Перайсці да зместу

Сусьветная гісторыя (Астэрлёф, Шустэр)/Частка 3/Другі пэрыод/Англійская рэволюцыя

З пляцоўкі Вікікрыніцы
§ 12. Эўрапэйскае грамадзянства ў XVII і XVIII сталецьцях § 13. Англійская рэволюцыя
Падручнік
Вальдэмар Астэрлёф, Язэп Шустэр
1922 год
Пераклад: Аркадзь Смоліч
§ 14. Прасьве́та

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




§ 13. Англійская рэволюцыя.

1. Свабоды старое Англіі. У той час, як ува ўсіх большых і меншых дзяржавах сухазéмнае Эўропы панаваў дэспотызм, на шчасьце чалавецтва ў Англіі было йначай. Для свабоды тут былі лепшыя варункі, чым усюдых. Ад вайны Дзьвюх Рожаў счэз прыгон; кожын быў асабіста вольны, і, наагул, станы не ператвараліся ў касты, як гэта было ў рэшце Эўропы.

Англійскі народ, як і цяпер яшчэ, складаўся з двух галоўных станаў: лёрдаў (паноў) і комунаў (грамадаў), якім адпавядалі і дзьве палаты парлямэнту. Аднак, лёрдамі рабіліся біскупы і вышэйшыя дзяржаўныя ўрадоўцы, і дзеля гэтага кожын прадстаўнік грамадаў мог сваімі талентамі і заслугамі здабыць сабе дастаенства лёрда. З другога боку, тытулы і валаданьні бацькі пераходзілі заўсёды толькі да найстарэйшага сына, малодшыя-ж сыны пераходзілі ў грамаду. Такім чынам, шляхта і народ увесь час злучаліся між сабою, пачувалі сябé грамадзянамі аднае нацыі і супольна залажылі асновы волі, дадаючы да кароны парлямэнт і творачы яго-знарок, ці можа прыпадкова,-гэтак, што па сваёй організацыі і дзейнасьці ён адразу ж перагнаў усé парлямэнты Эўропы. Калі, прыкл., "Etats généraux" складаліся з трох сходаў, з дэпутатаў ад шляхты, духавенства і мяшчанства, і з гэтае прычыны трэці стан меў толькі адзін голас проці двух прывілейных,-у англійскім парлямэнце біскупы і шляхта тварылі толькі адну палату-г. зв. верхнюю (палату лёрдаў), а прадстаўнікі графстваў і местаў тварылі другую палату-ніжнюю (палату грамадаў), якая ўвесь час павялічала сваё значэньне і рабілася асноваю ўсяго парлямэнту.

Ужо некалькі сталецьцяў у Англіі лічылася агульным прынцыпам, што кароль ня мог накладаць падаткі і выдаваць законы бяз згоды парлямэнту, і што ягоныя слугі адказвалі перад парлямэнтам за сваю дзейнасьць. Ня глéдзячы на прыціск у часе першых Тюдораў, парлямэнт, які ў прыватных справах Гэнрыка VІІІ і ў тагочасных рэлігійных справах выявіў гэтулькі паблажлівасьці і зразумеласьці, пазьней, калі гэты кароль папрабаваў ападаткаваць народ бяз згоды парлямэнту, даў яму рашучы адпор, клічучы пры гэтым: "Мы Англійцы, а не Французы; мы вольныя людзі, a не нявольнікі"[1]. Кароль мусіў уступіць парлямэнту, бо ня мéў сталага войска. Англія, забясьпечаная звонку морам ад нападу суседзяў, яшчэ у XVІІ веку ня мела патрэбы трымаць сталае войска. Знайшоўся, аднак, і ў Англіі каралеўскі род, які сур'ёзна наважыўся ўстанавіць і ў гэтым краі абсолютызм. Гэта былі Стюарты.

2. Далучэньне Ірляндыі і Шкотляндыі. Якуб І (1603-1625). Дзень сьмерці Альжбеты - гэта важны мамэнт у брытанскай гісторыі. За некалькі тыдняў перад яé скананьнем было закончана заваяваньне Ірляндыі, распачатае Англійцамі яшчэ ў сярэднія вякі. Дзякуючы-ж наступніку Альжбеты, Якубу І, сыну Марыі Стюарт, які, як найбліжэйшы сваяк Альжбéты, заняў пасьля яе сьмерці англійскі пасад, - да Англіі далучылася і Шкотляндыя[2]. Спачатку Шкотляндыя захоўвала поўную сваю незалежнасьць, маючы ўласны парлямэнт і ўласныя законы; на чужых-жа па крыві каталікоў-Ірляндцаў было накінута самае цяжкое ярмо.

Якуб I, паводле думкі Сюльлі "найвучонейшы дурань у хрысьціянскім сьвеце", вельмі пышаўся сваёю кніжнаю ведаю і быў наагул вельмі высокае думкі аб сабе і аб сваёй уладзе. Увесь час ён хваліўся, што ягоная ўлада, дадзеная яму "з Божае ласкі", вышэй за ўладу парлямэнту. Быў ён узгадаваны ў шкотляндзкай царквé; з гэтае прычыны спадзяваліся, што ён і англіканскую царкву зрэформуе ў духу шкотляндзкае. Баяліся яго й каталікі; на пачатку ягонага панаваньня фанатыкі з каталіцкае партыі навет зрабілі на яго і на парлямэнт пакушэньне, манючыся ўзарваць порахам будынак парлямэнту; гэта, аднак, не ўдалося. А выйшла якраз наадварот: Якуб І, згодна з монархічным прынцыпам: "дзе няма біскупа, няма так сама і караля",-спрыяў англіканскай царкве і прасьледаваў не каталікоў, але пурытанаў. Нездаваленьне ў народзе проці яго было вялікае, асабліва сярод пурытанаў, бо рэспубліканскія настроі іх ён увесь час дражніў сваімі абсолютыстычнымі выдумкамі. Пурытане пачалі масамі эміграваць у Амэрыку і, залажыўшы тамака сва колёніі, завялі ў іх лад, згодны з іх ідэаламі; гэта яшчэ больш узмоцніла імкненьні рэспубліканцаў у Англіі.

3. Кароль І. Дэспотызм (1625-1640). Паважнéй сталі справы выглядаць пры сыне Якуба, Каралі І, які саўсім падзяляў пагляды бацькі, але мéў шмат больш адвагі і энэргіі дзеля правядзеньня сваіх плянаў у жыцьцё. Прадстаўнікі народу, нездаволеныя дзейнасьцяй Якуба І, заявілі Каралю І, што дадуць яму тыя сумы, якіх ён прасіў, толькі тады, калі ён дасьць гарантыю, што будзе шанаваць свабоды краю. "Мы цяпер апошняя монархія, якая яшчэ мае свае свабоды", -зьвярнуўся да караля адзін з прадстаўнікоў; "не адбірай-жа іх у нас!" Кароль распусьціў два парлямэнты адзін па адным, але трэці парлямэнт быў так сама ўпорлівы і прымусіў караля ізноў зацьвярдзіць г. зв. Пэтыцыю аб правох (Petіtіon of rіghts), другі вялікі англійскі закон аб праве парлямэнту зацьвярджаньня падаткаў, аб незаконнасьці самавольных арыштаў і г. д. Але як толькі парлямэнт, веручы абяцанкам караля, зацьвядзіў тыя сумы, якія той прасіў, Кароль І ізноў распусьціў парлямэнт, а яго кіраўнікоў пасадзіў у васторг (у замак Tower-чыт. Тоўэр); найлепшы прамоўца парлямэнту, Эліот (Ellіot), памёр там пасьля чатырох гадоў вастрожнага жыцьця.

