючых лісткоў, называючы яго "душою, праданаю чорту".[1] Ня ўсе прыхільнікі Лютара хвалілі яго за гэткія выступленьні, асабліва Піліп Гэсэнскі.
Калі пастановы Шпэйерскага сойму пачалі пагражаць бясьпечнасьці нямецкіх протэстантаў, Піліп пачаў горача дабівацца саюзу з ваяўнічымі Швайцарцамі дзеля барацьбы за супольную справу. Дзеля гэтага ён зьвёў у сябé ў Мapбургу абодвух рэформатараў, спадзяючыся, што, спаткаўшыся, яны хутчэй між сабою згаворацца. Цьвінглі адважыўся на небясьпечную падарожу і са сьлязьмі расчуленьня на вачох працягнуў руку, каб прывітаць сябра па ідэі. Але асьлеплены Лютар рукі не падаў, заяўляючы: "вы маеце іншага духа, чым мы, і калі я павінен любіць вас, то хіба толькі гэтак, як хрысьціянін ворага“.
Пасьля няўдачнага спатканьня, прыхільнікі Цьвінглі, ня шукаючы ўжо саюзу з лютаранамі, стварылі сваю ўласную Царкву, якую называюць рэформаванаю.
Швайцарскае вызнаньне пачало пранікаць у Нямеччыну і павялічыла там рэлігійны хаос.
3. Сьмерць Цьвінглі (1531). Як у Нямеччыне, гэтак сама і ў Швайцарыі рэформацыя стварыла дзьве варожыя адна аднэй партыі. Пастухі лясістых кантонаў, дзе панавалі патрыархальныя звычаі, хаця і забаранілі ў сябе таргаваць адпустамі, але аб другіх навінах у Царквé і слухаць не хацелі; да іх далучыліся спаміж большых местаў Люцэрна і Фрыбург. З роўнаю шчырасьцю адны змагаліся за рэформацыю, другія проці яе, і вельмі мала было гэткіх безстаронных людзей, як Валент Чуді, пробашч з Гляруса, які ў аднэй царквé зраньня адпраўляў імшу каталіком, а ў паўдня гаварыў казаньне ў рэформацкім духу, каб здаволіць протэстантаў. Навет Цьвінглі ўважаў, што хатняе вайны абмінуць ня ўдасца. Аднак, замест таго, каб, як гэта радзіў Цьвінглі, хутка і старанна прыгатаваўшыся да вайны, зрабіць ворагу рашучы ўдар перш, чым той агледзіцца, рэформатары здаволіліся толькі тым, што недапускалі збожжа ў каталіцкія мясцовасьці і гэтым выклікалі там голад.
Давéдзеныя да роспачы каталікі схапіліся за аружжа, напалі на Цюрых і разьбілі невялічкае войска, якое гэтае места магло выставіць. У бітве (пад Капэль) згінуў сам Цьвінглі, які, як вайсковы капэлян, быў пры войску. Другое паражэньне (пад Губэль) гэтак перапалохала рэформатаў і выклікала ў іх гэткі ўпадак духу, што яны, ня гледячы на сваю лічбавую перавагу, прынялі цяжкія варункі міру, заглушыўшага рэформацыю і даўшага повад для дамовых звадак у Швайцарыі ў працягу 300 гадоў.
Гэтыя звадкі, ўласьціва бяручы, былі змаганьнем мястовага насяленьня з вясковым і гэта ня толькі на грунце рэлігійным, але і на грамадзка-эканамічным.
