Сусьветная гісторыя (Астэрлёф, Шустэр)/Частка 3/Другі пэрыод/Падзел Польшчы
← § 16. Фрыдрык II, кароль прускі. Войны: спадчынная, аўстрыйская і сяміле́тняя | § 17. Язэп II і Кацярына II. Падзе́л Польшчы Падручнік Вальдэмар Астэрлёф, Язэп Шустэр 1922 год Пераклад: Аркадзь Смоліч |
§ 17. Язэп ІІ і Кацярына ІІ. Падзел Польшчы.
1. Рэформы Язэпа ІІ (1780- 1790). Марыя Тарэса, якой я дабрадушны, але мала здольны муж, Францішк І, здаў усё гаспадараньне, правяла не адну важную рэформу ў войску, фінансах, судох і школах, у справе прыгону зрабіла пэўныя льготы сялянам, скасавала мукі і процэсы чараўніц, залажыла народную школу і г. д., не зьмяняючы, аднак ні ў чым істнуючага ладу, - зусім гэтак сама, як і Фрыдрык ІІ. Верная радавым традыцыям Габсбургаў, яна была заядлаю каталічкай і не прызнавала толеранцыі для людзей другое веры.
Саўсім другім чалавекам быў сын Марыі Тарэсы, Язэп ІІ. Ўжо ён быў каранаваны на імпэратара і гаспадараваў разам з маткаю, але толькі пасьля сьмерці маткі (1780) пачаў ён гаспадарыць у Габсбургскіх краёх зусім самастойна. Гэта быў чалавек з самымі добрымі імкненьнямі і вялікай сілаю духа, праняты духам прасьветы; ён стараўся грунтоўна зрэформаваць сваю дзяржаву.
Пачаў ён ад сябе, заводзячы пры сваім двары поўную прастату і жывучы сам вельмі скромна. Першым-жа ягоным урадовым актам быў эдыкт аб толеранцыі, паводле якога дазвалялася протэстантам і каталіком публічна адпраўляць набажэнства. Заапекаваўся ён і прасьледаванымі жыдамі. Пазакрываў манастыры, якія не маглі пахваліцца якой небудзь карыснаю дзейнасьцяй, а іхнюю маемасьць выкарыстаў для закладаньня парахвіяў, школ і дабрачынных установаў. Наагул, ён стараўся аддаць царкву пад поўны дзяржаўны кантроль і здабыць магчыма большую незалежнасьць ад Рыму. Надарэмна папа ўжыў дагэтуль яшчэ нячутага спосабу: паехаў сам у Вену, каб адга- варыць імпэратара ад проціцаркоўных рэформаў. Язэп ІІ прыняў яго з вялікай пашанай, рэвізытаваў яго навет у Рыме, але на уступкі не пайшоў.
З ня меншай энэргіяй заняўся Язэп ІІ грамадзкімі справамі. Скасаваў ён прыгон, завёўшы шмат мякчэйшую форму яго: спадчыннае чыншовае права; скасаваў падатковыя прывілеі шляхты і духавенства, устанавіўшы адзін для ўсіх зямельны падатак, ня гледзячы на стан уласьніка. Завёў, наагул, роўнасьць перад законам, даў свабоду друку, зьмякчыў крымінальныя законы, скасаваў, праўда, толькі часова, сьмяротную кару і ўвесь час думаў аб новых паляпшэньнях.
2. Канец панаваньня Язэпа ІІ. У сваей рэформатарскай стараннасьці Язэп ІІ паўтараў звычайныя памылкі прасьвечанага абсолютызму. Ува ўсё ён мяшаўся, усё хацеў сам зрабіць паводле свае фантазіі і не цярпеў опозіцыі. Загадаў ён, прыкл., каб нябожчыкаў хавалі ў мяшкох, а не ў трунах, каб гэтак хутчэй адбываўся іх расклад. Маючы чыстыя і шчырыя намеры, думаў ён, што яго загады заўсёды ўдачныя; аднак, часта яго разважаньні былі памылковыя ды і рэзультаты не адпавядалі ягоным мэтам. Гэтак, прыкл., ён думаў, што падыйме дабрабыт дзяржавы, калі спыніць усякія гандлёвыя зносіны з заграніцаю, забараняючы пад страхам цяжкое кары прывазіць загранічныя тавары, -што было, ведама, экономічнаю памылкай.
