Сусьветная гісторыя (Астэрлёф, Шустэр)/Частка 3/Першы пэрыод/Каталіцкі рух
← § 5. Рэформацыя ў Швайцарыі, Швэдзіі і Англіі | § 6. Каталіцкі рух у пэрыадзе рэформацыі. Падручнік Вальдэмар Астэрлёф, Язэп Шустэр 1922 год Пераклад: Аркадзь Смоліч |
§ 7. Піліп II, Нідэрлянды і Альжбе́та англійская → |
§ 6. Каталіцкі рух у пэрыадзе рэформацыі.
1. Папа Павал ІV Карафа (1559). Увесь хрысьціянскі сьвет быў падзелены на часткі, і чым далей, тым менш аставалася надзéі, што хоць калі-небудзь удасца аб'яднаць яго. У каталіцкай царквé ўзяла верх партыя, якая навет наймéншую ўступку протэстантам уважала за злачынства, якая хацела захаваць адзінства Царквы ня згодаю з супраціўнай стараною, а яé поўным зьніштажэньнем. Лёзунгам гэтае партыі было: здушыць гэрэзыю ўсёроўна якімі спосабамі - "дзеля большае славы Божае". Асабліва-ж гострую барацьбу проці адшчапéнцаў распачаў фанатычны нэаполітанец Карафа, які быў выбраны за папу пад іменьнем Паўла ІV. Яшчэ будучы кардыналам, ён дабіўся таго, што ў Рыме быў устаноўлены інквізыцыйны суд кшталтам гішпанскага, і ў Італіі пачалося прасьледаваньне ўсіх тых, на каго падаў хоць-бы самы слабенькі цень падазрэньня ў неправавернасьці. Старанна вылаўліваў ён "небясьпечную" літэратуру і залажыў бюро дзеля ўкладаньня сьпісу "шкадлівых" (забароненых, або выклятых духоўнай уладаю) кніжок. Гэта быў пачатак істнуючага да сёньняшняга дня папскага індэксу (іndex lіbrorum prohіbіtorum).
2. Закладзіны ордэру езуітаў (1540). Аднак, дзеля таго, што протэстанцтва мела дужа вялікі ўплыў на людзкія думкі і ўвесь час пашырала гэты ўплыў далей і глыбей, адных гвалтоўных спосабаў было помала. Тады на помач папству, якое апынулася ў небясьпéцы, прыйшлі рэлігійныя ордэры, якія і павялі барацьбу з вялікім запалам, часта навет супярэчна з сваімі асноўнымі мэтамі, у імя каталіцкае справы. Да гэткіх ордэраў належалі капуцыны, якія зьявіліся ў Італіі, выдзяліўшыся спаміж францішканаў, і хутка здабылі дужа вялікія ўплывы на ніжэйшыя клясы грамадзянства, а перад усім сябры "Компаніі Езусовае", або — езуіты.
Гішпанскі шляхціц і ахвіцэр, Ігнат Лёйоля, адзначыўшыся ў часы Караля V сваёй адвагаю, ляжаў у бальніцы з разьбітаю нагою. Маючы шмат вольнага часу, Лёйоля заняўся чытаньнем "Жыцьцяў сьвятых". Пад уплывам гэтага чытаньня гарачы і адначасна здольны да дзеяньня чалавек нарысаваў сабé плян свае будучае дзейнасьці. Гэты плян ён і споўніў.
Як толькі яму вярнулася здароўе, Лёйоля адбыў-пры самых цяжкіх пакутных варунках-падарожу да Сьвятое Зямлі, а вярнуўшыся і навучыўшыся лаціны на 33-м годзе жыцьця, ён студыяваў у парыжскім унівэрсітэце тэолёгію — адначасна з Кальвінам, які таксама там вучыўся. Разам з яшчэ некалькімі блізкімі яму па духу таварышамі, найбольш родзічамі-гішпанцамі, зорганізаваў ён часовае рэлігійнае таварыства, якое, апроч звычайнае манашскае прысягі на ўбожства, бязжэнства і послух, устанавла йшчэ адну: спаўняць загады Сьв. Айца ў кожным часе і выпадку.
