Перайсці да зместу

Сусьветная гісторыя (Астэрлёф, Шустэр)/Частка 3/Другі пэрыод/Прасьвета

З пляцоўкі Вікікрыніцы
§ 13. Англійская рэволюцыя § 14. Прасьве́та
Падручнік
Вальдэмар Астэрлёф, Язэп Шустэр
1922 год
Пераклад: Аркадзь Смоліч
§ 15. Прасьвечаны абсолютызм у романскіх дзяржавах і скасаваньне ордэру Езуітаў

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




§ 14. Прасьвета.

1. Сьпіноза, Байль, Лёк, Ньютон і англійскія вольнадумцы. Вольныя парадкі ў ХVІІ і XVІІІ вякох запанавалі ў двух краëх: Голяндыі і Англіі, і згэтуль новым ветрам павéяла на Эўропу, згэтуль пашырыўся рух, які імкнуўся замяніць дэспотычнае самавольства-свабодай і справядлівасьцяй, барбарства-высока-моральнаю людзкасьцяй, рэлігійны прымус-толеранцыяй і вольнадумствам, дзікія забабоны— разважным паглядам на прыроду, ды наагул імкнуўся да прасьвячаньня грамадзянства, да вызваленьня яго ад усялякіх забабонаў. У той самы час, як у Францыі Босю ды інш. славілі ў асобе Людвіка XІV абсолютную монархію, як адзіную выбраную Богам і наагул найлепшую форму дзяржаўнасьці, ды падтрымлівалі рэлігійны уціск, - у Голяндыі вялікі філëзоф Сьпіноза прызнаваў дэмократыю найбольш натуральным дзяржаўным ладам і ў яркіх словах бараніў волю думкі і веры, кажучы, што ўрады павінны пілнаваць учынкаў сваіх падданых, а ня іхніх думак. Мэтаю дзяржавы, казаў Сьпіноза, ня можа быць застрашаньне людзей ды падчыненьне іх чужой волі, каб з разумных стварэньняў зрабіць жывёлы або машыны; наадварот, іх дух і цела павінны свабодна разьвіваць свае здольнасьці, каб карысталіся яны з свайго вольнага розуму, не аднасіліся адны да адных з ненавісьцяй, гнéвам і маною і не прасьледавалі сябе ўзаемна; галоўнай задачай дзяржавы, па праўдзе, павінна быць — воля". За галоўную перашкоду для вольнае думкі Сьпіноза лічыў церазмерную пашану да літары бібліі, адважыўся глядзець на біблію, як на твор людзкіх рук, і стараўся крытыкаю і аб'ясьненьнямі даць магчымасьць больш глыбокага разуменьня яé; за гэта гадоў сто яго лічылі бязбожнікам.

Падобная-ж была дзейнасьць загнанага прасьледаваньнямі ў Нідэрлянды францускага гугенота, вучонага Байля (Bayle), які першы пачаў выдаваць часопісь, і ў ёй популярна, гэтак, каб яго зразумелі ня толькі вучоныя спэцыялісты, але і кожын эдукаваны чалавек, абгаварваліся і вольна разважаліся тэолёгічная, палітычная і філёзофскія пытаньні, ды наагул пытаньні з розных навукаў. Гэтаю сваёю дзейнасьцяй, ды таксама вялікім "Гісторычна-крытычным слоўнікам", з якога шмат пакаленьняў чарпала ўсю сваю веду, Байль шмат памог разьвіцьцю ў грамадзянстве нахілу да навуковае думкі і імкненьня да точных дасьледаў, што ўпéрад было выключным прывілеем вучоных.