Ад гэтага часу Кароль гаспадарыў без парлямэнту, гэтак сама, як было і ў Францыі. Пры гэтым ён найбольш слухаўся радаў амбітнага Тамаша Вэнтворта (Wentworth), пазьнейшага гр. Страфорд, які даўней у парлямэнце належаў да самых заядлых яго ворагаў, пазьней-жа зьмяніў перакананьні. Страфорд хацеў быць тым у Англіі, чым быў у Францыі Рышэльé, і ня зьдзержываўся ні перад якім гвалтам і нарушэньнем закону, змагаючыся за абсолютную ўладу свайго караля. Адначасна арцыбіскуп Лёўд з стараннасьцяй вялікага інквізітара зьніштажаў пурытанства. Сэктантам было забаронена навет эміграваць з краю; пурытанскія пагляды лічыліся злачынствам. Адвакату Прыну (Prynne), які, ўсьлед за Кальвінам, выступаў проці тэатраў, танцаў і маскарадаў, былі адсéчаны вушы, яго стаўлялі да ганебнага стаўба і засудзілі ў вастрог да сьмерці. Прадажныя судзьдзі "Высокае Камісіі", інквізіцыйнага трыбуналу для рэлігійных спраў, ды "Зорная Палата" - для палітычных спраў засуджалі, ня гледзячы на закон і права, кожнага, каго ім скажа засудзіць Вэнтворт або Лёўд.

Юрыдычную немагчымасьць накладаць падаткі без дазволу парлямэнту кароль стараўся абмінуць гэткім спосабам, што прымушаў грамадзян пазычаць яму грошы, або аднаўляў старасьвецкія забытыя звычаі. Так, прыкл., некалісь, у той час, як краю пагражаў вораг, зьбіралі надзвычайны падатак дзеля ўзбраеньня караблёў. Кароль-жа загадаў цяпер зьбіраць гэты "карабельны грош" па ўсім краі ў часе міру. Джон Гэмпдэн (Hampden), багаты і вельмі паважаны зямляўласьнік, адважыўся адмовіцца ад выплаты гэтага падатку, не прызнаючы яго законным. З вялікай цьвёрдасьцяй ён бараніў перад судом справу сваю і ўсяго англійскага грамадзянства, але прайграў справу. Змаганьнікі за волю ўжо страцілі былі ўсякую надзéю, калі шкоцкае паўстаньне дало ім магчымасьць далейшае барацьбы.

4. Шкоцкае паўстаньне. Даўгі парлямэнт (1634-1642). Лёўд, кіраваны сваéю фанатычнаю стараннасьцяй, хацеў гвалтам накінуць прэзбытэрыянскай царквé біскупаў і цэрэмоніі паводле англійскіх звычаяў. Аднак, калі ў Эдынбургу першы раз пачалі адпраўляць набажэнства па новаму, разьюшаны народ падняў крык у царкве, і, як ува ўсім месьце, так хутка і па ўсім краі ўзгарэлася паўстаньне. Шкоты ўсіх станаў, стварыўшы формальны саюз - covenant, прысягнуліся бараніць свае рэлігіі да апошняга.

Кароль І пастанавіў гэрэтыцкіх бунтаўнікоў прымусіць да послуху, але ў яго былі замалыя аружныя сілы, ды ня мéў ён адвагі з англійскага народу, у вялізарнай большасьці прыхільнага да паўстаньня, гвалтам выціснуць патрэбныя на вайну з паўстанцамі грошы. Нічога больш яму не аставалася, як склікаць ізноў парлямэнт, без якога ён абыходзіўся 11 гадоў. Аднак, калі парлямэнт пачаў рабіць закіды папярэдняму гаспадараньню, ён, ня доўга думаючы, распусьціў яго. А тым часам Шкоты ўварваліся ў Англію, і Кароль мусіў склікаць новы парлямэнт. Гэты векапомны збор, якім кіравалі вялікі прамоўца Пім (Pym), разважны Гэмпдэн і іншыя, безадкладна згаварыўся з Шкотамі і адважна распачаў барацьбу з каралеўскім самавольствам і памоцнікамі караля. Міністраў аддалі пад суд, як дзяржаўных злачынцаў, Лёўда пасадзілі ў Тоўэр, Страфорда засудзілі на сьмерць; кароль падпісаў гэты прысуд, хоць і абяцаў прысуджанаму што гэтага ня зробіць, і Страфорда сказьнілі. Былі скасаваны і Высокая Камісія, і Зорная Палата, ды іншыя вынятковыя суды, а ўсіх, раней засуджаных імі, звольнілі. "Карабéльны грош" быў прызнаны незаконным; караля абязалі каб склікаў парлямэнт прынамсі кожныя тры гады. Адначасна мусіў кароль зацьвярдзіць закон, што не распусьціць і не адложыць істнуючага збору парлямэнту бяз згоды яго самога.

Дагэтуль парлямэнт працаваў саўсім аднадумна, як, адзін чалавек, а ўвесь народ пахваляў яго; ад гэтага-ж часу думкі пачалі расхадзіцца. Раздваéньне пачалося з прычыны розных паглядаў на монаршую ўладу і на царкоўныя справы. Пурытанская большасьць у Палаце Грамадаў старалася здабыць сабе перавагу і ў краі і дабіцца, каб парлямэнт быў вышэй за каралеўскую ўладу; апроч таго, хацела яна саўсім скасаваць англійскую царкоўную гіэрархію. Супроць гэтага выступіла вельмі сільная оппозіцыя. Лучачыся з ёю, мог бы Кароль удзяржаць яшчэ значную ўладу, калі-б хацéў ды ўмéў гэтую опозіцыю падтрымліваць. Але Кароль І думаў толькі аб тым, каб неяк выкруціцца з дадзеных абяцанак, і затым ніхто яму ня верыў.

У канцы зорганізаваліся дзьве партыі. Адна-з настроямі рэспубліканска-пурытанскімі (г. зв. круглыя ілбы, як іх называлі за тое, што каротка стрыглі валасы); яна пераважала на паўдні і ўсходзе, складалася-ж найбольш з мяшчанства, асабліва лёнданскага, і з нейкага чысла вялікіх паноў, лёрдаў, супраціўнікаў незалежнае каралеўскае ўлады. Другая партыя была настроена больш памяркоўна, роялістычна і схілялася ў бок англіканскі; яе называлі каралеўскаю (або "кавалерамі“). Найбольш сілы яна мéла на поўначы і захадзе, складалася-ж пераважна з вясковае шляхты і англіканскага духавенства. На вуліцах Лёндану ўжо пачаліся бойкі паміж насяленьнем і жаўнерамі, ды паміж абедзьвюх партыяў, пры чым радыкальная партыя брала верх, бо ёй спачувала большасьць жыхараў сталіцы.

Аканчальна партыі разыйшліся і пурытане парвалі зносіны з каралём з прычыны паўстаньня Ірляндцаў, якое распачалася тым, што былі перабіты ўсé знаходзіўшыяся ў Ірляндыі протэстанты. Ужо і да таго істнавала спорка паміж "круглымі ілбамі" і „кавалерамі" ў справе аб галоўнай уладзе караля над арміяй. Цяпер трэба было сьпешна загадаць вайсковы набор, каб усьцішыць ірляндзкае паўстаньне. А тым часам баяліся, каб пад галоўнай камандай караля войска не завяло нанова тыраніі. Кароль І, раздражнены тонам пасольскіх прамоваў у гэтай справе, аднаго дня зьявіўся ў парлямэнт з аружнаю сілаю, каб заарыштаваць Гэмпдэна і Піма, ды яшчэ трох правадыроў партыі "круглых ілбоў". Гэта яму, аднак, не ўдалося, бо папярэджаных загадзя аб гэтым дэпутатаў на сходзе ня было.

