Перайсці да зместу

Сусьветная гісторыя (Астэрлёф, Шустэр)/Частка 3/Першы пэрыод/Рэформацыя ў Нямеччыне

З пляцоўкі Вікікрыніцы
§ 3. Расцьвет мастацтва і навукі ў XVI сталецьці § 4. Рэформацыя ў Нямеччыне
Падручнік
Вальдэмар Астэрлёф, Язэп Шустэр
1922 год
Пераклад: Аркадзь Смоліч
§ 5. Рэформацыя ў Швайцарыі, Швэдзіі і Англіі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПЕ́РШЫ ПЕРЫАД.

====

РЭФОРМАЦЫЯ І РЭЛІГІЙНЫЯ ВОЙНЫ.

§4. Рэформацыя у Няме́ччыне.

1. Рэйхлін і кельнскія профэсары (1510—1520). Сумны стан Царквы знаходзіўся ў рэзкім контрасьце з характэрным для ўсяе эпохі юнацкім імкненьнем да дзела. Але, ня гледзячы на свой унутраны расклад, Царква ўсё-ж мела яшчэ сілы, каб задушыць бунтарскі дух новых часоў, які выступіў на змаганьне з старым ладам. Так, прыкладам, профэсары Кельнскага Унівэрсітэту, у большасьці дамінікане, дайшлі да дзікае думкі, што трэба спаліць усе гэбрайскія кнігі, як гэрэтыцкія, за выняткам толькі бібліі ў гэтай мове. Калі вялікі прыхільнік гэбрайшчыны, гуманіст Рэйхлін (гл. § 3) ад імя навукі горача запротэставаў проці такога барбарства, дамінікане абвесьцілі яго гэрэтыкам і спалілі ўсе яго творы. Рэйхлін падаў у суд на дамініканаў, але справу прайграў; папа прысудзіў яго да вечнага маўчаньня (г. зн. спыне́ньня літэратурнае дзейнасьці) і аплаты судовых коштаў. Інтэлігенцыя ўсіх краёў стала на абарону Рэйхліна і выступіла проці кéльнскіх інквізытараў. Гурток гуманістаў у гэтым самым месьце, якім кіраваў Ульрых фон-Гутэн, рыцар і вялікі прыхільнік гуманізму і волі, літэратар і полеміст, крыху мо’ задзіра, апублікаваў уложаныя ім «Лісты цёмных людзей» (Epіstolae obscurorum vіrorum). Лісты гэтыя дужа спрытна наслядуюць барбарскую лаціну, выяўляюць някультурнасьць манахаў, высьмейваюць іхнюю бязьмéжную дурноту. Аж закіпе́ла ў царкоўнай партыі! Але яшчэ не пасьпелі супакоіцца думкі ад гэтае спрэчкі, як пачалася новая спрэчка, шмат важнейшая, вынікі якое ўскалыхнулі ўвесь сьвет.

2. Юлі II і Лявон X. Найбліжэйшыя наступнікі папы Аляксандра VІ былі людзі з выдатнымі здольнасьцямі, якія, праўда, можа больш адпавядалі-б сьвецкім манархам, чым духоўным правадыром вялікае царквы. Разумны і магутны Юлі II то заклікае ў Рым Міке́ль-Анджэлё і Рафаэля, каб прыхарошыць «вечнае места» пышнымі будоўлямі і творамі мастацтва, то сам ідзе на вайну, аблягае і бурыць месты. Гэты папа браў учасьце ўва ўсіх эўрапэйскіх звадках. Яго наступнік Лявон X (1513—1521), сын Лаўрэна Мэдычы, таксама стаўся вéдамым, як прыяцель мастацтва і навукі. Гэта па яго даручэньню Рафаэль намаляваў найлепшыя свае творы, а нязьлічоныя поэты і вучоныя шанавалі яго, як свайго вялікадушнага протэктара.

3. Тэзы Лютара проці адпустаў (31 кастрычніка 1517 г.). Каб пакрыць кошты будаваньня касьцёлу Сьв. Пётры ў Рыме, ўжо папа Юлі II ўстанавіў спэцыяльны водпуст, а Лявон Х загадаў абвесьціць яго ў Нямеччыне. Нічога ня было новага ў тым, што, даючы водпуст, зьбіралі ахвяры на хрысьціянскія мэты: якраз незадоўга перад тым для атрыманьня водпусту трэ’ было плаціць ахвяру на вайну з туркамі.

Водпуст «за ахвяру» з даўных часоў мéў шмат праціўнікаў навет паміж духавенствам: бо было вéдама, што на гэткі водпуст народ углядаўся, як на адпушчэньне грахоў за грошы — без усялякае скрухі і пакуты, якіх вымагае Царква. Царкоўная ўлада разсылала па краю, дзе быў абвешчаны водпуст, манахаў, звычайна з жабрацкіх ордэраў, якія ўмелі прамаўляць да народу. Манахі гэныя гаварылі казаньні, заклікаючы да складаньня ахвяраў на тую ці другую мэту. Адзін з такіх манахаў, Ян Тэцэль, зьявіўся ў гэтым часе ў Вітэнбэрг. Быў ён лішне ўжо рупны і, каб больш сабраць ахвяраў, не паўстыдаўся іграць ролю кірмашовага шарлятана, які выхваляе свой тавар. Гэта выклікала ў месьце агульнае абурэньне. Магчыма, што не адзін Тэцэль рабіў гэтак сама; рабілі гэтак і другія і тады, і даўней. Але ў той час тлелі ўжо іскры рэлігійнага бунту, ды ўжо ня толькі сярод аднае інтэлігенцыі. Чым для інтэлігенцыі быў гуманізм, тым для народных масаў былі яшчэ не затухшыя гусіцкія ўплывы. Ня гле́дзячы на агульнае абурэньне, гэты факт астаўся-б без рэзультатаў у Вітэнбэргу, як аставаўся ў іншых мясцох, калі-б не знайшоўся там адважны чалавек, які публічна запротэставаў проці злоўжываньня.

У той час быў звычай у профэсароў унівэрсітэту, што, хочучы нéшта публічна выказаць, — прыкл. сумляваньні ў якой-небудзь навуковай справе, — выклікалі сваіх вучоных сябраў на дыспуту, прыбіваючы да царкоўных дзьвярэй адпаведную абвестку з паказаньнем сваіх паглядаў. Гэтак зрабіў у Вітэнбэргу і профэсар тамтэйшага унівэрсітэту, манах-аўгустыньянін, Марцін Лютар. Ён прыбіў да царкоўных дзьвярэй паперу з 95-ма тэзісамі, у якіх пісаў, што адпушчэньне грахоў залежыць толькі ад Бога, што ў даным выпадку водпуст можа аднасіцца толькі да царкоўных караў, і што папа, калі-б вéдаў аб ганéбным злоўжываньні ягонага імя, хутчэй разбурыў-бы ўвесь гмах, пасьвячоны сьв. Пётры, чым дазволіў на гэткую агіду.

У хуткім часе 95 тэзісаў, перапісаныя і надрукаваныя, абляцелі ўсю Нямéччыну, будзячы ўсюды зацікаўленьне аўторам і паднятай ім справай.

4. Марцін Лютар (1483-1546). Марцін Лютар радзіўся ў мястэчку Эйслебен і быў сынам селяніна, які працаваў у капальні. Бацька, хоць і быў бéдны, пасылаў яго да школы ў Эйзэнаху і Магдэбургу; вучыўся там ён ледзь жывы ад голаду. Крыху пазьней матэрыяльнае палажэньне бацькі палепшала, і Лютар змог паступіць студэнтам у вышэйшую школу у Эрфурце. Але неспадзяваная сьмерць прыяцеля і ўдар пяруна, які ледзь-ледзь не пазбавіў яго жыцьця, падбілі лютара зрабіцца манахам, і ён паступіў у аўгустыньянскі манастыр у Эрфурце, Тамака яму давялося перажыць цяжкое духоўнае змаганьне. Цяжкія пакутныя практыкаваньні, якія ён адбываў, не здаволівалі яго; ён пачуваў сябе засуджаным праз Бога грэшнікам, ажно пакуль не знайшоў сабе пацехі ў бібліі. Пад уплывам чытаньня бібліі ў яго стварылася перакананьне, што толькі вера можа збавіць, а пасты, пакута ды іншыя добрыя ўчынкі ня маюць ніякага значэньня. Назначаны профэсарам філёзофіі і тэолёгіі ў Вітэнбэргу (1508 г.), ён у сваіх лекцыях і казаньнях даводзіў, што чалавек нічога сам ня можа зрабіць для свайго збаўленьня, што только вера можа збавіць чалавека.

