Перайсці да зместу

Сусьветная гісторыя (Астэрлёф, Шустэр)/Частка 3/Другі пэрыод/Прасьвечаны абсолютызм

З пляцоўкі Вікікрыніцы
§ 14. Прасьве́та § 15. Прасьвечаны абсолютызм у романскіх дзяржавах і скасаваньне ордэру Езуітаў
Падручнік
Вальдэмар Астэрлёф, Язэп Шустэр
1922 год
Пераклад: Аркадзь Смоліч
§ 16. Фрыдрык II, кароль прускі. Войны: спадчынная, аўстрыйская і сяміле́тняя

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




§ 15. Прасьвечаны абсолютызм у романскіх дзяржавах і скасаваньне езуіцкага ордэру.

1. Помбаль. (1750-1777). У процілежнасьці да Монтэск'é і Русо, Вольтэр і экономісты ўважалі абсолютызм найлепшаю формаю ўраду, калі толькі монарх будзе чалавекам „сьветлым" або "прасьвечаным" у духу свайго часу. Кітайскі цар, які, каб выявіць сваю пашану да зямляробства, штогод адзін раз хадзіў за плугам, быў для іх ідэалам. І здавалася ім у палове восемнадцатага веку, што ў Эўропе настаў ужо гэтак жаданы "залаты век".

Шмат хто з самых магутных монархаў і дзяржаўных дзеячаў лічылі сабе за гонар падтрымліваць прыязныя адносіны з правадырамі "Прасьветы", прасілі ў іх рады і вельмі стараліся сваім гаспадараньнем здабыць у іх пахвалу. Па прыкладу больш магутных монархаў, і меншыя князі, калі не рабілі, дык хоць гаварылі гэтак сама; праўда, здаралася, што словы з учынкамі моцна разыходзіліся. Гэтак, прыкл., адзін князёк, які вёў з Англіяй зыскоўны гандаль рэкрутамі[1], напісаў вельмі лібэральны твор: "Думкі аб монархах" і паслаў яго галаве „Прасьветы", Вольтэру, каб атрымаць ад яго комплімэнт. Але здаралася, што за словамі йшлі і ўчынкі. Асабліва стараліся монархі падабацца парыжскім сяўцом прасьветы аслабленьнем значэньня духавенства, зьмяншэньнем яго ўплываў і маемасьці, што прадстаўляла і найлягчэйшую і найбольш прынадную рэформу, калі прыняць пад увагу магчымыя даходы. Ахвяраю гэткага палажэньня зрабіўся ордэр езуітаў, проці якіх вольнадумцы выступалі з асаблівай ненавісьцяй. Кліч да скасаваньня гэтага ордэру выйшаў якраз з тых краёў, дзе дагэтуль яны пачувалі сябе найсвабадней, а іменна з Португаліі ды Гішпаніі.

Португалія ня шмат успамаглася скінуўшы гішпанскае ярмо. Асталася яна, як і была, краем экономічна і культурна адсталым. Здавалася навет, што сама прырода хацела ёй пашкодзіць, бо у 1755 г. страшное трасеньне зямлі разбурыла да званьня яé сталіцу Лісабон. Але тагдышні португальскі першы міністар, маркіз Помбаль, чалавек з вялікім розумам і моцнай воляю, якому слабы кароль Язэп І саўсім перадаў усю ўладу, дзякуючы сваёй цьвëрдай і нязморанай дзейнасьці, здалеў за кароткі час ня толькі загаіць раны ад стыхійнага няшчасьця, але і значна падняць край з заняпаду, у якім той знаходзіўся. Завёў ён добрую адміністрацыю, стварыў марскую і сухаземную аружную сілу, стараўся нанова ажывіць гандаль і прамысловасьць, закладаў школы, абмежыў інквізіцыю і як мага аслабляў уладу духавенства. Бо ў духавенстве, асабліва-ж у езуітах бачыў ён галоўнае няшчасьце свайго народу. Перад усім выгнаў ён езуітаў з каралеўскага палацу, пасьля з школ і цэркваў. Спробу забойства караля, організаваную некалькімі вяльможамі дзеля асабістае помсты, ён выкарыстаў, каб зрабіць езуітам рашучы ўдар. Духаўнікоў гэных вяльможаў абвінавацілі, як іх супольнікаў; два з іх памерлі ў вастрозе, а аднаго, 80-цілетняга старыка, засудзілі задушыць і спаліць. Усіх іншых езуітаў Помбаль загадаў пазьбіраць на караблі і высадзіць на берагох Царкоўнае (папскае) Дзяржавы; маетнасьць іхнюю ён сконфіскаваў на карысьць дзяржавы і парваў усякія адносіны з Апостальскаю Сталіцаю.

