Старонка:Zbor t1v1 1928.pdf/291

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

І ў сэрцы насілі аднакія мары —
Дабіцца, разжыцца зямлі.
Зьбяруцца, бывала, і люлькі закураць
І так углыбяцца ў размовы яны,
Што лбы свае зморшчаць і бровы нахмураць,
Калі ў чым запынкі відны.
І вось раз вясною, пад Яна, здаецца,
Гаворыць Жыгала сябром:
— Чуў я, мужчыны, — зямля прадаецца,
А разам з зямлёю і дом.
А ёсьць там і паша, і рэчка блізютка,
І лесу кавалак ёсьць там.
От-бы абладзіць, ня ведалі-б смутку,
Была-б і выгода і хлеб быў-бы нам.
— То дзіва, што быў-бы! — ўздыхае Гаўрыла,
Аб кіпець тэй люлькай б‘ючы: —
Абсталявацца-б і жыў-бы, што міла,
Ня гэтак, як тут жывучы.
І доўга пра землю яны гаварылі,
Гарэлі іх вочы агнём.
Здавалася ўжо ім, што землю купілі,
І новы пастроілі дом.
І кожны з іх садзік ужо быццам мае,
І гумны іх хлеба паўны.
— Што-ж? сходзім, пабачым, хай бог памагае —
Да згоды прыходзяць яны.


∗     ∗

Ходзяць па полі ў раздум‘і мужчыны,
Паперадзе з стрэльбай лясьнік.