Старонка:Zbor t2 1929.pdf/187

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

А Савось хоць-бы што —
Цешыцца, сьмяецца.
— Ну, спыніся, Антось,
Падзяржы сабаку:
Толькі выпушчу ката,
Цкуй тады ў атаку.
Адышоўся Савось,
Анцік прытаіўся,
І тут коціку астрог
Раптам адчыніўся.
З торбы выскачыў, прысеў —
Трэба-ж разглядзецца.
Зірк — там Рудзька! што рабіць?
Дзе яму падзецца?
— Цкуй! пускай! крычыць Савось.
— Кусі ката, Рудзька!..
Ша! чаго-ж так закрычаў
Наш Савось нялюдзка?

Глянуў Анцік — вось дзівота!
Вось дзе ліха, вось бяда!
Што зрабіла ім дурота
І што сталася з ката!
Вось папаліся дзе змоўцы —
Проста шкода малышоў:
На Савосевай галоўцы
Коцік схованку знашоў!
Лемантуе бедны Саўка,
Ашалелы, чуць жывы
Кот упіўся, ну, як п‘яўка,
І ня зьнімеш з галавы!