Старонка:Zbor t1v1 1928.pdf/292

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Іх твары сур‘ёзны, і важны іх міны,
Ды вырвецца часам тут крык:
— Ото, брат, раўніна! і вокам ня скінеш,
А глеба глядзі — як тварог!
Што за зямелька, брат! купіш, ня згінеш,
Асесца-б тут госпад памог. —
І кіем Жыгала зямлю калупае,
Да долу прыгнуўшыся ўвесь.
А чорную грудку ў руках расьцірае
І нюхае землю Алесь.
А трэці, Гаўрыла, мужык барадаты
Абводзіць вачыма ўсю даль.
Так радуе сэрца ім грунт той багаты —
Растацца з зямлёю ім жаль.
Лясьнік-жа паказвае ўсе ім граніцы
І з жарам гаворыць такім:
— О, лес тут прыўдалы! грыбоў і суніцы
І ягады ўсякай у ім.
І рэчка пад бокам, і процьма ў ёй рыбы.
Тут рай, ягамосьці, ды ўсё!
Вось гляньце, мужчыны, якія сядзібы!..
О, добрае будзе жыцьцё!
Мужчыны ў палоне, і сэрца ў іх млее,
Здаецца-б, дадому, ня йшоў,
Бо шчасьцем, багацьцем куток гэты вее,
Як люба між гэтых дубоў!
Абходзяць, любуюць зямельку мужчыны,
І сэрца ў іх б‘ецца, гарыць…
Вось так каханку, красуню-дзяўчыну
Хіба толькі хлопец глядзіць.

1910 г.

|}