Дык выступленьне Лютара проці адпустаў было натуральным вынікам яго паглядаў.

У Вітэнбэргу Лютар быў асобаю вельмі ўплывоваю і популярнаю. Да яго прыхільна адносіўся курфюрст Саксонскі; сярод профэсароў займаў ён найважнейшае становішча, яго казаньні прыцягавалі масы слухачоў. Як сын свайго народу, умеў Лютар прамаўляць да яго моцна, ясна і вобразна. Умéу ён нягорш і пісаць.

Выступаючы проці адпустаў, Лютар зусім ня думаў аб далёка йдучых рэформах у Царкве. У той час, як дамінікане ўжо вінавацілі яго ў гэрэзіі, а пад'юджаны імі папа грозна клікаў яго ў Рым, Лютар стаяў яшчэ на прававерным становішчы. Але не сьпяшаўся ён выбірацца ў дарогу да "вечнага места", бо было ведама, што маглі значыць такія запросіны Апостальскае Сталіцы: сьмерць на агні, або ў найлепшым прыпадку дажывотняя вязьніца ў скляпох якога-небудзь манастыра чакалі манаха, западозранага ў гэрэзіі. Дзякуючы заступніцтву саксонскага курфюрста Фрыдрыка Разумнага, царкоўная ўлада дазволіла Лютару вытлумачыцца на месцы перад кардыналам Каетанам, легатам папскае сталіцы, які жыў у Аўгсбургу. Гэтаму італьянцу здавалася, што ён лёгка дасьць раду з "бзікаватым манахам" сваім грозным выглядам і рэзкім прыказам: адракайся". Але ён памыліўся. Лютар не адрокся, а толькі ўцёк у Вітэнбэрг, дзе пачуваў сябе бесьпячней. Легат патрэбаваў, каб яму выдалі непакорнага манаха. Цьвёрдая адмова саксонскага курфюрста прымусіла апостальскую сталіцу пайсьці на ўступкі: ад Лютара патрэбавалі толькі маўчаньня, што ён і абяцаўся, — аднак, з тэй умовай, што змоўкнуць таксама і ягоныя праціўнікі.

Вось-жа, калі доктар Эк, адзін з найвялікшых вучоных тэолёгічна-схолястычнага тыпу і найвыдатнейшы дыалектык свайго часу, напаў на яго навуку, стаўляючы свае тэзісы, Лютар гэты вызаў прыняў і абязаўся пайсьці на дыспуту, як гэта было ў звычаі паміж тагачаснымі вучонымі. Дыскусія адбылася ў Лейпцыгу ў прысутнасьці вялікага ліку слухачоў. Доктар Эк даводзіў, што папства ўстанавіў сам Хрыстус; Лютар-жа казаў, што яно паўстала шмат пазьней. На такі адказ Лютара д-р Эк прыпомніў, што за гэтакую навуку Гуса прысудзілі на сьмерць. Лютар адказаў, што Гус навучаў шмат чаго зусім слушнага, і што праўда Сьв. Пісаньня стаіць вышэй за пастановы папаў і сабораў.

Такой заявай Лютар ужо адкрыта ўдарыў Царкву, бо калі ўжо ня папы, дык прынамся саборы лічыліся непамыльнымі. Тэмпэрамэнт Лютара завёў яго далей, чым ён уперад маніўся йсьці; а д-р Эк дайшоў мэты сваёй дыспуты.

5. Спаленьне папскае бульлі (1520). Узрадаваны гэткаю ўдачаю д-р Эк паехаў у Рым і дабіўся праклёну для „новага гусыта". Тады Лютар, спадзяючыся на пратэкцыю курфюрста і здабытую ўжо шырокую популярнасьць у народзе, выступіў зусім адкрыта жывым словам і пісаньнем проці ўсіх грахоў царквы. Добра яму дапамагаў Ульрык фон-Гутэн (гл. вышэй), разсылаючы па ўсёй Нямеччыне лятучыя лісты, якія абкідалі балотам папства і заклікалі нямéцкі народ да паўстаньня проці Царквы. Прыяцель Гутэна, магутны рыцар Зікінген, і іншыя баяры (шляхта) прапанавалі вітэнбэрскаму манаху абарону ў сваіх замках. Лютар-жа разаслаў па сьвеце лятучы ліст пад назовам "Ліст да нямецкае шляхты", ў якім заклікаў князёў, баяраў і месты да барацьбы з "антыхрыстам", як ён называу папу за праціўленьне грунтоўным рэформам ў царкве. Саксонскі Курфюрст усё яшчэ апекаваўся мілым сэрцу яго збунтаваным манахам. Гэтая апéка ўрэшце памагла Лютару наважыцца спаліць бульлю, у якой напісаны быў на яго праклён папы; зробіў ён гэта публічна, у прысутнасьці многіх профэсароў і студэнтаў.

6. Кароль V. Імпэратар Максыміліян памёр у 1519 г. Пасьля колькігадовае ажыўлёнае выбарнае кампаніі, калі ўжо здавалася, што імпэратарам будзе падтрымліваны папай Лявонам Х францускі кароль Францішк І, курфюрсты выбралі ўрэшце наймагутнейшага манарха таго часу, унука Максыміліянавага-Караля V. Кароль V (радзіўся ў 1500 г.) дастаў у спадчыне па сваім дзеду, Фэрдынандзе Каталіцкім, Гішпанію з вялізарнымі прыслухаючымі ёй абшарамі за морам, а таксама і ў Эўропе (каралеўства Абедзьвюх Сыцылій). Па дзеду-ж Максыміліяне ён валадзеў краямі Габсбургаў: Аўстрыяй, Нідэрляндамі і Франш-Контэ.

Кароль V, з прыроды і ўзгадаваньня прыхільнік монархічнага абсолютызму і рэлігійнае прававернасьці, мог у Гішпаніі даваць волю сваім імкненьням, але ў Нямеччыне гэта было шмат цяжэй.

У 1521 г. Кароль V абвесьціў свой першы нямецкі сойм у Вормсе. На гэтым сойме Кароль аддаў кіраваньне нямецкімі габсбургскімі землямі свайму брату Фердынанду.

Найважнейшай і найпільнейшай справаю была справа царкоўная, а ў ёй на першы плян высунулася герэтыцкае выступленьне Лютара.

7. Лютар на сойме ў Вормсе (1521 г.). Лічучыся з магутнай протэкцыяй, якая бараніла асобу Лютара, рымская курыя пачувалася бязсільнаю ў адносінах да галавы рэлігійнага бунту, дык аддала справу гэрэзіі Лютара ў рукі імпэратара. Маладому імпэратару, прызвычаенаму да гішпанскіх звычаяў, можа і ўсьмяхалася думка ілюмінаваньня дня прыняцьця ўлады ў Нямеччыне спаленьнем гэрэтыка; але пагражаўшая яму вайна з Францішкам І і нарастаўшая з кожным днём сіла прыхільнікаў Лютара прымушалі яго быць умяркаваным, ня гледзячы на дамаганьні папы, каб яўны гэрэтык быў адданы на сьмерць бяз суда, на моцы вэрдыкту царквы. Князі, настроеныя прыхільна да Лютара, былі вельмі нездаволены цяжкімі абавязкамі, якія накладала на іх залежнасьць ад Рыму, адносіліся няпрыхільна да імпэратарскае ўлады, ды мéлі нейкую туманную надзею, што на справе Лютара нешта можна будзе выйграць. Вось, яны і запротэставалі проці прысуду, пакуль ня выслухаюць абвінавачанага. Згодна з іх дамаганьнямі, імпэратар выдаў Лютару «зялезны ліст», каб той мог, не баючыся, зьявіцца на сойм. Некаторыя прыяцелі Лютара прабавалі адгаварыць яго ад небясьпечнае падарожы, прыпамінаючы яму долю Гуса; але адважнага рэформатара гэтыя страхі не спалохалі. Ен верыў у сваю праўду, а такжа ў тых людзей, якія яго баранілі.