Страшное абурэньне запанавала сярод народу. Лёнданскія грамадзяне узброіліся дзеля абароны парлямэнту і з трыумфам увялі назад у залю гэных пяцёх дэпутатаў. Опозіцыя рашуча перамагла. Кароль І выехаў з бунтаўніцкае сталіцы і затрымаўся ў роялістычным месьце Іорку. Яшчэ нейкі час ішлі перагаворы, але ў канцы, калі ніводная з партыяў не хацела уступіць другой, хапіліся за аружжа.

5. Дамовая вайна (1642-1645). Калі гэтак распачалася дамовая вайна, шляхта і каталікі згуртаваліся каля караля; на поўначы і на захадзе пайшлі за ім і народныя масы. З другога боку парлямэнт мéў за сабою багатыя, густа заселеныя паўднёвыя ды ўсходнія провінцыі і блізка ўсé месты. Спачатку перамагаў кароль. Наëмныя жаўнеры, з якіх складалася войска парлямэнту, не маглі зраўнавацца з добра вымуштраваным шляхоцкім войскам; апроч таго, вялікія парлямэнтарныя пурытанскія прамоўцы аказаліся слабымі ваяводамі, за выняткам толькі Гэмпдэна, які без пары злажыў сваю галаву. Але праз некалькі гадоў палажэньне зьмянілася дзякуючы геніяльным ваенным талентам Олівэра Кромвэля, сваяка Джона Гэмпдэна.

Да сараковага году жыцьця Кромвэль жыў у вёсцы, як скромны зямляўласьнік. Выбраны ад места Кéмбрыджа ў "даўгі парлямэнт", ён, ня гледзячы на сялянскую грубаватасьць і прастату ды няпрыемны голас, вызначыўся як агнявы пурытанскі прамоўца; аднак, сваю праўдзівую веліч ён выявіў у часе аружнае барацьбы. Заняўшы ў войску становішча палкоўніка, ён хутка заўважыў недахваты пурытанскае арміі. Заместа таго, каб запоўніць свой полк наëмнымі жаўнерамі, ён паехаў у свае графства, клікнуў да аружжа сялянскіх сыноў, намовіў іх да самае строгае вайсковае дысцыпліны і гэткім спосабам здабыў байцоў, поўных запалу да справы, за якую йшлі змагацца. 3 гэтым палком у 1644 г. недалёка ад Іорку Кромвэль пачаў бітву з каралеўскім войскам і бліскуча яго перамог. З гэтага мамэнту стаўся ён душою змаганьня. Праўда, парлямэнт формальна не назначыў яго галоўным ваяводаю, аднак даверыў яму фактычнае кіраўніцтва ў арміі і даў яму магчымасьць зрэформаваць усю яе паводле прыкладу свайго палка. У 1645 г. пад Нэсбі ён саўсім разьбіў вайсковыя сілы караля. Кароль І ўцёк у Шкотляндыю, але ня ўмеў перахіліць на свой бок Шкотаў, і тыя выдалі яго англійскаму парлямэнту.

6. Казьнь Караля І (1649). Перамога пурытанаў была поўная. Але йзноў пачалося раздваеньне ў парлямэнце з прычыны розьніцы ў паглядях на справу англіканскае царквы. Некаторыя ўжо дзеля ненавісьці да Лёўда, якому пад канец дамовае вайны адсéклі галаву, хацелі саўсім скасаваць біскупскія парадкі, якія той гвалтам заводзіў. Вялізарная большасьць пурытанаў манілася замест англіканскае царквы стварыць чыста кальвінскую, або прэзьбітэрыянскую, як у Шкотляндыі, да таго-ж такую, каб не цярпела ніякіх адхіленьняў у бок. Але ўжо паміж іх сталі знахадзіцца людзі, якія казалі, што ўсялякі прымус у справах веры становіць нешта ганебнае, незалежна ад таго, ці ён ідзець ад біскупаў, ці ад прэзьбітэраў. Яны жадалі толеранцыі для кожнае хрысьціянскае грамады ці сэкты, так, каб кожная была незалежная (іndependent) ад дзяржаўнае царквы і магла служыць Богу паводле свайго ўласнага разуменьня. Толеранцыя гэтая была нялішне шырокая, не абыймала навет каталікоў, аднак-жа жаданьне яе выклікала ў парлямэнце вялікае, абурэньне, а сярод духавенства і народу-гвалтоўны адпор. За тое ў войску знайшлося шмат прыхільнікаў гэткае куртатае толеранцыі; іх называлі індэпэндэнтамі. Такім чынам спорка паміж індэпэндэнтамі і прэзьбітэрыянамі абярнулася ў спорку парлямэнту з войскам. Калі-ж парлямэнт захацеў распусьціць войска, пурытанскія жаўнеры заваладалі асобаю караля, занялі Лёндан і прымусілі парлямэнт адмяніць свае пастановы. Абéдзьве партыі вялі перагаворы з каралём, а той умаўляўся то з аднэю, то з другою, хочучы і тую і другую ашукаць ды спадзяючыся, што яны ўзаемна сябé зьніштожаць. Гэтая двудушнасьць якраз і загубіла Караля. У канцы жаўнеры страцілі цярплівасьць і рашуча зажадалі, каб караля, як вінавайцу разьліцьця крыві, казьніць і, наагул, раз назаўсёды скасаваць монархію. Пазываліся яны пры гэтым на біблію, прыпамінаючы словы Самуэля, што монархія ёсьць нявернасьць Богу, ды яшчэ на тое, што найбольш знамянітыя старавéчныя дзяржавы былі рэспублікамі. У справах рэлігійных яны жадалі поўнага аддзяленьня царквы ад дзяржавы, ды бязумоўнае толеранцыі.

Каліж большасьць парлямэнту не хацела і слухаць аб гэтым, а ўсякай цаной старалася пагадзіцца з каралём, Кромвэль заняў войскам залю парлямэнту і выдаліў адтуль усіх прэзьбітэрыянаў; у залі асталося толькі 50-60 індэпэндэнтаў, дзясятая частка ўсяго складу парлямэнту. З гэтага часу жаўнеры зрабіліся праўдзівымі гаспадарамі ў краі; на шчасьце, аднак, былі гэта жаўнеры, якія ўзяліся за аружжа ня дзеля платы, ці рабункаў, а дзеля абароны свае веры і волі. Вызначаліся гэтыя ваякі павагаю, рэлігійнасьцяй і моральнасьцяй; п'янства, шулерства ды іншае распусты сярод іх ня было; свой вольны час займалі яны малітвамі, казаньнямі, ды гутаркамі аб рэлігійных і палітычных справах. "Ачышчаны" імі парлямэнт, які злосьнікі называлі "тулавам", зорганізаваў "надзвычайны суд" для разьвязаньня справы караля. Надарэмна Кароль І не прызнаваў яго компэтэнцыі ў сваéй справе. Кароль быў засуджаны на сьмерць, як тыран, здраднік, забойца і вора, і адважна памер на памосьце, на пляцу перад сваім палацам Уайтголем у Лёндане. Монархію і верхнюю палату скасавалі, як непатрэбныя і шкодныя; гаспадараньне даручана было дзяржаўнай радзе, зложанай з 41 сябра і назначанай парлямэнтам.