4. Кальвін у Жэнéве (1536-64). Рэлігійную дзейнасьць Цьвінглія разьвіваў далей яго наступнік Булінгер. Але яго зацьміў дух больш магутны, які распачатую Цьвінгліем рэформацыю скіраваў на новыя дарогі і даў ёй сусьветнае значэньне. Пад уплывам Бэрна, Жэнéва, якая ў тым часе далучылася да швайцарскага саюзу, таксама прыняла царкоўную рэформу. У гэтым, ужо зрэформаваным, мéсьце зьявіўся прасьледаваны за веру францускі вучоны Ян Кальвін (Jean Cauvіn, радз. 1509, ў Нуайëн, у Пікардыі; пам, у 1564 г.). Ён выклікаў сэнсацыю ўжо творам, апублікаваным у Базэлі, пад назовам: "Навука хрысьціянскае веры". Гэты твор сваёю вучонасьцю і надзвычайнаю жывасьцю думкі перавысіў усё, што Лютар і Цьвінглі напісалі аб справах веры. Атрымаўшы месца прапаведніка і вучыцеля, Кальвін астаўся ў Жэнéве і, разьвіваючы там старанную рэформацыйную дзейнасьць, давёў працу сваіх папярэднікаў да апошніх граніцаў. Прастату абрадаў ён давёў да таго, што навет хрысьцільні ў царкве ўважаў за пакусу, не дапушчаў навет у драбніцах прыхарошаваньня царквы і т. п. За алтар служыў просты звычайны стол, на якім знаходзіліся толькі біблія і крыж (пазьней кальвіністы і аб крыжу сумляваліся, ці ён патрэбен тут). Увёў ён таксама новы догмат прэдэстынацыі (прадвызначэньня). Асноваю гэтага догмату было, што Бог ужо пры нараджэньні кожнага чалавека наперад дарыць яму збаўленьне, або прысуджае на вечную кару па сьмерці. Кальвін выходзіў пры гэтым з прынцыпу ўсёвéданьня Стварыцеля, але ня браў пад увагу Яго міласэрдзя.
Кальвін датарнаваў сваю рэформу ня толькі да царкоўных абрадаў, але і да ўсяго жыцьця, да самых нявінных праяваў яго. Ня толькі п'янства, шулерства, распусту, але і ўборы, урачыстыя народныя сьвяты, тэатр, сьвéцкія сьпевы, танцы ён лічыў за грэх. Кальвін прыняў за прынцып кантроль прыватнага жыцьця кожнага сябра грамады; гэты кантроль выпаўняла консысторыя, зложаная з г. зв. старэйшых, у палавіне з духоўных і ў палавіне з сьвецкіх прадстаўнікоў грамады. Наглядалі ня толькі за неморальнымі ўчынкамі, але і за ўсякімі адхіленьнямі ад устаноўленага Кальвінам офіцыяльнага кодэксу веры.
Кальвінізм хутка пашыраўся, як у Швайцарыі, таксама і за яе межамі. Некаторыя нямецкія князі, прыкл. электар Палятынату, адпалі ад лютаранства і прынялі кальвінізм. у Беларусі, Польшчы і Вэнгрыі таксама знайшлося многа прыхільнікаў кальвінізму. З усіх бакоў прыяжджалі да гасьціннага места над Леманам людзі, якіх прасьледавалі за веру, і ўсé яны варачаліся назад шчырымі прыхільнікамі кальвінізму. Такім прыхільнікам быў вагністы і фанатычны Нокс, Шкот, які, згодна з прынцыпамі жэнéўскага рэформатара, зрэформаваў царкву ў Шкоцыі (Шкотляндыі). У Англіі таксама стварылася магутная партыя пурытанаў, якія йшлі да тых самых мэтаў. Кальвінскія апосталы заходзілі і ў Нідэрлянды, адцягаючы народ у роўнай меры як ад Рыму, так і ад Вітэнбэргу.
Але найбольшую ўвагу зварачаў Кальвін на сваю бацькаўшчыну, Францыю; лятуценьнем усяго яго жыцьця было навярнуць на сваю веру Францыю. У заложанай ім у Жэневе духоўнай акадэміі вучыліся маладыя французы і жэнеўцы, каб пасьля пашыраць новае вызнаньне ў Францыі і, ня гледзячы на крывавыя прасьледаваньні, закладаць там трывалыя асновы новае царквы.
3 Жэнéвы кальвінская царква даставала законы і наказы, a жэнеўскі партыйны назоў "гугеноты"[2] зрабіўся агульна прынятым назовам францускіх рэформатаў. Жэнéва зрабілася цэнтрам вялікае эўрапэйскае рэлігійнае партыі; Яé лічылі "протэстанцкім Рымам", а я кіраўніка называлі "протэстанцкім папай".
