Сусьветная гісторыя (Астэрлёф, Шустэр)/Частка 3/Другі пэрыод/Эўрапэйскае грамадзянства ў XVII і XVIII стале́цьцях
← § 11. Узрост Аўстрыі і Прусіі. Швэдзія і Расе́я | § 12. Эўрапэйскае грамадзянства ў XVII і XVIII сталецьцях Падручнік Вальдэмар Астэрлёф, Язэп Шустэр 1922 год Пераклад: Аркадзь Смоліч |
§ 13. Англійская рэволюцыя → |
§ 12. Эўрапейскае грамадзянства ў XVII і XVIII вякох.
1. Абсолютызм. На працягу XVII ве́ку монархам блізка ўсюдых удалося зьніштожыць апошнія запоры, што яшчэ абмежавалі іхнюю ўладу. Часамі можна было гэта лічыць навет поступам, бо монархічнае гаспадараньне ўсё-ж было здзейсьненьнем дзяржаўнага адзінства. Непаслухмяная фэодальная арыстократыя, якая даўней ня знала іншае волі, апрача толькі свяе́ ўласнае, навучылася слухацца вышэйшае ўлады.
Злучаныя між сабою аўторытэтам монарха розныя станы і часткі краю, з якіх кожная дагэтуль мела свае саўсім асобныя інтарэсы, пачалі пачуваць сябе́ часткамі большае суцэльнасьці, дзяржавы. За гэты поступ, аднак, прышлося дорага заплаціць, — заплаціць цаною волі.
Усюдых права народу мець уплыў на дзяржаўныя справы праз сваіх прадстаўнікоў або зрабілася пустою формальнасьцяю, або і саўсім было скасована. Маглі цяпер монархі накладаць якія-хаця падаткі, зьмяняць і выдаваць законы і кіраваць судамі, як ім толькі хацелася. Па прыкладу Людвіка XІV, захацелі монархі, каб усе́, навет і найдрабнейшыя дзяржаўныя справы праходзілі праз іхнія рукі. Калі даўней провінцыі, месты і грамады самі пастанаўлялі аб сваіх унутраных справах, дык цяпер гэты парадак зьмяніўся самавольствам урадоўцаў, якія пастанаўлялі аб тым, прыкл., ці якая вёска можа будаваць мост, места — адкрываць новы пляц, провінцыя — новую дарогу і г. д. Скасована была ўсякая самадзейнасьць народу; усё павінна было быць загадана або дазволена ўрадам, усё знаходзілася пад яго кантролем.
Форма вопраткі, велічыня парыка, якасьць выробаў — усё вызначалася ўрадамі; танцы, гульні, курэньне ды зажываньне табакі, піцьцё кавы і г. д. таксама дазваляліся або забараняліся законамі[1]. Проці монаршае самаволі леньне нічога не магло зрабіць. У Францыі на падставе г. зв. "lettre de cachet" (пісьменнага загаду з каралеўскаю пячаткаю) можна было кожнага пасадзіць у вастрог бяз усякае прычыны і трымаць тамака бяз суда. Пасьля сьмерці Людвіка XІV ў Бастыльлі знайшлі Італьянца, які быў арыштаваны ў першы-ж дзень, як прыехаў у Парыж, прасéдзіў у вастрозе 35 гадоў і ані ён, ані хто іншы ня ведалі, за што. Фрыдрык Вільгэльм І прускі публічна на вуліцы зрываў з жанок уборы чужаземнага вырабу, якія забараняў насіць, каб падняць краёвую прамысловасьць. Будучы ў благім настроі, ён біў людзей на вуліцы, так што, угледзіўшы яго, людзі як мага ўцякалі з дарогі. Каб укомплектаваць свой "полк асілкаў", ён дапускаў проста гвалты і рабункі; ні адзін рослы мушчына ня быў у бясьпечнасьці ад яго вярбоўшчыкаў. Каб аддзякаваць Пётры І, які прыслаў яму чалавека вялізарнага росту, ён загадаў некалькіх кавалёў гвалтам вывезьці ў Расéю на падарунак цару. Леопольд І, якога навет хваляць за добрае сэрца, заваяваўшы ў 1687 г. Вэнгрыю, загадаў у Эпэр'ес мясцовую шляхту цэлымі масамі тортураваць ды забіваць, хочучы прымусіць яé, каб зраклася права элекцыі. У ХVІІІ в. маркграф з Анзбаху загадаў жаўнеру, які стаяў