7. Англія, як рэспубліка (1643-1653). Да рэспубліканскага ўраду ўвайшлі людзі з вялікімі здольнасьцямі і найсьвятлейшымі імкненьнямі. Апрача Кромвэля, найвіднейшаю духоўнаю сілаю быў шляхціць Гарры Вэн (Vane), які ўсё сваё жыцьцё аддаў на змаганьне за волю. Вораг усялякага гвалту, ён голасна ганіў і выдаленьне прэзьбітэрыянаў з парлямэнту, і яшчэ больш-казьнь караля. Аднак, калі прадмет яго лятуценьняў-рэспубліка-зьдзейсьніўся, ён не адмовіўся служыць новаму ўраду. Паэт Ян Мільтон, якога ў Англіі ставяць найвышэй-пабач э Шэкспірам (ён напісаў поэму: "Страчаны рай", ды шмат твораў, выслаўляючых вольнасьць сумленьня і друку), -быў дзяржаўным сэкрэтаром рэспублікі і сваім геніяльным пяром шмат дапамог рэспубліцы апраўдацца перад Эўропаю за казьнь караля.

Маладая рэспубліка, аднак, мéла яшчэ шмат труднасьцяў перад сабою. Маса англійскага народу або зусім ня цікавілася зьмéнай формы сваёй дзяржаўнасьці, або йшла проці яé. У Ірляндыі абвесьцілі каралём сына сказьнёнага караля, Караля ІІ; навет Шкоты не хацелі слухаць аб рэспубліцы і ад імя Караля ІІ распачалі аружную барацьбу з рэспублікаю. Заграніца-ж, як каталіцкая, так і протэстанцкая, закідала "забойцаў караля" словамі абурэньня і пагарды. Ў Гаазе і Мадрыце пазабівалі англійскіх паслоў, і ўрады не пакаралі забойцаў. Роялісты па прыкладу "вадзяных Гéзаў" ладзілі корсарскія напады на караблі англійскага рэспубліканскага ўраду; ува ўсіх эўрапэйскіх портах знаходзілі яны сабé прыпынак і добрае прыймо. Рэспубліканцы, аднак, веручы ў аканчальнае ўстанаўленьне волі ў родным краі, моцна і трывала стаялі на сваім. Кромвэль высадзіўся ў Ірляндыі і страшэнна адамсьціў тамашняму насяленьню за разьню протэстантаў. Тысячы Ірляндцаў былі пазабіваны пры штурме местаў, тысячы былі выгнаны з-пад роднае страхі, а іхнія землі параздаваны англійскім колёністам. Пасьля ў дзьвюх бітвах Кромвэль саўсім разьбіў Шкотаў і прымусіў іх прызнаць рэспубліканскую ўладу ў Англіі і Шкотляндыі. Кароль ІІ толькі нейкім цудам выратаваўся ад арышту, ды ўцёк за мора.

Адначасна з гэтым Вэн (Vane), як старшыня марское рады, стварыў магутны ваенны флёт і знайшоў для яго адпаведнага кіраўніка ў асобе Робэрта Блэка (Blake), які з пурытанскага афіцэра сухазéмных войск зрабіўся першым марскім гэроем свайго веку. Калі ён, зьявіўшыся на моры, паразганяў роялістычных корсараў, а за кожную абразу свае дзяржавы зажадаў здаваленьня, хоць і памяркоўнага, але рашуча і нязломна, - эўрапэйскія дзяржавы задрыжэлі перад рэспублікай і хутчэй падпісалі з ёю мір, ды навет пачалі клапаціцца аб саюз з ёю. Мазарыні парадзіў маладому Людвіку XІV напісаць уласнаручны ліст да Кромвэля, каб упрасіць зрабіць саюз проці Гішпаніі.

Голяндцы дорага заплацілі за варожыя адносіны да сястры - рэспублікі. У часе гаспадараваньня няздольных Стюартаў марское дзела было ў Англіі саўсім закінута; Голяндцы, карыстаючыся гэтым, захапілі ў свае рукі ўвесь марскі гандаль Англіі. Цепер парлямэнт зрабіў канец гэтаму палажэньню, прыняўшы г. зв. навігацыйныя акты, якімі забаранялася чужым караблём прывозіць у англійскія порты іншыя прадукты, апрача тых, якія паходзілі з іхнага ўласнага краю, або яго колёніяў. Гэтая пастанова была прычынаю вялікае марское вайны з Голяндыяй, у часе якое ў працягу 15 месяцаў адбылося 10 марскіх бітваў на Паўночным моры, у Канале і на Міжызéмным моры. Як Голяндцы пад камандаю адважных адміралаў Тромпа (Tromp) і дэ Руйтэра (de Ruyter), так і англійцы - пад камандаю Блэка і Пэнна (Penn) выявілі цуды адвагі. У бітве пад Швэвэнінген (Swevenіngen) Тромп быў забіты, і справа павярнулася непамысна для Голяндцаў. Аканчальна аслабленыя, яны мусілі падпісаць мір. Англійская марская магутнасьць сталася першаю ў сьвеце.

8. Абсолютнае панаваньне Кромвэля (1653 - 1658). Рэспубліканская форма гаспадараньня ня была популярнаю ў Англіі. Ня гледзячы на сваю адвечную любоў да волі і на барацьбу за яé, народ быў верны монархічным традыцыям. Шчырыя рэспубліканцы прадстаўлялі нязначную меншасьць. А Кромвель, улюбенец войска, быў залішне магутнай асобай, каб не хацець здабыць сабé найвышэйшую ўладу. Карыстаючыся з новае спрэчкі паміж парлямэнтам і войскам, ён разагнаў парлямэнт "тулава“ ды дзяржаўную раду і гэткім чынам стаўся самаўладным гаспадаром Англіі. Ня вéручы ў магчымасьць далейшага істнаваньня рэспублікі, ён пастанавіў аднавіць монархію з тэй толькі розьніцай, каб на месцы Стюартаў сéлі Кромвэлі. Аднак, з прычыны таго, што войскі, на якія ён апіраўся, ніколі не згадзіліся-бы на адкрыты паварот монарх, ён пастанавіў затрамаць рэспубліканскі выгляд ураду, назначаючы сябе лёрдам протэктарам рэспублікі. Хацеў ён навет гаспадарыць паводле даўнейшых законаў, дык склікаў парлямэнт і аднавіў верхнюю палату. Але ўсё-ж і роялісты, і прэзьбітэрыяне, і рэспубліканцы роўна ненавідзелі яго. Край увесь час выбіраў дэпутатаў, якія складалі оппозіцыйную большасьць, і лёрд-протэктар увесь час распускаў парлямэнты ды склікаў новыя. У канцы свайго панаваньня Кромвэль мусіў абаперціся выключна на войску; разьмясьціўшы яго па ўсім краі, ён душыў кожнае паўстаньне ў зародку; праз шпегаў ён давéдаваўся аб кожнай пачатай змове і ў сваім часе яé папераджаў.