Жэнéва ня толькі магутнасьцю сваіх уплываў старалася зраўнавацца з Рымам, але таксама і ненасытнай прагавітасьцю на ўладу і фанатызмам прававернасьці. Кальвін ня меў лагоднасьці Цьвінглія, быў упарты і нязломны, як Лютар, ды навет ня меў таé паблажлівасьці да людзкое слабасьці, якую можна было спаткаць у Лютара ў тых прыпадках, калі ня йшло аб справы веры. Кальвін быў чалавéкам панурым, замкнёным у сабе, нячулым на радасьці і бéды жыцьця. Таксама, як і Лютар, ён уважаў сябé за Божага выбранца і ня зносіў супраціўнае думкі. Хто хоць крыху не згаджаўся з яго паглядамі, мусіў пакінуць места, а як нé, дык рызыкаваў жыцьцём. Гішпанца Сэрвэта, які не хацеў прызнаваць сьв. Тройцы, лічучы гэта за многабожнасьць, Кальвін спаліў на агні, як гэрэтыка. Хвалілі яго за гэта Мэлянхтон і Булінгер, але ня мала было галасоў, якія бязумоўна ганілі гэтую інквізытарскую дзейнасьць рэформатара.
Якраз у гэты мамэнт і дзеля гэтае прычыны шмат хто прыйшоў да перакананьня, што вéліч рэформацыі ня ў тым, каб адну прымусовую веру замяніць другою, гэтак сама прымусоваю, але ў тым, каб дапусьціць дух вольнага шуканьня праўды.
Адзнакаю кальвінскае царкоўнае організацыі была яе поўная демократычнасьць. Апрача таго, кальвінізм адзначаўся ваяўнічым духам, бо Кальвін наўчаў, што прасьледаваць бязбожнасьць і ўводзіць рэформацыю ёсьць абавязак улады. Гэты демократычна - ваяўнічы настрой пры самаўладзтве выбарнае галоўнае ўлады кальвінскіх грамадаў і пры догмаце аб прэдэстынацыі ў значнай меры ўплываў на ролю, якую пасьля іграў кальвінізм у гісторыі чалавецтва. Толькі шмат пазьней кальвінізм пазбыўся свае вострасьці ды панурасьці ў жыцьцёвых справах.
У Швайцарыі кальвінізм злучыўся з цьвінгліянствам у адно рэформаванае вызнаньне.
5. Рэформа ў Скандынавіі. Разьвязаньне Кальмарскае уніі. Густаў Ваза. У той час, як кальвінізм захопліваў паўднёвы захад, лютаранства займала паўночны ўсход.
Увядзеньне рэформацыі адбылося тут у лучнасьці з вялікімі гістарычнымі пераваротамі.
Швэдзія, Данія і Норвэгія ад 1397 году, на моцы ўмовы ў Кальмары, аб якую старалася данская каралева Маргарыта, былі злучаны пад панаваньнем аднаго караля. Гэтае аб'яднаньне, ці унія, спачатку мéла мэтаю вызваленьне трох паўночных каралеўстваў ад эканамічнае залежнасьці ад Ганзы; аднак, гэтае мэты яно не дасягнула. Ва ўсіх трох краёх каралеўская ўлада значыла мала; фактычна ўлада была ў руках магнатаў і біскупаў, якія валадзелі вялікімі абшарамі і прыціскалі мястовае і вясковае насяленьне, дзеля таго знаходзіўшаеся ў цяжкім эканамічным палажэньні. Дзеля гэтага не разьвівалася і свая прамысловасьць, якая толькі хіба і магла-б вызваліць гэтыя краі ад эканамічнага панаваньня Ганзы.
З прычыны таго, што дынастыя была данская і кароль рэзыдаваў у Копэнгазе, Швэды ад самага пачатку няпрыхільна глядзелі на унію. Праз увесь 15 вéк Швэды, кіраваныя намесьнікамі землякамі, увесь час дабіваліся большае самастойнасьці і поўнае незалежнасьці, здабывалі ўсё большыя прывілеі і дабіліся ўрэшце таго, што унія зрабілася фікцыяй, а залежнасьць ад Даніі блізка саўсім счэзла.
Гэтае палажэньне зьмянілася ў 1520 годзе, калі данскі кароль Крыштын ІІ ўварваўся ў Швэдзію і сілай дабіўся ад Швэдаў, каб яго ўкаранавалі. Як толькі гэта сталася, ён загадаў пакараць сьмерцяй 90 сябраў швэдзкае Дзяржаўнае Рады - баяраў, біскупаў і мяшчан. Загадаў гэтак сама рабіць і ўва ўсім краі, спадзяючыся, што гэтым згняце дух народнае незалежнасьці. Як гэта звычайна бывае, уціск даў рэзультаты, саўсім процілежныя спадзяваньням.