У Амстэрдаме Байль пазнаёміўся з англійскім вучоным Джонам Лёкам (Locke), які, як віг, хаваўся там ад тыраніі Стюартаў. Пасьля выгнаньня іх з Англіі лёк вярнуўся на бацькаўшчыну і сваімі творамі хутка абудзіў вялікую цікавасьць і зьдзіўленьне. У сваім творы «Аб людзкім розуме» Лёк паставіў сабе задачай дасьледзіць пачаткі і межы людзкога пазнаньня; гэтак быў ён пачынальнікам новае філëзофіі, якая найбольш займаецца гэтым пытаньнем. Ня меншы уплыў мéлі ягоныя творы аб рэлігіі, узгадаваньні і палітыцы. Ён даводзіў справядлівасьць пазбаўленьня пасаду Якуба ІІ, як некалісь Мільтон-казьні Караля І. У сваіх вывадах аб гэтай справе ён казаў, што дзяржава прадстаўляе саюз вольных людзей, якія зрабілі ўмову дзеля лепшага забясьпечаньня свайго жыцьця і дабра. Значыць, вярхоўнаю ўладаю ёсьць само грамадзянства, народ. Кароль-гэта толькі першы ўрадовец; сваю ўладу ён мае ад народу; вось-жа, калі яé злоўжывае, значыць, ламае свае абавязкі, і яго трэба скінуць.

Такім спосабам, Лëк супроць панаваўшае ў той час непадзельна навукі аб паходжаньні каралеўскае ўлады ад Бога, якая вяла да дэспотызму, паставіў сваю тэорыю аб верхавенстве народу.

3 няменшаю энэргіяй бараніў Лёк толеранцыю ў самым шырокім значэньні; нікога, не выключаючы і жыдоў ды паганаў, ня трэба пазбаўляць свабоды сумленьня і грамадзянскіх правоў. Сьляпы дэспотызм, з якім кожная рэлігійная група прасьледавала іншыя, кажучы, што праўда знаходзіцца выключна толькі ў яé, павінен выклікаць саўсім натуральны сумлеў аб тым, ці ў справах веры наагул можа істнаваць бясспрэчная праўда, ці не.

Шмат хто з эдукаваных людзей, зьнеахвочаных вечнымі рэлігійнымі спрэчкамі, уважалі, што досіць верыць у Найвышэйшую Істоту, як прычыну ўсяго, што існуе, і больш нічога ня трэба дзеля праўдзівае пабожнасьці. З таго часу, як у Англіі запанавала воля слова і друку, некаторыя спаміж іх, як Колін, Толян, Шэфтсбэры, Болінброк, адважаліся адкрыта выказваць падобныя думкі. З тае прычыны, што волю думаньня яны лічылі бязумоўным правам чалавецтва, іх называлі вольнадумцамі, а за тое, што, хаця і не прызнавалі хрысьціянскае навукі, але верылі ў Бога, іх называлі дэістамі. Яны даводзілі, што цнота і моральнасьць не залежаць ад догматаў веры; адзіным кіраўніком думкі павінен быць "здаровы розум“, адзінымі крыніцамі веды, як казаў і Лёк,-спасьцярога і дасьлед. Яны нападалі на ўсё, што пярэчыла розуму, або дасьведчаньню, карыстаючыся пры гэтым, як аружжам, то вучонымі вывадамі, то дасьціпным ды войстрым словам. Змагаліся яны проці веры ў цуды і нічога слухаць не хацелі аб тым, што Бог мяшаецца ў парадак на сьвеце, які Ім самім устаноўлены і кіруецца адвечнымі законамі.

Вялікае адкрыцьце Ізаака Ньютона (Newton) (1642-1722), прафэсара Кембрыджскага унівэрсытэту, дадавала яшчэ больш вагі іх словам. Ньютон казаў: „Усé цéлы ўзаемна прыцягаюцца. Гэтае прыцяганьне не знаходзіцца ў простай залежнасьці ад масы іхняга цела, але ў адваротнай ад квадрату іх аддаленьня. Тая самая сіла, якая прыцягае да зямлі, ўплывае гэтак сама і на ўсé нябесныя цéлы, усé сусьветныя прасторы, утрымлівае плянэты, комэты і месяцы, ды кіруе іхнім рухам". Гэта адначасна тлумачыла прычыну таго, што адкрыў Копэрнік, а Кéплер сформулаваў у законы. Нябесныя і зямныя зьявішчы можна было вывесьці з аднаго закону, а, значыць, не аставалася тут месца на цуды. Гэтае важнае адкрыцьце, ды, наагул, увесь час узрастаючы ўплыў прыродных навук што-раз то болей пашыралі пагляды вольнадумцаў, хаця на іх і нападала духавенства.