Гэтак рэволюцыя скончылася тым, проці чаго былі скіраваны яе першыя ўдары: абапёртым на войску дэспотызмам. Праўда, Кромвэль гаспадарыў і сільна, і разумна, як у самай дзяржаве, так і вонках яé. Калі ня йшло аб яго ўладу і значэньне, усякі знаходзіў сабе закон і справядлівасьць у гэткай меры, як ніколі ўперад. Верны прынцыпам індэпэндэнтаў, ён усім сэктам дау роўныя правы, дый пайшоу навет далей, бо дазволіў і Жыдом пабудаваць у Лёндане сынагогу; толькі аб каталікох ён забыўся. Гэтая нетолерантнасьць у адносінах да каталікоў з аднаго боку характэрызуе цеснату тагачасных паняцьцяў у рэлігйнай сфэры, а з другога боку выяўляе пэўнае нявер'е протэстантаў у сваé сілы; яны тады яшчэ баяліся павароту каталіцтва ў такіх абставінах, як было пры Марыі Тюдор. Асабіста ў Кромвеля быў яшчэ страх перад магчымай рэволюцыяй на карысьць Стюартаў і, значыць, перад упадкам ягонае ўлады.

У часы Кромвэля Англія зрабілася першараднаю дзяржаваю. Выслаўшы Францыі вайсковую помач у яé вайне з Гішпаніяй, лёрд-протэктар за гэта атрымаў Дюнкірхен, і Англія ізноў умацавалася на сухаземлі; апроч таго, ён адабраў у Гішпанцаў адзін з найлепшых іхніх астравоў, Ямайку[3]. На Міжызéмнае Мора ён выслаў значны флёт, які нагнаў страху мусульманскім корсарам у Альжыры і Тунісе, а таксама урадам італьянскіх дзяржаваў. Усюдых ён апекаваўся протэстанцтвам; з гэтае прычыны пасьля вайны з Голяндыяй ён зрабіў з ёю саюз, крыху злагодзіўшы ня яе карысьць "навігацыйныя акты". Пасьля зрабіў ён саюз і з Швэдзіяй, як з найбольш магутнай протэстанцкай дзяржавай. Калі князь Савойскі пачаў сурова прасьледаваць жыўшых у альпэйскіх далінах Вальдэнзаў, Кромвэль толькі прыгразіў, і гэтага было ўжо годзе: прасьледаваньні былі спынены. Навет папа лічыўся з Кромвэлем.

Акружаны гэткаю славаю, Кромвель памёр (1660), назначыўшы наступнікам свайго сына.

9. Рэстаўрацыя Стюартаў. Кароль ІІ (1660-1685). Імя Кромвэля было акружана гэткаю пашанаю, што ягоны сын, Рычард, адразу-ж без перашкодаў быў прызнаны яго наступнікам. Але новага лёрда-протэктара не ўпадабала войска, дый наагул ня мéў ён здольнасьці, каб гаспадарыць гэтак, як яго бацька, і з гэткаю-ж сілаю. Праз восем месяцаў Рычард часткаю самахоць, часткаю - з мусу падаўся ў адстаўку, выгаварыўшы сабé сплату даўгоў і значны грашавы дар. Цяпер распачаўся час унутраных спрэчак і непаразуменьняў, бо скліканы Рычардам Кромвэлем "парлямэнт-тулава" вёў увесь час барацьбу з афіцэрамі за панаваньне. Тады генэрал Монк, амбітны намесьнік Шкотляндыі, увайшоўшы з войскам у Англію, дапоўніў парлямэнт дэпутатамі, выключанымі ў 1645 г. і аднавіў гэтак "Даўгі парлямэнт"; пасьля гэтага ён распачаў перагаворы з Каралём ІІ, які знаходзіўся ў Брусэлі. "Даўгі парлямэнт" сабраўся яшчэ адзін раз, каб, як адзіная легальная ўлада ў краі, пастанавіць распусьціць самога сабé і склікаць новы парлямэнт.

Агульны настрой у краі гэтак зьмяніўся, што новы парлямэнт блізка што аднагалосна пастанавіў паклікаць Караля ІІ на бацькаўскі пасад. Той вярнуўся пры радасных кліках народу. Страшнае некалісь пурытанскае войска, аслабленае нязгодаю, не дало ніякага адпору; яно было адразу-ж распушчана.

Кароль ІІ урачыста дэкляраваў амністыю і волю сумленьня. Аднак, як толькі ён пачуў сябе бясьпечным на каралеўскім пасадзе, як зразу-ж зламаў слова і даў волю помсьце сваіх прыхільнікаў. Труп Кромвэля дасталі з труны, чацьвертавалі і спалілі. Разам з "трынадцацьма забойцамі караля" згінуў на памосьце правадыр рэспубліканцаў, чэсны Вэн (Vane); гэткая-ж доля пагражала і Мільтону. Адноўленая біскупская царква нанова пачала прасьледаваць прэзьбітэрыянаў.

Кароль аказаўся няздольным гаспадаром і чалавекам распусным, лёгкадумным і раскідлівым, дык у хуткім часе ўвесь народ адхінуўся ад яго з пагардаю. Каб пакрыць церазмерныя выдаткі на свой двор, ён ня стыдаўся браць грашавую помач ад Людвіка XІV, вядучы за тое шкодную для свайго краю палітыку. Так, прыкл., ён прадаў францускаму каралю здабыты Кромвелем Дюнкірхен і за грошы даў яму вайсковую помач у вайнé з Голяндыяй. Гаварылі навет, што ён атрымліваў ад Людвіка XІV сталую пэнсію - 3 міліоны ў год за тое, што прызнаў сябе ягоным васалем і абяцаўся аднавіць каталіцкую царкву ў Англіі. Гэтыя весткі вельмі абуралі народ, а рэлігійная палітыка караля яшчэ ўзмацоўвала бунтаўнічыя настроі. Хаця Кароль ІІ уперад быў бязуважным на справы рэлігіі, аднак пад старасьць ён пачаў выяўляць усё больш спогад каталіцтву. Да гэтага пэўне-ж памаглі і зносіны з Людвікам XІV, які што раз больш упорліва дамагаўся спаўненьня дадзеных яму абяцаньняў аб навароце Англіі. Брат караля, Якуб, князь Іоркскі, адкрыта прыняў каталіцтва. Аднак, калі кароль г. зв. дэклярацыяй індульгенцыі самавольна скасаваў усялякія кары, накладаныя на неконформістаў, узьняўся рэлігійны англіканскі рух, і ў 1673 годзе кароль быў прымушаны зацьвярдзіць тэстацыйныя акты, якіх дамагаўся парлямэнт. Паводле апошніх кожын, хто хацеў у Англіі дастаць урадовае становішча, або афіцэрскую ступень, павінен быў перад гэтым злажыць тэстацыйную прысягу, па якой ён абязваўся прызнаваць вярхоўную ўладу караля ў царкоўных справах і адкідаць каталіцкую навуку аб транссубстанцыяцыі. Гэты закон прымусіў Якуба, як справядлівага каталіка, зрачыся дастаенства вялікага адмірала, якое датуль меў.

Кароль ІІ ня мéў законнага патомства: яго наступнікам быў брат Якуб, каталік. Каб недапусьціць заняцьця англійскага пасаду каталіком, фанатычныя англіканцы і амбітныя дзяржаўныя дзеячы выклікалі ў народзе рух, які, пазываючыся на тэстацыйныя акты, дамагаўся ўхіленьня Якуба ад наступніцтва пасаду. Каб усьцішыць буру, Кароль ІІ падпісаў у 1679 г. прынятыя парлямэнтам і популярныя ў народзе акты "Habeas Corpus". Гэтыя акты павінны былі забясьпечыць волю асобы ад урадовага самавольства. У іх пастанаўлялася, што ніводзін Англіец ня можа быць заарыштаваны, ня ведаючы за што, і ня можа быць трыманы ў вастрозе бяз допыту даўжэй за 24 гадзіны; што павінен ён быць звольнены адразу-ж, як толькі выявіцца яго нявіннасьць, ды што будзе звольнены пад заклад, калі не абвінавачуецца ў цяжкім злачынстве. Ня гледзячы на гэта, ніжняя палата пастанавіла адхіліць Якуба ад наступніцтва; верхняя-ж палата, наадварот, большасьцяй галасоў пастанову гэтую адкінула.

