Сусьветная гісторыя (Астэрлёф, Шустэр)/Частка 3/Другі пэрыод/Фрыдрык II
← § 15. Прасьвечаны абсолютызм у романскіх дзяржавах і скасаваньне ордэру Езуітаў | § 16. Фрыдрык II, кароль прускі. Войны: спадчынная, аўстрыйская і сяміле́тняя Падручнік Вальдэмар Астэрлёф, Язэп Шустэр 1922 год Пераклад: Аркадзь Смоліч |
§ 17. Язэп II і Кацярына II. Падзе́л Польшчы → |
§ 16. Фрыдрык ІІ, кароль Прускі. Войны: спадчынная аўстрыяцкая і сямілетняя.
1. Моладасьць Фрыдрыка ІІ. Да ліку сьветлых монархаў XVІІІ в. трэба аднесьці і Фрыдрыка ІІ, караля Прускага, называнага Вялікім за яго ваенную славу і заваяваньні. Быў ён узгадаваны прасьвечаным Французам і спачатку больш цікавіўся літэратураю і музыкай, чым тэю салдатчынай, якую разьвёў яго бацька; за гэта бацька пагарджаў ім, як кніжным молем, і сыстэматычным прасьледаваньнем, найгрубейшымі адносінамі да яго (раз узлаваўшыся за малым чым не павесіў яго сваімі рукамі), стараўся дабіцца, каб сын зрокся наступніцтва пасаду. У канцы восем- надцацілетні каралевіч пастанавіў уцячы да свайго дзядзькі, Юр'я ІІІ, караля англійскага. Бацька, даведаўшыся аб гэтым, заарыштаваў яго, ягонага супольніка загадаў павесіць, а Фрыдрыка за кару аддаў у крэпасьць на цывільную службу пад строгім наглядам; толькі цераз даўгі час кароль адпусьціўся, бачучы, як сын з вялікаю акуратнасьцяй выпаўняе ўсé абавязкі малога ўрадоўца ды выяўляе поўную паслухмянасьць. За час свае канцалярскае працы Фрыдрык ІІ акуратна пазнаёміўся з створанай бацькам адміністрацыяй і навучыўся цаніць карысьць ад яé. Атрымаўшы пазьней каманду над палком, ён гэтак сама старанна пазнаёміўся з асновамі прускае вайсковае службы.
Бацька быў здаволены сынам і дазволіў яму ў канцы жыць, як наступніку пасаду, акружыць сябé інтэлігентнымі людзьмі, Французамі, або па француску ўзгадаванымі Немцамі, і займацца музыкай і літаратурай. Фрыдрык навет напісаў і ўласныя творы, у якіх выказваў вельмі вольнадумныя пагляды; ганіў ён прагавітасьць на славу, пыху, гультайства, несправядлівасьць і вераломства монархаў. Монарх павінен быць, казаў ён, не валадаром, але першым слугою свайго народу; у сваім творы "Antіmachіavell" ён срога крытыкуе неморальнага Маккіявэлі[1]. Пачаўшы сам гаспадараваць, ён аднак, спаліў гэты свой твор; а далейшая дзейнасьць яго, прыкл. разьдзел Польшчы, які быў ім зроблены, наагул ня вельмі згаджалася з добрымі ідэямі гэтага твору.
2. Аўстрыяцкая спадчынная вайна (1740-1748). Каралевіча, які мéў гэткія пагляды і вёў гэткае жыцьцё, як Фрыдрык, усé спадзяваліся бачыць у будучыне мірна настроеным каралём-філёзофам. Аднак, калі гэты прыяцель Вольтэра заняў каралеўскі пасад, выявілася нешта саўсім іншае. Імкнуўся ён перад усім да таго, каб, карыстаючыся створанай бацькам вайсковай сілай, зрабіць з Прусіі магутную дзяржаву. Адпаведныя для гэтага абставіны злажыліся пасьля сьмерці імпэратара Караля ІV. Гэты монарх усё сваё жыцьцё рупіўся аб тое, каб законам, што зваўся прагматычнаю санкцыяй, забясьпечыць у Габсбурскіх краёх наступніцтва пасаду сваёй дачцэ, Марыі Тарэсе, і яе мужу, лётарынскаму князю Францішку, ня гледзячы на прэтэнсіі, якія меў баварскі курфюрст ды інш. Рознымі спосабамі яму ўдалося атрымаць абяцанку ад усіх дзяржаваў, у тым ліку ад Францыі і Прусіі, што яны будуць бараніць правы ягонае дачкі. Князь Аўгéн сказаў калісь аб гэтай справе, што армія ў 200.000 чалавек ляпей-бы забясьпечыла гэтыя правы, чым стапа пэргамэнту, і на Марыі Тарэсе гэтыя словы горка спраўдзіліся. Аўстрыя тады была аслабеўшы пасьля толькі-што нешчасьліва скончанае турэцкае вайны, і ворагі маладое каралевы з усіх бакоў паднялі галовы. Першы быў Фрыдрык ІІ, які, прычапіўшыся да даўнейшых прэтэнсіяў да Сілезіі, увайшоў у гэту аўстрыяцкую провінцыю. Марыя Тарэса з трудом сабрала войска, але дазнаны прускі фэльдмаршалак Швэрын саўсім разьбіў гэнае войска пад Мольвіцам (1741).
