Старонка:Zbor t1v1 1928.pdf/158

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

ПЕСЬНЯ АБ ВЯСЬНЕ

Уцякай, мароз-дзядуля!
Чуеш ты, стары, ці не?
На пагорках — булі-гулі! —
Песьні чуюцца вясьне.

Звоніць, скача, як дзіцятка,
Гэты жэўжык ручаёк.
На яго, бы тая матка,
Сонца кідае свой зрок.

А ён, гучны і сьмяшлівы,
Так і ходзіць, аж дрыжыць,
І другі сябрук шчасьлівы
Насустрэч яму бяжыць.

Ты паслухай, дзед сярдзіты,
Што там чуецца ўгары?
Што за сьпеў за самавіты
Ў небе правяць песьняры?

А зіма аж пачарнела —
Годзі ёй тут кросны ткаць!..
Гэй, маленства, жыва, сьмела
Выйдзем весну прывітаць!