Супакоіўшы, як яму здавалася, бунтаўніцкую Швэдзію, Крыштын ІІ вярнуўся ў Данію, каб там завесьці абсолютную ўладу. У Швэдзіі асталіся толькі параскіданыя па краі данскія гарнізоны. У гэтым часе сын баярына, забітага ў часе разьні ў Штокгольме, Густаў Эрыксэн, называны пасьля ад свайго гэрбу ваза, уцëкшы з данскага палону, знайшоў сабе бясьпечны прытулак у ваяўнічых жыхараў Далекарскіх гораў і падняў сярод іх паўстаньне, каб вызваліць родны край ад данскага ўладарства. Абвешчаны рэгентам, ён два гады аблягаў Штокгольм, якога заядла бараніла данскае войска. Толькі дастаўшы вестку, што Крыштына ІІ скінулі з данскага пасаду, Штокгольм здаўся; швэдзкі-ж сойм выбраў Густава за караля (1523). Густаў Ваза (1523-1560), услаўлены, як народны гэрой, заняў швэдзкі пасад; сам ён быў бедны, Швэдзія, спустошаная прасьледаваньнямі, конфіскацыямі, а пасьля паўстаньнем, ня мела ўласнага гандлю і прамысловасьці і на суліла каралю даходаў. Баярства (шляхта) вельмі зьбяднела, значнае-ж багацьце ў зéмлях і грашох аставалася толькі ў руках духавенства. Аб духавенстве-ж наагул гаварылі, слушна ці няслушна, што яно спагадала данскай уладзе і няпрыхільна глядзела на паўстаньне. З гэтага скарыстаў Густаў і пачаў распараджацца царкоўнымі маетнасьцямі, дапамагаць прыхільнікам лютаранства, а ў канцы правёў на Сойме (1527) пастанову, па якой карона забрала ўсéнькую царкоўную маемасьць, вызначаючы духавенству ўжо ад сябе толькі невялічкія даходы. Далей былі зьменены догматы і царкоўны лад у лютаранскім духу; захаваліся толькі гіэрархічныя тытулы каталіцкага духавенства (протэстанцкія супэр'інтэндэнты там і дагэтуль называюцца біскупамі, хаця бываюць жанатыя), а таксама і некаторыя вонкавыя каталіцкія абрады; зроблена было гэта дзеля заспакаеньня народу, які няпрыхільна глядзеў на ўсякія навіны і няраз яшчэ бунтаваўся. Аднак, Густаў паволі прызвычаіў народ да новага вызнаньня, энэргічна тушачы паўстаньні, ажно ў канцы сойм забараніў публічнае вызнаваньне каталіцтва.
Наагул, Густаў Ваза гаспадарыў энэргічна і разважна. Ён павялічыў заможнасьць краю, асабліва-ж падняў горную прамысловасьць, якая для Швэдзіі пры яé мінэральных багацьцях мае вельмі важнае значэньне. Мала-памалу ён вызваліў свой край ад гандлёвае залежнасьці ад Ганзы, даючы доступ у Швэдзію Нідэрляндцам. Добра наладзіў ён збройныя сілы і флёт. Урэшце, здабыў гэткую популярнасьць у народзе, што сойм пастанавіў, каб швэдзкая карона была спадчыннай у ягоным родзе.
На месца Крыштына ІІ ў Даніі выбралі за караля ягонага дзядзьку Фрыдрыка І, кн. Гольштынскага. Новы кароль нейкі час мусіў весьці барацьбу з партыяй, якая верна стаяла за Крыштына ІІ; між іншым, Крыштына любіў вясковы і мястовы народ, які ў крывавым ворагу шляхты бачыў свайго абаронцу. Аканчальная перамога Фрыдрыка была галоўным чынам перамогаю баярства; данскі-ж народ трапіў пад яшчэ горшы уціск, чым быў уперад. Фрыдрык І прызнаў Густава шведзкім каралём і падпісаў з ім саюз. Норвэгія асталася ў Уніі з Даніяй.