Каб лягчэй і пэўней зьдзейсьніць свае намеры, надумаў ён з краёў, што ў розныя часы і розным спосабам былі пад уладаю Габсбургаў злучаны між сабой даволі павярхоўна, зрабіць адналітую дзяржаву з абсолютным гаспадараньнем, адзінымі законамі і аднолькавай адміністрацыяй, ды з урадовай нямецкай мовай. Было гэта навіною, бо да таго часу ніхто не клапаціўся аб мову і звычаі насяленьня ў краёх, далучаных да якое-небудзь дзяржавы, і навет у дзяржавах, даволі аднародных этнографічна, шанавалі провінцыяльныя асобнасьці. Дык-жа цэнтралістычныя рэформы сярод народаў з рознымі мовамі, у краëх, злучаных з Аўстрыяй часта толькі дабравольнымі трактатамі, маючых сваё мяйсцовае самаўрадаваньне, выклікала агульнае абурэньне. Протэставалі ўсé, а найбольш Вэнгры і Бэльгійцы, як найдужэйшыя і маючыя найбольшую нацыянальную сьвéдамасьць.
Адна рэформатарская дзейнасьць не здаваляла Язэпа ІІ; захацелася яму здабыць славу заваявальніка. Яшчэ пры Марыі Тарэсе ён распачаў новую вайну з Прусамі. Калі вымерла ў Баварыі дынастыя курфюрстаў (1778), надумаўся ён-быццам з прычыны спадчынных пратэнсіяў захапіць частку гэтага краю. Фрыдрык ІІ, які завідлівым вокам глядзеў на пашырэньне Аўстрыі коштам нямецкіх зямель, кінуўся на абарону "нямецкае вольнасьці" і ўвайшоў з войскам у Чэхію. Марыя Тарэса не хацела гэтае ваеннае рызыкі, і Язэп ІІ быў прымушаны здаволіцца малою часткаю Баварыі. Праз некалькі гадоў хацеў ён усё-ж дабіцца свае мэты і суліў новаму курфюрсту за Баварыю-Бэльгію. Яны ўжо былі саўсім умовіліся, калі ўмяшаўся ў гэту справу Фрыдрык ІІ; ěн стварыў "нямецкі саюз", які прымусіў імпэратара зрачыся сваіх намераў (1785). Тады Язэп ІІ ў саюзе з расейскаю імпэратрыцаю Кацярынаю ІІ распачаў вайну з Турэччынай, манючыся яé падзяліць. Але адразу-ж утварыўся саюз Прусіі, Англіі і Польшчы дзеля абароны Турэччыны. Адначасна узгарэлася паўстаньне ў Брусэлі, імпэратарскія войскі былі выгнаны, і Бэльгія абвесьціла сваю незалежнасьць. Дый у Венгрыі было неспакойна, дзякуючы прускай рабоце.
У гэты мамэнт Язэп ІІ, які ў часе паходу ў Валахію набраўся небясьпечнае хваробы, паміраючы быў прымушаны скасаваць большую частку заведзеных рэформаў; усё-ж цьвёрда бараніў ён эдыкту аб толеранцыі і аб скасаваньні прыгону. Пад уплывам цяжкіх перажываньняў свайго жыцьця загадаў ён, каб над яго магілай быў такі надпіс: "Тут ляжыць монарх, намеры якога былі чыстыя, ды быў ён гэткі нешчасьлівы, што ўсé ягоныя пляны рассыпаліся". Памёр ён на 49 годзе жыцьця; народ, звольнены ім ад прыгону, шчыра яго шкадаваў.