Прыехаўшы на сойм, Лютар першы дзень ня меў яшчэ досіць адвагі і самапэўнасьці; ён навет прасіў, каб яму далі час для развагі. Але на другі дзень ягоная нясьмéласьць ужо саўсім счээла; адважна і спрытна бараніў ён свае пагляды. Аднак, яго прамову спынілі і запатрабавалі кароткага адказу на пытаньне: ці адракаецца ён ад гэрэзіі, якую выявіў словам і пісаньнем, ці не? Адказ Лютара быў нязвычайна сьмéлы і канчаўся славамі: "Не хачу і не магу ад нічога адрачыся. Інакш не магу, стаю на гэтым, і няхай мне Бог дапамагае".

Уражэньне ад прамовы Лютара было разнароднае. Фрыдрык Разумны і гэсэнскі ляндграф Піліп былі захоплены яго адвагаю; Кароль жа сказаў, што гэты чалавек не патрапіў-бы зрабіць з яго гэрэтыка. Аднак, абяцаньне сваё не пасягаць на свабоду Лютара імпэратар споўніў, хаця шмат хто быў проці гэтага. Толькі пасьля выезду Лютара быў выданы эдыкт, які абвяшчаў яго гэрэтыкам і загадаваў лавіць яго, каб аддаць у рукі суда; тое самае датычылася і прыхільнікаў навукі Лютара; апроч таго было забаронена друкаваць кніжкі без царкоўнае цэнзуры. Але Лютар ужо быў у бясьпечнасьці. У дарозе, як ён вяртаўся з Вормсу, яго схапілі пераапранутыя і замаскаваныя коньнікі і завезьлі ў самотны замак Вартбург. Зроблена гэта было па загаду саксонскага курфюрста, які хацеў абараніць Лютара, ды баяўся адкрыта выступіць проці імпэратара.

У адзіноцтве, у старасьвецкім замку, пабудаваным на пакрытай лесам гары, распачаў Лютар вялікую справу-пераклад Бібліі на нямецкую мову. Ніхто ня ведаў, дзе знаходзіцца Лютар; думалі-б, што ён памёр, калі-б не агністыя яго лісты, якія час ад часу абягалі сьвет, пашыраючы ўсюдых пажар царкоўнага бунту.

8. Зьніштажэньне абразоў у Вітэнбэргу (1522). Рух, распачаты Лютарам, у часе яго укрываньня пайшоў шмат далей, чым таго хацеў і спадзяваўся галава нямецкае рэформацыі. Гэтак, прыкл., у Вітэнбэргу прыхільнікі новае навукі, на чале якіх стаяў проф. Карльштадт, чалавек дужа гарачы, бурылі цэрквы, выганялі духаўнікоў, адпраўляўшых набажэнства, і зьніштажалі сьвятыя абразы, алтары і конфэсіяналы.

У той самы час зьявіліся дзіўныя лятуценьнікі, ткачы з горнага мястэчка Цьвікаў, якія хваліліся, быццам чулі голас Божы і быццам голас гэты кажа пазабіваць усіх духаўнікоў і бязбожнікаў. Між іншым, яны адкідалі хрышчэньне дзяцей, прапаведуючы хрышчэньне дарослых (як дарослага Хрыста хрысьціў сьв. Ян). За гэта іх называлі анабаптыстамі. Гэтыя сэктанты лічылі, што яны выбраны Богам, каб стварыць Царства Божае на зямлі, каб ня было больш бедных і багатых, духаўнікоў, валадароў, вучоных і навет школаў, бо сам дух прасьвячае веручых. Гарачнасьць Карльштадта і недарэчнасьці цьвікаўскіх сэктантаў, якія ўжо пачалі зачыняць школы, будзілі сумляваньне навет у найбольшых прыхільнікаў Лютара. Даведаўшыся аб усім гэтым, Лютар, ня гледзячы на перасьцярогі курфюрста, пакінуў свой бясьпечны прытулак і пасьпяшыў у Вітэнбэрг. Тамака сілаю свайго слова і характару ён ізноў зрабіў парадак і йзноў узяў у свае рукі кіраўніцтва рухам.

9. Зікінген і Гутэн (1523). Тое, што выкляты манах мог адважыцца на публічнае выступленьне ў Вітэнбэргу, ды бязкарна быць вучыцелем і прапаведнікам, найляпей паказуе, якую сілу і пашыранасьць мелі яго ідэі. Здавалася, што ўвесь народ з ненавісьцяй адварочуецца ад Рыму. "Там, дзе зьбяруцца трое, ёсьць прынамся двое лютаран",-казаў адзін з нямецкіх пралатаў. Усюдых выступалі духаўнікі дый сьвецкія людзі, якія абвяшчалі народу новую веру; куды-ж не дайшлі прапаведнікі, там іх работу рабіла друкаванае слова, сіла якога тады выявілася першы раз. Манахі ды манашкі кідалі манастыры, духаўнікі жаніліся, ўсякі паслух папе і біскупам счэз. Частка князёў, усьлед за Фрыдрыкам Разумным, не рабіла перашкод руху. Іншыя-ж, асабліва духоўныя князі, рабілі па прыкладу імпэратара, які ў сваіх краёх агнём і мячом зьніштажаў непажаданы рух. Але гвалты толькі будзілі ў супраціўнай стараны жаданьне помсты. Нязмораны Ульрык фон-Гутэн плянаваў агульны пераварот, які расчысьціў-бы дарогу "эвангельлю" ды разам з тым скасаваў-бы абсолютнае панаваньне князёў, незалежнае ад імпэратарскае ўлады, і вярнуу-бы Нямеччыне адзінства,-праўда, ў духу фэодальным. У сваіх плянах ён разьлічаў на ніжэйшую шляхту (баярства), якая ня любіла князёў. Ня любіла, праўда, за тое, што князі жорстка каралі яé за разбоі на гасьцінцах ды за канчаньне спрэчак між сабою ўзаемнымі нападамі і забойствамі, што яны называлі "баярскай вольнасьцяй". За адпаведнага правадыра для ўсіх нездаволеных Ульрык лічыў свайго прыяцеля Францішка фон-Зікінгена, які, будучы ваяводаю наёмных войскаў, меў гэткую сілу, багацьце і павагу, што яго лічылі за наймагутнейшага чалавека ў Нямеччыне.

І праўда, Зікінген распачаў змаганьне, нападаючы на Трырскага духоўнага курфюрста. Але суседнія князі далі апошняму помач. Зікінген быў прымушаны ўступіць перад сілаю і памер, баронячы свае замкі, якія не маглі ўтрымацца супраць варожых гарматаў. Ульрык, знайшоўшы сабе прытулак у Швайцарыі, таксама хутка памёр.

10. Сялянская вайна (1525) і анабаптысты ў Мюнстэры (1534). Баярскае паўстаньне было толькі забаўкай, раўнуючы да паўстаньня сялянскага люду, які ў той час быў немагчыма прыгнечаны арыстократыяй і духавенствам. Сяляне былі пераважна людзьмі нявольнымі, былі ўласьнасьцю, якую можна было прадаваць разам з зямлёю. Падданы разам з сваімі дзяцьмі заўсёды мусіў быць на услугах у свайго пана, як толькі той гэтага зажадае. Селянін працаваў пры будове панскага замку, хаця б яго ўласная хата развалівалася; упярод вырабляў панскую зямлю, а тады толькі мог думаць аб працы на сваім загоне. Палову тыдня, калі ня больш, аддаваў ён на „паншчыну". Паводле тагачасных законаў, пасьля сьмерці селяніна спадчына па ім даставалася не яго сям'і, але пану. Звычайна-ж бывала так, што пан адбіраў ад удавы і сірот памéршага падданага толькі адну, найлепшую штуку з скаціны.

