Старонка:Zbor t1v1 1928.pdf/293

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ПЕРШЫ ЗАРАБОТАК

ДОМА

— Ну, Алесь брат, — за абедам
Кажа бацька сыну: —
Годзі бегаць дармаедам,
Красьці садавіну,
Таптаць сьцежкі ў агароды,
Рэзацца па хаце.
Ты ўжо ўходзіш, брат, у годы —
Колькі яму, маці? —
Роднай матцы сэрца ў грудзях
Зьлёгка затраслося.
„Ці ня хоча аддаць ў людзі?“
Ў думках праняслося.
Сам Алесь сямігадовы,
Як ліст, скалануўся,
Бо ў тэй бацькавай прамове
Страх яму пачуўся.
Апусьціў ён нізка вочкі,
Глыбей ў кут падаўся.
— Ну, што сьціхнуў, як у прочкі
Ты ад нас сабраўся? —
— Дай хоць зьесьці, адчапіся!
Вось прыстаў к дзіцяці!