Францыя гэтак сама пастаралася скарыстаць з выпадкаў, каб загубіць свайго адвéчнага ворага-Габсбургаў. Ня гледзячы на прыняцьце прагматычнае санкцыі, яна станула на бок Баварыі, ды разам з ёю і з Гішпаніяй зробіла саюз з прускім каралём, манючыся падзяліць аўстрыйскую монархію, а баварскага курфюрста Караля зрабіць імпэратарам. Баварскія і францускія войскі ўвайшлі ў Аўстрыю. Для Марыі Тарэсы, якая не дапускала магчымасьці гэткага вераломства, гэтыя выпадкі былі быццам ударам пяруна. Яé Нямецкія краі блізка саўсім не працівіліся ворагам, і яна шукала падтрыманьня у Вэнграў. Венгерскія магнаты прынялі маладую каралеву на сойме ў Прэсбургу з вялікаю прыхільнасьцяй і пастанавілі аддаць éй свае маéтнасьці і сваю кроў. Памагла ёй грашыма і Англія праз сваю ненавісьць да Францыі і Гішпаніі. І вось шчасьце патроху стала перахіляцца на бок Марыі Тарэсы. Аўстрыйскія войскі выгналі ворагаў ды самі ўвайшлі ў Баварыю; якраз у той мамэнт, як Кароль VІІ каранаваўся ў Франкфурце на імпэратара, яны занялі Мюнхен. Да таго-ж удалося Марыі Тарэсе пазбыцца самага небясьпечнага ворага, Фрыдрыка ІІ, падпісуючы з ім мір ў Брэславе (1742) і аддаючы яму Сілезію. Аднак, калі Фрыдрык пабачыў, што аўстрыйскія войскі маюць новыя перамогі, а Англія ўсё мацней зьвязваецца з Аўстрыяй і выслала войска на сухаземле, тады ён занепакоіўся аб сваé здабычы, зламаў толькі што падпісаны мір і ў 1744 г. ўвайшоў з войскам у Чэхію. Тымчасам якраз памёр Кароль VІІ, які мала і пабыў імпэратарам, а ягоны сын хутчэй зрабіў мір з Марыяй Тарэсаю, каб спакойна сядзець на курфюрставым пасадзе. Фрыдрык ІІ, перамогшы і ў гэтай другой сілéзскай вайне, прызнаў у канцы выбар на імпэратара мужа Марыі Тарэсы, Францішка, за што аканчальна атрымаў Сілезію. Гэтак скончылася вайна ў Нямеччыне. За тое ў аўстрыйскій Нідэрляндах яна яшчэ доўга трывала; там Французы пад кіраўніцтвам Морыца Саксонскага мелі некалькі бліскучых перамогаў над Англійцамі ды іншымі саюзьнікамі Аўстрыі. Аахенскі мір зрабіў канец гэтай васьмілетняй барацьбе. З усіх ваяваўшых толькі адзін прускі кароль меў карысьць ад вайны, бо атрымаў Сілезію; іншыя дзяржавы ўзаемна паадбіралі адна ад аднае свае здабычы.