3. Леопольд ІІ (1790-1792). Пасьля Язэпа ІІ быў імпэратарам Леопольд ІІ, другі сын Марыі Тарэсы, які ўперад быў вялікім князем Тосканскім (Лётарынскі дом адступіў свой радавы край, лётарынгію, Францыі і за гэта атрымаў Тоскану, дзе быў вольны пасад, бо там вымерла дынастыя Мэдычы). Леопольду ІІ трэба было перад усім зрабіць нейкі парадак у дзяржаўных справах, якія Язэп ІІ пакінуў даволі заблутанымі. Зрабіў ён мір з Турэччынай, ды супакоіў Бэльгійцаў і Вэнграў, вярнуўшы ў іх старыя законы. Улагодзіў і духавенства, касуючы большасьць царкоўных навінаў, а так сама шляхту, варочаючы ей падатковыя прывілеі і аднаўляючы прыгон сялянства. Такім чынам, ад дзейнасьці Язэпа ІІ не асталося і сьледу.
4. Кацярына ІІ, расейская імпэратрыца. Сярод прасьвечаных монархаў пачэснае месца займае і Кацярына ІІ, "Сэміраміда паўночы", як яе называлі францускія энцыклёпэдысты, пісаўшыя да яе шумныя оды і хваліўшыяся яе прыхільнасьцяй. Яна ўвесь час перапісавалася з Вольтэрам, а Дідро нейкі час жыў у Пецярбурзе.
Рэформы яе ў большасьці былі толькі на паперы: яны ня былі саўсім выпаўнены; але сваім радыкалізмам яны захоплівалі дзеячаў прасьветы. Пэўныя рэформы яна ўсё-ж правяла, крыху палепшыўшы суды і адміністрацыю. Старалася яна стварыць мяшчанскі стан, сярэдні паміж паднявольным сялянствам і шляхтаю, даючы яму ўсякія прывілеі і закладаючы новыя месты, як прыкл., Одэсу над Чорным морам, у краі, адабраным у Туркаў. Каб падняць зямляробства, яна выпісала нямецкіх колёністаў, апекавалася прамысловасьцяй, гандлем і мораплаўствам. Клапацілася аб прасьвету, закладала школы, загадавала выдаваць кніжкі, сама навет бралася за літературную працу. Запрашала да сябé вучоных чужаземцаў. Як прыхільніца толеранцыі, прыймала ў сваю дзяржаву ня толькі францускіх вольнадумцаў, але, ня гледзячы на нездаваленьне апошніх, такжа нетолераваных у іншых краёх езуітаў. Аднак, усé рэіформы яе былі выпадковымі і безпляновымі. Як і Фрыдрык ІІ, найбольш клапацілася Кацярына ІІ аб вонкавай магутнасьці дзяржавы. Як некалісь Пётра І адабраў у Швэдаў для Расéі Балтыцкае мора, так Кацярына адваявала Чорнае мора. Яé імпэрыялістычныя пляны зьвярнуліся і проці Польшчы, у якой тады панавала вялікая разруха; для сваіх намераў яна знайшла добрага памоцніка у асобе Фрыдрыка ІІ.
5. Першы падзел Польшчы. Фрыдрык ІІ і Кацярына ІІ сыстэматычна і спрытна падгатаўлялі ўпадак Польшчы. У патаемнай умове абяцаліся яны адно аднаму зьвясьці на нішто ўсé высілкі Палякоў, скіраваныя да таго, каб зрабіць канец анархіі ў Польшчы і завесьці спадчынную монархію. Пад ахранаю расéйскага войска адбыліся выбары на караля Станіслава Аўгуста Понятоўскага, якога падтрымлівала Кацярына ІІ. Рэлігійная нетолеранцыя гэтак сама памагла загубе Польшчы. Протэстанты і дызуніты (праваслаўныя), асьмéленыя Прусіяй і Расеяй, зажадалі для сябе роўных правоў з каталікамі, а ў гэтым ім катэгорычна было адмоўлена. Гэта дало Кацярыне ІІ повад увясьці ў Польшчу сваé войскі ў імя "толеранцыі і гуманітарных пачуцьцяў". Польшча была прымушана зрабіць з ёю гэткія ўмовы, якія зрабілі з яе провінцыю Расéі. Тады зорганізавалася Барская Конфэдэрацыя (1768) дзеля абароны Рэчыпаспалітае, і узгарэлася страшная вайна.