на варце, каб той аддаў яму сваё аружжа; той паслухаўся, і за гэта маркграф засудзіў яго на сьмерць, як чалавека пудлівага. Гэты самы маркграф уласнаручна забіваў сваіх сабакароў за якую небудзь няўвагу. У часе амэрыканскае вайны за незалежнасьць, ляндграф Гэсэнскі, як і іншыя нямецкія князі, прадаваў Англійцам людзей у войска і за атрыманыя такім спосабам грошы утрымліваў двор, які сваёю пышнасьцяю меўся зраўнавацца з Вэрсалем. Кожын нямецкі двор як мага стараўся зраўнавацца з Вэрсалем ня толькі пышнасьцяй, але і дэморалізацыяй. У Францыі гэтая дэморалізацыя прынамсі злучалася з вялікаю эстэтычнасьцяй формаў, а ў Нямеччыне яна выяўлялася ў-ва ўсёй брутальнасьці.
Калі некаторыя з эўрапэйскіх монархаў папраўдзе клапаціліся аб дабрабыце насяленьня, дык звычайна або быў гэта мінутны капрыс, або спосабы папраўкі палажэньня былі неадпаведныя.
Навет найлепшыя з монархаў, гонячыся за ваеннаю славаю, або праз ненасытнае імкненьне да пашырэньня сваіх валаданьняў, не задумуючыся ахвяроўвалі гэтым мэтам жыцьцё і маемасьць насяленьня. Як уперад вяліся рэлігійныя войны, так у XVІІ і XVІІІ вякох вяліся заваявальныя і спадчынныя войны дзеля асабістых выдумак і капрысаў монархаў.
2. Няроўнасьць станаў. Утрыманьне сталага войска, прыдворная роскаш, фаворыты ды фаворыткі монархаў — на ўсё гэта йшлі вялізарныя сумы.
Каб нéяк ізноў напоўніць свае касы, монархі хапаліся за ўсялякія спосабы; яны проста гандлявалі ўрадавымі становішчамі, шляхоцкімі тытуламі і ўсялякімі прывілеямі. З насяленьня стараліся выціснуць, сколькі толькі можна было. Падаткі ня толькі былі падняты проста да немагчымае вышыні, але да таго яшчэ ляжалі яны блізка што выключна на аднэй, найбяднейшай клясе насяленьня. Усюдых блізка духавенства і шляхта былі вольныя ад падаткаў, калі не ад усіх, дык прынамсі ад цяжэйшых. У Францыі, напрыклад, духавенства, якое валадала 1/5 часткаю зямлі і апроч таго брала дзесяціну ад усякіх даходаў парахвіянаў, або нічога не плаціла дзяржаве, або плаціла вельмі мала. Шляхта і ўрадоўцы таксама былі вольныя ад пагалоўнага падатку (г. зв. taіlle). Падаткі ўсім сваім цяжарам клаліся на мяшчан і сялян, якія валадалі толькі палавінаю зямельнага прастору; апроч таго, ціснулі іх царкоўныя дзесяціны, фэодальныя падаткі, якія плаціліся паном, і паншчына, якую на іх па крысé накладалі паны і шляхта. Асабліва цярпелі ад гэтага сяляне, якія гэтак згалелі, што перасталі быць падобнымі да людзей[2]. Апроч таго блізка ўсюдых істнавала падданства вясковага насяленьня (прыгон), і, чым далей на ўсход, тым было яно больш пашырана. Крыху ляпей, чым няшчаснаму сялянству, жылося мяшчанам, гандлярам ды рамесьнікам у местах. Аднак, і на мешчаніна, які, ня гледзячы ні на што, патрапіў здабыць сабé эдукацыю і заможнасьць, шляхта глядзела заўсёды зьверху, з пагардаю і няўвагаю. У Нямеччыне, прыкладам, лічылася за абразу для шляхціца, калі яго дзіцё бывала ахрышчана ў аднэй вадзе з мяшчанскім дзіцём. Для нешляхціца дарога да вышэйшых становішчаў у дзяржаве, арміі і царкве, за невялікімі выняткамі, была зачынена. Шляхоцкае паходжаньне, з другога боку, адкрывала чалавеку ўсе магчымасьці. У Францыі сямігадовых хлапцоў назначалі палкоўнікамі, калі толькі тыя мелі князёўскі тытул, ды досіць грошай, каб купіць гэтае дастаенства.