Фрыдрык I данскі быў лютаранінам і дзеля таго правёў у сойме пастанову, якою давалася вольнасьць вызнаньня прадстаўніком новае царквы. Баючыся рэформацыі, каталіцкае духавенства і паны пасьля сьмерці Фрыдрыка І не хацелі выбіраць ягонага сына Крыштына. Настала даўгое безкаралеўе, у часе якога узгарэлася паўстаньне мяшчан у Копэнгазе, а таксама вясковага люду; паўстаньні гэтыя падтрымлівала Ганза. З прычыны грознага палажэньня паны згодзіліся, каб каралём быў Крыштын III (1524-1539). Крыштын даўгі час аблягаў Копэнгагу і ўрэшце яе здабыў. Вайна скончылася мірам у Любэку, паводле якога Ганза страціла ўвесь свой палітычны ўплыў на скандынаўскія гаспадарствы.
Надыйшоў час рэформацыі і ў Даніі. На сойме (1536) была прынята пастанова, што толькі навука Лютара ёсьць пануючай у Даніі. Царкоўныя маêтнасьці падзялілі папалове між сабой карона і баярства. Гэтак сама была праведзена рэформацыя і ў Норвэгіі, а пасьля даўгога адпору-і ў Ісляндыі. Як у Швэдзіі, гэтак сама і ў іншых краёх забаронена вызнаваць каталіцтва.
Эканамічная і гандлёвая сувязь з Ганзаю адгэтуль замянілася рэлігійнаю лучнасьцяй скандынаўскіх гаспадарстваў з протэстанцкаю Нямеччынаю.
6. Пачатак рэформацыі ў Англіі (1534) за часоў Гэнрыка VІІІ (1509-1547) і Эдварда VІ (1547-1553).
Бацькаўшчына Віклефа, як і Швэдзія, адарвалася ад Рыму ня гэтулькі з перакананьня, сколькі дзеля вытварыўшыхся абставінаў і волі монархаў.
Наступнікам закладчыка дынастыі Тюдораў, Гэнрыка VІІ, быў ягоны сын Гэнрык VІІІ (1509-1547). Быў гэта монарх дэспотычны, жорсткі, а ў хатніх справах-проста Сінябароды з казак. Каб здаволіць свае капрысы, ён заўсёды быў гатоў ахвяраваць самыя важныя інтарэсы народу, над якім панаваў; найменшае супраціўленьне яго волі лічыў найвялікшым злачынствам, за якое ня было даволі цяжкое кары. Здаваласа яму, што ён вялікі тэолёг, і затым у часе першых выступаў Лютара ён выдаў свой ліст проці рэформацыі, за што дастаў ад папы тытул "абаронцы веры".
Але гэтая прыязьнь з папай трывала нядоўга. Жаніўшыся 20 гадоў назад з Кацярынаю Арагонскаю, сястрою маткі Караля V, ён упадабаў сабе маладую прыдворную даму Ганну Боляйн (Boleyn) і патаёмна з ёю ажаніўся; аднак, ён хацеў, каб яго шлюб быў офіцыяльна прызнаны, бо ад першае жаны меў толькі дачку, а ад другое спадзяваўся мéць наступніка кароны. Вéрным слугою Гэнрыка VІІІ быў арцыбіскуп Йорку, Тамаш Уольсэй (Wolsey), які, будучы ад самага пачатку ягонага панаваньня дагэтуль канцлерам, вельмі добра кіраваў усім гаспадарствам. Вось-жа Уольсэю кароль даручыў дабіцца для яго ў Рыме разводу з Кацярынаю, апіраючыся на тым, што шлюб з ёю, як удавою па браце, быў адразу-ж няважны, хаця тады і быў дазвол папы на гэта. Ня гледзячы на усé стараньні, Уольсэй нічога не дабіўся, бо Клéмэнс VІІ ня мог прызнаць дазволу свайго папярэдніка за няважны. Ашуканы ў надзеях, Гэнрык VІІІ ўвесь свой гнеў выліў на Уольсэя: скінуў яго з канцлерскага становішча і пасадзіў у вастрог, дзе той, прыгнечаны гэтаю каралеўскаю няласкаю, у хуткім часе памёр. Гэнрык-жа пастанавіў ня толькі паставіць на сваім, але і памсьціцца на Рыме.
