Старонка:Zbor t1v1 1928.pdf/296

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Мала з дзевак дапамогі —
Драбяза ўсё, дзеці!
Сам ён толькі, дзякуй богу,
Жыць здужае ў сьвеце.
Без падмогі, сам сабою:
Ён — дзяцюк, хлапчына —
Носіць ён вядро з вадою,
Як стары мужчына!
Потым думкі няпрыметна
Далей залятаюць —
Чужаніцы няпрыветна
З Курганоў мігаюць.
Матка страхаў наказала
Пра жыцьцё з чужымі,
Як Алеся навучала,
Каб ужыцца з імі.
— Трэба змоўчыць, хоць часамі
Скрыўдзяць, або ўсчуюць,
Хоць нядобрымі славамі
Злосна пажартуюць.
Будзь паслушны і цярплівы,
Ня лазь у гароды,
Не марнуй ты людзям нівы,
Не рабі ім шкоды… —
Адным словам, страх нагнала
На Алеся матка,
І так міла яму стала
Родная іх хатка!
Ды нічога не парадзіш,
Калі служба трэба,