Мала што ляпей жылося тым сялянам, якія мелі асабістую волю. Іхняя маéтнасьць была абложана немагчымымі падаткамі і абавязкамі. Усе наложаныя на іх рыцарамі ў часы фэодальныя падаткі яны плацілі і далей, ды навет пры новых парадках падаткі яшчэ пабольшалі. Апрача таго, селянін павінен быў плаціць духавенству "вялікую дзесяціну" ад збожжа і "малую дзесяціну" ад рэшты зямных пладоў і штук жывога інвэнтара. Далей, ён плаціў пануючаму удзельнаму князю ўзрастаўшыя што раз болей падаткі на утрыманьне яго двара і на войны, якія князь вёў. Селянін павінен быў цярпліва глядзець, як зьвярына глуміць яго засéвы, а паляваць ня мог, бо на гэта мелі права толькі паны; калі селянін забіваў алéня, дзіка, ці сарну, дык яго каралі блізка так сама, як за забойства чалавека. У судзе селянін бадай ніколі ня бачыў праўды. Амаль не штадня здаралася, што баяры гвалтам рабілі вольных сялян сваімі падданымі. Войны і рыцарскія звадкі, якія бязупынна пустошылі нямецкія краі, найбольш крывава адбіваліся на згорбленых сялянскіх сьпінах. У нормальныя гады большасьць сялян мела гэтулькі дабра, колькі трэба было, каб толькі не памерці з голаду; у часе войнаў і неўраджаяў выміралі цэлыя сялянскія грамады. Дык нічога дзіўнога, што прадстаўнікі клясы, гэтак страшэнна прыгнечанае, разумелі хрысьціянскую вольнасьць, аб якой казаў Лютар, ня толькі ў рэлігійным значэньні; што яны ў перакладзенай Лютарам на нямецкую мову бібліі шукалі месцаў, якія сулілі зьмену іхняга цяжкога палажэньня.

Ужо і раней у некаторых ваколіцах здараліся сялянскія бунты, называныя "Bundschuh" (саюз чаравікаў) ад сымболічнага чаравіка; бо селянін хадзіў у чаравіках, а рыцар у ботах. Цяпер "Bundschuh" пашырыўся усюдых. У канцы 1524 г. узгарэлася адкрытае паўстаньне ў Шварцвальдзе і каля Бодэнскага возера. Правадыры руху вылажылі мэты паўстаньня ў 12 артыкулах, у якіх былі зьмешчаны дамаганьні вольнае пропаведзі эвангельля і вольнага выбару духаўнікоў, скасаваньня прыгону, законаў аб спадчыне і "Малое дзесяціны", зьменшаньня падаткаў і абмежаваньня паншчыны, вольнага паляваньня, рыбалоўства і карыстаньня з лясоў. Як маланка пашырыліся "артыкулы" па нямецкіх краёх: у Швабіі, Франконіі, Тюрынгіі і Саксоніі, над Рэйнам і ў Альпах зьбіраліся сяляне і вымагалі ад паноў прыняцьця гэтых артыкулаў".

Здавалася ўжо, што паўстаньне будзе ўдачным для сялянства. Ужо навет мéсты далучыліся да руху, навет некаторыя рыцары прыймалі ў ім учасьце, абыймаючы каманду над сялянскімі дружынамі. Такім сялянскім правадыром быў адважны Гец ф. Бэрліхінген "з жалезнаю рукою", швагра Зікінгена. Ён арганізаваў у Гэйльброне новы ўрад; тамака-ж, пад кіраўніцтвам Вэндля Гіпля, чалавека асьвечанага, былі апрацаваны новыя законы для Нямеччыны, і каліб гэныя законы ўмацаваліся, дык Нямéччына мéла-б трывалыя і пэўныя асновы для расцьвету.

Нажаль, большасьць паўстанцаў не паслухала сваіх лепшых правадыроў, якія радзілі ім памяркоўнасьць. Тут, то там лютасьць, зразумелая ў нявольнікаў, якія рвуць вязаўшыя іх вякамі путы, выявілася ў крывавых падзеях. Асабліва шалела паўстаньне ў Тюрынгіі, дзе на чале разьюшаных народных масаў стаяў анабаптыст Тамаш Мюнцэр; ён прарочыў, што царства божае" настане тады, як згінуць усе магутныя грэшнікі гэтага сьвету.

І вось Лютар, ядыны чалавек, які мог-бы стрымаць узварушаныя элемэнты, кіруючы рух на спакайнейшыя шляхі, падтрымліваючы ў ім добрыя зачаткі соцыяльнае рэарганізацыі, а выкідаючы анархічныя дамéшкі,-аказаўся ў гэтым страшным, але нязвычайна важным мамэнце чалавекам маладушным, абаронцам магутных і здраднікам справы тых самых народных масаў, якіх дагэтуль быў прадстаўніком і якія гэтак яму верылі. Праўда, на пачатку паўстаньня ён прызнаў жаданьні паўстанцаў справядлівымі і навет намаўляў князёў, каб гэныя жаданьні прынялі. Але, калі агонь, распалены яго-ж уласнай навукаю, разгараўся ў усё большы і большы пажар, асабліва, калі яму сталі закідаць віну ў крывавых падзéях, ён, замест таго, каб супакойваць і паступаць разважна, даў вопю свайму раздражненьню і закранутаму самалюбству. У лісьце "Проці разбояў і душагубаў" ён радзіў уладзе, забіваць бунтаўнікоў, як шалёных сабак. Гэты ўчынак Лютара будзе вечнай плямай на яго дзейнасьці. Рады лютара ахвотна паслухаліся тыя, для каго былі напісаны. Ян Саксонскі, наступнік Фрыдрыка Разумнага, і гэсэнскі ляндграф Піліп вырушылі з вялікім, добра вымуштраваным войскам проці бязладна сабраных натоўпаў, далі генеральную бітву пад Франкенгаўзэнам і пэўне-ж "дайшлі бліскучае перамогі". Мюнцэра захапілі ў палон і аддалі на лютую сьмерць; наагул, зьдзéкаваліся над пабітымі ворагамі, не зважаючы на законы божыя і людзкія.

Адначасна паўстанцы былі разьбіты і ў іншых мясцох. У Альзасе Лётарынгскі князь хітрасьцю ўзяў у палон і выразаў да аднаго 1700 паўстанцаў, ламаючы зробленую з імі ўмову, якой сам забясьпечаваў ім жыцьцё. У Швабіі і ў Франконіі войскі швабскага саюзу перамаглі паўстанцаў і зьнішчылі іх да званьня. Цэлымі тысячамі сьляпілі, вéшалі, садзілі на кол, калесавалі, палілі; доля-ж рэшты сялянства ня толькі не палепшала, а навет шмат дзе і шмат у чым пагоршала.

Праз дзевяць гадоў пасьля гэтых выпадкаў анабаптысты ізноў паднялі бунт. Гэта было ў Вэстфаліі, у Мюнстэры. Правадыром тамака быў кравец Ян з Лейдэну, які сьледам за Мюнцэрам абвяшчаў прыход "Царства Божага" на зямлю і пацягнуў за сабою большасьць насяленьня Ён абвесьціў сябе каралём і ўстанавіў для "сваіх падданых" новую грамадзянскую арганізацыю, ў якой галоўнае месца займала супольная ўласнасьць і многажэнства.

Імпэратарскае войска аблягло места. Грамадзяне распачліва бараніліся, але ў канцы былі прымушаны пакарыцца. Ізноў паліліся рэкі крыві, пачаліся страшэнныя гвалты.

Такі сумны канец мелі спробы прыгнечанага люду разам з царкоўнай рэформай дабіцца і паляпшэньня свайго зямнога быту.