У часе гэтых партыйных змаганьняў першы раз былі ўжыты назовы whigs (віг) і tories (торы); мéлі яны спачатку значэньне лаянак: першая значыла "шкотляндзкі разбой", другая - "ірляндзкі гайдамака“. Прыхільнікаў пастановы аб адхіленьні Якуба іхнія супраціўнікі называлі вігамі, а тыя прыхільнікаў караля і каталіцтва - торыямі. Гэтыя эпітэты назаўсёды асталіся пры дзьвюх галоўных англійскіх партыях. Назоў торы наагул адносіцца да радавітае арыстократыі, роялістаў-каталікоў і консэрватараў; назоў віг - да дэмакратаў, вольнадумцаў і паступоўцаў.

Залішне гострая агітацыя вігаў выклікала рэакцыю ў паглядах грамадзянства на біль аб пазбаўленьні Якуба правоў на карону. Калі Кароль ІІ ў 1665 г. памёр, перад самай сьмéрцяй адкрыта прыняўшы каталіцтва, Якуб мог без перашкод заняць англійскі пасад[4].

10. Якуб ІІ (1685-1688). Выгнаньне Стюартаў і дэклярацыя правоў (1688-1689). Новы кароль Якуб ІІ быў чалавек надзвычайна агранічаны і да таго супарат. Калі яшчэ ягоны папярэднік сяк-так мяркаваўся у патрэбе і прыслухаўся да волі народу, Якуб бязумоўна і выразна імкнуўся да таго, каб вызваліць монархізм ад констытуцыйных путаў і вярнуць у Англіі і Шкотляндыі каталіцтва. Да таго-ж, змагаючыся з сваімі падданымі, ён апіраўся на радах і субсідыях Людвіка XІV і змаўляўся з ім як раз у мамэнт скасаваньня нантскага эдыкту. Першым дзелам яго было абсадзіць каталікамі ўсé важнейшыя становішчы ў дзяржаве і ў войску, саўсім ня лічучыся з тэстацыйнымі актамі. Прэзьбітэрыянаў ён адразу пачаў прасьледаваць, пасьля-ж, хочучы абаперціся на іх проці англіканаў, ён выдаў індульгенцыйную дэклярацыю, якою скасаваў усé кары, накладаныя на неконформістаў. Англіканскім біскупам было загадана чытаць дэклярацыю ў парахвіях з амбонаў; тым, хто ня слухаўся, пагражалі судом. Як гэтым паступкам ён абурыў народ, сьведчыць тая радасьць, якая запанавала ў краі, калі суд апраўдаў сямёх біскупаў, вінавачаных у праціўленьні каралеўскай волі. Аднак, гэтым разам народ яшчэ ўстрымаўся ад гвалтоўных крокаў. Якуб сам быў ужо стары, сыноў ня меў, а дзьве ягоныя дачкі былі ўзгадаваны ў протэстанцкай веры і замужам за протэстантамі. Але ад другое жонкі-каталічкі радзіўся ў Якуба сын, якога ён пастанавіў неўспадзеўкі гадаваць у каталіцкай веры. Англіі і Шкотляндыі пагражала ўстанаўленьне каталіцкае дынастыі. У гэтакіх абставінах торыі згаварыліся з вігамі, каб скінуць з пасаду Стюартаў. Правадыры абедзьвюх партыяў зьвярнуліся да князя Вільгэльма ІІІ Оранскага, жанатага з старэйшай дачкой Якуба, Марыяй, а па матцы-ўнука Караля І[5].

Вільгэльм быў вельмі популярны, як гарачы і адважны баéц за волю ў змаганьні з заваявальнымі імкненьнямі Людвіка XІV. Ад яго жадалі, каб "выратаваў грамадзянскую і рэлігійную волю" ў Англіі; ён гэтае запрошаньне прыняў і ў 1688 г. высадзіўся на Англійскай зямлі.

Якуб ІІ да самага канца быў перакананы, што торыі, верныя доктрыне аб паходжаньні каралеўскае ўлады ад Бога, ня пойдуць проці яго. Дык-жа вельмі зьдзівіўся, калі даведаўся, што ня толькі вігі, але і торыі далучаюцца да Вільгэльма. Пакінуты ўсімі, Якуб ІІ паў духам і ўцёк з Англіі да Людвіка XІV, каб дастаць ад яго помач. А Вільгэльм безадкладна прыехаў у Лёндан, дзе яго віталі, як збаўцу. Уцекі Якуба ІІ збавілі ад вялікага клопату Вільгэльма і торыяў, бо далі ім магчымасьць казаць, што кароль, патаемна пакідаючы край, гэтым самым зрокся пасаду. Паўгоду пазьней Якуб падняў пры помачы французаў паўстаньне ў Ірляндыі, стараючыся здабыць карону для свайго дому; але гэта яму не ўдалося, таксама, як і падобныя-ж спробы наступнікаў яго.

Гаспадарыць пачаў часова Вільгэльм ІІІ. Быў скліканы конвэнцыйны парлямэнт (г. зн. скліканы не каралём, а народам), які абвесьціў каралеўскі пасад незанятым і злажыў урачыстую дэклярацыю правоў англійскага народу, якія былі зламаны Якубам ІІ. Карону парлямэнт запрапанаваў Вільгэльму і Марыі, пазбавіўшы спадчынных правоў усіх каталіцкіх сваякоў караля. А Вільгэльм ІІІ, прыймаючы ў сваім уласным і жончыным іменьні карону, дэкляраваў, што будзе шанаваць устаноўленыя законы і гаспадарыць згодна з пажаданьнямі парлямэнту (1689). Дэклярацыя правоў сталася на заўсёды абязуючым законам аб правох (bіll of rіgts), які становіць аснову цяперашняга англійскага правадаўства. Галоўнымі прынцыпамі гэтага закону былі: кароль можа выдаваць новыя законы, касаваць даўнейшыя, накладаць падаткі, утрымліваць сталае войска толькі па пастанове, згодзе і дазволу парлямэнту; каліж монарх перавысіць належныя яму правы, дык ягоныя падданыя гэтым самым звальняюцца ад дадзенае яму прысягі. Парлямэнт зрабіўся магутнаю сілаю, з якою ўрад мусіў лічыцца. Пазьней шмат разоў яшчэ абмежавалася ў Англіі воля друку, аднак, прызнаная ў прынцыпе, яна заўсёды перамагала.

