Старонка:Zbor t1v1 1928.pdf/297

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Калі беднасьць, як паглядзіш,
Сама просіць хлеба.
Дый Курганы не за морам —
Восем вёрст ад дому,
Над ракою за тым борам, —
Месцы ўсе знаёмы.
Так хлапчынка разважае,
З думкамі гамоніць,
Дух надзеяю ўздымае
І трывогу гоніць.
У вузельчык вось увязан
Скарб яго убогі,
Станік тонкі падпяразан —
Жджэ Алесь дарогі.
Моцна-ж сэрца забалела,
Як ён вышаў з хаты,
Але плакаць не пасьмела,
Бо йшоў з боку тата.

У ЧУЖЫХ

— Добры дзень вам, ягамосьці!
— Добры дзень!.. сядайце.
— Ну, вось я прывёў і госьця.
Мал ён, — выбачайце.
— Э, нічога, акрыяе,
Дый ён хлопец слушны.
Гадкоў з восем, мусіць, мае?

— Сем у «дзень задушны»[1].

  1. Задушны дзень“ 1-га лістапада, калі даўней паміналіся душы продкаў.