Старонка:Zbor t2 1929.pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

То яму дзяжа ня чыста,
То хлеб прэсны і сыры…
Ой, які ўжо наравісты!
Хоць ты падай прад ім лістам —
І да трох не гавары!

Будзіць рана да работы,
Нібы наймічку-слугу,
А рабіць няма ахвоты.
Гора з ім адно, згрызоты—
Жыць тут болей не магу!“

— Плюнь, дачушка! — кажа маці, —
Чорт яе, з пакораю!
Што сябе дарма згрызаці?
Заваліся на палаці
Ды прыкінься хвораю!

Ляжы, нібы ў агні,
Ды войкай, ды стагні
І ад сябе яго гані.
Пячы сабе яечню,
А гаду таму, жоху —
Нішчымнага гароху:
Раняць дух не канечна! —

І давай вучыць старая,
Як горш зяцю дапячы.
А ён дзьверы адчыняе!
— Так, так, матка, навучы,
Каб цябе зямля сырая!