Крывавыя войны "дзьвюх рожаў" давялі да руіны шмат якія панскія роды. Сьмяротныя кары, бітвы і конфіскацыі маéтнасьцей працярэбілі рады магутнае арыстократыі. Зьбяднела і мяшчанства. Адзіным станам, які за той час узбагацеў яшчэ больш, было вышэйшае духавенства, чаго вельмі зайздросьцілі яму прадстаўнікі іншых станаў. Пасьля крывавых змаганьняў, усé жадалі міру; гэты мір забясьпечавала моцная каралеўская ўлада. Дзеля гэтага, пры Гэнрыках VІІ і VІІІ парлямэнт іграў пасыўную ролю і быў гэтым здаволены. Уольсэй зьбіраў парлямэнт дужа рэдка. Цяпер-жа Гэнрык VІІІ, узяўшы ўладу ў свае ўласныя рукі, пачаў яго склікаць што год і пры яго помачы "уладзіў" царкоўную справу.
Перад усім парлямэнт абвесьціў Гэнрыка VІІІ галавою Царквы ў Англіі і даў яму права разьвязаваць усе царкоўныя справы ў краі, ня зносячыся з Рымам. Навет вышэйшае духавенства ня вельмі ўпіралася проці гэтае рэформы, бо баялася ўтраціць свае маéтнасьці. Далей парлямэнт пастанавіў скасаваць усялякія выплаты Рыму. Пасьля гэтага новы прымас, Тамаш Кранмэр, на жаданьне караля, згодзіўся разглядзець на сваім судзе справу шлюбу караля з Кацярынаю і прызнаў гэны шлюб няважным. Гэнрык-жа публічна абвесьціў свой шлюб з Ганнаю Боляйн. Калі папа ўсёж прызнаў першы шлюб за важны, парлямэнт пастанавіў, што кароль ёсьць адзінным на зямлі, найвышэйшым галавою англійскае царквы, і загадаў, каб усé, пад страхам цяжкое кары, давалі прысягу, што прызнаюць гэтую ўладу караля над царквой (1534). Клемэнсу VІІ нічога больш не аставалася, як праклясьці Гэнрыка VІІІ; ён гэта і зрабіў.
Разыходзячыся з Рымам, Гэнрык VІІІ мéў на мэце толькі ўласныя інтарэсы і жаданьне памсьціцца. Дабіўшыся свайго, ён ані думаў праводзіць рэформу царквы ў протэстанцкім духу. Англійская царква мелася быць саўсім незалежнаю ад Рыму, а паза гэтым у-ва ўсім аставалася каталіцкай. Нялёгка было ўтрымацца на гэткім сярэднім становішчы паміж каталіцтвам і протэстанцтвам, тым больш, што з аднаго боку пашыралася перанесенае з контынэнту протэстанцтва, з другога-рымска-каталіцкая партыя была яшчэ даволі дужая.
Дзеля гэтага Гэнрых VІІІ роўна прасьледаваў як протэстантаў, так і рымскіх каталікоў, ды гэтым яшчэ больш узмацняў абедзьве гэтыя партыі. Ад часу да часу Гэнрык VІІІ перахіляўся то ў адзін, то ў другі бок, а бывала гэта звычайна тады, калі гэты кароль-Сінябароды надумаваўся ўзяць сабе новую жонку.
Калі ў Ганны Боляйн радзілася дачка-Альжбета, парлямэнт, на жаданьне караля, прызнаў яе права на наступніцтва пасаду, хаця такое-ж права адняў у дачкі Кацярынінае, Марыі. На гэта не згаджаліся рымскія каталікі, і гэтага было даволі, каб іх прасьледаваць; тады пагіб і вядомы англійскі пісьменьнік, Морус, аўтар "Утопіі". Аднак, Ганна Гэнрыку хутка надакучыла. Вось, ён сьведама фальшыва абвінаваціў яе ў вераломстве і загадаў адсячы ей галаву. Зара пасьля гэтага ён жэніцца з прыдворнаю дамаю Ганны — Іоаннаю Сэймур. У апошняе радзіўся гэтак жаданы Гэнрыкам сын; але Іоанна памерла.
Згодна з радаю Тамаша Кромвэля, галоўнага кіраўніка царкоўных справаў, Гэнрык скасаваў манастыры і захапіў вялізарныя іх маéтнасьці. З гэтага фундушу ён шчодра абдарыў сваіх улюбéнцаў, даючы ім вялікія двары ды назначаючы лёрдамі. Для баярства, ведама, гэта было вялікаю прынадаю, каб падтрымліваць "рэформацыю". Вось-жа і ў Англіі пачалі зьніштажаць абразы і рэліквіі, уводзіць навіны ў царкоўнай навуцы і ў абрадах; стаў пашырацца англійскі пераклад бібліі.