Скончыўшы навуку, Лёйоля перайшоў праз Францыю, Гішпанію і Італію, у вагністых казаньнях прапаведуючы словы веры і нясучы помач хворым. Урэшце прыбыў ён у Рым, дзе папа зацьвердзіў закладзены ім ордэр і назначыў Лёйолю першым кіраўніком гэтага ордэру.
3. Організацыя і дзейнасьць езуітаў. У хуткім часе папская ўлада пераканалася ў вялікай вартасьці новага ордэру. А прычынаю гэтае вартасьці былі наказы, устаноўленыя Лёйоляй і яго наступнікамі. Статут гэтага ордэру меў шмат супольнага з вайсковымі парадкамі. Толькі прайшоўшы даўгі рад ніжэйшых ступеняў можна было зрабіцца праўдзівым езуітам; спаміж гэтых апошніх выбіраліся кіраўнікі, з якіх кожын падлягаў уладзе вышэйшага ад сябе аж да генэрала, які знаходзіўся ў Рыме, каб там прыймаць загады папы, ці, як гэта бывала ў пазьнейшыя часы, каб самому рабіць уплыў на папу. Цэмэнтам організацыі была субордынацыя (паслухмянасьць). Сьляпы послух быў першым абавязкам езуіта. Подлуг слоў Лёйолі, езуіт павінен быць у адносінах да свайго кіраўніка, "як труп бяз чуцьця і волі, як посах у руках старца". Нікога ня прыймалі да таго часу, пакуль „духоўнымі практыкаваньнямі" ён ня здушыў у сабе ўсю сваю ўласную волю. За тое езуіты былі звольнены ад усякіх манашскіх абавязкаў. Бо заданьнем ордэру было не жыцьцё, пасьвячонае пасту і малітве, замкнёнае ад сьвету ў манастырскіх мурох, але, наадварот, уплываньне на сьвет, барацьба на кожным месцы і ўсімі спосабамі проці недаверства і гэрэзыі.
Перадусім трэба было пахіснуўшыяся ў веры народы затрымаць пры рымскай царквé і зьніштожыць протэстанцтва сярод тых народаў, якія галоўным чынам вызнавалі каталіцтва, ці прынамся аставаліся пад каталіцкаю ўладаю. Каб споўніць гэтыя заданьні, ордэр разьвіў нячувана энэргічную дзейнасьць. Найспрытнейшых і найбольш сьвецкіх сябраў езуіты высылалі, як спавядальнікаў і ўзгадавальнікаў, да монаршых двароў і такім чынам здабывалі вялізарны ўплыў на ўрады. Сымпатыі народных масаў езуіты здабывалі, пасылаючы да іх найлепшых прапаведнікаў, якія да тагож усé духоўныя паслугі спаўнялі бязплатна. Каб выбіць з рук протэстанцтва яго наймацнейшае аружжа, якім была яго перавага ў асьвеце, ордэр даваў сваім сябрам самую шырокую асьвету, царкоўную і сьвецкую, а найбольш здольным памагаў у навуковай і літэратурнай працы, адпаведнай прынцыпіяльным мэтам ордэру. Узброеныя ведаю і сьвéдамыя сваіх мэтаў, езуіты ўзялі ў свае рукі эдукацыю моладзі, добра разумеючы вялізарнае значэньне ўплываў школы. Усюдых твораць яны школы - ад самых ніжэйшых да найвышэйшых ступеняў. Езуіцкія школы стараліся паляпшаць мэтоды навучаньня і добра прыгатаўляць сваіх гадунцоў да жыцьця; дзеля гэтага ў працягу цэлага сталецьця яны славіліся, як найлепшыя. Навет протэстанты пасылалі сваіх дзяцей у езуіцкія школы.
Адначасна з гэтым езуіты стараліся пашырыць каталіцкія абшары, наварочуючы паганцаў. Ксавэры, адзін з першых таварышаў Лёйолі, паехаў у Індыю і Японію; па дарозе ў Кітай ён памёр, але ўсюдых, дзе ён праехаў, пааставаліся хрысьціянскія грамады, як сьляды яго дзейнасьці. Ані пустыні Монголіі, ані лютасьць Нэграў унутранае Афрыкі, ані дзікуны Новага Сьвéту не маглі спалохаць адважных, нязмораных байцоў за ідэю. Ім удалося навет у адвечных лясох Паўднёвае Амэрыкі заснаваць гаспадарства Індыянаў, Парагвай, дзе дзікуноў ня толькі навярнулі на хрысьціянства, але таксама зрабілі іх працавітымі земляробамі, рамесьнікамі і вернымі грамадзянамі краю. З гэтымі місыямі езуіты злучалі дужа зыскоўны гандаль, дзякуючы якому, а таксама розным ахвярам і спадчынам, езуіцкі ордэр меў у сваіх руках нязьлічоныя скарбы.
