Старонка:Zbor t2 1929.pdf/69

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Далей — болей,
Мой саколю,
Ды слова па слову
Закідаюць сець на волю,
На дзявочу тую долю
Раскрываюць змову,
Бо дзяўчына,
Як пташына —
Вылятае ў вырай,
І прыходзіць ёй часіна
Аб сваёй другой айчыне
Пагадаці шчыра.
— А гадаці,
Бацька, маці,
Тут ня трэба многа:
Малады наш, Гуль Кандраці,
Першы богач у Загацьці,
Не знайсьці такога.
Госьці гладка
Ад пачатку
Павялі гамонку.
Дык што скажа бацька, матка,
Каб аддаць сваё дзіцятка
У той дом за жонку?
Глянулі адзін другому
Тут бацькі у вочы—
Выпусьціці пташку з дому,
Як відаць, ахвочы.
Пакланілася старая,
З лавы ўстаў стары Адам,