Суседзі (1932)/Кожны раз на «эфтом самом месте»
← Ухабы па дарозе | Кожны раз на „эфтом самом месте“ Фэльетон Аўтар: Анатоль Вольны 1932 год |
Усё спакойна → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Кожны раз на «эфтом самом месте». |
КОЖНЫ РАЗ НА „ЭФТОМ САМОМ МЕСТЕ“.
Сабраліся на аднэй нарадзе памагаць газэце.
— Ведаеце, трэба літаратурны аддзел завесьці, — унёс прапазыцыю адзін літаратар.
— Літаратурны? — скэптычна прыжмурыўся мэдык…
— Ну, ведаеце, розная яна бывае…
— Хто „яна“?
— Ды літаратура. Калі гэткая літаратура, як „Сонца, ня суйся са мной на нажы“, альбо „Божы дом зрабілі школаю, а папу пад сэрца востры нож“.
Няма чаго сказаць — лі-та-ра-ту-ра. Не прывядзі, госпадзі, з гэткім літаратарам у пацёмках спаткацца.
— Дык якую-ж вы пропозыцыю ўносіце? — запытаўся зьбіты з сваёй позыцыі літаратар.
— Я… я ўношу пропозыцыю завесьці мэдычны аддзел, —горда сказаў спасіцель газэты, мэдык.
— Даць пару гэткіх артыкулаў як „Барацьба з сухотамі“ ці „Як змагацца з сабачай старасьцю“, „Структура Наркамздраву“ — і газэта выратавана.
— Ведаеце, розная „яна“ бывае… — ціха сказаў пакрыўджаны мэдыкам літаратар,
— Хто „яна“? — зьдзіўлена запытаўся мэдык.
Ды мэдыцына… калі ў ёй ёсьць гэткія хваробы, як „Структура Наркамздраву“. Не прывядзі госпадзі, з гэткім мэдыкам спаткацца. Залечыць на той сьвет… Мэ-ды-цы-на!..
— Я ўношу вось якую пропозыцыю, — пачаў прадстаўнік Беларускага Дзяржаўнага Тэатру.
— Я прапаную даваць у газэце тэатральныя творы, і газэта будзе выратавана.
Наступіла цішыня.
— Я не дзеля таго, каб гонорар, — гаварыў далей тэатрал.
— Я толькі таму ўнёс пропозыцыю наконт тэатру, бо, як вам невядома, тэатр яднае ў сабе ўсе віды мастацтва.
— Ды слухайце, да чаго ўсе гэтыя вашыя словы, — перабіў тэатральнага прамоўцу прадстаўнік рэдакцыі.
— Я, собственна, для таго, каб памірыць мэдыка з літаратарам, — адказаў тэатрал. — Бо нашто-ж спрачацца прадстаўніком мастацтва, калі тэатр яднае ўсе віды мастацтва і музыку, і сьпевы, і літаратуру, і мэдыцыну.
Нарада засьмяялася.
— „Мэдыцыну“ кажа, — ня ўстрымаўся літаратар. Таксама яшчэ „мастак“…
— Хто гэта такі? — запытаўся мэдык у седзячага збоку таварыша.
— З Дзяржаўнага тэатру.
— Ну, ведаеце, я на яго месцы ўстрымаўся-б ад выступленьня. Калі нічога разумнага ня можаш сказаць, дык лепш памаўчаць.
— Гэта ў яго натуры. Ён заўсёды такі.
— Так… так… мэдыцыне гэткія выпадкі вядомы, — сказаў суседу мэдык.
— Паважаныя калегі… Я ад імя навуковай установы ўношу рацыю: зрабіць нараду па пытаньні аб дапамозе газэце. Гэта бязумоўна адзіны выхад дапамагчы газэце… Трэба пасэймаваць…
— Дык мы-ж і зараз сядзім на нарадзе, — даў безнадзейную спраўку адзін з прадстаўнікоў на нарадзе.
— Ну, дык тады — я ня бачу ніякага выйсьця, сказаў апусьціўшы рукі навуковы працаўнік.
— Мэдыцыне гэткія выпадкі вядомы… — ківаў мэдык.
І пасягоньня, як толькі зьбяруцца, пачынаюць „дапамагаць“ газэце.
„А як-жа газэта“, запытаецеся вы?
— Будзьце спакойны — усё так-жа.
„А як матэрыялы?“
— Не клапацецеся — усё тыя самыя.
Помніце анэкдоты?.. Фурман супакойвае барына… „Нічога, ня выверну: трыццаць гадоў гэтым-жа шляхам ежджу“. І раптам выварачвае воз, і фурман безнадзейна крычыць: „Трыццаць гадоў ежджу. Кожны раз вось на „эфтом самом месте“.
■