Цэхі муляроў у Лёндане, называныя вольнамулярскімі, ў 1717 годзе ператварыліся ў саюз вольнадумных эдукаваных людзей усіх станаў, якія, заводзячы крыху дзіўныя звычаі і абрады, ахвяроўвалі сябе справе пашырэньня толеранцыі і людзкасьці, імкнучыся да брацтва ўсіх станаў і народаў. Праз кароткі час вольнамулярскія саюзы пашырыліся па ўсёй Эўропе, ды пазакладаліся навет у Усходняй Індыі і Амэрыцы; навет князі і каралі часамі да іх належалі.

2. Вольтэр (1694-1778). Англія з прычыны сваёй мовы і географічнага палажэньня ўсё-ж была залішне далёкая ад рэшты Эўропы, каб беспасярэдна і моцна на яé уплываць. Доля пасрэдніка і тлумача дасталася Францыі, мова якое панавала ў той час у сьвеце.

Англійская літэратура і навука былі ўжо ў поўнай красé, а французы аб ёй яшчэ нічога ня ведалі. І толькі ў 1727 годзе, дзякуючы бытнасьці ў Лёндане аднаго маладога парыжскага пісьменьніка, даляцелі на сухазéмле нейкія ведамасьці аб духоўным жыцьці Англійцаў. Гэты пісьменьнік быў Францішк Аруэ, вéдамы больш пад сваім літэратурным прозьвішчам Вольтэр (1694-1775). З прычыны звадкі з адным шляхціцам ён уцёк у Англію, бо яму пагражала Бастылія. Англійскія законы, установы, прасьвета, рэлігійная толеранцыя, палітычныя свабоды абудзілі ў ім зьдзіўленьне. Вярнуўшыся ў Францыю, ён у чысьленых сваіх творах разьвіваў пагляды англійскіх дэістаў. Быў ён няміласэрным ворагам догматаў і абрадаў, бачучы ў іх толькі ману і прыкідлівасьць. Хаця характар яго быў не беззаганны, але, наагул, імкненьні яго былі вельмі сьветлыя, гуманітарныя. Вольтэр мéў дужа добры стыль, быстры розум, незраўнаную дасьціпнасьць і ўсебаковую эдукацыю. Пры ўсім гэтым жыў ён доўга, у добрым здароўі, дык пры вялікай сваёй працавітасьці напісаў надзвычайна многа літэратурных твораў: драмаў, повесьцяў, навуковых разважаньняў, гістарычных твораў, лятучых лісткоў, памфлетаў; мусіць, няма літэратурных формаў, у якіх бы ён ня пробаваў сваіх сілаў. Зласьлівасьць і жыцьцёвы бруд псавалі шмат якія з яго твораў: было гэта, аднак, згодна з духам часу і саўсім ня шкодзіла вялікай популярнасьці Вольтэра. Навет монархі шукалі прыхільнасьці яго; з каралямі прускім, данскім, швэдзкім і імпэратрыцаю Кацярынаю ён вёў сталую кореспондэнцыю. І ўсё-ж з ягоных твораў больш трывалую вартасьць мае хіба толькі "Essaі sur les moers et l'esprіt des natіons", твор аб сусьветнай гісторыі, у якім ён менш займаецца палітычнаю гісторыяй, а найбольш культураю дзяржаваў і народаў.

Вялікую заслугу Вольтэра ў яго публіцыстычнай дзейнасьці становіць упорлівае змаганьне з тагачаснай нягоднай судовай процэдурай. Ня толькі літэратурнымі творамі, але і асабістымі заходамі дапамагаў ён несправядліва засуджаным і іхнім сéм'ям. Асабліва ведама абарона Вольтэрам нейкага Каляза, кальвінскага купца з Тулюзы, якога вінавацілі ў забіцьці сына за тое, што той прыняў каталіцтва, і сказьнілі, ня гледзячы на адсутнасьць усякіх доказаў. Пасьля многалетніх заходаў Вольтэр дабіўся перагляду справы, пры чым нявіннасьць сказьнёнага была даведзена, і яго сям'і была вернена чэсьць і сконфіскаваная маêтнасьць.