3. Сямілетняя або трэцяя Сілезская вайна (1756-1763). а) Рэзультаты аўстрыйскае спадчыннае вайны і прычыны сямілéтняе вайны. Аўстрыйская спадчынная вайна значна зьмяніла палітычныя адносіны ў Эўропе. Аўстрыя, хоць і страціла праз я багатую провінцыю, але ўзмоцнілася ўнутры дзякуючы некаторым рэформам, праведзеным Марыяй Тарэсаю і яé міністрам Каўніцам; важнейшыя з гэтых рэформаў адносіліся да войска і фінансавае гаспадаркі. У баявым агні паднялася йзноў аўстрыйская армія, і ў ёй зьявіліся новыя таленты ваяводаў, як Кароль кн. Лётарынскі, Даўн, Ляўдон, якія добра працавалі над рэорганізацыяй арміі. Пасьля вайны Аўстрыя разам з Вэнгрыяй, якая першы раз умяшалася да аўстрыйскіх войнаў у Нямеччыне, занялі сярод эўрапэйскіх дзяржаваў мацнейшае, чым калі даўней, становішча. З другога боку, Прусія, павялічаная далучэньнем гэткае моцнае і багатае провінцыі, як ні адна з тых, што ўперад былі ў яе межах, маючы дысцыплінаванае і добра вымуштраванае войска, станула ў рад наймацнейшых дзяржаваў. Гэткае палажэньне дзьвёх дзяржаваў Імпэрыі не магло ня выклікаць антагонізму і спрэчак. Не магла Марыя Тарэса згадзіцца з утратай Сілéзіі ды спакойна глядзець на рост магутнага конкурэнта ў Імпэрыі; завідлівым вокам прыглядаліся да гэтага й іншыя дзяржавы.
Ужо ў першыя гады пасьля Аахенскага міру ў Вéне, Парыжы, Пецярбурзе, Лёндане і Дрэздэне каваліся пры дварох інтрыгі, рабіліся ўмовы, якія мелі на мэце ні больш, ні менш, як тое, каб караля прускага зрабіць ізноў Брандэнбурскім маркграфам. Пры гэтым Сілезія была-б вернена Аўстрыі, Усходнюю Прусію мéлася атрымаць Расéя, Памор'е адыйшло-б да Швэдзіі, а Магдэбург - да Саксоніі. Яшчэ ўперад гр. Каўніц падаваў аўстрыйскай радзе думку схаўрусавацца з Францыяй ды адабраць Сілезію. Ад 1753 г. гр. Каўніц, які перад гэтым тры гады быў паслом у Вэрсалі, стаў, як канцлер двара і дзяржавы, кіраваць аўстрыйскаю палітыкай і вёў яé, імкнучыся да саюзу з Францыяй. Розныя прыдворныя партыі ў Вэрсалі гэтак сама хацелі парваць з блізка 300-гадоваю францускаю палітыкай, варожай да Аўстрыі.
У тым-жа часе ўсё больш псаваліся француска-англійскія адносіны. Вонкавай прычынай для новае вайны паслужылі гранічныя спрэчкі паміж Англіяй і Францыяй за прасторы ў Паўночнай Амэрыцы (над р. Огіо), якія выклікалі вайну паміж гэтымі дзяржавамі ў колёніях і на моры (1755)[2]. Каб забясьпечыць свае валаданьні на сухазéмлі (Гановэр) ад нападу Французаў, Юры ІІ ўмовіўся з расéйскай імпэратрыцай Альжбетай, што расéйскае войска ў патрэбе будзе бараніць Гановэр. Фрыдрых ІІ бачыў у гэтым вялікую небясьпеку для Прусіі, асабліва затым, што Альжбета, пачуваючы да яго асабістую злосьць (ëн блага гаварыў аб ëй), ужо здаўна схаўрусавалася з Марыяй Тарэсай; дык пачаў і ён з свайго боку згаваравацца з Англіяй і падпісаў з ёю ўмову аб нэйтральнасьці, якая абавязавала абедзьве дзяржавы да супольнае абароны Гановэру ў прыпадку аружнага нападу ворага, пад якім можна было разумéць толькі адну Францыю. Гэтая ўмова, паводле слоў Каўніца, была "фактам, які выратаваў Аўстрыю", бо была прычынаю аканчальнага збліжэньня Францыі з Аўстрыяй. Пры помачы маркізы Помпадур, фаворыткі Людвіка XV, меўшае магутныя ўплывы на францускую палітыку, у маі 1756 г. быў падпісаны саюз паміж дзьвюма дзяржавамі: Аўстрыяй і Францыяй, дагэтуль так варожа настроенымі адна да аднае.
