Старонка:Zbor t2 1929.pdf/27

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

II

А тымчасам разьвіднялась,
Як Лукаш запрог каня.
Па завугальлю сланялась
Віславухая сьвіньня.
Ціха весьніцы скрыпелі,
Мерна біў у току цэп,
Жорна басам песьню пелі,
Церлі зерняткі на хлеб.
Чуўся гоман каля студні,
Вёдзер стук, дзявочы сьмех,
І ужо гудзеў у кузьні
Кавалёў хрыпаты мех.

Восень позьняя стаяла, —
Час нягоды, халадоў.
Няпрытульна пазірала
З-пад туманаў даль палёў.
З нізкіх сівых хмар, як сьлёзы,
Дожджык падаў, вецер выў,
Ды гудзелі глуха лозы,
Лес маркотна гаманіў.
Цьмяна, глуха, як у скрынцы —
Недалёка, знаць, зіма.
Між прысадаў па гасьцінцы
Нікагусенька няма.
Хто паедзе ў слоць такую?
Хіба гэтака душа,
Што патрэбу мае злую,
Як, сказаць, у Лукаша.