3. Монтэске, Дідро, Русо, Кенэ. Пабываў так сама ў Англіі вядомы ўжо ў тым часе францускі пісьменьнік, барон Монтэск,é, прэзыдэнт парлямэнту ў Бордо. Пражыўшы там два гады, вынес ён перакананьне, што Вялікая Брытанія ёсьць самы вольны край. Англійскія законы, якія вытварыліся на працягу гісторыі Англіі, здаліся яму верхам дзяржаўнае мудрасьці. Пад уплывам уражэньняў з свае падарожы ў Англію напісаў Монтэск'é знамяніты твор "Esprіt des loіs" (Дух законаў). Галоўнай думкай гэтае працы было тое, што дзяржаўная ўлада ёсьць траякая: законадаўчая, спаўняючая і судовая. Абавязковым варункам вольнага дзяржаўнага ладу ён лічыў разьдзéл гэтых трох галін улады, каб кароль, ці хоць сабе і рэспубліканскі ўрад не гаспадарыў самадумам, а каб быў зьвязаны законамі, якія выдае іншая ўлада, іменна народнае прадстаўніцтва, ды каб судзьдзі судзілі незалежна ад загадаў ураду, кіруючыся толькі сваім сумленьнем. Гэткі дзяржаўны лад быў якраз у Англіі пасьля выдаленьня Стюартаў. Констытуцыйна-монархічная форма ўраду зацікавіла тады шырокія кругі інтэлігенцыі ўва ўсёй Эўропе, a ў XІX в. гэтая форма была праведзена ў жыцьцё ў большасьці эўрапэйскіх дзяржаваў.

Пад уплывам Вольтэра і Монтэск'е стварылася цэлая армія пісьменьнікаў, якія займаліся філёзофскімі, палітычнымі і грамадзкімі пытаньнямі, разважаючы аб іх ці ў паважнай форме, ці ў бэлетрыстычнай або сатырычнай. Спаміж іх найвыдатнейшым быў Дідро, чалавек здольны, гарачы, знаходлівы. Зьявілася ў яго нязвычайная яшчэ, як на тыя часы, думка, каб абняць усю людзкую веду ў адным вялізарным слоўніку, названым энцыклёпэдыяй. З гэтаю мэтай згаварыўся ён з вядомым матэматыкам д'Алямбэрам, які напісаў дужа добрую прадмову да энцыклёпэдыі. Блізка ўсе выдатнейшыя тагачасныя вучоныя і пісьменьнікі, у тым ліку і Вольтэр, зьмесьцілі там свае творы. Ня гледзячы на вялікія перашкоды з боку духавенства, за 15 гадоў выданьне энцыклёпэдыі было скончана (1751-1766); складаецца яна з 25 вялізных тамоў.

Супрацоўніцтва зблізіла паміж сабою вольнадумных пісьменьнікаў і стварыла пэўную аднолькавасьць у іхніх паглядах; з гэтага часу сталі іх называць энцыклёпэдыстамі. Панаваў сярод іх дух Вольтэра, у якім злучаліся гуманітарныя і грамадзкія імкненьні з дэструкцыйнымі, а любоў — з ядам ненавісьці.

Іншым ужо духам праняты быў Жан Жак Русо (1712-1778), Швайцарац, родам з Жэнéвы. У жыцьці яго, так сама, як і ў Вольтэра, было нямала плямаў, але ягоныя імкненьні былі справядлівыя, розум геніяльны, творы-ж яго зрабілі ня меншы за дзейнасьць Вольтэра і экцыплёпэдыстаў, калі йшчэ ня большы, уплыў на ход пазьнейшых палітычных, грамадзкіх і культурных падзеяў Эўропы.