Не згаджаўся з гэтым, аднак, вясковы народ. Масавыя разрухі ў паўночнай Англіі кароль, праўда, здушыў, аднак пры гэтым заявіў, што ня хоча ніякае гэрэзіі, і загадаў парлямэнту прыняць 6 артыкулаў, названых "крывавымі“, бо кожны выступ проці іх караўся сьмерцяю. Гэтымі артыкуламі былі: транссубстанцыя, імша, споведзь, комунія ў аднэй пастаці, важнасьць манашства, цэлібат духоўных.
Кромвэль, прыхільнік протэстантаў, стрывожаны "артыкуламі", высватаў Гэнрыку клівійскую князёўну Ганну, каб гэтым зблізіць яго з нямецкімі протэстантамі. Але каралю новая жонка не спадабалася, і ён разьвёўся з ёю; Кромвэля-ж загадаў пакараць сьмерцяй. Пасьля гэтага ён ажаніўся з Кацярынаю Говард, з каталіцкае сям'і, варожа настроенай да ўсякіх далейшых рэформаў. Аднак, цераз год ён і яе абвінаваціў у нявернасьці і загадаў забіць; новая-ж жонка Гэнрыка Парр ізноў спагадала протэстантам. Праз усé гэтыя жаніцьбы Гэнрык увесь час хіліўся то ў адзін бок, то у другі, крывава прасьледуючы то адну, то другую веру. І вельмі дзіўна выглядае, што гэты люты і самавольны тыран заўсёды меў падтрыманьне ў парлямэнце, ды навет быў популярным у краі!
Гэнрык VІІІ тэстамэнтам адпісаў карону ўсім сваім дзéцям: і сыну, і Марыі, і ўрэшце Альжбеце.
Эдвард VІ мéў тады дзесяць гадоў; гаспадарствам кіравала рэгенцыя, на чале якое стаялі лëрды, ня цікавіўшыяся рэлігійнымі справамі, але ласыя на царкоўныя маетнасьці. Малады-ж кароль, без пары дасьпéлы, быў з перакананьня прыхільнікам протэстанцтва; дзеля таго ў інтарэсе апякуноў", увесь час змагаўшыхся між сабой і засуджаўшых адзін аднаго на сьмерць, было падтрымліваць пагляды караля, злучаючы гэта, вéдама, з уласнай карысьцяй. Дык касаваліся манастыры, брацтвы і царкоўныя таварыствы, а іхнія маетнасьці дзялілі паміж сабой лëрды; у цэрквах замест імшы заведзена было набажэнства ў англійскай мове, падобнае да протэстанцкага.
Эдвард VІ быў вельмі кволы і памёр ужо на 16-м годзе жыцьця. Дзеля свае протэстанцкае шчырасьці, ён не хацеў пакідаць пасьля сябе карону гэткай выразнай каталічцы, якою была ягоная сястра Марыя. Вось-жа, паслухаўшы намовы свайго апошняга радніка, князя Нортумбэрленд, ён перад сьмерцяй сам без парлямэнту адказаў карону гарачай протэстантцы, Іоанне Грэй, сваячцы Тюдораў[3], якая была замужам за сынам Нортумбэрленда. Але ледзь толькі Эдвард VІ памёр, як блізу ўвесь народ пайшоў за Марыяю проці зьненавіджанага баярска-протэстанцкага гаспадараньня.
7. Паварот да каталіцтва; узмацаваньне рэформацыі ў Англіі і англіканская царква. Кн. Нортумбэрленд быў змушаны ў уласным лагеры абвесьціць каралеваю Марыю Тюдор, але, ня гледзячы на гэта, быў арыштаваны і пакараны сьмерцяй. Таксама былі пазбаўлены жыцьця няшчасная прэтэндэнтка Іоанна Грэй і яе муж. Марыя ўзяла ўладу, абяцуючы, што захавае рэлігійную толеранцыю. Аднак, свайго абяцаньня яна не дадзержыла. Узгадаваная ў ненавісьці да протэстанцтва, яна гарэла жаданьнем помсты за ўцісканае ў Англіі каталіцтва і павароту для даўнейшага блеску панаваньня. Пляны яé сталі для ўсіх яснымі, калі яна, толькі што прызнаная за каралеву, ужо вышла замуж за найгоршага ворага рэформацыі, Піліпа ІІ, караля Гішпаніі, валадара Нідэрляндаў, Нэаполю, Амэрыкі і інш. Адразу пачаліся крывавыя прасьледаваньні прыхільнікаў і вызнаўцаў рэформацыі. Узгарэліся нязьлічаныя вогнішчы, на якіх палілі супраціўнікаў каталіцтва; у тым ліку быў спалены і Тамаш Кранмэр.