Альжбета ўжо паслала сваé войскі ў Прусію, калі ёй данесьлі з Вéны, што экстэрмінацыйная вайна проці прускага караля мае распачацца толькі ў 1757 г.; яна адклікала войскі назад. Праз 1756 і 1757 гады ўлажылася такая групіроўка дзяржаваў. З аднаго боку была Прусія, Англія і некалькі меншых нямецкіх краёў; з другога боку - магутны саюз Аўстрыі, Францыі, Расéі і Швэдзіі. Апроч таго, краі Нямецкае Імпэрыі на аснове пастановы, прынятае ў Рaтызбоке, выслалі проці прускага караля, як баніты, карныя войскі, каб адабраць у яго каралеўскую дастойнасьць ды бязпраўна занятыя землі.
b) Ход сямілéтняе вайны ў Нямеччыне (17541763). Праз некалькі месяцаў пасьля пачатку марское вайны паміж Англіяй і Францыяй узгарэлася трэцяя сілéзская вайна, якую называюць сямілетняй.
Фрыдрык ІІ, даведаўшыся праз шпегаў аб плянах сваіх супраціўнікаў, не чакаў на пагражаючае яму абвешчаньне вайны, ды адразу ж уварваўся ў Саксонію, якая цішком згаварвалася з саюзьнікамі, і акружыў саксонскае войска ў умацаваным абозе пад Пірнаю, ля Дрэздэна. Калі аўстрыйскі генэрал выступіў на падмогу Пірне, Фрыдрык выйшаў яму на спатканьне і разьбіў яго; пасьля гэтага Саксонія пакарылася. Тады Фрыдрык ІІ саўсім спакойна распалажыўся зімаваць у здабытным краі. Саюзьнікі-ж увесь час зьбіралі сілы і ў 1757 г. распачалі барацьбу, але кожын асобна. Дый Фрыдрык ІІ стараўся разлучыць іхнія арміі. Пайшоў ён у Чэхію насустрэч Аўстрыякам і там разьбіў Броўна ля Прагі. Але пад Колінам другая аўстрыйская армія, на чале якое стаяў генэрал Даўн, перамагла Фрыдрыка ІІ і прымусіла яго адступіць з Чэхіі. На яго шчасьце Расейцы ў той год абмежаваліся окупацыяй Усходняе Прусіі. Але францускае войска, якім кіраваў ген. Субіз, разам з імпэрскім нямецкім войскам апынулася ўжо ў глыбіні Тюрынгіі. Фрыдрык ІІ пайшоў туды пасьпешным маршам, неспадзявана ўдарыў на францускія і нямецкія войскі і пад Росбахам гэтак разьбіў іх, што яны рассыпаліся. У гэтым часе Аўстрыякі занялі Сілезію. 3 уласьцівай яму хуткасьцяй і спраўнасьцяй перайшоў кароль прускі спад Росбаху ў Сілезію і пад Лёйтэнам разьбіў перавышаўшую яго сіламі аўстрыйскую армію.
У 1758 годзе шчодрыя субсідыі Пітта і англійскае войска ў Гановеры, ваявода якога, кн. Брауншвэйгскі, разьбіў Французаў і прагнаў іх за Рэйн, выратавалі Фрыдрыка ІІ. Але пачыналі надыходзіць Расейцы. Пад Цорндорфам Фрыдрык ІІ з вялікім высілкам перамог расейскую армію, але на другі год ужо ня мог папярэдзіць злучэньня Расéйцаў з Аўстрыякамі пад камандаю Ляўдона і з гэтае прычыны мéў страшную няўдачу пад Кунэрсдорфам. Толькі дзякуючы нязгодзе і непарадкам у яго супраціўнікаў гэтая няўдача не зрабіла канца ягонаму панаваньню і прускай монархіі. Бо замест таго, каб зараз пасьля перамогі пайсьці, злучыўшыся, на Бэрлін і заняць Брандэнбург, саюзьнікі йзноў разыйшліся. Таксама і на другі год (1760) Аустрыякі і Расéйцы не маглі згаварыцца аб супольнай дзейнасьці. Гэта-ж толькі і палажэньне Фрыдрыка ІІ, а за тое трудней яму стала з іншага боку. Іменна, з прычыны ўпадку габінэту Пітта (1760) Англія спыніла выдачу яму субсідый і адклікала свае войскі; страціў ён, значыць, адзінага свайго саюзьніка. Ня гледзячы на яшчэ адну вялікую перамогу пад Торгаў, палажэньне Фрыдрыка ІІ рабілася ўжо безнадзейным. Шарэнгі войск яго ўсё больш радзелі. Краі яго бязлюдзелі і руйнаваліся агнём, мячом, рабункамі і выдаткамі на вайну. Дзяржаўная каса была пустая. Здавалася, што ўжо блізкі час, калі Фрыдрык ІІ апыніцца бяз арміі ды без магчымасьці стварэньня яе.