Нездаволены Расéяй турэцкі султан зрабіў саюз з конфэдэратамі і абвесьціў Кацярыне ІІ вайну. Але Туркам у гэтай вайне не пашанцавала. Расéйцы здабылі Крым, уварваліся ў Молдавію і Валахію і зьніштожылі ўвесь турэцкі флёт пад Чэсмаю, у Малой Азіі (1770). Няўдача Туркаў была апошнім ударам для Польшчы. Фрыдрык ІІ запрапанаваў Кацярыне ІІ падзяліць польскія землі. Да падзелу запрасілі і Аўстрыю. Марыя Тарэса ўперад вагалася, кажучы: "не хачу пляміць свайго гонару у вачох сучасьнікаў і патомных пакаленьняў дзеля нейкага кавалка Польшчы"; але яé сын і міністры растлумачылі éй, што яшчэ горай будзе нічога не атрымаць пры падзеле. Тады тры арміі ўвайшлі ў Польшчу і адабралі ў яé чацьвертую частку яé прастору.
6. Другі і трэці падзел Польшчы (1793 - 1795). У Польшчы ўсё мацней выяўляліся тэндэнцыі да рэорганізацыі дзяржавы і адраджэньня народу. Расéя зялезнаю рукою душыла гэтыя імкненьні. У гэтым часе саюзьнікі: Кацярыны ІІ і Язэп ІІ - распачалі вайну з Турэччынай. Тады Палякі, заахвочаныя Прусіяй, якая зрабіла з імі цесны саюз, правялі рад рэформаў. Констытуцыя Трэцяга Мая (1791) была прыхільна сустрэчана ўсёю культурнаю Эўропаю. Кароль Фрыдрык Вільгэльм ІІ ўласнаручным лістом вітаў Польшчу з шчасьліваю рэформай. Але ня споўніліся надзеі Палякоў на турэцкую вайну. Потёмкін і Суворов разбурылі крэпасьці Очаков і Ізмаіл і зьніштожылі некалькі турэцкіх арміяў. Ужо Кацярына ІІ надумывалася пасадзіць свайго ўнука на пасадзе заваяванае Бізантыі і пэўне зьдзейсьніла-бы гэты свой плян, калі-6 Англія і Прусія не пагразілі ей вайною з гэтае прычыны. Тады яна зрабіла з Туркамі мір у Яссах (1792), здаволіваючыся пашырэньнем мéжаў свае дзяржавы да Днястра і ўзмацаваньнем свайго ранейшага протэктарату над Молдавіяй і Валахіяй, гэтак званымі Наддунайскімі князьствамі, што давала Pacéі заўсёды права мяшацца ў турэцкія справы. За тое імпэратрыца скіравала ўсé свае вайсковыя сілы на Польшчу, злучыўшыся з Тарговіцкаю Конфэдэрацыяй, якая завязалася дзеля павароту даўнейшага дзяржаўнага ладу. Палякі разьлічалі на помач Прусіі, але, на вялікае іх расчараваньне, Фрыдрык Вільгэльм ІІ з насьмешкай адказаў на гэта, што ён рабіў саюз з Польшчаю, як рэспублікай, а не з Польшчай-монархіяй. Вераломны прускі кароль заявіў Кацярыне ІІ, што ён ня будзе рабіць перашкод яé плянам, калі пры падзеле атрымае сваю долю. Аўстрыя гэтак сама пакінула Палякоў бяз помачы. Надарэмна прыхільнікі констытуцыі 3 мая давалі адпор гэткаму гвалту. Адбыўся другі падзéл Польшчы паміж Прусіяй і Расеяй. А калі ў 1794 г. узгарэлася паўстаньне пад кіраўніцтвам Касьцюшкі, быў зроблены трэці, аканчальны падзел Польшчы паміж Расéяй, Прусіяй і Аўстрыяй (1795).
Пасьля трох падзелаў дасталіся з польскіх земляў: на долю Аўстрыі-паўдзённы захад, Галічына (2.200 кв. міляў), на долю Прусіі-паўночны захад з сталіцаю Варшавай (2600 кв. міль), на долю Расеі-рэшта, агулам каля 8800 кв. міляў.
Арыгінал: | Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш. Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў. |
---|---|
Пераклад: | Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш. Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў. |