11. Арганізацыя і пашырэньне рэформацыі. Здавалася на мамэнт, што лютарскі царкоўны рух, які ўважалі за прычыну разрухаў, утоне ў хвалях сялянскае вайны. У Паўднёвай Нямеччыне жаўнеры швабскага саюзу рабілі формальныя аблавы на прыхільнікаў Лютара і вешалі іх гуртам на прыдарожных дрэвах. Але курфюрст Ян астаўся верным прыхільнікам і протэктарам рэформацкага руху. Пад яго апекаю Лютар шчасьліва правёў царкоўную рэформу ў Саксоніі. Ягоным верным памоцнікам у гэтай справе быў Піліп Мэлянхтон, вітэнбэрскі профэсар. Гэты сур'ёзны вучоны-гуманіст быў чалавекам зраўнаважаным і спакойным, з крытычным розумам, адным словам, мéў усé тыя рысы, якіх не хватала Лютару, а якія былі канечна патрэбныя для закладзінаў новае рэлігіі і новае царкоўнае арганізацыі. Вось-жа гэтыя два чалавекі, як самі яны казалі, "зрэформавалі царкву", значыцца, аднавілі ў ёй быццам той парадак, які, на іх думку, істнаваў у першыя вякі хрысьціянства. Апіраючыся на эвангельле і сьв. Паўлу, яны лічылі міласэрдзе Божае за адзіны варунак збаўленьня і адкідалі багамольныя падарожы, пасты, манашства, не прызнавалі нябеснага заступніцтва Дзéвы Марыі і сьвятых. Імшу, якую царква ўважала за паўтарэньне ахвяры Хрыста, яны замянілі толькі комуніяй (прычасьцем), завялі ў набажэнстве родную мову замест лаціны і асаблівае значэньне далі казаньню, як навучаньню народу, і царкоўным сьпевам. Скасавалі манастыры, іх маетнасьці ўжылі дзеля заснаваньня вясковых парахвіяў, школ і дабрачынных установаў; духавенству дазволілі жаніцца. Сам Лютар, скінуўшы манашскую вопратку, ажаніўся з быўшай манашкаю Кацярынаю Бора і жыў прыкладным сямейным жыцьцём. Разам з панаваньнем папы скончылася і ўлада біскупаў: яна перайшла да пануючага галавы гаспадарства.

Навуку сваю рэформатары грунтавалі, ці прынамся ім здавалася, што яны грунтуюць, выключна на Сьв. Пісьмé. Вось-жа зроблены лютарам пераклад Бібліі, папраўдзе дужа добры, стаўся галоўнаю асноваю рэформацыі, пашыраючы новую навуку сярод найшырэйшых масаў грамадзянства. Біблію аб'ясьнялі і практычна дапаўнялі чысьленыя рэлігійныя і пэдагогічныя творы Лютара. Мэлянхтон пісаў навуковыя творы, у якіх бараніў справу рэформацыі.

Царкоўная рэформа не абмежылася Саксоніяй, але пашыралася і прыймалася ўва ўсéй Нямеччыне. Найляпей прыймалася новая вера там, дзе мéла значэньне воля насяленьня, як, прыкл., у вольных мястох; нямала, аднак, і князёў прыймала яе спагадна, хаця тут вялікую роль іграла магчымасьць захапіць царкоўныя маêтнасьці і атрымаць галоўную духоўную ўладу ў гаспадарстве. Найвыдатнейшым спаміж князёў, прыхільных да рэформацыі, быў малады гэсэнскі ляндграф Піліп. Як прыняцьце новае веры злучалася часамі з асабістымі інтарэсамі, паказуе ўчынак вялікага містра ордэру нямецкіх рыцараў у Прусах, Альбрэхта Гогэнцолерна. Ён скасаваў свой ордэр і, выявіўшы пакорнасьць польскаму каралю, захапіў землі ордэру і зрабіў з іх спадчыннае князьства сваёй дынастыі пад найвышняю ўладаю польскае кароны (1525).

12. Французы і Швайцарцы ў Італіі (1494-1515). З прычыны палітычнага раздрабленьня і ўзаемнае нязгоды паміж маленькімі гаспадарствамі, а такжа з прычыны ўнутраных сварак і звадак, Італія з сваёй бязьмерна высокай культурай прадстаўляла ласы кусок для суседніх народаў і гаспадарстваў, ды сталася прычынай нязгоды паміж імі.

Ужо Францускі кароль Кароль VІІІ, сын Людвіка ХІ, захапіў Нэаполь; яго наступнік, Людвік XІІ, быў прымушаны аддаць гэты край каралю гішпанскаму Фердынанду Каталіцкаму, але затое прысабéчыў Мілян, тлумачучы, што праз сваю бабку, з дому Вісконті, ён зьяўляецца праўным насьледнікам гэтага роду. Пышная Вэнэцыя чуць не сталася ахвяраю магутнага саюзу, завязанага ў Камбрэ між імпэратарам Максыміліянам, Людвікам XІІ, гішпанскім Фэрдынандам і папай Юліем ІІ дзеля зьніштажэньня гэтае рэспублікі. Але папа хутка пашкадаваў свайго ўчынку, выйшаў з саюзу і ўсéй сваей далейшай дзейнасьцю стараўся выперці з Італіі "барбараў", як ён называў Французаў. Дзеля гэтае мэты ён прыцягнуў сабé да помачы найлепшых ваякаў таго часу, Швайцарцаў, якіх многа заклікаў у Італію і сформаваў з іх наёмныя войскі. Швайцарцы разьбілі Французаў пад Навараю і выперлі іх з Лёмбардыі. Аднак-жа наступнік Людвіка, малады, прагавіты на рыцарскую славу, Францішк I праз два гады ізноў перайшоў з магутным войскам цераз Альпы. Частку Швайцарцаў, што стаялі ў Лёмбардыі, ён абяцанкамі падбіў кінуць службу, а рэшту, дзякуючы перавазе сваіх сілаў і помачы вэнэцыянцаў, разьбіў у двухдзённай бітве пад Марыньяно (1515). Уладаньне Мілянам, здавалася, было ўжо для Французаў забясьпечана, бо грошы і пачэсныя варункі міру зусім здаволілі Швайцарцаў, якія хутка забыліся аб няўдачы пад Марыньяно і прысталі на мір і саюз з Францыяй.

13. Францішк І і Кароль V. Туркі пад Вéнай. Але Францішк І знайшоў вéльмі небясьпечнага конкурэнта ў асобе Караля V, пры якім імпэрыя яшчэ раз уваскросла ў даўнейшым блеску. Ад часоў Караля Вялікага сьвет ня бачыў гэткага абшырнага і магутнага гаспадарства, як гаспадарства Караля V; гаварылі, што сонца ў гэтым гаспадарстве ніколі не заходзіць, бо, схіляючыся да захаду ў Эўропе, яно ўсходзіла ў Амэрыцы. Але Караля V не здаволівала валаданьне ўсімі гэтымі вялізарнымі абшарамі. Захацеў ён вярнуць нямецка-рымскай імпэратарскай кароне яе даўнейшую, прызабытую славу. Дзеля гэтае мэты ён, насьлядуючы Гогэнштаўфаў, стараўся пашырыць і ўзмацаваць сваё панаваньне ў Італіі. Ен выступіў з дамаганьнем Лёмбардыі, якая ўваходзіла даўней у склад нямецка-рымскае імпэрыі. Францішк І, аднак, не хацеў зрачыся заваяванае зямлі, і з гэтае прычыны закіпела вайна, якая трывала 23 гады з трыма кароткімі перарывамі, сéючы ў Італіі сьмерць і зьніштажэньне.

Францішк І ў бітве пад Павіяй (1525) папаў у палон. Прывезены ў Мадрыт, ён быў прымушаны ня толькі зрачыся Лёмбардыі, але яшчэ і аддаць Каралю V князьства Бургундзкае, якога той дамагаўся, як патомак Караля Адважнага. Аднак, як толькі Францішк І апынуўся на волі, ён ізноў распачаў вайну, знайшоўшы саюзьніка ў асобе папы. Дзеля гэтага нямецкія і гішпанскія войскі Караля V рушылі на Рым, абляглі яго і здабылі штурмам. Папа Клемэнс VІІ схаваўся ў замку Сьв. Анёла; адтуль ён бачыў, як лілася кроў бязьвінных людзей і як чужынцы рабавалі "вечнае места", сам церпючы пры гэтым наруганьні і ад сваіх наёмных жаўнераў, пранікнутых протэстанцкім духам. Наагул, Немцы і Гішпанцы адзначыліся ў Рыме не ляпéй і ня горай, як нéкалісь Вандалы і Готы. Наступленьнем на Рым кіраваў Коннэтабль дэ-Бурбон, француз, васаль і сваяк францускае дынастыі: ён, аднак, быў забіты першымі стрэламі пры здабыцьці места.

