Старонка:Zbor t2 1929.pdf/68

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Іх каханьне-ж той парою
Разрасталася ладней.
Так яно па волі божай
Шло-кацілася само.
І што-ж думалі, нябожа?
Спала з іх плячэй ярмо.

Час быў так каля Міколы.
Помню добра, як цяпер,
Веснавы дзянёк вясёлы,
Нават помню, што ў чацьвер,
У гасподу да Адама
Зайшлі два гаспадары,
Багацеі гэтак сама.
Як і той Адам стары
— Як-жа крэпенькі, здаровы?
— Дзякуй вам! што ў вас чуваць?
Ну, звычайныя размовы,
І на словы ніжуць словы,
Каб той звычай захаваць,
Ды каб спрытна стараною
Грунт сабе падрыхтаваць —
Трэба-ж перш парахаваць,
А ўжо потым з навіною
Без памылкі выступаць,
І пры гэтым на дзяўчыну
Вокам кінулі ня раз.
— Малайчына, малайчына!
Дочка ладненькая ў вас! —