11. Дзяржава Вялікая Брытанія. Пасьля барацьбы, якая ішла ў працягу блізка паўвеку, перамагла ў канцы воля. Каралеўская ўлада была прымушана прызнаць правы народу, і Англія сталася констытуцыйнаю монархіяй, першай у новыя часы. Лёгкая устроска, някрывавая рэволюцыя 1688 году мацней падкапала вéру ў паходжаньне каралеўскае ўлады ад Бога і што яна важнéй за ўсé правы народу, чым казьнь Караля І ў 1649 г. Шкоты трымаліся разам з Англіяй. Ірляндцы-ж паднялі паўстаньне на карысьць Якуба ІІ, ды без рэзультатаў. Ім самім гэта толькі пашкодзіла, бо на Брытанскіх астравох толькі для іх адных не загарэлася зара волі. Калі Вільгэльм ІІІ памёр, не пакідаючы патомства (1702), парлямэнт пасуліў карону другой дочцы Якуба ІІ, Ганьне, мінаючы сына Якуба ІІ. Стараньні Стюартаў асéсьці ў Шкотляндыі мелі толькі той рэзультат, што ў 1707 г. парлямэнты абодвух краёў пастанавілі, што Англія і Шкотляндыя злучаюцца ў адну дзяржаву з супольным парлямэнтам і супольнымі законамі пад назовам Вялікае Брытаніі. Пасьля сьмерці Ганны (1714) была заклікана на пасад Гановэрская дынастыя, родная Стюартам[6]. За панаваньня гэтае дынастыі каралеўская ўлада ўвесь час рабіла уступкі народнаму прадстаўніцтву. Хаця кароль і меў права не зацьвярджаць пастановаў парлямэнту і гэтым спосабам рабіць іх няважнымі, аднак, пачынаючы ад Вільгэльма ІІІ, ніводзін з каралёў не скарыстаў з гэтага права. Кіраваў дзяржаваю парлямэнт.

З новаю гановэрскаю дынастыяй улада на паўвéку дасталася вігам, якіх назначаў на ўсé урады Юры І (1714-1727), і якія атрымалі значную большасьць Палаце Грамадаў. Паўстаньне ў Шкотляндыі на карысьць Стюартаў (1715) гэтак пашкодзіла торыям у вачох народу, што вельмі мала прадстаўнікоў гэтая партыі было выбрана ў парлямэнт. Пры абодвух першых каралёх з гановэрскае дынастыі, Немцах, чужых усяму англійскаму, перавага парлямэнту ў дзяржаве, якая пачалася ад рэвалюцыі 1685 г., выявілася найярчэй. Каралі гэтыя нічога больш не хацелі ад Англіі, як толькі атрымаць чым больш грошы для сябе і сваіх нямецкіх улюбéнцаў, ды мéць падтрыманьне для сваіх справаў у Гановеры, дзе яны былі абсолютнымі ўладарамі. І грошы, і падтрыманьне маглі яны атрымаць толькі пры помачы міністраў, што мелі за сабою большасьць у Ніжняй Палаце, якая штогоду вызначала бюджэт. Дык-жа абодвы першыя Юр'і (І і ІІ) давалі сваім міністрам - вігам поўную волю гаспадарыць паводле жаданьня партыяў. Галоўных міністраў разам пачалі называць габінэтам, бо з імі кароль адбываў нарады аб дзяржаўных справах у сваім габінэце. Юры І, аднак, ня ўмéючы саўсім па англійску, ня мог навет прыймаць учасьця ў супольных нарадах міністраў, і з гэтае прычыны злажылася паняцьце габінэту, як установы, зложанае па думцы большасьці Палаты Грамадаў, самастойна гаспадараўшае паводле жаданьняў яé да таго часу, пакуль гэтая большасьць падтрымлівае габінэт. Складаўся габінэт з галоўных міністраў, якія адначасна былі правадырамі партый у парлямэнце. Замала было, аднак, у іх солідарнасьці і, наагул, адзінасьці ў дзейнасьці, якая цяпер праводзіцца галавою міністраў, або "першым міністрам"; апошняга назначае кароль, а ён ужо сам дабірае сабе таварышоў паводле свае думкі і парлямэнцкіх адносінаў. Гэткім першым галавою парлямэнтарнага габінэту, або "прэмьерам", пры якім міністры працавалі толькі, як ягоныя памоцнікі, згодна з яго наказамі, быў сэр Робэрт Уальполь. Высунуты на гэтае становішча, як чалавек, маючы агульнае давер'е, Уальполь быў праўдзівым організатарам англійскае парлямэнтарна-габінэтнае сыстэмы гаспадараньня. Стварыў ён самую трывалую з усіх англійскіх парлямэнтарных адміністрацыяў, кіруючы дзяржаваю 21 год (1721-1742). Гаспадарыў ён гэтак самастойна, што сьмерць Юр'я І і пераход пасаду да Юр'я ІІ не зрабілі ніякіх важнейшых зьменаў у адміністрацыі дзяржавы. Прыхільнік ладу і ашчаднасьці, маючы вялікія фінансавыя здольнасьці, ён упарадкаваў скарб і запэўніў поўную раўнавагу выдаткаў і даходаў, умела папераджаў экономічныя крызісы і разумна падтрымліваў гандаль і прамысловасьць. Вораг усякіх рызыкоўных экспэрымэнтаў і шырэйшых рэформаў, ён лічыў, што для Англіі даволі мéць мір, сталасьць адносінаў і бясьпечнасьць, каб яна ўзбагачалася гандлем і прамысловасьцяй. Вораг вайны, Уальполь рупіўся толькі аб тое, каб Англія заўсёды была судзьдзёю і пасрэднікам у звадках і, наагул, у справах паміж іншымі дзяржавамі.

Добрым кіраўніком дзяржавы быў таксама Вільгэльм Піт (старэйшы, 1757-1761). Быў гэта першы англійскі дзяржаўны дзеяч, які больш зварачаў увагі на грамадзкую думку за межамі парлямэнту, чым на самы парлямэнт; рабіў ён гэта дзеля карысьці і велічы Англіі, стараючыся разьвіваць і ўзгадоўваць патрыятычнае пачуцьцё ў Англійцаў. Піт, гэтак сама, як і іншыя англійскія дзяржаўныя дзеячы восемнадцатага вéку, вельмі клапаціўся аб узмацаваньні і ўсталеньні марское і колёніяльна-гандлёвае магутнасьці Анґліі. А ўпоперак дарогі ў гэтым імкненьні Англіі заўсёды станавілася Францыя, конкурэнтка шмат больш небясьпечная, чым Голяндыя, бо ставіла сабе такія самыя задачы, як Англія, і конкуравала з ёю на адных і тых самых колёніяльных прасторах. Гэтая конкурэнцыя ўвесь час выклікала барацьбу іх інтарэсаў і будзіла ў Англіі шчырае жаданьне аслабіць, а калі-б можна было, дык і саўсім здушыць грозную супраціўніцу. З гэтае прычыны у чысьленых войнах Англія ішла рука ў руку з супраціўнікамі Францыі, сама змагалася з ёю на моры, а сваім саюзьнікам памагала грашыма, часамі-ж і сама ваявала на сухаземлі, як гэта было ў часы Марльбору[7].