У прававерна-каталіцкай Гішпаніі абрабаваньне Апостальскае Сталіцы і адносіны войскаў да намесьніка Хрыста зрабілі гэткае цяжкое ўражаньне, што Кароль V быў прымушаны адпірацца ад таго, што зроблена было па яго загаду. Імпэратарскае наёмнае войска, астаўшыся без энэргічнага ваяводы, здэморалізаванае рабункамі ў Рыме, значна аслабела. Папа патаëмна перабраўся да ворагаў імпэратара, а Францішк І ізноў выслаў у Італію вялікія сілы, якія без перашкоды дайшлі аж да Нэаполю (1528); аднак, з прычыны пашырыўшаеся сярод іх пошасьці яны павінны былі вярнуцца дамоў, нічога не зрабіўшы. Папа Клемэнс VІІ скарыўся перад Каралём V на даволі мягкіх умовах. У хуткім часе імпэратар і Францішк І зрабілі ў Камбрэ г. зв. дамскі мір (уложаны маткаю францускага караля і цёткаю імпэратара, зьехаўшыміся асабіста). Францішк І ізноў зрокся Італіі, а Кароль V — Бургундыі. Нéкалькі гадоў у Італіі панаваў мір пры поўнай перавазе імпэратара.

Пасьля канца вайны Кароль V прыехаў у Італію, дзе яго Клемэнс VІІ урачыста ўкаранаваў. Гэта была апошняя імпэратарская каранацыя ў Італіі.

Каля таго часу Габсбургі значна пашырылі сваё ўладаньне на ўсходзе. У 1526 г., змагаючася з Туркамі, быў забіты ў бітве пад Магачом кароль Вэнгрыі і Чэхіі, Людвік ІІ Ягелён, пасьля чаго абодвы гэтыя краі абабралі за караля Фэрдынанда, брата Караля V. У Чэхіі Фэрдынанда выбралі бяз супярэчак, як мужа Ганны Ягелёнкі; у Вэнгрыі-ж толькі адна партыя галасавала за яго, а большасьць абвесьціла каралём Яна Заполія. Выгнаны з Вэнгрыі, Заполія скіраваўся ў Турэччыну, якая ў той час, пад панаваньнем Солімана Вялікапышнага, дайшла найвялікшае магутнасьці. Паслухаўшы намовы Заполія, Соліман заняў Вэнгрыю, спустошыў спадчынныя аўстрыйскія землі і аблёг Вéну (1529). З прычыны цьвёрдага адпору Соліман быў прымушаны адыйсьці спад Вéны, нічога не дайшоўшы. Але Фэрдынанду дасталася толькі невялікая частка Вэнгрыі: у большай часьці панаваў, як кароль, Ян Заполія, саюзьнік Туркаў. Гэтыя справы на нейкі час адцягнулі ўвагу Караля V ад унутраных спраў у Нямеччыне.

14. Шпэйерскі протэст. Аўгсбурская заява. Шмалькальдэнскі саюз і рэлігійны мір у Нюрнбэргу (1529-1532). На сойме у Шпэйеры, пры адсутнасьці імпэратара, каталіцкія князі, на чале якіх стаяў брат імпэратара Фэрдынанд, ізноў засудзілі Лютара на баніцыю, забараняючы далейшае шырэньне рэформацыі. Але за гэтыя некалькі гадоў зрабіліся ўжо вялікія зьмены. Вызнаўцы і прыхільнікі навукі Лютара з курфюрстам Янам і гэсэнскім ляндграфам на чале выступілі з урачыстым протэстам проці соймавых пастановаў, пры чым не прызнавалі права сойму разьвязаваць рэлігійныя справы большасьцю галасоў. Ад часу гэтага протэсту прадстаўнікоў новага вызнаньня называюць протэстантамі. На чарговым сойме ў Аўгсбургу, які адбываўся ў прысутнасьці імпэратара, протэстанты падалі заяву, зрэдагаваную Мэлянхтонам як мага лагодна і ясна, думаючы гэтак дайсьці ўзаемнае згоды. Заява гэта называецца аўгсбурскай. Але імпэратар саўсім не разумеў магутнасьці протэстанцкага руху: ён бачыў у ім толькі сэкту адшчапенцаў і пагражаў самымі жорсткімі карамі. Тады галоўныя прадстаўнікі протэстанцтва сабраліся ў мястэчку Шмалькальдэн, у Тюрынгіі, і, чакаючы вайны, завязалі зачэпна-адпорны саюз дзеля абороны свае веры. Дзеля таго, аднак, што турэцкая небясьпека рабілася ўсё гразьнейшаю, Кароль V згадзіўся на замірэньне з протэстантамі і абяцаўся, што, пакуль не зьбярэцца сабор, нікога ня будзе прасьледаваць за веру.

15. Войны Караля V. а) У Вэнгрыі. Туркі, умацаваўшыся ў Вэнгрыі, былі немалою пагрозаю для Аўстрыі. Затым-жа Кароль V, атрымаўшы за рэлігійнае замірэньне дазвол імпэрыі на вайну з Туркамі, пасьпяшыўся з войскам у Вэнгрыю. Гэроічная абарона малога замку Кешэн дала імпэратару час сьцягнуць вялікія вайсковыя сілы, і султан быў прымушаны адступіцца. Але імпэратарскія войскі не даганялі Туркаў, бо Кароль сьпяшаўся ў Гішпанію, дзе Туркі ўжо моцна білі Гішпанцаў.

b) У Альгéры і Тунісе. Адважны турэцкі корсар Хайрэдын, пабудаваўшы вялізарны флёт, перахопліваў хрысьціянскія караблі і рабаваў гішпанскія ўзьбярэжжы. Галоўным прыпынкам яго быў Альгéр, але корсары стараліся ўмацавацца і ў іншых выгодных мясцовасьцях на паўночна-афрыканскіх узьбярэжжах. Вось-жа, калі яны такім парадкам захапілі Туніс, Кароль V вырушыў проці іх з вялікім флётам, разьбіў іх на моры, звольніў тысячы нявольнікаў, завёў новую ўладу ў Тунісе і пасадзіў там сталы гішпанскі гарнізон (1535).

c) Трэцяя вайна з Францішкам І. Ледзь Кароль V закончыў афрыканскую справу, а ўжо мусіў весьці двухгадовую вайну з заўзятым сваім ворагам, Францішкам I (1536-1538), які зьнячэўку ўварваўся ў Сабаўдыю. Гэтым разам Кароль V вёў вайну ў самай Францыі; аднак, з прычыны нястачы éжы ён быў прымушаны адступіць назад, бо францускія войскі адыходзячы пустошылі свой уласны край. А Францішк І тымчасам зрабіў адкрыты саюз з султанам і злучыў свой флёт з турэцкім. Барацьба двух супраціўнікаў ішла далей у Італіі, Нідэрляндах і пад Пірэнэямі і закончылася замірэньнем у Ніццы на 10 гадоў; абедзьве староны аставаліся кожная пры сваім, і між імі навет устанавіліся даволі добрыя адносіны.

d) Барацьба з Туркамі. У 1541 г. ў Вэнгрыі пасьля сьмерці Заполія ўзьняліся новыя труднасьці. Уся сярэдняя Венгрыя папала пад турэцкае панаваньне і аставалася пад ім паўтара вéку. У тым самым годзе Каралю V вельмі не пашэнціла ў Альгеры: бура зьніштожыла ўвесь ягоны флёт, з якім ён вырушыў проці турэцкіх корсараў.

e) Апошняя вайна Францішка І з Каралём V (1542—1544). Францішк I ўвесь час вёў перагаворы з нямецкімі лютаранскімі князямі і з Туркамі. Злучаны францускі і турэцкі флëт захапіў Ніццу. Змаганьне йшло ў Нідэрляндах і ў Вэнгрыі, дзе Соліман заня Острыгом і іншыя крэпасьці. А Кароль V, дайшоўшы згоды з часткаю протэстантаў і зрабіўшы ізноў саюз з Гэнрыкам VIII англійскім, адначасна з ім увайшоў у Францыю і пранік да глыбіні Шампані. Вайна закончылася мірам у Крэспі, які быў апошнім у гісторыі барацьбы двух валадароў Захаду. Таксама, як і ў Камбрэ, Кароль V зрокся Бургундыі, а Францішк I -сваіх дамаганьняў Неаполя і Міляна. Апроч таго, абодва дакляравалі адзін аднаму ўзаемную помач у змаганьні з гэрэтыкамі і з раздваеньнем хрысьціянства; у гэтым асаблівыя надзеі ускладаліся на сабор, які ўжо склікаў папа. Францускія паслы адначасна дабіліся ад султана новага замірэньня для Фэрдынанда, які ўсё-ж павінен быў пад відам падарункаў плаціць султану дань з свае часткі Вэнгрыі.