3. Перашкоды для зямляробства, гандлю і прамысловасьці. Лёгка зразумець, што пры гэткіх абставінах сéльская гаспадарка стаяла нізка. У 1750 годзе Францыя мела ў 4 разы менш жывога інвэнтара, чым мае цяпер, а чацьвертая частка найлепшае зямлі ляжала дзірваном. І дагэтуль ніхто ня меў права займацца ніякім рамяслом, калі не належаў да адпаведнага цэху. А зрабіцца цэхавым рамесьнікам было ня так-то лёгка, — у кожным прыпадку шмат каштавала. Трэба было пэўную лічбу гадоў працаваць за вучня і чалядніка, пасьля зробіць паказную працу (майстарштык) і ўвесь час плаціць то майстру, то цэху, то ўраду.
Такім чынам, навет права на працу было прывілеем і даходам дзяржавы. Гандаль таксама меў шмат перашкод свайму нормальнаму разьвіцьцю. Урады ўважалі сябé за абсолютных гаспадароў гандлю; маглі яны саўсім забараніць прадажу якога-небудзь тавару і заўсёды абвесьціць на яго свой манаполь, г. ë. захапіць сабе выключную прадажу гэтага тавару. Здаралася няраз, што без усялякае ўвагі на інтарэсы гандляроў, якія дагэтуль прадавалі нейкі тавар, выдавалася забарона вырабляць або прадаваць гэты тавар, і правы на манапольную прадажу ці выраб яго перадаваліся іншым прыватным людзём ці за грошы, ці дзеля ласкі, ці ўканцы дзеля іншых прычынаў. Асабліва часта аддаваліся гэткія манаполі вялікім заморскім гандлёвым фірмам; гэткім спосабам абмежаваўся сухаземны гандаль. Бывалі, прыкл., гандлёвыя таварыствы, якія мелі права даставы збожжа для таго ці іншага места; - іншыя мелі правы малоць гэтае збожжа і г. д. Гэта вельмі шкодзіла насяленьню, якому нельга было купляць у іншых гандляроў. Калі на які тавар быў вольны гандаль, дык на яго накладалася множства ўсялякіх падаткаў, пакуль ён даходзіў да рук спажыўца. Ня толькі дзяржава, але і паасобныя провінцыі ды месты былі акружаны рагаткамі і мытнымі ўстановамі. На кожнай дарозе і пры кожным мосьце трэба было плаціць падатак. Навет судаходзтва па рэках, утрыманьне якіх тады нічога блізка не каштавала, бо іх тады найчасьцей не рэгулявалі, абкладалася значнымі падаткамі; прыкладам, судзіна, плывучы 36 гадзінаў па Саоне і Роне, 30 разоў затрымлівалася, і гэтулькі-ж разоў трэба было плаціць спэцыяльныя падаткі за тое, што плыла.