Але вось раптам памірае імпэратрыца Альжбета. Гаспадараваць у Расéі стаў Пётра III, фанатычны прыхільнік Фрыдрыка ІІ, які ня толькі зрабіў з ім мір, але і саюз. Праўда, праз паўгода памёр Пётра ІІІ, а яго наступніца, Кацярына ІІ, адклікала расейскія войскі, але Фрыдрык ІІ скарыстаў з гэтага і ў бітве пад Сьвідніцаю разьбіў Аўстрыякаў (1762).
Усé ваюючыя дзяржавы аканчальна выбіліся з сілаў. У 1763 г. быў зроблены ў Губэртсбургу мір паміж Францыяй і Аўстрыяй - з аднаго боку і Прусіяй - з другога, а ў Парыжы - паміж Францыяй і Гішпаніяй - з аднаго боку і Англіяй - з другога. Тэррыторыяльных зьменаў у Эўропе не адбылося.
Англія трыумфавала, а Францыя ў рэзультаце вайны страціла шмат свайго значэньня і павагі, што ў пэўнай меры памагло разьвіцьцю ў гэтым краі кірункаў, варожых істнаваўшаму грамадзкаму і палітычнаму ладу. Аднак, у няўдачах у сухазéмнай вайне былі вінаваты найбольш няздольныя ваяводы, прыдворныя фаворыты, а ня войска, якое яшчэ ня страціла свайго ваеннага духу. За тое схаўрусаваная з Францыяй Аўстрыя, хоць і не атрымала карысьці з вайны, але выйшла з яé з гонарам, даўшы довад свае мілітарнае моцы. Расéя-ж у сямілетняй вайне першы раз выступіла, як вялікая эўрапейская дзяржава з магутным уплывам на справы заходняе Эўропы; расейскае войска вызначылася вялікаю вытрываласьцяй у бітвах. Прусія асталася пры сваіх здабычах з спадчаннае вайны і пачала лічыцца магутнаю мілітарнаю дзяржавай. Фрыдрык ІІ уславіўся ў сусьветнай гісторыі, як першарадны ваенны геній. Прускае войска, як некалісь швэдзкае, сталася прыкладам для другіх дзяржаваў.
4. Унутранае гаспадараньне Фрыдрыка II (1740-1786). Фрыдрык Вільгэльм І (1787-1797). Скончыўшы сямілетнюю вайну, Фрыдрык II здаволіўся здабытаю славаю і ня шукаў больш шчасьця на полі бітваў, хаця не пакінуў клапаціцца аб павялічэньні сваё тэрыторыі, довадам чаго зьяўляецца падзéл Польшчы.
3 ня меншаю энэргіяй, як на вайнé, і з ня меншым спрытам, як у дыплёматыі, заняўся Фрыдрык ІІ адміністрацыяй краю, які, бязьмерна зруйнаваны вайною, вымагаў стараннае працы. Перад усім памагаў ён адбудоўваць разбураныя месты і вёскі ды падтрымліваў зямляўласьнікаў і сялян, каб даць ім магчымасьць падняць з упадку зямляробства. Гаспадарыў гэтак, як і іншыя „прасьвечаныя монархі" таго часу: паводле свае ўласнае думкі. Можна сказаць, што гаспадарыў ён больш абсолютна, чым навет Людвік XІV; міністры толькі спаўнялі яго волю: усё, не выключаючы найменшых драбніц, праходзіла праз яго габінэт, усё рабілася з яго ведама і згоды.