2. Выдаленьне езуітаў з Францыі і Гішпаніі. Кароль ІІІ (1759-1788). Хаця ўсé ганілі лютасьць Помбаля, але і другія дзяржавы пачалі рабіць паводле яго прыкладу. Як ужо было сказана, езуіты ўмелі павялічаваць свае багацьці дужа добра ведзеным гандлем, прычым не перабіралі надта ў спосабах. Адзін з іхніх загадчыкаў у Заходняй Індыі абвесьціў сваё банкруцтва на 3 міліёны франкаў, генэрал жа ордэру (у Рыме) адмовіўся вярнуць страты пацярпеўшым, хаця ўсім было ведама, што той езуіт займаўся гандлем не ад сябе, але ад імя ордэру. Справа пайшла ў суд. Парыжскі парлямэнт, хаця зложаны найбольш з каталікоў, але воража настроеных да езуітаў, запатрабаваў прадстаўленьня статутаў ордэру і прызнаў іх небясьпечнымі для дзяржавы. Францускі ўрад запатрабаваў, каб статуты былі зьменены, але генэрал Рыччы адказаў гэткімі словамі: ,,Sіnі ut sunt, aut non sіnt" (хай будуць, якія ёсьць, або саўсім хай іх ня будзе). Тады францускія парлямэнты, у згодзе з міністрам Шуазэлем, прысудзілі статуты езуіцкія спаліць, а таварыства іхняе, як нязгоднае з дзяржаўным парадкам, выдаліць з Францыі.

Сьледам за Францыяй пайшла Гішпанія. З таго часу, як там пачалі гаспадараваць Бурбоны, гэты нешчасьлівы край, дзякуючы добрым каралём і міністрам, пачаў падыймацца з заняпаду. Гішпанскі кароль Кароль ІІІ быў адным з самых энэргічных і разумных монархаў свайго сталецьця. Ён акружыў сябé міністрамі, шчыра пранятымі ідэямі прасьветы; адзін з іх, Кампоманэс, здабыў вялікую славу сваімі творамі. Справядлівым падзелам падаткаў і ашчаднасьцяй двара Кароль ІІІ шмат памог зямляробству. Каб засяліць спустошаныя прасторы, ён заклікаў тысячы чужых колёністаў ды навет, ня гледзячы на агульнае нездаваленьне набожнага насяленьня, - гэрэтыкоў. Каб падняць экономічнае жыцьцё краю ды перамагчы забабонную неахвоту Гішпанцаў да працы, Кароль ІІІ выдаў закон, што заняцьце гандлем і прамысловасьцяй ня робіць ганьбы шляхоцтву, а, наадварот, падыймае яго. Каб палепшыць гандлёвыя адносіны, ён праводзіў гасьцінцы і каналы, скасаваў манаполі ды мыты, і, дзякуючы гэтаму, гандлёвыя абароты ў Гішпаніі узрасьлі ў пяць разоў. Стварыў ён і флëт, які ў часе амэрыканскае вайны за незалежнасьць гэтак уславіўся, што Гішпанія ізноў заняла становішча трэцяе марское дзяржавы. Ня менш клапаціўся ён і аб народную прасьвету; у адным з сваіх законау ён называе яе найважнейшым абавязкам дзяржавы. Гэтым вялікім культурным пачынаньням трэба дзівіцца яшчэ затым, што кароль і яго міністры ня толькі ня бачылі падтрыманьня з боку народу, цёмнага і падбураванага духавенствам, а, наадварот, спатыкалі заядлае праціўленьне. Аглядаючыся на народ, Кароль ІІІ не адважыўся скасаваць інквізіцыі; усë-ж нагэтулькі абмежаваў яе дзейнасьць, што за усé трыдцаць гадоў ягонага панаваньня былі спалены на агні толькі 4 ахвяры.

