Старонка:Zbor t2 1929.pdf/67

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Смутна стане ëй бясконца,
Як-бы граў ён на бяду.
Месяц з неба пазірае,
Ўзьдзеўшы срэбраны вянок,
А ёй сэрца замірае,
Млее, просіцца яно…

III

Беглі дні ды йшлі нядзелі.
Банадыся-ж і Якім
Шчасьце кралі, як зладзеі,
У каханьні патайным.
Ды чым далей, то тым болей
Непакоіць думка іх:
Як-жа з бацькаўскаю воляй?
Як са згодаю старых?
Ну, вядома — гэтай згоды
Не дабіцца ім ніяк:
Хто Якім? галыш, бяз роду,
Сын убогага, батрак!
А яна — багачка, краля
І адна дачка ў бацькоў.
Проста людзі-б засьмяялі!
Хіба-ж лёс яе такоў?
Марна думаць аб той згодзе:
Не, бацькоў ім не уламаць.
Дык аб гэтай перашкодзе
Лепш маўчаць, не ўспамінаць.
Хай ідзе сваёй чаргою —
Далей будзе ім відней.