Старонка:Zbor t1v1 1928.pdf/194

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Ці гаруеш ты аб тым,
Што і ты бяз волі,
Што краса ўся адцьвяце
Без пары і долі?

Ці па тым, што вецярок
Разлучыў з лугамі,
Дзе-б ты гутарыць магла
З пчолкамі, з чмялямі?

Я любуюся табой,
І мне смутна стане,
Што ў вастрозе хараство
Ўсё тваё завяне,

Што адна ты адцьвяцеш
Век свой сіратою, —
А багата-ж адарыў,
Май цябе красою!

Краска, красачка мая,
Мілае стварэньне!
Што-ж на тварыку тваім
Легла задуменьне?

1910 г.

|}