Старонка:Zbor t1v1 1928.pdf/193

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

КРАСКА

Краска мілая мая,
Госьця веснавая!
Як ты хораша цьвяцеш
У глушы, любая!

З ціхім усьмехам з табой
Вецярок жартуе,
І цябе ў вясёлы дзень
Сонейка цалуе.

Што-ж на тварыку тваім
Легла задумленьне?
Што нявесела глядзіш,
Мілае стварэньне?

І ня радуе цябе
Дзень вясёлы мая,
Голас радасны вясны,
Песьня маладая?

Я хацеў-бы адгадаць
Дум тваіх гаворку,
Я-б хацеў разьвесяліць
Краску, маю зорку.