4. Моральны прыціск. Народ у тыя часы быў ня толькі пад экономічным прыціскам, але і пад духоўным. Хаця пасьля Вэстфальскага міру спынілася масовыя разьня, што рабілася ў імя рэлігіі, але прымус у рэлігійных справах наагул ня счэз. Людвік XІV, касуючы Нантскі эдыкт, ня быў нейкім выняткам. Імпэратар Леопольд І у Вэнгрыі прысудзіў спаліць на агні 250 протэстантаў, але пасьля раздумаўся і і прадаў іх па 50 каронаў на гішпанскія галеры[3].
Ў 1731 г. князь біскуп Зальцьбурскі выслаў з свайго краю ўсіх сваіх падданых протэстантаў пры вельмі цяжкіх для іх варунках.
У Швайцарыі яшчэ два разы — у 1656 і 1712 гадох — былі рэлігійныя войны. У Польшчы, дзе праз XVІ і XVІІ вякі панавала рэлігійная толерантнасьць, у пачатку XVІІІ в. па намаганьням езуітаў распачалося прасьледаваньне і прыціск некаталікоў.
Калі хрысьціянскія цэрквы ўзаемна прасьледавалі адна адну, дык доля тых, што не належалі ні да аднае з іх, была яшчэ горшая. Жыдоў нідзе, за выняткам Голяндыі ды Польшчы, законы не баранілі. Дый там, дзе іх толеравалі, абхадзіліся з імі, як з нéйкаю заразаю. Аб тых часох прыпамінаюць нам брудныя жыдоўскія вуліцы і кварталы, якія пааставаліся ў шмат якіх местах да нашых дзён. Тут было г. зв. „гетто"; ад рэшты места было яно шчыльна адгароджана, і праз браму варта пускала і выпускала прахожых (вéдама, за плату). Ня ў кожнай гадзіне і ня кожынь дзень маглі Жыды хадзіць у хрысьціянскія кварталы. Ўвесь час узрастаючае насяленьне жыдоўскіх кварталаў проста душылася ў сваіх цесных завулках. Калі хрысьціянін, апрача шляхты і духавенства, ніколі ня быў пэўны за сваё жыцьцё, то гэта яшчэ больш адносілася да Жыдоў.
Таго, хто адважыўся мéць свой уласны пагляд на рэлігію і на сьвет і не хаваў сваіх думак толькі для сябé самога,—таго прызнавалі атэістам, і ўсюдых, апрача Голяндыі, яго чакала верная сьмерць. Ужо ня кажучы аб каталіцкіх краёх, але ў краёх протэстанцкіх, асабліва-ж у Нямеччыне ды Швайцарыі, істнаваў дэвіз: перад усім-біблія, а ўжо пасьля-навука. Тое, што пярэчыла прызнаванай за сьвятую і непамыльную літары бібліі, лічылася бязбожным, процірэлігійным і з гэтае прычыны было забаронена дзяржаваю; гэтак, прыкл., было з навукаю Копэрніка. Навет найменшага адхіленьня ад катахізмовае веры было даволі, каб прызнаць чалавека неправавéрным. Протэстанцкія тэолёгі ўгаварылі Фрыдрыку Вільгэльму І, што навука профэсара Вольфа, знамянітага вучня Лейбніца, ёсьць процірэлігійная, і кароль, ня пытаючыся ўжо больш ні аб чым, скінуў яго з профэсуры ды, грозячы шыбеніцай, загадаў праз 24 гадзіны выехаць з Прусаў. Каб небясьпечныя творы не псавалі пабожнага і правамыснага настрою насяленьня, урады пазаводзілі ўсюдых цэнзуру над усякімі друкамі. Чалавечую думку душылі ўжо ў зародку, не дапускаючы яе ўгледзіць сьвет; знаходзілася даволі даносчыкаў і на вольнадумныя кніжкі, і гэтыя апошнія па загаду духоўнае дый сьвецкае ўлады паліў кат. За пашыраньне, а навет за самае ўладаньне забароненымі кніжкамі каралі калі ня шыбеніцаю, дык прынамсі галерамі.
