Суседзі (1932)/Сакрэтны архіў
← „Опасные“ паштавікі | Сакрэтны архіў Фэльетон Аўтар: Анатоль Вольны 1932 год |
„Ванька, я цябе высеку“ → |
САКРЭТНЫ АРХІЎ
Дэйніс, загадчык Полацкай сямігодкі, адно з двух — ці сам выехаў з Полаччыны, ці яго „выехалі“.
Справа ў тым, што грамадзянін Дэйніс лічылі сябе „цветам“ расійскай інтэлігенцыі ў Полаччыне і ваколіцах і ў зьвязку з гэтым „отнюдь“ грамадзянін Дэйніс не згаджаліся з прынцыпамі нацыянальнай політыкі савецкай улады і ўрэшце рашылі „пострадать“,
З вышэйпамянёнаю мэтай грамадзянін Дэйніс выехалі з межаў БССР.
Гэты свой фэльетон я пішу бязумоўна, не таму, што я шкадую аб ад‘езьдзе Дэйніса, але ў зьвязку з тым, што вышэйпамянёны „цвет“ Полаччыны і ваколіц запамятаваў у школе некаторыя свае рэчы і, каб яны не загінулі, я праз гэтую публікацыю ў газэце і напамінаю аб іх грамадзяніну Дэйнісу.
Грамадзянін Дэйніс, памятаеце тую патаемную нішу ў школе, дзе ў вас быў гэтак званы „сакрэтны“ архіў школы?
Дык вось ведаеце, грамадзянін Дэйніс, вартаўнік (эт, ці-ж можа вартаўнік захоўваць сакрэты). Дык гэты самы вартаўнік школы пасьля вашага ад‘езду „па сакрэту“ перадаў новаму загадчыку аб вашым патаемным архіве.
Наступныя рэчы, якія знойдзены ў вашым сакрэтным архіве, будуць зьвернуты вам па першаму запатрабаваньню:
1. Альбом царствуючага дому Раманавых,
2. Альбом цудатворных абразоў.
З. Насьценны здымак крыжу сьвятой Ефрасіні Полацкай.
4. Портрэт маршала Пілсудзкага.
5. Ладан.
Што да гэтых рэчаў, дык на мой погляд, вы іх захоўвалі „в каждом разе“ з пэдагогічнымі мэтодамі.
Каб, скажам, у выпадку чаго ладанам „воскурить“ малебен за збавеньне ад бальшавікоў, портрэт маршала Пілсудзкага на сьценку і…
— ды што вам казаць, грамадзянін Дэйніс, вы лепей ведаеце, на што вы іх захоўвалі.
Праўду кажа расійская прыказка:
— „Умного учить — только портить“.
На разьвітаньне я вам павінен сказаць, грамадзянін Дэйніс, што ня іначай, як заступніцтву сьвятой Ефрасіні Полацкай вы абавязаны тым, што сакрэтны архіў будзе захованы да вашага запатрабаваньня.
■