Быў ён праняты вéраю ў Бога і ў няўміручасьць душы і, выходзячы з гэтага пагляду, імкнуўся да адраджэньня чалавецтва і паказываў шляхі, якімі трэба йсьці да гэтага. Як Вольтэр апіраўся на розуме, так Русо-на пачуцьці. Асноваю ягонае тэорыі ёсьць думка, што ўсё выходзіць з рук Тварца дасканалым. Чалавек спачатку быў добрым і чэсным, але яго сапсавала цывілізацыя. Паварот да прыроды-гэта адзіны шлях дзеля адраджэньня чалавецтва. У сваёй пэдагогічнай повесьці "Эміль" даў Русо дужа добры абраз узгадаваньня, абапёртага на прыродных асновах; галоўную ўвагу зварачаў ён на фізычнае ўзгадаваньне, аб чым, праўда, і перад ім яшчэ гаварылі Лёк і Монтэнь, і радзіў паступова разьвіваць розум у аддаленьні ад вялікіх местаў.

У творы "Contrat socіal" (Грамадзкая ўмова) Русо лічыць, што грамадзянствы і дзяржавы стварыліся дзякуючы дабравольным умовам паміж вольнымі людзьмі, не прызнае констытуцыйнае монархіі, якую гэтак выхваляў Монтеск'é, a стаіць за дэмократычную рэспубліку, ідзе, значыць, далей, чым Лёк. Што праўда, ягоныя думкі аб "дабрацé і чэснасьці" первабытнага чалавека, аб „грамадзкай умове" ды яшчэ некаторыя іншыя ня вытрымліваюць ніякае крытыкі. Але ён ярка выявіў супярэчнасьць паміж натуральнаю, здароваю прастатою і штучнаю, гнілою цывілізацыяй, паказаў ненатуральнасьць і заганы тагдышняга ўзгадаваньня і нягоднасьць дзяржаўнага ладу. Уплыў тэорыі Русо быў дужа вялікі, хаця спачатку толькі павярхоўны. Расьпешчаная арыстократыя захоплівалася паглядамі Русо якраз за тое, што лічыла іх парадоксальнымі. Іншыя з яго думак, аднак, праводзіліся ў жыцьцë; так, прыкл., некаторыя маткі з арыстократыі пачалі самі карміць сваіх дзяцей і апранаць іх скромна; гэта была такая мода: á la Rousseau. — "Прасьвечаныя ўладары" раптам пачалі клапаціцца аб долі сваіх падданых,-ведама, паводле сваіх фантазіяў, ды не зракаючыся свайго абсолютызму у гаспадараньні. Выявіўся ўплыў паглядаў Русо і ў літэратуры, сéючы мляўкі сэнтымэнталізм і нахіл да утопіяў. Часамі-ж уплыў гэты быў шмат глыбейшы і шырэйшы. Вытварыў ён, наагул, крытыку істнуючага грамадзкага парадку і жаданьне пераробіць яго.

Асобную групу францускіх пісьменьнікаў складалі экономісты. Яны выяўлялі недахваты дзяржаўнае гаспадаркі і спосабы направы яé, творачы асобную навуку, названую палітычнаю экономіяй. Дагэтуль багацьцем краю лічылі масы сабранага ў ім золата і стараліся ўсякімі штучнымі спосабамі і забаронамі прыцягнуць у край як мага больш грошай і як найменш выпусьціць іх заграніцу. Толькі француз Кенэ, прыдворны лекар Людвіка XV, выявіў цеснату гэнага пагляду і на яго месца паставіў новы, а іменна, што адзінаю крыніцаю багацьця краю ёсьць зямля і яé старанны выраб. Гэтая думка аказалася няточнаю, бо, як крыху пазьней давёў шкот Адам Сьміт, багацьцем краю ёсьць праца, як на ральлі, так і ў варштатах, фабрыках, у гандлю,-ці, наагул, вытворчасьць краю. Кенэ і яго вучні, аднак, маюць вялікую заслугу: на аснове навуковых даных яны выявілі, што ад галіты вясковага народу хварэе ўся дзяржава.

Дэвізам Кенэ было: "Pauvres paysans, pauvre royaume, pauvre roі." Экономісты дамагаліся ня толькі палягчэньня сялянскае долі і скасаваньня падатковых прывілеяў, але таксама і скасаваньня цэхаў, мыта, - адным словам, звальненьня гандлю і прамысловасьці ад усіх сьцясьняючых іх путаў. "Laіssez faіre, laіssez passer" (дазвольце рабіць, дазвольце йсьці), поўная экономічная воля - гэткі быў іх кліч.