5. Забабоны і прасьледаваньні чараўніц. Духоўныя й сьвецкія ўлады ня раз абвяшчалі друкарства і школы шатанскай выдумкай, бо праз іх вырасла непаслухмянасьць і бязьвер'е. Трымаючыся такіх паглядаў, дзяржаўная ўлада вельмі мала, або і саўсім нічога не рабіла дзеля прасьветы масаў; цемната народная лічылася рэчай саусім натуральнай і пажаданай. За тое забабоны пашыраліся бяз усякіх перашкод. Усюды была пашырана вера ў магчымасьць штучнага прыгатаўленьня золата (альхімія), у "навуковую" варажбу (астролёгія). Валенштэйн, прыкладам, заўсёды і ўсюдых мéў пры сабé астролёга, які паводле ўкладу зорак на небе прадсказваў яму ягоную будучую долю. Рэдка калі хваробы і нешчасьлівыя прыпадкі прыпісаваліся натуральным прычынам. Думалі тады, што вайну наводзілі камэты, а заразу і ўсялякія няшчасьці, навет сухмені і разводзьзі, — злыя людзі, што прадалі душу чорту, чараўнікі ды чараўніцы. Страшным рэзультатам гэтых забабонаў былі процэсы чараўніц; гэныя процэсы, дзякуючы папам, пачаліся ўжо ў сярэдніх вякох, але толькі ў ХVІІ веку дайшлі найбольшага разьвіцьцця. Урады каталіцкія і протэстанцкія навыперадкі стараліся зьніштажаць "хаўрусьнікаў чорта", асабліва-ж вызначаліся протэстанцкія ўрады ў Нямеччыне і Швайцарыі. Цікава, што ў гэтых справах, як вынятак для тых часоў, усіх падсудных трактавалі роўна: ні пол, ні вéк, ні найвышэйшае становішча і самае бліскучае паходжаньне не ратавалі ад страшнога падазрэньня[4]. Абвінавачаных у гэтых справах заўсёды засуджалі, бо пры помачы мукаў судзьдзі дабіваліся ад ахвяраў усяго, што толькі хацелі, і ў рэзультаце гэткага вымучанага прызнаньня засуджалі на сьмерць. Адзін судзьдзя з Фульды выхваляўся, што спаліў ужо 700 чараўніц і спадзяецца даясьці іх лічбу да 1000. Ў біскупстве Бамбэргу за адно дзесяцілéцьце спалілі 600 людзей, у тым ліку 22 дзяўчынкі менш чым па дзесяць гадоў: іх вінавацілі ў чарах. Тых, хто ня верыў у чараўніц, лічылі за бязбожнікаў. Ня гледзячы на гэта, ад часу да часу, а ў канцы ўсё часьцей адзываліся галасы паасобных людзей проці гэтага дзікога забабону. Гэткія прасьледаваньні здараліся яшчэ і ў XVІІІ вéку, і ў Францыі апошняя гэткая эгзэкуцыя адбылася ў 1748 г., ў Нямеччыне-ў 1775 г., а ў Глярусе-ў 1782 г.
6. Барбарства судоў. Нязьлічоныя забойствы імем закону былі-б немагчымымі, каліб суды таго часу ня былі гэткімі благімі. Суд глядзеў на вінавачанага ўжо як на вінаватага, і дасьлед аб ім рабіўся толькі для формы. Вінавачанаму не давалі абаронцы. Пасьля некалькіх месяцаў або гадоў цяжкога вастрогу яго ставілі перад судом і тортуравалі, ажно пакуль ня прызнаецца да узьведзеных на яго правінаў. Процант невінаватых, што прызнаваліся да нейкіх правінаў, якіх, ведама, не рабілі, быў вялізарны.
