Старонка:Zbor t2 1929.pdf/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЗЯЦЬ

I

Цешча к зяцю прышла ў госьці.
Ой, сярдзіты быў той зяць!
Ні пяшчоты, ні мілосьці,
А ў мінуты гневу, злосьці
Мог і лейцы ў рукі ўзяць,

Каб паставіць па-сваему
Ды ў свае ўзяць абцугі.
Не праціўся лепш Ахрэму:
Дасьць па карку і — халэмус —
Строгі, хай яго багі!

І пытае дачку маці:
— Ну, дачушка, як жывеш?
Як паводзіцца у хаці?
— Ох, матулька! што казаці —
Прападзеш з ім, прападзеш! —

Маладзіца тут у сьлёзы,
Бэсьціць мужа і кляне:
„А бадай яго залозы!
Буркатня адна, пагрозы,
Вокам ласкі ня зірне.