Найпільнейшай дзяржаўнаю справаю лічыў ён вялікае, добра вымуштраванае і заўсёды гатовае да бою войска і напаўненьне дзяржаўнае касы. З гэтаю мэтай расходаваў ён на свой двор вельмі скромныя, як на тыя часы, сумы, робячы ашчаднасьці навет на сваіх асабістых выдатках, а ў той-жа час накладаў немагчыма цяжкія падаткі і мыты. І мяйсцовыя, і загранічныя вырабы былі абложаны ўсякімі падаткамі і цяжарамі; дзеля збору падаткаў ужываў Фрыдрык ІІ навет францускіх урадоўцаў, што ўдвая дражніла насяленьне. Гэткаю тактыкай ён сам разьбіваў свае пляны экономічнага падняцьця краю. Пагляды яго на дабро насяленьня, якім ён апекаваўся, часта былі проста дзікія. Так, прыкл., ён працівіўся паляпшэньня дарог, бо, на яго думку, чым даўжэй праездныя людзі прабудуць у якой мяйсцовасьці, тым больш пакінуць там грошы. Ягоная "прасьвечанасьць" запраўды выяўлялася бадай толькі ў аднэй толеранцыі. "У маёй дзяржаве",-сказаў ён, бяручыся за гаспадараньне, -,кожын можа на свой спосаб дабівацца раю" (kann jeder nach seіner Façon selіg werden). Ад гэтага прынцыпу ён ніколі не адступаўся. Ня толькі ўсé рэлігіі мéлі грамадзкія правы і свабоду адпраўляць набажэнства, але ў яго знаходзілі прытулак і апеку і ўсé, уцісканыя ў іншых мясцох за сваю веру і пагляды, у роўнай меры як францускія атэісты і матэр'ялісты, так і езуіты. Залажыў ён акадэмію навук і запрашаў да свайго двара самых знамянітых францускіх пісьменьнікаў і мысьліцеляў. Гасьціў у яго навет Вольтэр, але нядоўга, бо не маглі ўжыцца разам дзеля зласьлівасьці абодвух; яны цанілі і хвалілі адзін аднаго толькі здалёку. Для нямецкае навукі і літэратуры не рабіў Фрыдрык ІІ нічога, бо і па духу і па мове быў больш Французам, чым Немцам. Так, не зразумеў ён магутнага таленту Лéсінга і ня даў яму навет скромнага становішча бібліотекара. Завёў ён, праўда, агульнае народнае навучаньне, але шкадаваў на яго грошы. Здаецца, навет, што яму ня гэтак ішло аб прасьвету народу, як аб тое, каб забясьпечыць істнаваньне вэтэранам свайго войска, бо толькі-ж іх адных і назначаў вучыцялямі, ня пытаючыся саўсім аб здольнасьцях. Ужо на трэці дзень свайго панаваньня ён скасаваў мукі, якіх у той час яшчэ ўсюдых ужывалі; аднак, у яго часы не шкадавалі кія для падсудных жаўнераў, сялян і школьнае моладзі. Загадаў ён так сама ўлажыць вялікі краёвы кодэкс, закончаны ўжо пасьля яго сьмерці.
Важнейшых рэформаў ён не праводзіў. Так, прыкл., захаваў прыгон сялянства і забарону жаніцьбы паміж шляхтаю і другімі станамі. Шляхту выдзяляў ён на кожным кроку; толькі шляхціц мог атрымаць афіцэрскую ступень, а тым мяшчанам, якіх за ваенныя заслугі сам зрабіў афіцэрамі, як толькі настаў мір, даў адстаўку. Народ баяўся яго і шанаваў, але ня любіў. Популярнаю і легендарнаю асобаю зрабіла Фрыдрыка ІІ ўжо пруская школа і пруская літэратура.
Пасьля Фрыдрыка ІІ пачаў гаспадарыць ягоны пляменьнік, Фрыдрык Вільгэльм ІІ[3], чалавек абмежаны і фанатык-протэстант. Праўда, ён скасаваў цяжэйшыя агранічэньні прамысловасьці, гандлю і зямляробства, ды францускіх мытнікаў, гэтак зьненавіджаных народам, але разам з гэтым скасаваў і рэлігійную толеранцыю, якое трымаўся Фрыдрык ІІ. Выдаў вельмі суровыя законы і загады, заводзячы кантроль над думкамі сваіх падданых, і пачаў прасьледаваць усé вызнаньні, навет і протэстанцкія, калі яны хоць крыху адхіляліся ад урадовага катахізму; цэнзуру абастрыў да апошніх межаў, пісьменьнікаў і прафэсароў за вольнадумства караў найменш выгнаньнем з краю.
Такім чынам „прасьвечаны абсолютызм" у Прусіі, як і ўсюдых, не пакінуў па сябе трывалага сьледу.
Арыгінал: | Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш. Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў. |
---|---|
Пераклад: | Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш. Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў. |