4. Бэкарыя. Пэсталёці. Нямецкая літэратура. Творы францускіх вольнадумцаў знайшлі ўва ўсёй Эўропе магутны водгук і ўсюдых разбудзілі значны рух. Наймацнейшы протэст проці барбарскай судовай процэдуры быў узьняўся ў Італіі. Падняў яго Бекарыя з Міляну, знамяніты твор якога "Аб правінах і карах" зрабіў велізарны ўплыў на крымінальнае законадаўства ўсяé Эўропы. Бэкарыя дамагаўся для вінавачаных звальненьня пад заклад і парукі заместа вязьніцы, скасаваньня мукаў, яўнасьці суда, мякчэйшых караў, скасаваньня конфіскацыі маéтнасьці, а навет скасаваньня сьмяротнае кары. Законадаўцы, паводле яго думкі, павінны недапускаць да злачынстваў не страшнымі карамі і забаронамі, але прасьветай народу.

Як быццам на кліч італьянскага юрыста адазваўся ў Швайцарыі вялікі змаганьнік за народную прасьвету, Пэсталёці, пэдагог і прыяцель чалавецтва. Дагэтуль аб прасьвеце ніжэйшых слаёў грамадзянства клапацілася адно хіба духавенства і то найбольш дзеля рэлігійнага ўзгадаваньня. Пры гэтым протэстанцкае духавенства ў гэтай справе йшло далей, чым каталіцкае; яно-ж бо з самага пачатку свайго істнаваньня асаблівую ўвагу зьвяртала на навуку чытаньня, каб верныя маглі чытаць біблію. Сьледам за протэстанцкім, і каталіцкае духавенства, дзеля конкурэнцыі і дзеля захаваньня чыстасьці веры, побач з папярэдняй вуснай навукай ватахізму, рытуалу і моралі, ўвяло ў свае вясковыя школы такжа чытаньне і пісаньне (у местах, асабліва-ж у больш заможных, побач з вышэйшымі школамі ўжо ў сярэднія вякі існавалі й ніжэйшыя). Праўда, і апрача духавенства ў розныя часы і ў розных мясцох бывалі людзі, якія стараліся зьменшыць народную цемнату; аднак, іх стараньні былі часовымі, нятрывалымі. Толькі ад часу Пэсталёці сталі глыбей і шырэй займацца народнай прасьветай, а ў XVІІІ в. справа народных школаў стала адным з абавязкаў урадаў.

У Нямеччыне другая палова XVІІІ в. была пэрыодам найвышэйшага расцьвету літэратуры; дух гэтае літэратуры быў шырока-гуманітарны і саўсім новачасны. Абаронцам рэлігійнае толеранцыі быў Лéсінг, а найлепшым яе выяўленьнем-ягоная драматычная поэма „Натан Мудры". Ён не абмежаваўся аднымі толькі кпінамі і не аплёўваў ядам нéнавісьці хрысьціянскае веры; наадварот, хаця ён і ня бачыў істоты рэлігіі ў догматычных дэталях і абрадах, аднак, вымагаў узаемнае пашаны да чужое веры. Яго выступленьні і таму яшчэ мелі асаблівую культурна-грамадзкую вагу, што яго толеранцыя абыймала і жыдоў, тады гэтак пагарджаных і прыціснутых[1].

Гéрдэр прапаведаваў брацтва народаў, клічучы дужэйшыя народы шанаваць мову і звычаі нацыянальных мéншасьцяў і лічучы народную творчасьць крыніцай праўдзівае поэзіі.

У асобах двух найгеніяльнейшых нямецкіх поэтаў, якімі былі Гéтэ і Шылер, міжнародны гуманізм атрымаў магутнае падтрыманьне.

Жыў тады яшчэ адзін вялікі чалавек, Іммануэль Кант, тварэц новае філëзофіі, усебаковы вучоны і глыбокі мысьліцель.


  Гэты твор з’яўляецца перакладам і мае асобны прававы (ліцэнзійны) статус адносна карыстанай аховы аўтарскіх правоў на арыгінальны змест.
Арыгінал:

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.
 
Пераклад:

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.
 
  1. § 12.