Але якраз гэтае крывавае хрышчэньне найбольш дапамагло разьвіцьцю рэформацыі, а ненавісьць да "крывавае каралевы" дайшла найбольшае сілы тады, калі яна самавольна ўблутала Англію ў вайну, якую Піліп ІІ вёў проці Францыі, і калі ў рэзультаце яé Англія страціла апошняе сваё валаданьне на контынэнце - Калé. Толькі сьмерць каралевы стрымала агульнае паўстаньне.
Сястра Марыі, Альжбета (1558-1603), дагэтуль трыманая як-бы ў вязьніцы, узяўшы ўладу, аднавіла рэформацыю. Яна прыняла протэстанцкія догматы, але кінула каталіцкую царкоўную гіэрархію і шмат даўнейшых абрадаў; зрабіла яна гэта, каб прыхіліць да сябе каталікоў, учасьці-ж затым, што сама любіла пышнасьць рымскага набажэнства. Гэтак паўстала англіканскае вызнаньне.
Але шмат протэстантаў не згаджалася на ўведзены Альжбетаю царкоўны лад, асабліва тыя, што, уцякаючы ад прасьледаваньняў за часоў Марыі, былі ў Жэнéве і там праняліся кальвінствам. Залежнасьць англіканскага духавенства ад біскупаў, якія даставалі загады ад кароны, а таксама цэрэмоніял у абрадах, абразы і г. д.-усё гэта яны лічылі грэшнаю астачаю, "папізму", ад якога стараліся ачысьціць царкву; за тое іх назвалі "пурытанамі". Дзеля таго-ж, што яны, згодна з дэмократычнымі прынцыпамі, хацелі, каб духоўная ўлада была ў руках прэзьбітэраў,-значыцца, выбарных старэйшых сябраў царкоўнае грамады, - дык іх называлі прэзьбітэрыянамі.
Альжбета прымушала ўсіх духоўных, каб сьцісла пілнаваліся яé наказаў, і з пурытанамі абходзілася шмат сражэй, чым з каталікамі. Пурытане-ж адпраўлялі свой кальвінскі культ, хаваючыся ў лясох ды іншых сховах, а крапчэўшае прасьледаваньне (Альжбета навет зорганізавала царкоўную інквізыцыю) толькі дапамагала разьвіцьцю кальвінства[4].
Арыгінал: | Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш. Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў. |
---|---|
Пераклад: | Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш. Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў. |
- ↑ § 4. Рэформацыя ў Нямеччыне (Лютар і рэформацыя).
- ↑ Eygenot, Eugentot, Hugenot - гэта былі розныя ступені перакручаньня швайцарска-нямецкага слова "Eіdgenoss" (саюзьнік, прысяжны таварыш), якое адносілася да тых жэнеўцаў, што хацелі далучэньня да Швайцарскага Саюзу, тады як супраціўная партыя хацела злучыцца з блізкаю па крыві Сабаўдыяй.
- ↑ Дом Тюдораў.
Гэнрык VІІ - † 1509
Гэнрык VІІІ † 1547
1. Марыя,
дачка Кацярыны, кн.
Apaгoнскae,
† 1558
2. Альжбета,
дачка Ганны
Боляйн,
† 1603
3. Эдвард VІ,
сын Іоанны
Сеймур
† 1553
Маргарыта,
жонка Якуба
ІV, караля
Шкотляндыі
|
Якуб V
|
Марыя Стюарт
|
Якуб І (VІ),
кароль Вялікае Брытаніі
† 1625
Марыя, жонка кн. Суфольк
|
Францішка,
жонка Гэнрыка Грэя
|Іоанна Грэй.
- ↑ § 7 Піліп ІІ; Нідэрлянды і Альжбета Англійская.