Мы бачым, што праца езуітаў ня рэдка была культурнаю і карыснаю для грамадзянства. Але ў іх дзейнасьці было шмат і цёмных бакоў. Перад усім трэба адзначыць іхнюю барацьбу з усякаю вольнаю думкаю, пры чым яны карысталіся ўсякімі спосабамі-і добрымі, і благімі. Хаця гэта і няпраўда, быццам галоўным дэвізам езуіцкіх статутаў была думка: "мэта бязьвініць спосабы", аднак, у практыцы яны якраз кіраваліся гэтым прынцыпам. Звычайны моральны кодэкс не істнаваў для іх, калі трэба было дабіцца "сьвятое", на іх пагляд, мэты. Яны ня спыняліся перад найгоршым злачынствам, калі гэтага вымагалі іхнія пляны; забойства і фальшывая прысяга часамі дазвалялася і навет пахвалялася езуіцкімі спавядальнікамі. Дык-жа навет сярод прававерных каталікоў езуіты ня мелі вялікае прыхільнасьці. Так, прыкл., Паскаль, вучоны ды пабожны каталік, у сваіх вядомых лістох[1] вельмі гостра ганіць ды кляйміць дзейнасьць езуітаў.
4. Трыдэнцкі Сабор (1545-1563). Уплывы Карафы і Лёйолі панавалі над доўга жданым Трыдэнцкім Саборам. Баючыся, каб гэты сабор не пайшоў сьледам за папярэднім, што быў у Базэлі, папы адкладалі яго, як мага, ды некалькі разоў перарывалі на даўгі час яго працу. Ды гэты страх аказаўся дарэмным. Сабор прызнаў толькі патрэбу ўзмацненьня царкоўнае дысцыпліны, ды большае дбаласьці аб эдукацыю духавенства, але катэгорычна адмовіўся ад якіх небудзь уступак протэстанцкаму руху. Аднак, трэба заўважыць, што цэлібат духавенства (каб не жаніліся) і комунію пад аднэй пастацяй сабор ня прызнаў догматам (гэта зрабіла магчымай унію царквы русінска-грэцкае з рымскаю), але затое зганіў дамаганьне, каб гэтыя звычаі скасаваць, і зажадаў, каб іх пільнаваліся, як царкоўных наказаў. Прыпцыпова цэлібат духавенства ня толькі быў пакінуты (папа мог ад гэтага наказу звальняць), але навет узмоцнены, ня гледзячы на тое, што проці яго рашуча выступалі імпэратар Фердынанд І і Францыя. Таксама былі адкінуты і ўсé іншыя жаданьні протэстантаў, навет жаданьне скасаваньня гандлю адпустамі. Калі не догматычна, дык у кожным разе фактычна Трыдэнцкі Сабор прызнаў непамыльнасьць папы ў справах веры, і гэткім спосабам зьменшыў значэньне сaбораў. Наагул, здавалася, што мэтаю сабору было сабраць і ўмацаваць усé сярэднявéчныя перажыткі, якія пааставаліся у Царкве; сабор вымагаў сьляпое веры ўва ўсё, што хоць калі было ў гэтых справах сказана ці загадана, а на ўсіх недаверкаў кінуў страшное пракляцьце.
Гэткую "рэформу" правяла рымская царква; далейшым яе разьвіцьцём была жахлівая дзейнасьць інквізыцыі, рэзультатам-жа-страшныя рэлігійныя войны, якія на Заходзе каля ста гадоў зьніштажалі насяленьне і затрымлівалі культурнае разьвіцьцё народаў.
Арыгінал: | Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш. Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў. |
---|---|
Пераклад: | Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш. Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў. |
- ↑ Lettres à un provіncіal.