Калі адзін з міністраў загадаў, каб у Мадрыце чысьцілі вуліцы, дык лекары заявілі, што гостры смурод ачышчае паветра; калі-ж дзеля грамадзкае бясьпечнасьці было забаронена насіць шырокаполыя капялюшы і доўгія плашчы, бо пад імі лёгка было хаваць твар і аружжа, узгарэлася адкрытае паўстаньне. Кароль заяўляў, што мае довады, што езуіты былі організатарамі паўстаньня і падбівалі да яго народ, і пастанавіў зусім іх пазбыцца. Энэргічны міністар Аранда, прыяцель энцыклёпэдыстаў, загадаў у адзін дзень заарыштаваць усіх езуітаў у Гішпаніі і колёніях, пасадзіць іх на караблі і адвесьці ў Царкоўную Дзяржаву, як падданых папы, а не караля. Аднак, папскі ўрад, паводле рады генэрала езуітаў, загадаў спаткаць караблі гарматнімі стрэламі. Гішпанскія караблі дарэмна падыходзілі да розных портаў, каб выгрузіць езуітаў, аж пакуль францускі міністэр Шуазэль не пашкадаваў езуітаў ды не дазволіў ім пасяліцца на Корсіцы.

3. Скасаваньне езуіцкага ордэру Клемэнсам XІV (1773). Паводле гішпанскага прыкладу зрабілі кіраваныя гішпанскімі князямі дзяржавы Нэаполь і Парма, а пасьля гэтак сама Вэнэцыя, Модэна і навет Баварыя. Тады Бурбоны, панаваўшыя ў Гішпаніі, Францыі і Італіі, выступілі супольна перад папай Клемэнсам XІV (Ганганэлі), чалавекам пранятым, як і іншыя сучасьнікі яго, ідэямі, "прасьветы", з дамаганьнем, каб ордэр езуітаў быў скасаваны. Папа сьпіраўся, баючыся, як сам казаў, каб езуіты не атруцілі яго. Каліж і імпэратрыца Марыя Тарэса далучылася да гэтага дамаганьня, ён згадзіўся і скасаваў ордэр, за тое, што перашкаджаў спакойнаму жыцьцю хрысьціянскае рэспублікі. Праз некалькі месяцаў Клемэнс XІV памёр з усімі прыметамі атруцьця. Адны казалі, што гэта зрабілі запраўды езуіты; іншыя-ж даводзілі, што папа сам быў вінен у сваёй сьмерці, бо прыймаў зашмат лекаў проці атруты.

4. Канец рэформатарскіх імкненьняў у Гішпaніі і Португаліі. Хаця загады Помбаля і Караля ІІІ адразу далі рэзультаты, але істнавалі яны нядоўга. Слабым бокам прасьвечанага абсолютызму было тое, што ён хацеў за ўсім наглядаць, усім кіраваць, іграць ролю як быццам угадлівага апякуна, а народу гэткае гаспадараньне здавалася тырыніяй, не лягчэйшай, калі не цяжэйшаю, чым тая, што прыходзіць з агнём і мячом. Дый-ткі загады прасьвечаных монархаў не заўсёды былі ўдачныя. Так, прыкл., Помбаль, лічучы, што ў краі зашмат вырабляецца віна, а замала - збожжа, загадаў, не падумаўшы, зьніштожыць сялянскія вінаграднікі, што былі асноваю дабрабыту гішпанскага сялянства. У роўнай меры зьненавіджаны народам, шляхтаю і духавенства, Помбаль пасьля сьмерці караля Язэпа страціў уладу і ледзьве абараніўся ад абвінавачаньня ўва ўсякіх злачынствах; Португалія-ж хутка дайшла да свайго даўнейшага заняпаду. Калі-б народ мог падняцца, ня робячы сам ніякіх высілкаў, а толькі працаю разумнага ўраду, дык бы гэтак і сталася з Гішпанцамі пры Каралі ІІІ. Але ледзь толькі ён закрыў вочы назаўсёды, як яго наступнік, няўдалы Кароль ІV, вярнуў даўнейшыя парадкі. Кароль і інквізіцыя навыперадкі заціралі сьляды сьветлага папярэдняга гаспадараваньня, і гэта ўдалося ім у поўнай меры.


  Гэты твор з’яўляецца перакладам і мае асобны прававы (ліцэнзійны) статус адносна карыстанай аховы аўтарскіх правоў на арыгінальны змест.
Арыгінал:

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.
 
Пераклад:

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.
 
  1. § 12