Кары былі саўсім не пропорцыянальныя да правінаў. Калі вінавачаны выходзіў на волю, пакараны толькі ганебным стаўбом, або з паадсяканымі вушамі ці носам, а пазатым цэлы на целе, дык мог сябе лічыць за шчасьлівага. Засуджалі на сьмерць за такія правіны, за якія цяпер караюць толькі некалькімі месяцамі вастрогу; яшчэ ў палове XVІІІ веку ў адным толькі баварскім судовым вокрузе за 25 гадоў пакаралі сьмерцяю 1100 людзей. За цяжкія злачынствы звычайнае сьмяротнае кары лічылася помала. Каб павялічыць яé мукі, ужываліся розныя спосабы, якія толькі магла выдумаць нялюдзкая лютасьць: вырывалі язык, шчыпалі распаленамі абцугамі, аблівалі раны гарачым алеем, залівалі горла растопленым волавам, ламалі косьці, садзілі на кол, укручавалі ў кола, чацьвертавалі і г. д. Часта здаралася, што гэткім спосабам забівалі чалавека, а ў хуткім часе выяўлялася яго нявіннасьць. Лютыя кары гэтыя, аднак, ані троху не адстрашалі людзей ад злачынства, ды, наадварот, былі прычынаю павялічэньня злачынных інстынктаў.
Арыгінал: | Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш. Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў. |
---|---|
Пераклад: | Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш. Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў. |
- ↑ Кольбэр у сваіх загадах вызначаў, сколькі мае быць нітак у тканінах, а калі хто гэтага ня слухаўся, загадаваў вешаць тканіны на шыбеніцах і паліць. Фрыдрык Вільгэльм I, кароль прускі, саджаў у вастрог слуг, якія не хацелі йсьці на службу. Яшчэ ў 1775 годзе у Вальдэку істнаваў спецыяльны „загад аб каве“, які забараняў пад страхам штрафу ў 10 талераў частаваць каваю прачак: духавенства павінна было абвяшчаць у цэрквах фаміліі тых, хто ня слухаўся гэтага загаду, каб улады ведалі, каго штрафаваць.
- ↑ Адзін францускі аўтар у 1689 г. пісаў: Едучы дарогаю, бачым нейкія асаблівыя жывёлы; чорныя, спаленыя сонцам, худыя, пахіленыя над зямлёю, яны капаюцца ў ёй з нязьменнаю вытрываласьцяй. Гавораць людзкаю моваю, а калі падыймуцца, відно, што маюць людзкае аблічча. І запраўды гэта людзі. На-нач знаходзяць яны сабе прытулак у пячорах, дзе жывяцца чорным хлебам, вадою і карэньнямі. Даючы магчымасьць іншым людзям не працаваць пры сяўбé, арбé ды звозцы, яны, здавалася-6, заслугуюць на тое, каб мець хлеб, які здабываюць у крыві і поце". 50 гадоў пазьней адзін францускі міністар пісаў: "У мамэнт, калі я гэта пішу, у часе міру, пры відах на ураджай калі не саўсім добрых, дык у кожным разе зносных, людзі мруць, як мухі, ад голаду і аслабленьня, а жывяцца травою". Гэтак больш-менш было ўсюдых, апрача Англіі ды рэспублікаў Голяндыі, Швайцарыі, Вэнэцыі, дзé доля сялянства была хоць крыху зносная. З гэтага, мусіць, паўстала вядомая думка Монтэск'é: "Ураджайнасьць зямлі менш залежыць ад гатунку грунтоў, чым ад волі народу".
- ↑ Пры плаваньні ваенных караблёў ужываліся тады яшчэ нявольнікі, закутыя ў кайданы, якія грэблі вёсламі.
- ↑ У Люцэрне ў 1652 г. спалілі жыўцом 85-летнюю кабéту; у тым самым годзе спалілі дзяўчынку 11-х гадоў, а ў 1659 г.-сямігадовую дзяўчынку ўперад задушылі, а пасьля спалілі. У Вюрцбургу ў працягу 3-х гадоў тортуравалі і прысудзілі спаліць некалькі шляхтаў, 4 канонікаў, 14 катэдральных вікарыяў, жонку бурмістра, некалькі мескіх радных і навет найбліжэйшага сваяка біскупа.