16. Шмалькальдзкая вайна (1546-1548). Войны з Францыяй і Турэччынай гэтак занялі ўвагу Караля V, што ён ня мог і думаць аб энэргічнай дзейнасьці ў унутраных справах Нямеччыны. З протэстантамі ён абхадзіўся вельмі асьцярожна і разважна.

Рэформацыя моцна йшла ўперад. Спаміж выдатнейшых сьвецкіх валадароў астаўся верны каталіцкай веры толькі імпэратарскі брат Фердынанд; навет некаторыя духоўныя валадары прынялі протэстанцтва. Але мір у Крэспі і замірэньне з Турэччынай разьвязалі імпэратару рукі для дзейнасьці ў Нямеччыне. Навет ён лічыў, што царкоўная рэформа патрэбна; толькі ён хацеў, каб гэтаю рэформаю заняўся сабор, якім ён спадзяваўся кіраваць па сваёй волі разам з папаю.

На жаданьне імпэратара папа склікаў царкоўны сабор у Трыдэнце (1545-1563). Імпэратар запатрабаваў, каб протэстанты прынялі ўчасьце ў працы сабору і напярод прызналі пастановы, якія сабор зробіць. Але было ўжо позна. Рэформацыя ўжо залішне глыбака загнязьдзілася ў сэрцах, каб яе прадстаўнікі маглі згадзіцца на пастановы такога сaбору, аб якім наперад было ведама, што ён будзе паслухмяны папе і імпэратару, які ў сваіх спадчынных краëх неміласэрна прасьледаваў усякае адступніцтва ад каталіцтва. Протэстанты зажадалі, каб Кароль V забясьпечыў ім мір, незалежна ад таго, якія пастановы будуць прыняты ў Трыдэнце. Ані адна, ані другая старана ня йшлі на ўступкі: абедзьве былі гатовы да вайны. У канцы імпэратар аб'явіў вайну протэстантам, накладаючы баніцыю на Яна Фрыдрыка Саксонскага і Піліпа Гэсэнскага, як на вераломных бунтаўнікоў. Протэстанты, аднак, хутчэй сабраліся на бой, чым імпэратар, якому трэба было сьцягаваць войскі з Італіі і Hідэрляндаў. Протэстанцкія войскі напалі на Ратызбону, дзе якраз знаходзіўся імпэратар. Кароль V апынуўся-б ў трудным палажэньні, калі-б сярод протэстантаў была згода. Гэтага якраз ня было; дарагі час, калі трэба было рабіць, марнавалі яны на непатрэбныя нарады і споркі. Раптам разыйшлася вестка, што малады саксонскі князь Морыц[1] уварваўся ў край свайго сваяка Яна Фрыдрыха Саксонскага. Морыц, хоць быў протэстантам, але патаемна змовіўся з імпэратарам, каб коштам Яна Фрыдрыка павялічыць свае валаданьні. Войскі протэстантаў разсыпаліся, бо князі сьпяшаліся дамоў бараніць свае маéтнасьці; пэўне-ж не адзін з іх успомніў аб якім-небудзь сваяку, які мог-бы зрабіць таксама, як зрабіў Морыц. З рэштаю протэстанцкага войска Імпэратар лёгка даў сабé раду. Наўперад пайшоў ён на паўднёвыя вольныя месты, але тыя без барацьбы аддаліся на ягоную ласку і няласку. Тады ён рушыў проці Саксоніі, войска курфюрста разьбіў, а яго самога ўзяў у палон пад Мюльбэргам, над Эльбаю, і, як пераможца, увайшоў у Вітэнбэрг. Там загадаў ён, каб паказалі яму магілу Лютара, які памёр якраз на пачатку шмалькальдзкае вайны (1546). Калі галоўны ваявода яго войскаў, фанатычны гішпанец, парадзіў яму спаліць косьці вялікага гэрэтыка, ён, аднак, адказаў: "Вяду вайну з жывымі, а не з нябожчыкамі".

3 курфюрстам-жа, згодна з сваёй абяцанкаю, паступіў якнайсражэй. Даўгі час гразіў яму карай сьмерці, прысудзіў урэшце дажывотні вастрог і аддаў большую частку ягоных зямель разам з тытулам курфюрста здрадніку Морыцу. Гэсэнскі ляндграф ня бачыў іншага выхаду, як, слухаючыся рады Морыца (той быў яго зяцем), кінуцца ў ногі імпэратару, просячы выбачэньня. Валаданьні свае ён выратаваў, але сам разам з Янам Фрыдрыкам Саксонскім мусіў, як нявольнік, éзьдзіць з імпэратарам усюдых, куды-б той ні выбіраўся; пасьля-ж няўдачнае спробы ўцячы, з ім абходзіліся блізка так, як з звычайным злачынцам.

17. Кароль V ў адносінах да папства і імпэрыі. Аўгсбурскае іnterіm. Расправіўшыся з протэстантамі, Кароль V пачуў сябе гэткім дужым, што надумаўся ўзяць царкоўную рэформу ў свае рукі, каб разьвязаць яé згодна з сваімі пaглядамі і інтарэсамі свае дынастыі. Тагачасны папа Паўла ІІІ пачаў баяцца, каб лішні ўзрост імпэратарскае ўлады ня зьмéншыў значэньня і ўплываў папства. Дзеля таго ён даручыў перанесьці сабор з Трыдэнту у Болëнію, што вельмі абурыла імпэратара, бо значна аслабляла яго ўплывы. Вось-жа Кароль V забараніў гішпанскім, нямецкім і нэаполітанскім біскупам выяжджаць з Трыдэнту. А калі апроч таго паўсталі споркі з папай аб італьянскія справы, імпэратар пастанавіў сваей уладай завясьці часова лад у царкоўных адносінах у Нямеччыне. На сойме ў Аўгсбургу (1548) ён абвесьціў г. зв. іnterіm, значыцца, часовае ўладжаньне рэлігійных адносін, якое ўлажылі назначаныя Каралём V каталіцкія і протэстанцкія тэолёгі, і загадаў выпаўняць яго ў-ва ўсіх прыслухаючых імпэрыі гаспадарствах. Пастановы, зробленыя соймам пад прынукай, выклікалі абурэньне сярод протэстантаў, ды не здаволілі і каталікоў. Але ніхто не адважаўся голасна запротэставаць, a тым больш выступіць аружна: усë дрыжэла перад магутнасьцяй імпэратара.

Улада Караля V ў Нямеччыне апіралася галоўным чынам на гішпанскіх ды італьянскіх войсках. Злачынствы гэных войскаў былі немалою бядою для нямецкага насяленьня. Спадзяючыся на сваю сілу, ды ня лічучыся з магчымым протэстам народу, Кароль V думаў толькі аб тым, каб неяк на будучыну ўтрымаць саюз Нямеччыны з Гішпаніяй. Дзеля гэтае мэты ён мяркаваў, каб пасьля Фердынанда забясьпечыць імпэратарскую карону свайму сыну, інфанту Піліпу, заместа Фердынандавага сына Максіміліяна, які быў ужо каранаваны на рымскага караля. Праект гэты выклікаў вялікае абурэньне другое лініі Габсбургаў і агульны рух у Нямеччыне. Ня толькі протэстанты, але і каталікі не хацелі назаўсёды быць зьвязанымі Гішпанцамі. Да таго ж усе ненавідзелі і баяліся дэспотычнага, саманадзейнага і фанатычнага Гішпанца, інфанта Піліпа. Найбольш непакоіліся імпэрскія князі, як протэстанты, так і каталікі, бо сын мог зьдзейсьніць тое, да чаго кіраваўся ўжо яго бацька: завясьці абсолютную ўладу. Якраз тыя з князёў, якія дагэтуль найстараньней падтрымлівалі імпэратарскія загады, цяпер найбольш трывожыліся, бачучы ў павялічэньні імпэратарскае ўлады загубу для сябе. Да такіх князёў належаў і Морыц Саксонскі.