12. Колёніяльная магутнасьць Англіі. Хутка пасьля таго, як у Ўсходняй Індыі зьявіліся Португальцы (у канцы першае чверці ХVІ в.), патомак Tімура, Бабэр, ізноў заваяваў усю паўночную Індыю і залажыў тут г. зв. Дзяржаву Вялікага Могола, якая з часам зрабілася вельмі слаўнаю і магутнаю, але ад пачатку XVІІІ вéку пачала хутка ўпадаць. Шмат цярпела яна ад нападаў Пэрсаў і развалівалася на часткі, валадары якіх, найчасьцей называныя набабамі, формальна як-быццам падлягалі В. Моголу, фактычна-ж былі саўсім незалежнымі і ўвесь час ваявалі паміж сабою ды з самім Вялікім Моголам. Пачалося, адным словам, бязладзьдзе, якое дало магчымасьць эўрапэйскім народам, вëўшым тут гандаль пры помачы сваіх усходня-індыйскіх компаніяў, пашыраць свае ўладаньні. Француская компанія ад часоў Кольбэра мела тут некалькі ўмацаваных пунктаў на ўзьбярэжжы (Пондішэры), так сама, як яшчэ крыху раней за яе здабыла такія пункты англійская компанія (Мадрас, Бомбэй, Калькута). Абедзьве компаніі плацілі чынш мясцовым валадаром або В. Моголу і, увесь час конкуруючы між сабою ды з голяндзкаю компаніяй, дагэтуль саўсім ня думалі аб заваяваньнях і панаваньні ў Індыі. Але ў кожную вайну паміж Францыяй і Англіяй гэтым колёніям пагражала небясьпека нападу заняцьця варожым флётам, бо кожын з супраціўнікаў стараўся руйнаваць гандаль другога. З гэтае прычыны Дюплеі, які ад 1747 г. быў губэрнатарам францускіх валаданьняў у Індыі, пастанавіў раз назаўсёды зьніштожыць там англійскі ўплыў і ўжо дабіўся для Францыі перавагі ў часе вайны аб аўстрыяцкую спадчыну[8]. У гэтым яму дапамаглі дзьве думкі: 1) што організаваныя, узброеныя і па эўрапейску вымуштраваныя тубыльцы, навет у невялікай лічбе, здолеюць перамагаць вялізарныя, але прымітыўныя мясцовыя арміі, і 2) што самі мясцовыя ўладары дадуць грошы на ўтрыманьне такога войска, сіпаяў, у аддзяку за дадзеную ім помач. Францускі ўрад, аднак, ня ўмеў выкарыстаць разумных плянаў Дюплеі і навет узяў яго назад у Францыю (1754) тады, калі ён ужо дабіўся рэзультатаў. За тое Англійцы адразу-ж перанялі і выкарысталі сыстэму Дюплеі.

Як на ўсходзе, гэтак і ў Паўночнай Амэрыцы ў палове XVІІІ в. перавага Французаў, ці Англійцаў яшчэ не ўстанавілася. Англійскіх колёніяў уздоўж Атлянтыцкага Акеану было і больш, і былі яны гусьцей заселеныя, ды мелі шырокія правы самаўрадаваньня. Лічба жыхараў у іх увесь час узрастала, толькі былі яны сьціснуты на самым узьбярэжжы. Францускія валаданьні, наадварот, былі шмат менш людныя, але займалі вялізарныя прасторы, якія толькі формальна належалі да Францыі, але ня былі яшчэ засéленыя. Ад Канады аж да Місісіпі абыймалі яны англійскія колëніі, не даючы апошнім магчымасьці пашырацца ў глыб краю. З гэтае прычыны ў даліне р. Огіо увесь час ішла барацьба навет у часе міру. У канцы ж узгарэлася вайна беспасярэдна паміж Францыяй і Англіяй (1755); пры гэтым стварыліся два саюзы: Англія з Прусамі - з аднаго боку, а Францыя з Аўстрыяй - з другога[9].

Каб распарушыць і трывожыць францускія сілы на сухаземлі, Піт плаціў шмат грошы Прусам ды адначасна утрымліваў англійскае і гановэрскае войска пад камандаю назначанага прускім каралём (Фрыдрыкам ІІ) за ваяводу кн. Браўшвэйгскага. Галоўную ж увагу Англіі Піт скіраваў на мора і колёніі; ён загадаў англійскім флётам бязупынна нападаць на францускія ўзьбярэжжы і порты, зьніштажаць там запасы і ўсé матар'ялы, патрэбныя для караблёў. У марскіх бітвах Францыя мела такія няўдачы і страты, што ў канцы ўрад прадаў астачу папсаваных караблёў, і ўся марская вайна далей вялася Францыяй толькі пры помачы прыватных корсарскіх караблёў.

У паўночнай Амэрыцы Англійцы выперлі французаў з даліны Огіо і ў канцы пайшлі на Канаду. Пасьля перамогі пад Квэбэкам (1759) яны ў працягу году занялі ўвесь гэты край. Францускае панаваньне скончылася тут назаўсёды, хаця і асталося францускае насяленьне, якому была забясьпечана апéка і пашана яго звычаяў.

Вялікія страты мелі Французы і ў Усходняй Індыі, хаця тут вайну вяла галоўным чынам усходня-індыйская компанія. Адзін з яé ўрадоўцаў, Робэрт Кляйв, угрунтаваў будучае панаваньне Англіі ў Індыі. Высланы, каб адамсьціць Бэнгальскаму набабу за напад і зрабаваньне Калькуты і за жорсткасьць яго ў адносіных да Англійцаў, Кляйв з невялікай дружынай сіпаяў разьбіў набаба і на яго месца пасадзіў новага, які згадзіўся аддаць у рукі компаніі ўсю бэнгальскую фінансавую адміністрацыю. Наагул, мяшаючыся ў справы індыйскіх валадароў і перамагаючы няпрыхільных да Англіі, Англійцы яшчэ больш умацавалі сваё панаваньне. Адабраўшы ў францускае компаніі Пондішэры і іншыя валаданьні, яны саўсім выперлі Французаў з Індыі.

Пусьціліся Англійцы ўсьлед за Голяндцамі і на паўдня Ціхога Акеану і здабылі і там колëніі. Разам з Голяндцамі, яны адкрылі шмат новых зямель (Акеанія і Аўстралія). Рух англійскага марскога гандлю ў 1650 годзе быў яшчэ ў 5 разоў меншы за голяндзкі, а ў 1750 годзе ўжо значна яго перавышаў. У гэтай справе ў васемнадцатым вéку Англія заняла тое становішча, якое ў семнадцатым займала Голяндыя. Англійскія мéсты працьвіталі дзякуючы гандлю і прамысловасьці. Гэтаму вялізарнаму разьвіцьцю прамысловасьці ў другой палове восемнадцатага веку шмат дапамаглі: вынаход Уатам (Watt) паравое машыны, паляпшэньне тэхнікі ткацтва, ды разьвіцьцё эксплёатацыі каменнага вугальля. Нязьлічонае багацьце каменнага вугальля ў Англіі зрабілася фундамэнтам развіцьця прамысловасьці Вялікае Брытаніі і яé нацыянальнага дабрабыту.

Сéльская гаспадарка, якая ў часы рэспублікі вызвалілася ад большае часьці фэодальных чыншаў, і ў якой пры Ўальполю пачалі ўводзіць лепшая спосабы вырабу зямлі, гэтак сама разьвівалася вельмі добра.


  Гэты твор з’яўляецца перакладам і мае асобны прававы (ліцэнзійны) статус адносна карыстанай аховы аўтарскіх правоў на арыгінальны змест.
Арыгінал:

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.
 
Пераклад:

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.
 
  1. § 5.
  2. §§ 5, 7.
  3. § 10
  4. Дом Стюартаў, Оранскі і Гановэрскі Якуб І. Альжбета, жовка Фрыдрыка, князя Палятынату. Зофія, жонка Эрнэста Гановэрскага. Юры І англійскі. Юры ІІ англійскі. Фрыдрык. Юры ІІІ англійскі. Кароль І. Кароль ІІ. Якуб ІІ. 1. Марыя, жонка Вільгэльма ІІІ Оранскага, 2. Ганна, каралева англійская. Марыя, жонка кн. Оранскага Вільгэльма ІІ. Вільгэльм ІІІ (ІІ англійскі).
  5. § 5 і 7.
  6. Гл. вышэй табл.: Дом Стюартаў, Оранскі і Гановэрскі.
  7. § 10, 16.
  8. § 16.
  9. § 16.