Старонка:Zbor t1v1 1928.pdf/157

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

∗     ∗

Дай зірну ў сваё аконца —
Сьнег і сьнег вакол. Зіма.
І нейк цесна, бы ў палонцы,
Ўсё цяжэй зьвісае цьма.

Там, за ярам, лес дубовы
Чуць сінеецца скрозь бель.
Ня чутно ніякай мовы,
Ўсюды белая пасьцель.

І стаяць маўкліва хаты,
Ў яр уперліся двары.
Ўсё маўчыць, бы сон зацяты
Навялі тут ведзьмары.

Толькі зрэдка між крыжамі
Разгалосіцца ўдава
Ды ў яру дзесь вечарамі
Сьвішча жудасна сава.

1919 г.