18. Змова князёў і пассаўскае замірэньне 1552. Рэлігійны мір у Нямеччыне 1555. Ня стрымаўся Морыц Саксонскі перад тым, каб і другі раз выступіць у ролі здрадніка. Патаемна зрабіў ён новы саюз протэстанцкіх князёў і зьвязаўся з францускім каралём Гэнрыкам ІІ, наступнікам Францішка І, якому ў нагароду за помач суліў біскупствы Мэц, Туль і Вэрдэн. Як майстар на ашуканства, умéў Морыц да апошняга мамэнту ўдзержыць на сабе маску лёяльнасьці да імпэратара. Ён сабраў войска нібы-то на тое, каб прымусіць бунтаўніцкі Магдэбург прыняць Іnterіm, а тады раптоўна выступіў проці імпэратара, які знаходзіўся пад той час у Інсбруку. Імпэратар доўга не хацеў верыць гэткай здрадзе і ў канцы ледзьве пасьпеў уцячы за Альпы. Адначасна пачаў вайну і францускі кароль, які заняў пасуленыя яму біскупствы. Выступілі таксама і Туркі.

Акружаны гэтак з усіх бакоў, імпэратар быў прымушаны зрабіць з Морыцам часовы мір у Пассаў; цераз тры гады, на сойме ў Аўгсбургу, гэтае замірэньне было заменена на аканчальны рэлігійны мір. На моцы гэтага міру прыхільнікам аўгсбурскага вызнаньня былі забясьпечаны роўныя правы з каталікамі. Аднак, гэтая рэлігійная свабода давалася не паасобным людзям, а толькі князём, якія маглі прымушаць насяленьне прынімаць тую ці другую веру. Адгэтуль і пайшла прыказка: Cuіus regіo, eіus relіgіo (чыя ўлада, таго і рэлігія). Да таго-ж протэстанты, не належаўшыя да аўгсбурскага вызнаньня, былі выключаны з эдыкту аб толеранцыі.

Толькі ў аднэй справе не маглі дайсьці згоды супраціўнікі: гэта ў справе аб тым, што рабіць з біскупамі ды іншымі духоўнымі князямі, якія перайшлі на лютаранства? Каталікі дамагаліся пазбаўленьня іх дастаенстваў і адабраньня царкоўных маêтнасьцей; протэстанты-ж на гэта не згаджаліся, і ў канцы справа асталася наразьвязанаю, як зачатак пазьнейшых спорак.

Кароль V надарэмна стараўся вырваць у Французаў іхнюю здабычу. Аблягаючы Мэц, траціна ягоных войск згінула ад марозу, і ён, нічога не зрабіўшы, быў прымушаны адступіцца.

19. Зрачэньне кароны Каралём V. Падзел монархіі Габсбургаў. Няўдачы ды падупаўшае здароўе прымусілі імпэратара зрачыся пасаду (1556). Нідэрлянды і Гішпанію разам з валаданьнямі ў Італіі ён адказаў свайму сыну Піліпу ІІ, рэшту-ж зямель разам з імпэратарскай каронайФердынанду. Сам-жа Кароль V пасяліўся ля манастыра Сьв. Юста ў Гішпаніі і цераз два гады тамака памёр (1558).

Кароль V ў часе свайго панаваньня меў дзьвé галоўныя мэты: аднаўленьне сусьветнае імпэрыі і разьвіцьцё магутнасьці свае дынастыі. Паміж адным і другім імкненьнямі стаяла жаданьне вярнуць адзінасьць Царквы; з гэтае прычыны часта вынікалі конфлікты, але ў учынках Караля V заўсёды пераважалі інтарэсы Габсбургаў. Дзеля таго ён не вярнуў часоў Гогэнштаўфаў і ня здушыў рэформацыі, але затое на даўгі час зьвязаў у адну суцэльнасьць разнародныя землі, з якіх складалася яго спадчына, дый гэтую спадчыну значна павялічыў. Яго творам была тая вялікая гішпанская монархія, якую дастаў па ім Піліп ІІ, наймагутнéйшы з хрысьціянскіх валадароў.

20. Лютар і рэформацыя ў Нямеччыне. Лютар стаўся цэнтральнаю асобаю ў рэформацыі зусім ня дзеля яго надзвычайнага розуму ці надзвычайнае адвагі. Прычыну гістарычнае ролі яго трэба шукаць у другіх рысах яго асобы. Гэтак, ён быў агітатарам больш можа, чым мысьліцелем, або геніяльным рэформатарам. Будучы доктарам і профэсарам тэолёгіі, ён заўсёды аставаўся сялянскім сынам. Будучы сам вучоным, ён усё-ж разумéў патрэбы, пачуцьці і спосабы мышленьня ніжэйшых клясаў, умеў прамаўляць да іх іхняй-жа мовай, як ніхто з сучасьнікаў яго, ды мала хто пасьля яго. Будучы мастаком у полéміцы, меў ён рэдкую здольнасьць захопліваць масы і адначасна будзіць да сябе пашану пануючых клясаў. У пазьнейшыя часы, праўда, стаў ён выслугоўвацца паном ды неўважаць на масы.

Ягоная вучонасьць ня была лішне глыбокаю, а прынамся ня вельмі шырокаю. Вялікіх духоўных шуканьняў гуманістаў ён не разумеў, ды навет іх ганіў; у пэўнай меры ён астаўся назаўсёды манахам, узгадаваным на абмéжанай манастырскай мудрасьці. Быў ён вельмі забабонны; прынамся, што да чорта (такога з рагамі і капытамі!), дык вéрыў у яго істнаваньне гэтак сама цьвёрда, як і ў Бога. Аднэю з важнейшых рысаў у характары Лютара была яго проста нячуваная ўпорлівасьць, якая ў справах рэлігійных робіла яго фанатыкам і абсолютна нетолерантным чалавекам. Ледзьве яны з Мэлянхтонам устанавілі галоўныя пункты новага вызнаньня, як ужо Лютар заядла іх бароніць проці ўсякіх спроб разьвіваць і рэформаваць іх далей. Вялікі гэрэтык рабіўся вялікім інквізытарам, як толькі пачыналася гутарка аб іншым разуменьні рэформы, ці толькі што прынятых догматаў, ці навет аб рэлігійных практыкаваньнях — іншых, чым тыя, якія ён прызнаў патрэбнымі[2].

У прыватным жыцьці быў гэта чалавек звычайна вельмі просты, людзкі, шчыры, практычны, з пэдагогічнымі здольнасьцямі.

Рэформацыя ў Нямеччыне, як і ўсюдых, ня была і не магла быць рэзультатам дзейнасьці аднаго чалавека. Выклікаў яе цэлы ланцуг прычын і акалічнасьцей, істнаваўшых яшчэ ад пачаткаў арганізаваньня Царквы; апошнімі толькі колцамі гэтага ланцуга былі: навука Гуса, гуманізм, агульнае нездаваленьне істнуючым ладам, прагавітасьць валадароў, жаданьне сьвецкага жыцьця ў манахаў ды манашак, эканамічны уціск з боку Рыму, ды адпорнасьць таго-ж Рыму проці праектаваных з усіх бакоў, канечна патрэбных рэформаў. Лютар толькі скрануў з месца тую кулю, якой была рэформацыя, а далей яна ўжо сама пакацілася сваéю ўласнаю сілаю.


  Гэты твор з’яўляецца перакладам і мае асобны прававы (ліцэнзійны) статус адносна карыстанай аховы аўтарскіх правоў на арыгінальны змест.
Арыгінал:

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.
 
Пераклад:

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.
 
  1. Саксонскі дом дзяліўся на дзьве лініі: старэйшую, электарскую, ці эрнэстынскую, якая рэзыдавала ў Вітэнбэргу, і малодшую, альбэртынскую-у Лейпцыгу.
  2. § 5. Рэформацыя ў Швайцарыі (Лютар і Цьвінглі ў Марбургу).